С.І.Парошын: “Кожны з нас у свой час трапіў у чулыя, клапатлівыя і добрыя рукі першага настаўніка”

- 12:36Суразмоўца
Мне здаецца, што адукацыйнай сістэме Гомельшчыны пашанцавала асабліва, таму што тут кіруе працэсам чалавек неабыякавы, ініцыятыўны і з вялікім вопытам педагагічнай і адміністрацыйнай работы.
Сяргей Іванавіч Парошын прызнаецца, што на выбар прафесіі вялікі ўплыў аказала настаўніца біялогіі, якая была вельмі прынцыповым чалавекам, але бязмежна любіла сваю работу і дзяцей. Вось чаму, скончыўшы дзясяцігодку, ён без усялякіх сумненняў накіраваўся на біяфак Гомельскага ўніверсітэта. На розных пасадах прыйшлося працаваць Сяргею Іванавічу, але далёка ад педагогікі ён не быў ніколі. Начальнік упраўлення адукацыі прайшоў шлях ад выхавальніка школы-інтэрната да дырэктара школы, таму добра ведае педагагічную “кухню”, усе “плюсы” і “мінусы” настаўніцкай дзейнасці.
Мяне асабіста больш за ўсё ў гэтым чалавеку ўражвае бясконцая магчымасць генерыраваць ідэі. Акрэсліце Сяргею Іванавічу тэму ці праблему – і ён хутка знойдзе рашэнне. Таму не дзіўна, што па многіх крытэрыях адукацыйная сфера Гомельскай вобласці займае лепшыя пазіцыі.
Якімі клопатамі жыве адукацыйная Гомельшчына сёння, з якім настроем пачынае новы навучальны год і якія планы мае на будучае — аб гэтым мы паспрабавалі даведацца ў Сяргея Іванавіча Парошына.

 

— Сяргей Іванавіч, узровень ведаў, які паказваюць выпускнікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, зараз служыць своеасаблівым паказчыкам таго, як працуюць з дзецьмі настаўнікі. Які вынік маем у гэтым годзе?
— У рэйтынгу сярод абласцей мы другія, пакуль саступаем Гродзеншчыне. У рэспубліцы — трэція, на першым месцы сталіца. Сярэдні бал нашых выпускнікоў у гэтым годзе — 42. Гэта крыху вышэй чым мінулагодні (41,41), але ж мы маем добры рэзерв. Павялічылася таксама колькасць 100-бальных сертыфікатаў. Калі ў 2012 годзе іх было 15, то сёлета — 27. Напрыклад, выпускніца Рэчыцкага раённага ліцэя Настасся Таран атрымала адразу тры сертыфікаты з найвышэйшым балам: па рускай мове, матэматыцы і фізіцы. Выпускніца Мазырскага абласнога ліцэя Вольга Тугай мае два 100-бальныя сертыфікаты па матэматыцы і рускай мове; акрамя таго, яна была адзначана дыпломам І ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, што таксама прыраўноўваецца да 100 балаў.
Добры ўзровень вучэбнай падрыхтоўкі прадэманстравалі выпускнікі вобласці па геаграфіі і грамадазнаўстве. Дзякуючы ім мы займаем па гэтых прадметах адпаведна першае і другое месца ў рэспубліцы, трэцяе — па біялогіі. Значна лепш, чым у мінулыя гады, выглядае вобласць у тэстах па рускай мове, фізіцы і матэматыцы — таксама трэцяя пазіцыя ў рэспубліцы. Разам з тым зменшылася колькасць нізкіх балаў. Усе гэтыя вынікі паказваюць, што мы не стаім на месцы, аналізуем, дзе не дапрацавалі раней, спрабуем выправіць памылкі. Зразумела, многае залежыць ад таго, як да гэтай справы ставяцца ў рэгіёнах. Не дапрацоўваюць школы Буда-Кашалёўскага, Лельчыцкага, Хойніцкага раёнаў, дзе самыя нізкія вынікі тэсціравання. А лепшыя вынікі прадэманстравалі выпускнікі школ Светлагорскага, Мазырскага і Жлобінскага раёнаў.

— Нашы школьнікі паказваюць нязменна высокія вынікі на міжнародных інтэлектуальных турнірах і спаборніцтвах. Раскажыце аб самых значных.
— Так, сапраўды, кожны год нашы дзеці вяртаюцца з міжнародных алімпіяд з перамогамі. Гэты год таксама не выключэнне. У складзе каманд Рэспублікі Беларусь на міжнародных алімпіядах-2013 Гомельскую вобласць прадстаўлялі трое навучэнцаў. Сяргей Кулік, выхаванец Цэнтра юных пажарных Мазыра, стаў уладальнікам залатога медаля Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы. А Ганна Паруль, выпускніца гімназіі № 56 Гомеля, заваявала бронзавы медаль на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы. Такія вучні — наша гордасць, яны ствараюць імідж не толькі Гомельшчыны, але ўсёй краіны.

— Не сакрэт, што зараз кожны другі выпускнік імкнецца атрымаць вышэйшую адукацыю. Зразумела, справа ў прэстыжы мець універсітэцкі дыплом, таму часта абітурыенты нават не задумваюцца, ці ёсць у краіне патрэба ў гэтай спецыяльнасці. Ці змянілася неяк тэндэнцыя ў гэтым годзе?
— На жаль, сітуацыя, якую вы абмалявалі, мае месца быць. Раней на першае месца ставілася прызванне і магчымасці. Цяпер — прэстыж, прычым ужо нават не прэстыж прафесіі, а прэстыж дыплома аб вышэйшай адукацыі. Аднак у вобласці шмат устаноў, якія дазваляюць атрымаць добрую сярэднюю спецыяльную альбо прафесійна-тэхнічную адукацыю, а разам з ёй — гарантыю працаўладкавацца і зарабляць нядрэнныя грошы. Я лічу, што тут не хапае ўвагі як мясцовых улад, так і саміх устаноў адукацыі: школ, каледжаў, ліцэяў, вучылішчаў. Трэба пастаянна весці прафарыентацыйную работу.
Ёсць і іншая праблема. У апошнія гады такі паказчык, як конкурс пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі, губляе актуальнасць, а на першае месца выходзіць прахадны бал. Сёння “рэйтынг” папулярных і прэстыжных спецыяльнасцей фарміруюць абітурыенты з высокімі баламі сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання. І ўсё ж павінен сказаць, што сярод абітурыентаў многа і тых, хто жадае атрымаць спецыяльнасць “па клічы душы”. Згадзіцеся, такія спецыяльнасці педагогікі і культуры, як “Дашкольная адукацыя”, “Мастацтва эстрады”, “Харэаграфічная мастацтва” наўрад ці прынясуць вялікі заробак, але ж жадаючых атрымаць такія прафесіі дастаткова.

— А што тычыцца педагагічных спецыяльнасцей?
— На жаль, не ўсе педагагічныя спецыяльнасці карысталіся сёлета папулярнасцю сярод абітурыентаў. Так, у Мазырскім педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна на спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка”, “Беларуская мова і літаратура”, “Замежная мова (англійская)”, “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Абслуговая праца і прадпрымальніцтва”, “Прафесійнае навучанне (Аграінжынер)” не было пададзена ніводнай заявы. Гэта ўпершыню за ўсё існаванне ВНУ! Яшчэ па шасці спецыяльнасцях конкурс склаў менш чым адзін чалавек на месца. Такая ж сітуацыя мела месца ў Гомельскім універсітэце імя Ф.Скарыны на спецыяльнасці “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Фізіка і тэхнічная творчасць”, “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Прыкладная матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць )”, “Руская філалогія”. І зноў жа можна гаварыць пра недахоп прафарыентацыйнай работы як з боку школы, так і з боку ўніверсітэта. Атрымліваецца, што педагогі не могуць падрыхтаваць сабе змену. Спадзяюся, у наступным годзе мы выправім гэтую сітуацыю.

— Калі для выпускнікоў лета — сапраўды гарачая пара, то для школьнікаў – гэта самыя доўгія канікулы. Сёлета, здаецца, яны былі насычаныя як ніколі. Працавала шмат самых разнастайных лагераў адпачынку…
— Сапраўды, мы спрабавалі ахапіць усіх дзяцей і па магчымасці арганізаваць іх адпачынак на працягу ўсяго лета. Калі два гады назад прышкольныя лагеры ў асноўным працавалі ў чэрвені, то ў 2012-2013 гадах лагеры працуюць усё лета па наступным прынцыпе: палова ад агульнай колькасці — у чэрвені, а астатняя палова пароўну дзялілася на ліпень і жнівень. Усяго ў вобласці працавала каля 800 аздараўленчых лагераў. Большая частка з іх — дзённыя, а таксама лагеры працы і адпачынку, профільныя. У стацыянарных і кругласутачных лагерах пабывалі 34 тысячы дзяцей.

— Як паказалі сябе лагеры працы і адпачынку? Дзе спатрэбілася дапамога школьнікаў?
— Найбольш прапаноў было, канечне, ад сельскагаспадарчай сферы. Летам тут вельмі патрэбны рабочыя рукі. Дзеці займаліся ўборкай, добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторый, рамонтам мэблі, нарыхтоўкай кармоў для жывёл, праполкай і зборам ураджаю, даглядалі расліны.
У лагерах працы і адпачынку правялі час каля дзвюх тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Працавалі школьнікі па чатыры гадзіны ў дзень, астатні час праводзілі на экскурсіях, хадзілі ў тэатр і кіно.
Арганізацыя лагераў адпачынку і працы — гэта спроба выхаваць у падлеткаў павагу да працы, да чалавека працы. Да таго ж дзеці мелі магчымасць зарабіць грошы. У сярэднім іх заробак склаў каля 500 тысяч рублёў за 18 дзён. Цяпер яны ведаюць, як няпроста бацькі зарабляюць кожны рубель.

— Сяргей Іванавіч, да першага верасня застаюцца лічаныя дні. Ці добра падрыхтавалася адукацыйная сістэма Гомельшчыны да пачатку навучальнага года?
— Так, усе ўстановы гатовы прыняць дзяцей. У гэтым годзе прыёмка ўстаноў адукацыі да навучальнага года вялася па новых правілах. Мы распрацавалі пашпарт гатоўнасці, раздзелы якога закранаюць усе пытанні, у тым ліку ацэнку агульнага стану будынка і ўсіх яго памяшканняў, укамплектаванасць неабходнай мэбляй, абсталяваннем, інвентаром, вучэбнымі адукацыйнымі рэсурсамі. Па такім жа прынцыпе ацэньвалася прылеглая тэрыторыя: наяўнасць агароджы, сродкаў, якія абмяжоўваюць свабодны ўезд на тэрыторыю, асвятленне і гэтак далей. Акрамя таго, улічваўся аб’ём праведзеных рамонтных работ, гатоўнасць установы адукацыі да работы ў ацяпляльны перыяд, стан электра-пажарнай бяспекі і аховы працы, а таксама медыцынскага абслугоўвання ва ўстанове адукацыі.

— Думаю, даволі балючая тэма, але ж вельмі актуальная сёння – аптымізацыя і рэарганізацыя школ і дзіцячых садоў.
— Гэта патрабаванне часу. Трэба разумець, што не можа працаваць школа ці дзіцячы сад, у якім работнікаў больш, чым вучняў. Складана было напачатку: прыходзілася выслухоўваць шмат скаргаў, тлумачыць, даказваць. Але мы не адбіваліся, заўсёды выязджалі на месца, сустракаліся з бацькамі і педагогамі, гутарылі.
У гэтым годзе ў вобласці будзе рэарганізавана 30 устаноў адукацыі, 44 спыняць сваё функцыянаванне, у тым ліку 27 школ. Дзеці, якія вучыліся ў гэтых установах, будуць наведваць найбліжэйшую школу ці дзіцячы сад, куды іх будзе дастаўляць школьны аўтобус. З транспартам ніякіх праблем няма, усе аўтобусы прайшлі тэхнічную праверку і чакаюць свайго часу. Дарэчы, ўпраўленнем адукацыі за кошт сродкаў абласнога бюджэту набыта шэсць новенькіх аўтобусаў. Будзе падарунак дзецям да новага навучальнага года.

— Сяргей Іванавіч, што б вы хацелі пажадаць настаўнікам і школьнікам перад пачаткам навучальнага года?
— Кожны з нас у свой час трапіў у чулыя, клапатлівыя і добрыя рукі першага настаўніка. Толькі ў сапраўднага неабыякавага педагога дзіця адчуе сябе патрэбным і абароненым, зможа даверыць усе свае нягоды і знайсці адказ на ўсе нявырашаныя пытанні. Таму хачу пажадаць сваім калегам вялікага цярпення, творчасці, узаемаразумення, дабра, веры ў тое, што кожны вучань — гэта непаўторная яркая асоба.
Хлопчыкам і дзяўчынкам жадаю, каб кожны дзень новага навучальнага года напаўняўся святлом ведаў, прыносіў радасць, жаданне тварыць і рабіць адкрыцці!

— Дзякуй за гутарку, Сяргей Іванавіч! Дазвольце і вас павіншаваць з новым навучальным годам! Няхай работа прыносіць вам радасць, а з калегамі заўсёды будзе ўзаемаразуменне.
Наталля ЛУТЧАНКА.