Напоўненая радасцю “Крыніца”

- 11:00Нам пішуць

Лета — найлепшы час для адпачынку і займальнага баўлення часу дзяцей. Гэта час, калі дзеці маюць магчымасць зняць псіхалагічнае напружанне, назапашанае за год, уважліва паглядзець вакол сябе і ўбачыць, што дзіўнае побач. 20 навучэнцаў з Жыровіч і Слоніма правялі дзевяць займальных дзён, напоўненых радасцю і станоўчымі эмоцыямі, у аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Крыніца” на базе Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.

Праграма летніка была распрацавана з улікам рэгіянальных асаблівасцей мікрараёна ўстановы адукацыі, спецыфікі выхаваўчай работы Жыровіцкай сярэдняй школы, прыярытэтным напрамкам якой з’яўляецца духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Дзейнасць у лагеры праходзіла ў форме вялікай гульні, згодна з якой вучням было прапанавана напоўніць “Крыніцу” сілай і энергіяй, каб яна прабілася да “Акіяна жыцця”. Дзевяць дзён у лагеры — дзевяць “раўчукоў”, якія нясуць у сабе добрыя справы і ўчынкі, здароўе, творчасць і інтэлект. Кожны дзень у лагеры быў насычаны мерапрыемствамі пэўнага напрамку, у ходзе якіх кожнае дзіця магло папоўніць “Крыніцу”, унёсшы ў яе сваю кропельку” ініцыятывы і актыўнасці.

На працягу ўсёй лагернай змены з хлопчыкамі і дзяўчынкамі былі дабрадзейны Слонімскай царкоўнай акругі протаіерэй Вадзім Пятліцкі, святар Генадзь Логін, а таксама студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, якія сталі для дзяцей прыкладам высокіх маральных якасцей, прыстойнасці, сумленнасці і высакародных учынкаў. Разам з педагогамі яны пастараліся стварыць такія ўмовы і мікраклімат, каб выхаванцы аздараўленчага лагера “Крыніца” змаглі раскрыць і развіць свой творчы патэнцыял, умацаваць сваё псіхічнае і фізічнае здароўе, атрымаць велізарны зарад пазітыўнай энергіі.

За час знаходжання ў лагеры дзеці актыўна ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, творчых і інтэлектуальных гульнях, флэшмобах. Надоўга запомніцца дзецям дзень памяці “Слаўнаму подзвігу будзем верныя!”. Дзень пачаўся акцыяй “Памяць” ля паклоннага крыжа ў аграгарадку Жыровічы. Тут студэнты Мінскай духоўнай семінарыі адслужылі паніхіду па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны салдатам і мірным жыхарам, а таксама правялі гутарку пра тое, што трэба радавацца кожнаму дню на нашай мірнай беларускай зямлі. Прадоўжыўся дзень ваенна-спартыўнай гульнёй “Юныя абаронцы”, якая была арганізавана прадстаўнікамі 11-й механізаванай брыгады Слоніма. Не засталіся па-за ўвагай у гэты дзень ветэран і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якіх наведалі выхаванцы лагера. Скончыўся дзень фестывалем песень ваенных гадоў і праглядам фільма “Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка”.

Жыровічы — прыгожы куток Беларусі, багаты сваёй гісторыяй. Абудзіць цікавасць дзяцей да сваёй малой радзімы дазволіла квест-гульня “Па дарогах малой радзімы”. Маршруты, распрацаваныя студэнтамі Мінскай духоўнай семінарыі, дазволілі вучням прайсці па некалькіх гульнявых станцыях, знайсці і выканаць заданні, звязаныя з гісторыяй і культурай Жыровіч, асаблівасцямі архітэктуры нашага аграгарадка, лёсам знакамітых людзей. Выхаванню працавітасці, дабрыні і суперажывання спрыялі мерапрыемствы ў рамках дня міласэрнасці пад дэвізам “Ад сэрца да сэрца!”. Сумесна з протаіерэем Вадзімам Пятліцкім дзеці і педагогі наведалі Жыровіцкую ўчастковую бальніцу. Хлопцы чыталі вершы з пажаданнямі здароўя, а таксама падарылі анёлкаў, зробленых сваімі рукамі, урачам і пацыентам. Прадоўжыўся дзень гульнёй-пошукам “Сцежка добрых спраў”.

Вядома ж, не засталіся па-за ўвагай спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы. У актыўнай форме прайшоў дзень здароўя “Быць здаровым — гэта модна!”. Дзеці прынялі ўдзел у творчым конкурсе пастоў у сацыяльных сетках “#МОЛОДЕЖЬрепостЗОЖ”, велапрабегу “Малая радзіма — вялікая любоў”, арганізаванага сумесна са студэнтамі Мінскай духоўнай семінарыі, конкурсе на катамаранах “Разам мы зможам больш!”.

Свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці дзеці прадэманстравалі ў фотаконкурсе “Сэлфі з вышыванкай”, фестывалі чытальнікаў “З душой — пра малую радзіму”, інтэлектуальнай гульні “Духоўная скарбніца”, якія прайшлі ў рамках дня творчасці “Творчасць, майстэрства, поспех!”. Яркім і запамінальным застаўся ў памяці дзяцей дзень сустрэч, які прайшоў пад дэвізам “Новыя сустрэчы дораць сяброў!”. Да яго ўсе рыхтаваліся з самай раніцы, чакаючы гасцей. У першай палове дня лагер “Крыніца” наведалі выхаванцы аздараўленчага лагера “Дружба” з Вялікіх Шылавіч. Педагогі і навучэнцы Жыровіцкай сярэдняй школы падрыхтавалі вялікую гульнявую праграму, якая ўключала рухавыя гульні, музычныя і танцавальныя флэшмобы. А ўвечары таго ж дня адбылася сяброўская сустрэча па футболе каманды лагера “Крыніца” з маладзёжнай камандай прыхода храма Афанасія Брэсцкага. Дзень атрымаўся, і наша “Крыніца” была напоўнена кропелькамі дружбы і ўзаемаразумення.

Дзевяць дзён праляцелі непрыкметна. За гэты час кожны з дзяцей знайшоў сабе занятак па душы, праявіў свае лепшыя якасці, з карысцю адпачыў, набыў новых сяброў.

Алена БЯКРЭНЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна,
начальнік аздараўленчага лагера “Крыніца”.