“Мы жывём і працуем у хутказменлівых умовах. Мяняюцца патрабаванні да вынікаў дзейнасці педагогаў з боку навучэнцаў і бацькоў, ствараюцца магчымасці для грамадскага ўдзелу ў кіраванні сістэмай адукацыі. Сёння дзейнасць установы адукацыі немагчыма ўявіць без пастаяннага ўдасканалення якасці паслуг, што прадастаўляюцца”, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама Ігар Пятровіч Шчасны.
— Раскажыце, калі ласка, аб развіцці сістэмы дашкольнай адукацыі ў вашым раёне. Ці задавальняюцца адукацыйныя запыты бацькоў?
— Сістэма дашкольнай адукацыі раёна прадстаўлена 9 установамі, у іх ліку 7 — агульнага тыпу, 1 — санаторнага, 1 — дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Акрамя таго, адукацыйная праграма дашкольнай адукацыі рэалізоўваецца ў 12 вучэбна-педагагічных комплексах “яслі-сад — пачатковая (сярэдняя) школа”. Па стане на 1 мая 2016 года, дашкольныя ўстановы Смаргонскага раёна наведваюць 2307 выхаванцаў, у тым ліку ў горадзе — 1976.
На працягу апошніх гадоў у раёне захоўваецца тэндэнцыя павелічэння колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту. Узрастае і попыт бацькоў на новыя формы арганізацыі адукацыі, які мы задавальняем. Паспяхова функцыянуюць дзве групы кароткачасовага знаходжання для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў на пастаяннай аснове з рэжымам працы 3,5 гадзіны. Яны адкрыты ў інтэрнаце і ў Смаргонскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, што з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі ясляў-сада № 6 і ясляў-сада № 13 Смаргоні.
Станоўча зарэкамендавалі сябе адаптацыйныя, прагулачныя групы, якія дзейнічаюць практычна ў кожнай гарадской установе дашкольнай адукацыі. У сельскай мясцовасці ў летні перыяд карыстаюцца попытам сезонныя гульнявыя пляцоўкі. Ёсць станоўчы вопыт у арганізацыі дзейнасці сямейнага дзіцячага садка ў вёсцы Сасноўка, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем Жодзішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Час знаходжання выхаванцаў у рознаўзроставай групе вызначаны з улікам працоўнай занятасці бацькоў (10,5 гадзіны). Сямейны дзіцячы сад наведвае 11 выхаванцаў ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў.
Калі па якіх-небудзь прычынах дзіця не можа наведваць дашкольную ўстанову, для яго можа быць арганізавана навучанне і выхаванне дома па праграме дашкольнай адукацыі. На цяперашні момант такую адукацыю (гувернёрскія паслугі) атрымліваюць 7 выхаванцаў Смаргонскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.
— Як арганізавана профільнае навучанне ў школах?
— У 2015/2016 навучальным годзе ў сямі ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана 8 профільных 10-х класаў. Профільным навучаннем ахоплена больш як 46% навучэнцаў ад іх агульнай колькасці ў 10-х класах. Найбольш запатрабаванымі ў старшакласнікаў прадметамі для вывучэння на павышаным узроўні сталі “Англійская мова”, “Руская мова”, “Беларуская мова”, “Матэматыка”, “Біялогія”, “Хімія”.
У рамках профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі на базе гімназіі Смаргоні функцыянуе педагагічны клас (група). Залічэнне вучняў у профільныя класы праводзілася на конкурснай аснове па выніках навучання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі: адзнакі не ніжэй за 7 балаў па профільных прадметах, сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыi — не ніжэй за 6. Ажыццяўляецца дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў 8—9 класаў, іх псіхолага-педагагічнае суправаджэнне. Усе навучэнцы раёна наведваюць факультатыўныя заняткі.
— Раскажыце, якія цікавыя формы работы з сям’ёй практыкуюцца ў Смаргонскім раёне?
— Чым больш у бацькоў і дзяцей агульных спраў, захапленняў, тым больш паразумення паміж імі, павагі і даверу. Установе адукацыі вельмі важна наладзіць сістэму супрацоўніцтва з сям’ёй, зрабіць бацькоў сваімі найбліжэйшымі саюзнікамі і сябрамі.
Формы работы з сям’ёй могуць быць розныя. Напрыклад, самых дапытлівых вучняў у сярэдняй школе № 2 Смаргоні зацікавіла паходжанне іх прозвішчаў, і яны правялі даследаванне “Прозвішчы нашай школы”. Для іх гэта новы віток у пазнанні гісторыі роднага краю, яго гістарычных асаблівасцей, а таксама новыя эмоцыі і тэмы для гутарак і зносін з бацькамі і блізкімі.
Сёння, напрыклад, дзеці не гуляюць у гульні, якімі захапляліся іх бацькі, амаль забыты і “дваровыя” гульні. Так нарадзілася ідэя сабраць матэрыял “Любімыя гульні дзяцей розных пакаленняў”. Гэтая работа годна была прадстаўлена на XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў рамках святкавання Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі.Ва ўстановах адукацыі таксама ладзяцца дні беларускай гульні.
Адпраўляючы дзяцей на чарговыя канікулы, педагогі Белкаўшчынскага ясляў-сада — пачатковай школы аб’явілі акцыю “Мае сваякі — абаронцы Айчыны”. Разам з творчай групай актывістаў распрацавалі рэкамендацыі па зборы інфармацыі пра сяброў сям’і, чые лёсы былі звязаны са службай у арміі, абаронай Айчыны. У кагосьці з дзяцей дзядзька служыў у Венгрыі, Германіі, на марскім флоце, а прадзед быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікіі праявілі ініцыятыву і арганізавалі выпуск альбома “Мае сваякі — абаронцы Айчыны”.
— Ігар Пятровіч, якія цікавыя мерапрыемствы прапаноўваюцца навучэнцам раёна ў шосты школьны дзень?
— Лічу важнай задачай дапамагчы кожнаму з бацькоў усвядоміць важнасць і карыснасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў шосты школьны дзень. У кожнай установе адукацыі раёна былі створаны саветы па каардынацыі і планаванні мерапрыемстваў шостага школьнага дня для таго, каб кожны мог знайсці сабе справу па душы, меў больш магчымасцей для развіцця, самасцвярджэння і самарэалізацыі. Вызначаны тэматычныя суботы: кожная другая субота месяца — “Дзень здароўя”, кожная трэцяя субота — “Культурная субота”, у кожнай установе праходзіць бацькоўская субота.
Склалася практыка правядзення міжшкольных мерапрыемстваў, арыентаваных на сумесную дзейнасць навучэнцаў розных узростаў і ўстаноў адукацыі. Так, у рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у вучняў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства” чатыры ўстановы адукацыі раёна аб’ядноўваюцца па суботах для правядзення сустрэч удзельнікаў міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы ў рамках Малой завочнай акадэміі бізнесу. Падчас такіх сустрэч арганізоўваюцца заняткі “Асновы эканамічных ведаў” у 5—11 класах. Навучэнцы маюць магчымасць прыняць удзел у майстар-класах, гульнявых салонах, творчых майстэрнях, кірмашах, прэзентацыі дзейнасці школьных бізнес-кампаній.
Надзея ЦЕРАХАВА.