Набыць новы вопыт, здзейсніць адкрыццё, праявіць сябе творча

- 14:17Людзі адукацыі

З настаўніцай пачатковых класаў Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аленай Мікалаеўнай Клеянковай я пазнаёмілася на фестывалі “Пазнанне ў сутворчасці”, які праводзіўся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Настаўніца прадстаўляла вопыт арганізацыі работы з малодшымі школьнікамі па адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам”, свае педагагічныя знаходкі. За больш чым 25 гадоў работы ў школе Алене Мікалаеўне сапраўды ёсць чым падзяліцца з калегамі. Дарэчы, некалькі гадоў назад на раённым конкурсе яна была прызнана “Настаўнікам года”, атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Пра тое, як педагогу ўдаецца працаваць так, каб яе выхаванцы ішлі ў школу з жаданнем і радасцю, а вучоба прыносіла ім не толькі веды, але і задавальненне ад самога працэсу навучання, — наша гутарка з А.М.КЛЕЯНКОВАЙ.

— Алена Мікалаеўна, чаму вы сталі настаўніцай? Чым прываблівае вас педагагічная прафесія?

— У школе я працую з 1993 года. У 10 класе зразумела, што не змагу жыць без школы. Баялася нават уявіць, што больш не зайду ў клас. Вялікую ролю ў выбары прафесіі адыграў і той факт, што з 7 класа я была піянерважатай у пачатковых класах (была такая форма работы ў савецкай школе). І ўжо тады зразумела, што мне падабаецца працаваць з дзецьмі: расказваць ім штосьці новае, арганізоўваць і праводзіць для іх розныя мерапрыемствы.

Чым мяне прыцягвае прафесія? Перш за ўсё тым, што яна звязана з дзецьмі. Я вельмі люблю сваіх малышоў! Мне падабаецца іх непасрэднасць, непрадказальнасць, дапытлівасць. А яшчэ для мяне вельмі каштоўнай з’яўляецца іх даверлівасць.

— Чаму асноўнаму вы імкнецеся навучыць сваіх выхаванцаў? Раскажыце аб прынцыпах вашай работы.

— Кожны навучэнец, які прыходзіць у школу, хоча быць паспяховым. І для мяне як для настаўніка вельмі важна знайсці адказ на пытанне “Як зрабіць так, каб жаданне быць паспяховым у школьнікаў не прапала?”.

У працэсе сваёй педагагічнай дзейнасці заўважыла, што дзеці не любяць атрымліваць гатовыя веды. Ім падабаецца выконваць заданні, якія прымушаюць іх думаць, разважаць, дасведчана выкладаць свае думкі. Менавіта таму імкнуся навучыць сваіх выхаванцаў самастойна здабываць веды і выкарыстоўваць іх не толькі на ўроках, але і ў жыцці. А яшчэ імкнуся выхоўваць у іх такія якасці, як чуласць, прыстойнасць, уменне суперажываць, любоў да роднай зямлі, роднага краю.

Прынцыпаў у маёй рабоце нямнога. Па-першае, дзіця трэба прымаць такім, якое яно ёсць, з усімі яго пачуццямі і эмоцыямі. Па-другое, неабходна паважаць годнасць дзіцяці. Па-трэцяе, не бывае дрэнных дзяцей, бываюць дзеці, якія адчуваюць патрэбу ў нашай дапамозе. Па-чацвёртае, бацькі ў адукацыйным працэсе не пасіўныя назіральнікі, а актыўныя памочнікі і саюзнікі.

Маё педагагічнае крэда вельмі простае: “Вучу дзяцей, а разам з імі вучуся і сама”.

— Які ён, паспяховы ўрок? Вы маглі б сфармуляваць свае патрабаванні да эфектыўнага ўрока?

— Перадумова паспяховага ўрока заключаецца ў тым, што ён павінен быць пабудаваны так, каб у працэсе навучання школьнікі не толькі авалодвалі ведамі, уменнямі, але і каб тое, што адбываецца на ўроку, было для іх цікавым і значным.

Патрабаванні да эфектыўнага ўрока, на мой погляд, наступныя: па-першае, на кожных занятках павінна быць створана сітуацыя поспеху для кожнага навучэнца; па-другое, на ўроку павінна панаваць творчая атмасфера; па-трэцяе, урок павінен быць здароўе­зберагальным, адпаведна, акрамя фізкультхвілінак, трэба не забываць аб змене відаў дзейнасці; па-чацвёртае, школьніку павінна быць цікава на ўроку, а гэта значыць, што павінна быць цікавая сюжэтная лінія, праблемныя сітуацыі, мэтанакіраваная памылка настаўніка, актывізуючае пытанне і г.д.; па-пятае, на ўроку абавязкова павінен быць нала­джаны эмацыянальны кантакт настаўніка з навучэнцамі, інакш школьнік не зможа ні тварыць, ні паспяхова авалодваць ведамі.

Бацькі — надзейныя памочнікі.

— Алена Мікалаеўна, а якім адукацыйным тэхналогіям вы аддаяце перавагу ў сваёй рабоце? Чаму?

— Найперш аддаю перавагу здароўе­зберагальным тэхналогіям, бо галоўная задача школы заключаецца ў захаванні здароўя дзіцяці на працягу ўсяго перыяду навучання, адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам”, у якой ёсць структурны кампанент “Работа ў цэнтрах”, які дапамагае вырашаць многія вучэбныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы. Падчас работы ў цэнтрах малодшыя школьнікі вучацца прымяняць веды і ўменні ў нестандартнай сітуацыі, самастойна працаваць па інструкцыі, набываюць вопыт калектыўнага ўзаемадзеяння. Адным з прынцыпаў гэтай мадэлі з’яўляецца ажыццяўленне трайнога супрацоўніцтва “настаўнік — вучань — баць­кі”. Менавіта таму для работы ў цэнтрах актыўнасці запрашаюцца бацькі. Падчас навучання ў цэнтрах яны становяцца мне надзейнымі і вернымі памочнікамі, а сваім дзецям — настаўнікамі.

Значнае месца ў маёй рабоце займае тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, якая накіравана на тое, каб зацікавіць навучэнца, абудзіць у ім даследчую, творчую актыўнасць, затым прадаставіць яму ўмовы для асэнсавання матэрыялу і, у рэшце рэшт, дапамагчы яму абагульніць атрыманыя веды.

Асаблівую ўвагу ўдзяляю медыядасведчанасці маіх вучняў, бо ва ўмовах пастаянна растучага патоку інфармацыі чалавеку неабходна ўмець выбіраць і рэалізоўваць на практыцы спосабы яе атрымання, гэта значыць, быць інфармацыйна дасведчанай асобай. І калі раней для навучэнца школа была асноўнай крыніцай атрымання інфармацыі аб свеце, чалавеку, грамадстве, прыро­дзе, то сёння СМІ аказваюцца істотным фактарам фарміравання ў дзяцей карціны свету. Менавіта таму ўжо на І ступені навучання сістэма адукацыі павінна ў поўнай меры выкарыстоўваць новыя магчымасці: сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, якія фарміруюць уменні працаваць з інфармацыяй, у тым ліку інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, інфармацыйны патэнцыял інтэрнэту, розныя дыстанцыйныя формы навучання і інш. Мне, дарэчы, і тут дапамагае тэхналогія развіцця крытычнага мыслення. Яна вучыць не проста прымаць любую інфармацыю, а ставіцца да яе крытычна, умець яе аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы.

— Чым прыцягнула адукацыйная ма­дэль “Крок за крокам”?

— Па адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” я працую даволі даўно. Перад экзаменам на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” быў абагульнены вопыт работы па тэме “Работа ў цэнтрах навучання па адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” як сродак павышэння пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў (сіс­тэма заданняў)”.

Адукацыйны працэс важна будаваць і рэалізоўваць на дзейнаснай аснове, якая спрыяе станаўленню вучня як суб’екта вучэбнай дзейнасці і ўплывае на фарміраванне яго пазнавальнай актыўнасці. У гэтым і заключаецца актуальнасць майго вопыту.

Адукацыйную мадэль “Крок за крокам” можна разглядаць як адзін з кампанентаў педагагічнай сістэмы, бо яна заклікана забяспечваць павагу да асобы кожнага навучэнца, ствараць умовы для развіцця яго ўпэўненасці ў сабе, ініцыятыўнасці, творчых здольнасцей, самастойнасці і адказнасці, тым самым яна спрыяе развіццю пазнавальных здольнасцей навучэнцаў.

Пачынаючы з 1 класа праводжу паслядоўную і паэтапную работу, накіраваную на фарміраванне ўмення працаваць у цэнтрах і на павышэнне ўзроўню пазнавальнай актыўнасці маіх вучняў.

Якая ж мая дзейнасць на кожным з этапаў?

На першым этапе, падрыхтоўчым, знаёмлю навучэнцаў з наяўнасцю цэнтраў па асноўных відах дзейнасці (дыдактычным і вучэбным матэрыялам, гульнямі, даведачнай літаратурай), знаёмлю з навучаннем у цэнтрах, правіламі работы ў іх, вучу праца­ваць у камандзе, размяркоўваць абавязкі ў ёй.

На другім этапе, вучэбным, вучу школьнікаў выбіраць цэнтры, узаемадзейнічаць пры выкананні ў іх заданняў. Фармірую ў вучняў уменне знаходзіць неабходную інфармацыю. Для гэтага ў 2 класе прапаную навучэнцам адаптаваны тэкст. У 3 класе ўказваю старонкі дадатковай крыніцы, на якіх можна знайсці неабходную інфармацыю. На гэтых этапах, арганізоўваючы работу ў цэнтрах, з’яўляюся кансультантам-памочнікам.

На трэцім этапе, асноўным, развіваю ўменне навучэнцаў выконваць заданні ў цэнтрах без пабочнай дапамогі, самастойна працаваць з дадатковымі крыніцамі інфармацыі, прымяняць атрыманыя веды. Арганізоўваю работу ў цэнтрах, з’яўляюся кансультантам, пры неабходнасці — кансультантам-памочнікам.

Падчас работы вызначыла для сябе ўмовы эфектыўнасці арганізацыі работы ў цэнтрах навучання: павага да асобы кожнага дзіцяці; бесперапыннасць і паслядоўнасць у фарміраванні ў малодшых школьнікаў умення працаваць у цэнтрах навучання; пільны адбор заданняў. Дарэчы, для павышэння пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў распрацоўваю заданні, якія дазваляюць вучню самастойна набыць новы вопыт, здзейсніць адкрыццё, праявіць сябе творча. Прычым малодшыя школьнікі маюць права зрабіць самастойны выбар таго цэнтра, у якім, на іх думку, яны ў поўнай меры могуць праявіць свае веды і магчымасці.

Працуючы ў цэнтрах навучання, пачаткоўцы актыўна выконваюць заданні, а не назіраюць за работай педагога, разам прыдумляюць і абмяркоўваюць новыя ідэі, вучацца ўважліва слухаць адно аднаго і дапама­гаць іншым, праяўляюць свае здольнасці, не прыцягваючы ўвагі ўсяго класа і не баючыся праславіцца “выскачкай”, набываюць упэўненасць у сабе і сваіх магчымасцях. Варта адзначыць, што заданні для работы ў цэнтры навучання заўсёды адпавядаюць яго назве, тэме ўрока і тэме праекта, што вывучаецца.

Якія станоўчыя моманты можна адзначыць пры рабоце ў цэнтрах навучання? Па-першае, гэты від дзейнасці падахвочвае навучэнцаў да актыўных дзеянняў: працуючы ў цэнтрах, кожны навучэнец мае магчымасць праявіць ініцыятыву; па-другое, школьнік вучыцца планаваць свае дзеянні і пераконваць у іх правільнасці аднакласнікаў; па-трэцяе, навучэнец вучыцца прымяняць свае веды ў розных сітуацыях.

Такім чынам, работа ў цэнтрах навучання спрыяе фарміраванню ўмення малодшых школьнікаў знаходзіць нестандартныя спосабы вырашэння розных праблем, павышэнню матывацыі да навучання, развіццю прыродных задаткаў і творчых здольнасцей. Мне як настаўніку такая форма работы дазваляе стварыць умовы для павышэння ўзроўню пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў.

— Як даўно вы выкарыстоўваеце ў практыцы інфармацыйныя тэхналогіі? Ці спрыяюць рабоце на ўроку розныя гаджэты?

— Інфармацыйныя тэхналогіі ў сваёй практыцы выкарыстоўваю даўно. Гэта і мультымедыйныя прэзентацыі, якія прымяняю падчас урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, на класных і інфармацыйных гадзінах, на бацькоўскіх сходах. Акрамя таго, для сваіх навучэнцаў рыхтую заданні з выкарыстаннем дадатку LearningАpps.

З верасня 2019 года наша ўстанова адукацыі рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”, і тут інфармацыйныя тэхналогіі таксама прыхо­дзяць на дапамогу.

Мне здаецца, што мабільныя тэлефоны і іншыя электронныя прылады спрыяюць вучобе. Пачаткоўцаў неабходна вучыць знаходзіць неабходную інфармацыю, а таксама правільна карыстацца гаджэтамі. Але ўсё павінна быць нарміравана, у меру. Лічу, што ні тэлефоны, ні гаджэты не могуць замяніць тлумачэнне настаўніка і творчы дыялог настаўніка і навучэнцаў.

— У многім ад таго, наколькі ў пачатковай школе настаўнік сфарміруе навык беглага ўсвядомленага чытання, цікавасць да кнігі, будзе залежаць паспяховасць дзіцяці ў далейшым. Як вы фарміруеце ў сваіх выхаванцаў матывацыю да чытання?

— Некалькі гадоў назад я адмовілася ад традыцыйнага ўрока і замяніла яго прадукцыйным чытаннем. У чым іх розніца? На традыцыйным уроку работа арганізавана наступным чынам: перад чытаннем настаўнік рыхтуе вучняў да ўспрымання тэксту і прапаноўвае ім, напрыклад: “Зараз давайце даведаемся пра пісьменніка і чытаем…”, а далей тэкст чытаецца настаўнікам або добра падрыхтаванымі навучэнцамі, астатнія слухаюць.

Пры чытанні прадукцыйна перад чытаннем навучэнцы прагназуюць змест тэксту, прадбачаць, якім будзе тэкст па яго назве, ілюстрацыі, партрэце пісьменніка, таму ў навучэнца ёсць матывацыя; падчас чытання мы чытаем і вядзём дыялог з аўтарам, задаём пытанні, прадказваем адказы, правяраем сябе па тэксце (такім чынам, існуе інтэрпрэтацыя чытача); пасля прачытання прагаворваем і ўдакладняем пазіцыю аўтара.

На ўроках рускай літаратуры (літаратурнага чытання) выкарыстоўваю метады і прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення (здагадка, заснаваная на прапанаваных словах; накіраванае слуханне і абмеркаванне; накіраванае чытанне; карта персанажаў; пытальная дошка; загадка, гульня “Так-не”, кластар і інш.), якія дапамагаюць навучэнцам найбольш поўна засвоіць матэрыял.

— Якія вашы прафесійныя планы на новы навучальны год?

— Развівацца. Удасканальвацца. Не спыняцца на дасягнутым. Планую большую ўвагу ўдзяліць развіццю даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет”.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.