Надзея Ануфрыева: “Я не шкадую, што пайшла ў педагогіку!”

- 17:11Моя школа

Сённяшні выпуск праекта “Мая школа” не зусім звычайны. Наш суразмоўца, дырэктар Нацыянальнага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, расказваючы пра сябе, увесь час плаўна пераходзіла на размову пра цэнтр. І гэта нядзіўна: цэнтр стаў членам яе сям’і, а, можа, наадварот, яна сама арганічна ўлілася ў сям’ю, што завецца “Зубраня”.

— Сёння цэнтр — узор парадку. Сюды можна прыязджаць на экскурсію, каб паглядзець, як усё павінна быць дагледжана і як павінна працаваць. З чаго гэта пачалося? Ведаю, што першы раз у НДЦ “Зубраня” вы прыехалі інкогніта. Чаму?
— Гэта сапраўды так. Мне трэба было ўсё агледзець і прыняць кардынальнае рашэнне. Проста так з’ехаць з месца, дзе я пражыла 26 гадоў, горада Горкі Магілёўскай вобласці, на новае месца і пачаць усё спачатку, было досыць складана. Але самае цікавае, што мяне ў гэтым вельмі падтрымаў муж — ён з дзяцінства вялікі аматар лесу, вады (па адукацыі інжынер-меліяратар, але ўвесь час запытваецца ў сябе, чаму не пайшоў на лесатэхнічны факультэт). “Давай рызыкнём”, — неяк сказаў ён. Ну вось мы рызыкнулі і прыехалі сюды.

Я нікога не хачу абвінавачваць ці крытыкаваць — час быў такі, і не толькі для “Зубраняці”. Сёння такія цяжкія часы перажывае “Артэк”. Калі акрамя “Марскога” і “Бурштынавага” лагераў усе астатнія ў вельмі дрэнным стане. І гэта залежыць ад многіх фактараў: ад фінансавання, агульнага стану ў краіне і г.д. І якраз-такі тут было лягчэй наводзіць парадак, бо ўздымалася ўся краіна, будавалася і добраўпарадкавалася.

Не скажу, што мы зараз узор парадку, але мы бачым такія ўзоры, ездзячы па іншых установах, раўняемся на лепшае, нешта пераймаем. А ўзор і ідэал у кожнага свой, і да яго трэба імкнуцца. Я, як кіраўнік, добра разумею, что мая задача зрабіць так, каб мае падначаленыя ўсведамлялі гэты ідэал. Нічога нельга зрабіць, калі чалавек сам гэтага не захоча.

— Ці застаўся ў памяці ваш першы прыезд у цэнтр “Зубраня”?
— А як жа! Георгій Аляксеевіч Бутрым (тагачасны начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — Рэд.) папярэдзіў, што мяне туды могуць не пусціць, і параіў знайсці дырэктара, прадставіцца і пазнаёміцца з гаспадаркай. Але гэта было б некарэктна: прыехаць і сказаць, што я буду працаваць на месцы гэтага чалавека. Безумоўна, я сабе такога дазволіць не магла. Я проста прыехала і прайшла на тэрыторыю. І, як не смешна гэта будзе, першым, каго я сустрэла і ў каго пачала нешта распытваць, быў дырэктар. Усю карысную інфармацыю я атрымала на аўтобусным прыпынку, дзе людзі чакалі транспарт і, як гэта звычайна бывае, абмяркоўвалі апошнія навіны. Крыху паблукала, бо тэрыторыя цэнтра вельмі вялікая.

Адно з першых уражанняў — тут працуюць дынастыямі. Бо на дзвярах усюды віселі таблічкі “Адказны за пажарную бяспеку Хільман”. Гэта потым я разгледзела, што ініцыялы былі розныя і гэта сапраўды дынастыя: Сяргей Мікалаевіч, наш гукааператар, яго жонка, яго бацька і маці. Таксама і Гардзеі.

У той год на возеры быў вялікі мор рыбы. Вялікую колькасць малькоў папросту вымывала на берагі Нарачы.
Адзінымі людзьмі, якія спынілі мяне на тэрыторыі і запыталіся, хто я і куды накіроўваюся, былі важатыя. І ў карпусы мяне таксама на пускалі. Але я ўсё ж прарвала іх абарону і агледзела будынкі: у якіх умовах жывуць дзеці, у якім стане санітарныя памяшканні. Так я пагуляла, паглядзела… І ў мяне з’явіўся нават нейкі азарт, бо, на маю думку, не мог тагачасны аб’ект рэспубліканскага значэння быць у такім стане.

— Якімі былі вашы першыя крокі на новай пасадзе?
— Яшчэ да майго прызначэння адміністрацыя цэнтра накіравала ў Міністэрства адукацыі ліст з пералікам таго, што ў першую чаргу неабходна зрабіць у “Зубраняці”. І на працягу першых двух гадоў я звяралася з гэтым спісам — менавіта за такі тэрмін нам удалося ўсё па ім выканаць. Магчыма, першыя спробы былі крыху наіўныя. Я ездзіла да губернатараў абласцей з лістом-зваротам ад імя педагагічнага калектыву, стукала ў дзверы розных камерцыйных і некамерцыйных арганізацый. Грашыма ніхто не дапамог, а вось пуцёўкі сталі набываць больш актыўна. Добра памятаю, як мне сказалі ў “Белтрансгазе”: “А сапраўды, чаму б нам не выкупіць у вас частку пуцёвак?” Так мы пачалі зарабляць грошы. Ну і Міністэрства адукацыі, канечне, пра нас не забывалася, бо там таксама былі зацікаўлены ў пераменах.

Замянілі нязручныя “дагістарычныя” ложкі на двухузроўневыя, у жылых пакоях пераклеілі шпалеры, паклалі дываны, павесілі прыгожыя шторы — чыста па-жаночаму імкнуліся стварыць дамашнюю атмасферу. Потым пачалі рыхтаваць дакументы на рэканструкцыю: на месцы пральных пакояў зрабілі душавыя, перапланавалі прыбіральні. Тады працаваў увесь калектыў: клеілі, фарбавалі… Толькі адзінкі ў адкрытую выказвалі незадавальненне.

Я не сустрэлася з Мікалаем Аляксандравічам Жуком, які 20 гадоў кіраваў тады яшчэ лагерам “Зубраня”. Але яго цвёрдая кіраўніцкая і гаспадарская рука яшчэ доўгі час адчувалася. Падпорныя сценкі, кветкі, вырашчаныя ў мясцовых цяпліцах, — добрае і патрэбнае, закладзенае ў яго час, працягвала жыць.

Пастаянна кажу, што на маім шляху ўвесь час трапляюцца добрыя людзі. І да каго б я не звярталася, усе мне аказвалі пасільную дапамогу. На працягу ўсіх гэтых гадоў у нас пастаянная будоўля і рамонты. Дзеці нават неяк пажартавалі: “Всё перерыто вдоль и поперек: метро в “Зубрёнке” будет в срок!”

— Безумоўна, і да “Зубраняці” на вашым шляху сустракаліся добрыя людзі. Каго б маглі назваць у ліку такіх спадарожнікаў?
— Чалавек фарміруецца пад уплывам асоб, якія яго акружаюць. Я не магу не ўспомніць перашага сакратара гаркама партыі Генрыха Сямёнавіча Яскевіча, чалавека няўрымслівага, вялікага энтузіяста, доктара эканамічных навук Ларысу Уладзіміраўну Пакуш, што працавала ў той час у Горках, якая таксама аказала на мяне вельмі вялікі ўплыў, супрацоўнікаў Горацкага райвыканкама, у якім я працавала ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. Калі я пачынала працаваць дырэктарам школы, вялікі вопыт работы з фінансавымі дакументамі атрымала дзякуючы галоўнаму бухгалтару раённага аддзела адукакцыі Любові Абрамаўны — яна не проста вяла ўлік, а кіравала эканамічным жыццём раённай сістэмы адукацыі.

Калі гаварыць пра настаўніцкі вопыт, то тут вельмі важнае месца займае настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Горак Грэкава (я выкладала матэматыку ў чацвёртакласнікаў, якія ў пачатковай школе вучыліся ў яе). Вось так, як яна, трэба вучыць дзяцей, прычым гэта тычылася і арганізацыйных, і вучэбных навыкаў: аператыўна і ціха сабраць у класе сшыткі — не праблема, выходзячы да дошкі, “яе дзеці“ не проста запісвалі рашэнне, а тлумачылі і прагаворвалі ход сваіх думак. Увогуле, у 4-й школе было вельмі многа цікавых людзей.

Давалі вельмі каштоўныя парады і рабілі падказкі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі. Шмат увагі нам удзяляў тагачасны міністр адукацыі Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, а цяпер і сённяшні міністр Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. Увесь гэты час нам дапамагала супрацоўніца міністэрства Лідзія Іванаўна Субоцкая.

Заўсёды добрым словам успамінаю калег па пазашкольнай (як тады казалі) рабоце: дырэктара цэнтра тэхнічнай творчасці Віктара Іосіфавіча Цвірко, дырэктара экалагічнага цэнтра Лідзію Іванаўна Каліноўскую і іншых. Нехта даваў нам палаткі, нехта станкі — хто што мог!..

Увогуле, я прытрымліваюся ўжо даўно заўважанай народам ісціны: пад ляжачы камень вада не бяжыць. Калі ты сам шавелішся, шукаешь выйсце з канкрэтнай сітуацыі, заўсёды знойдуцца людзі, якія табе дапамогуць.

— А каго лічыце неабходным адзначыць са сваіх калег?
— У цэнтры працуе вельмі многа таленавітых і самаадданых людзей. “Зубраня” іх прыцягвае і ўтрымлівае. У некага можа не хапаць арганізатарскіх ці творчых здольнасцей, але яны тады імкнуцца праявіць сябе ў іншым. Узяць хаця б сям’ю Хільман: маці Марыя Аляксандраўна працавала медсястрой у медсанчасці, бацька Мікалай Пятровіч — кінамеханікам, сын Сяргей Мікалаевіч — гукааператар, нявестка Святлана Іванаўна спачатку была важатай, потым кіраўніком гуртка і настаўніцай матэматыкі, але на якой бы пасадзе яна ні знаходзілася, выконвала работу вельмі добрасумленна.

Сярод супрацоўнікаў варта назваць Любоў Уладзіміраўну Роліч, якая доўгі час адна займалася такім складаным кірункам работы, як распаўсюджванне пуцёвак. А зараз, у век камп’ютарнай тэхнікі, саступіла месца моладзі, але засталася працаваць у цэнтры тэхнічным работнікам.

Прыйшлі новыя людзі. Амаль адначасова са мной прыйшоў працаваць Павел Пятроўскі, які здолеў стварыць сабе імя як цудоўны важаты. Яшчэ задоўга да мяне тут працаваў Ігар Мікалаевіч Чэб. У яго атрады загадзя ідзе запіс (!). Вось такія павінны быць педагогі! Але ж ён вядзе работу і да прыезду дзяцей у цэнтр, і пасля. І здаецца, нічога асаблівага не робіць, але ўсё гэта атрымліваецца метадычна вывераным. На працягу года ідуць зносіны ў сацыяльных сетках, а потым доўгачаканая сустрэча ў “Зубраняці”.

Намеснік дырэктара цэнтра Марына Валер’еўна Шлык папросту жыве цэнтрам, а пачынала яна калісьці таксама важатай.

Вельмі многіх можна назваць і ў гаспадарчай, і ў педагагічнай сферах цэнтра. Аляксандр Паўлавіч Кішко ўзяў на сябе ўвесь цяжар праблем медыцынскага абслугоўвання выхаванцаў, стварыўшы стабільны калектыў медсанчасці.
Мне расказвалі, як нехта з бацькоў ці супрацоўнікаў, адпачываючы за мяжой, на рускім тэлеканале бачыў перадачу, у якой аналізаваліся ўмовы адпачынку дзяцей у розных летніках розных краін постсавецкай прасторы па суадносінах кошт/якасць. Дык вось у той праграме “Зубраня” быў названы другім у рэйтынгу пасля “Змены”, што знаходзіцца ў Анапе.

Канечне, пуцёўка ў НДЦ “Зубраня” каштуе больш, чым у іншыя месцы дзіцячага адпачынку, але ў нас вялікая колькасць унікальных забаў, за якія няма даплаты. Не так даўно ўпершыню ў гісторыі “Зубраняці” адбылася пенная вечарына, з’явіўся палатачны планетарый. Уклаўшы 7 мільярдаў рублёў уласных сродкаў, мы пачалі будаўніцтва лагера “Вясёлкавы”, і ў хуткім часе ў цэнтры зможа адпачываць яшчэ большая колькасць дзяцей.

— Праз месяц будзе ўжо адзінаццаць гадоў, як вы на гэтай пасадзе. Якія з іх былі, на ваш погляд, самымі складанымі?
— Я не магу сказаць, што гэта быў нейкі цяжар. Гэта работа, якая прыносіла і прыносіць задавальненне. Нехта прымаў маю работу, нехта не, але асноўная частка нашага калектыву — калегі, якія любілі, любяць і будуць любіць “Зубраня”, для якіх цэнтр — гэта жыццё. І ім таксама хацелася змен. Я сама прытрымліваюся такой думкі: ідэй многа, было б каму іх ажыццяўляць. І вось тады былі людзі, якія хацелі працаваць: рабілі, дапамагалі. Але для таго, каб гэта ўсё можна было зрабіць, ідэал павінен быць сфарміраваны вельмі дакладна.

Калі толькі нараджаліся традыцыі “Зубраняці”, у іх фарміраванні прымалі ўдзел супрацоўнікі іншых лагераў, якія існавалі тады. Канечне, мы б вельмі ганарыліся, каб кожны, хто прайшоў нашу школу, уяўляў узор для пераймання. І многія застаюцца ў прафесіі, праз шмат гадоў вяртаючыся ў цэнтр у новай якасці.

— Калі вы адчуваеце надзвычайную асалоду ад сваёй работы?
— Тады, калі мне ўдаецца зрабіць так, каб нейкую ідэю кожны з маіх калег стаў успрымаць як сваю. Звычайна на першым этапе ўзнікае моцнае супраціўленне: “А навошта?”, “А ў нас было вось так, і мы не будзем рабіць інакш” і г.д., потым адбываецца паступовае прывыканне і асэнсаванне. А на другі год ідэя настолькі засвойваецца, што нават не ўзнікае пытання пра яе неабходнасць і пачынаецца спаборніцтва за яе аўтарства.

— У 2009 годзе НДЦ “Зубраня” былі нададзены функцыі метадычнага цэнтра для сістэмы дзіцячых аздараўленчых лагераў. Ці не шкада раздаваць свае ідэі?
— Не шкада. З гэтым даручэннем мы спраўляемся, і досыць паспяхова. Увогуле за гэтае лета мы наведалі больш за 40 лагераў па ўсіх абласцях Беларусі. І ўсюды мы фіксуем, што наш вопыт вельмі актыўна выкарыстоўваецца — значыць мы робім тое, што патрабуецца. Праз цэнтр праходзіць мноства студэнтаў і маладых педагогаў. І праз іх таксама трансліруецца наш вопыт. Нядаўна мы прыехалі з Гродзенскай вобласці. У адным з лагераў там працуюць выхавальнікі, што працавалі ў “Зубраняці” вельмі даўно, але традыцыі, засвоеныя калісці, яны перадаюць сваім выхаванцам.

Да таго ж у нас ніколі няма недахопу ідэй. Прыходзяць новыя метадысты, “абнаўляюць кроў” цэнтра, захоўваючы тое лепшае, што было напрацавана іх папярэднікамі.

— Ці не шкадуеце, што пайшлі на адміністрацыйную работу, спынілі выкладчыцкую дзейнасць?
— За ўвесь свой працоўны шлях я не мела гадзін у школе толькі калі працавала ў гаркаме. Але нельга сядзець на двух крэслах. І калі кажуць, што дырэктар школы павінен быць лепшым метадыстам, я з гэтым пагадзіцца не магу. Лепшым метадыстам можа быць толькі той настаўнік, які “варыцца” у практыцы, які кожны дзень ідзе ў клас і дае ўрокі. У дырэктара, які вядзе ўрокі, у галаве ўсё роўна “два цэнтры”.

Аналізуючы сваё жыццё (а мой узрост дазваляе падводзіць нейкія прамежкавыя вынікі), я разумею, што зрабіла правільны выбар. Аб тым, што пайшла ў педагогіку, ніводнага разу не пашкадавала. Канечне, быў час, калі настаўнік з’яўляўся абсалютным аўтарытэтам, потым у сувязі з масавасцю гэтай прафесіі аўтарытэт пачаў падаць. На маёй памяці застаўся ўзлёт конкурсу ў педагагічныя ВНУ, калі павышалася зарплата настаўнікаў і ў педагогіку ішлі з “камерцыйных” інтарэсаў. Але ёсць людзі, якія не глядзяць на матэрыяльныя даброты і ўсё роўна ідуць у педагогіку, бо да яе ляжыць душа.

Яшчэ ў раннім дзяцінстве я на сто працэнтаў ведала, кім стану. Мае сёстры — медыкі, і яны пастаянна мяне агітавалі паступаць у медінстытут, да таго ж муж сястры працаваў дэканам лячэбнага факультэта медінстытута і таксама клікаў паступаць. Але я не адчувала сябе медыкам. Так я выбрала спачатку матэматыку, а потым і фізіку. На гэта значна паўплываў Віктар Сяргеевіч Шалгуноў, дырэктар школы, у якой я вучылася. Менавіта дзякуючы яго ўрокам у мяне сфарміравалася любоў да прадмета, я ўдзельнічала ў аліпіядах па фізіцы, а пасля і рыхтавала вучняў да гэтых спаборніцтваў — былі ў мяне і пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд. Але на гэта заўсёды не хапала часу. Можа, каб я толькі выкладала фізіку, стала б лепшым настаўнікам і дрэнным дырэктарам. У жыцці ніколі не ўгадаеш…

— А ці памятаеце сваю першую настаўніцу?
— Канечне. Гэта была Маргарыта Пятроўна Якаўлева. Яна вельмі добра спявала. Была цудоўным педагогам і чалавекам. Праз 25 гадоў пасля заканчэння школы я прыязджала дадому і мы з ёй сустракаліся.

— Вы былі добрай вучаніцай?
— Вучылася я добра, але ніколі не сядзела на адным месцы. Сядзець за партай склаўшы рукі — не ў маім харакатары. Бацька Генадзь Міхайлавіч быў дырэктарам дзіцячага дома, і таму мне часта даводзілася стасавацца з дзетдомаўскімі дзецьмі, і ў любой кампаніі я была сваёй. Праблем з вучобай не было, як і з паводзінамі. Але і ціхоняй не была: у школе была старшынёй савета атрада, і старшынёй савета дружыны, і сакратаром камсамольскай арганізацыі, але часам думаю, што ў першую чаргу з-за майго гучнага голасу (мікрафонаў жа тады не было…). На ўсіх дзіцячых фотаздымках я заўсёды наперадзе нейкага строю (смяецца).

Канечне, былі і звычайныя дзіцячыя свавольствы, хаця былі і ўчынкі, за якія і зараз сорамна. Але ў нас была вельмі добры класны кіраўнік Ларыса Георгіеўна Харошча. Яна выкладала хімію, была вельмі прынцыповым настаўнікам, актыўна займалася спортам. Дарэчы, гэта была першая беларуска, якую я сустрэла ў сваім жыцці. Спачатку наш клас яе не прыняў — было нейкае супрацьстаянне, а на выпускным вечары яна нам рабіла прычоскі і давала парады — адносіны сталі вельмі цёплымі, амаль сямейнымі. Дык вось яна параіла мне, калі я паступлю ў ВНУ, пайсці на кафедру фізвыхавання. І потым шмат у чым дзякуючы яе парадам я дасягнула таго, што мае партрэты красаваліся адразу на дзвюх дошках гонару: за вучэбныя і за спартыўныя дасягненні.

— Сёння ў “Зубраняці” амаль усе ездзяць на веласіпедах. Гэта даніна здароваму ладу жыцця? З чаго ўсё пачалося?
— Зараз на веласіпедах у нас ездзяць нават самыя “адсталыя слаі насельніцтва”. А пачалося ўсё з таго, што ДАІ падарыла нам веласіпеды, мы стварылі велабазу і распачалі велапрагулкі. І калі веласіпеды прастойвалі, калі ў цэнтры не было дзяцей, супрацоўнікі бралі “тэхніку”, каб куды з’ездзіць ці проста пакатацца. І усе зразумелі, што гэта значна эканоміць час, таму што, каб абысці ўсю нашу тэрыторыю, трэба паўдня… І зараз амаль у кожнага ёсць свой веласіпед.

— Вы таксама ездзіце на веласіпедзе?
— Калісьці ездзіла, але сёння, пагадзіцеся, гэта выглядала б вельмі смешна… А вось пра інерцыйны сродак перамяшчэння я ўжо задумваюся… Бо тэрыторыю я аглядаю тры разы на дзень: раніцай, днём і ўвечары. Плюс у выхадныя праводжу дэталёвы агляд — усяго подбегам не заўважыш… Канечне, за ўсім гэтым наглядае адпаведны персанал, але калі дырэктар валодае ўсёй сітуацыяй, гэта больш надзейна.

— Колькі часу доўжыцца ваш працоўны дзень?
— Мне вельмі зручна, бо я жыву на тэрыторыі цэнтра, аднак і дадому на працягу рабочага дня ніколі не хаджу.
Бывае па-рознаму, часам як у тым анекдоце: “Капай адсюль і да адбоя” (смяецца). Акрамя таго, у нас пануе рабочая атмасфера. Мы можам адно аднаму патэлефанаваць да 12 гадзін ночы — і гэта нармальна. А вось калі пасля гэтага “часу ікс” раздаецца тэлефонны званок, то значыць здарылася нешта надзвычайнае. І я вельмі баюся гэтых начных званкоў.

Усе людзі павінны адпачываць. Калі чалавек стомлены, то і працаздольнасць яго зніжаецца. Стараюся выдзяляць хаця б адзін дзень на тыдзень для адпачынку. Праглядваю інтэрнэт, чытаю водгукі аб рабоце цэнтра, каб ведаць, як на тваю работу глядзяць з боку. Бо, пагадзіцеся, не заўсёды можна заўважыць тое, што заўважыць акружэнне. Абавязкова знаёмлюся з інфармацыяй “Артэка”, “Арлёнка”, “Акіяна”. Амаль заўсёды ёсць патрэба падрыхтаваць нейкае выступленне. Ды і пошту разабраць не заўсёды ёсць час.

Безумоўна, ёсць і нейкія хатнія справы. Ды што мне… Дзеці выраслі.

— Муж не раўнуе вас да работы?
— Уладзімір Герасімавіч ужо да гэтага прывык. Ва ўсім стараецца мне дапамагчы. Тым больш ён ведаў, што гэта будзе за работа. Некалі ён быў больш заняты, а я, працуючы ў школе, была больш вольнай, потым было ў яго прасцей, а ў мяне складаней. Дарэчы, як і ў кожнай сям’і.

— Калі не сакрэт, у якой сферы знайшлі сябе вашы дзеці, ці працягваюць яны сямейную педагагічную дынастыю?
— Я, як ужо казала, з настаўніцкай сям’і. Бацька быў дырэктарам дзіцячага дома, а мама Антаніна Фёдараўна працавала там выхавальнікам. І добра памятаю, як бацька скардзіўся, што калі пасля вайны ў дзіцячым доме былі тыя, чые бацькі загінулі на фронце, то ў наступныя гады там выхоўваліся пераважна сацыяльныя сіроты.
У памяць урэзаўся адзін выпадак. Мы сядзелі на ўроку (дзетдомаўскія вучыліся разам з намі) і да аднаго з дзетдомаўцаў прыехала маці ў не зусім цвярозым стане, з цыгарэтай у зубах. А ён, шчаслівы, ішоў, узяўшы яе за руку, і паглядаў: ці бачаць астатнія, што да яго прыехала маці.

Маці мая была заўсёды добрай, гасціннай і ўмелай гаспадыняй. Дарэчы ў наступным годзе наша сям’я будзе адзначаць яе стогадовы юбілей.

Мой муж таксама з сям’і настаўнікаў. Яго бацька Герасім Лукіч быў дырэктарам 2-й Горацкай школы, загадчыкам раённага аддзела адукацыі. У яго быў цудоўны характар, і яго многія памятаюць. А вось сыны па нашай сцяжынцы не пайшлі: Андрэй працуе эканамістам у педагагічным каледжы, а Аляксей займаецца камп’ютарным дызайнам. Можа ўнучка стане педагогам?

Дарэчы, мой свёкар быў таксама фізікам, і калі я прыехала ў Беларусь, да маіх метадычных распрацовак дадаліся распрацоўкі Герасіма Лукіча. І так склалася жыццё, што праз шмат гадоў я працавала ў яго кабінеце на той самай пасадзе начальніка аддзела адукацыі.

— Наколькі моцна вы ўраслі каранямі ў беларускую зямлю?
— Я не адракаюся сваёй Радзімы. Але Беларусь — гэта мая другая Радзіма. Я не вывучала ў школе беларускую мову і гісторыю Беларусі, але прачытала мноства кніг пра беларускую гісторыю і культуру. Для мяне ніколі не было праблемай чытаць па-беларуску і ўспрымаць беларускую гаворку.

— Надзея Генадзьеўна, сёння “Зубраня” святкуе 44- ты дзень нараджэння. Але мы ведаем, што днямі ў вас таксама было свята. Гэта містыка?
— Я не містык па натуры. Проста так склалася, што дні нараджэння ў мяне і ў “Зубраняці” вельмі блізка. Можна многа казаць, што я ўсё жыццё ішла да гэтага, але навошта хлусіць? Кожны чалавек усё жыццё вучыцца і набіраецца вопыту. А калі ў цябе яшчэ ёсць і сілы гэтым вопытам падзяліцца і ўвасобіць яго ў рэальныя справы — гэта цудоўна. І мы не зрабілі тут нічога звышнатуральнага: мы зрабілі тое, што павінны былі зрабіць. Але ў адрозненне ад многіх іншых, мы ад гэтага яшчэ і атрымалі задавальненне.

— З чаго для вас складаецца шчасце?
— Найперш у чалавеку павінен быць мір у душы. Я да гэтага часу сагрэта матулінай любоўю і маю шчаслівую магчымасць адчуваць сябе дзіцем. Мае сыны добрыя людзі, атрымалі адукацыю і да нечага імкнуцца, мы ладзім з нявесткай. Я адбылася як жонка і як маці… З гэтых дробных часцінак і складаецца шчасце. Нельга зацыклівацца на адной сферы жыцця. Жыццё павінна гарманічна спалучаць сям’ю і работу.

— А якой вы ўяўляеце будучыню цэнтра?
— “Зубраня” — гэта ледакол, які плыў, плыве і будзе плыць заўжды. І хацелася б, каб на ім была добрая каманда. Усё непатрэбнае ён будзе адкідваць і працягваць свой шлях у будучыню.

— Дзякуй вялікі за размову. Здароўя і плёну ў працы вам, росквіту і дабрабыту “Зубраняці”! Ну і, канечне, віншуем “Зубраня” са святам!
— Сёння мы святкуем 44-ты дзень нараджэння нашай краіны дзяцінства, але ўжо думаем, як будзем адзначаць 45-годдзе. Я ад шчырага сэрца віншую ўсіх сённяшніх і былых супрацоўнікаў цэнтра, а таксама тых, хто калісьці адпачываў, адпачывае і будзе адпачываць ў “Зубраняці”, з днём яго нараджэння.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва НДЦ “Зубраня”.