Наркаспажыўцоў сярод моладзі становіцца больш

За апошняе дзесяцігоддзе колькасць наркаманаў у краіне вырасла з 22 чалавек на сто тысяч насельніцтва да 155. Спецыялісты б’юць трывогу: грамадства нібыта прызвычаілася да гэтай праблемы і не заўважае яе. Між тым негатыўныя тэндэнцыі ў гэтай сферы замацоўваюцца: штогод хворых на наркаманію становіцца больш на 800 чалавек, а ў мінулым годзе іх стала больш аж на 1200 чалавек. Такія даныя спецыялісты прывялі падчас круглага стала “Наркаманія як складнік пагрозы нацыянальнай бяспецы”, які днямі прайшоў у Мінску.

Варта адзначыць, што сёння сітуацыя з наркаманіяй у Беларусі ўсё ж значна адрозніваецца ад суседніх краін. Так, у Еўропе налічваецца больш за 400 нарказалежных на 100 тысяч жыхароў, у Расіі — 450 чалавек, ва Украіне — 350. Тым не менш супакойвацца беларусам нельга: тэмпы распаўсюджвання гэтай пагрозы вельмі інтэнсіўныя. Сёння спецыялісты, задзейнічаныя ў сістэме работы па процідзеянні распаўсюджвання наркотыкаў, называюць наркаманію не інакш як пагрозай нацыянальнай бяспецы. Гэта выклік і дэмаграфічнай бяспецы, і сацыяльнай стабільнасці і істотныя эканамічныя страты. Падобныя падыходы да названай праблемы дамінуюць ва ўсім свеце.
фота з сайта www.zabotaclinic.ru— У 2011 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя высветліла, што зараз у свеце каля 210 млн наркаманаў, ці 3% ад усяго насельніцтва. Парогавае значэнне — крытычная планка колькасці нарказалежных, пры якой пачынаюцца незваротныя лавінападобныя працэсы дэградацыі грамадства, — 7%, — адзначыла выкладчык Акадэміі кіравання пры прэзідэнце кандыдат палітычных навук Ала Іванаўна Веруш. — У сувязі з гэтым ААН, ацэньваючы праблему наркаманіі ў свеце, прыйшла да высновы, што гэтая праблема разам з ядзернай пагрозай і экалагічнай катастрофай адносіцца да трох асноўных пагроз цывілізацыі.

Пры гэтым, як падкрэсліваюць спецыялісты, павялічваецца колькасць моладзі, падлеткаў сярод нарказалежных і наркаспажыўцоў. Акрамя саміх спажыўцоў наркотыкаў, у гэтую бяду аказваецца ўцягнутай велізарная колькасць людзей, бо, па падліках спецыялістаў, ад аднаго наркамана пакутуе 10 чалавек. Да таго ж адзін наркаман уцягвае ва ўжыванне наркотыкаў яшчэ 10 чалавек.
Барацьба з наркаманіяй павінна будавацца па чатырох напрамках адразу. Найперш гэта недаступнасць наркасыравіны на рынку. І па гэтым напрамку работа вядзецца даволі паспяхова. У краіне практычна не выяўляюцца выпадкі распаўсюджвання цяжкіх наркотыкаў, але існуюць іншыя наркотыкі. Другі напрамак — выяўленне, прафілактыка, пастаноўка на ўлік наркаспажыўцоў. Трэці — павышэнне ўзроўню рэабілітацыі. Чацвёрты — развіццё навукі і заканадаўства ў адзначанай сферы.
— Гэтую “вайну” не могуць выйграць толькі праваахоўныя органы і органы аховы здароўя, — падкрэсліў начальнік упраўлення наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Мікалай Мікалаевіч Карпянкоў. — Гэта задача і іншых дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый. Намаганні органаў унутраных спраў накіраваны найперш на перакрыццё знешніх каналаў пастаўкі наркотыкаў у краіну. У мінулым годзе было перакрыта 48 такіх каналаў. Немалаважна і спыненне дзейнасці падпольных лабараторый у Беларусі — усё часцей яны з’яўляюцца на тэрыторыі краіны (12 у мінулым годзе). У цэлым за мінулы год у гэтай сферы было ўзбуджана 4 тысячы крымінальных спраў, 2 тысячы чалавек былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, з іх звыш 800 чалавек — сістэмныя збытчыкі.

Пры гэтым, як адзначыў спецыяліст, наш наркарынак мае шэраг асаблівасцей. Асноўнае наркатычнае рэчыва — гэта мак, з якога выварваецца опіум. Каб мець уяўленне, наколькі гэта небяспечнае рэчыва, варта прыгадаць толькі адзін факт: тэрмін жыцця наркаспажыўцоў опіуму складае толькі 1— 2 гады.
— У краіне ацэначна каля 140 тысяч наркаманаў, з іх каля 85 тысяч — опіумныя наркаманы. Каля 1000 тон маку штогод завозіцца да нас, каля 200 тон неабходна для прамысловасці, астатняе рэалізоўваецца наркаманам, — прывёў даныя Мікалай Мікалаевіч. — Прычым у асноўнай сваёй масе гэта не той бясшкодны мак, які выкарыстоўваецца ў кандытарскай прамысловасці, а зусім іншы, прызначаны менавіта для стварэння наркарэчываў.
Таму зараз спецыялісты МУС распрацоўваюць спецыяльны дэкрэт, які б абмежаваў свабодны абарот маку і тым самым знізіў даступнасць гэтага віду наркотыкаў на рынку.

Яшчэ адна асаблівасць нашай краіны — распаўсюджванне курыльных сумесей, якія разбуральна дзейнічаюць на мозг чалавека. Менавіта курыльныя сумесі да юць асноўны прыток наркаспажыўцоў сярод моладзі.
— На пачатак 2012 года ў Беларусі на дыспансерным уліку знаходзілася больш за 10 тысяч асоб, якія пакутуюць ад наркаманіі, — прывёў даныя загадчык сектара наркалагічнага маніторынгу РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей Аркадзьевіч Кралько. — Гэта на 9,5% больш, чым у папярэднім годзе. Апошнім часам адзначаецца стабільная тэндэнцыя павелічэння зарэгістраваных наркаманаў. Па афіцыйных даных, за апошніх пяць гадоў колькасць наркаманаў павялічылася на 37,5%. Найбольшая колькасць хворых — у Мінску. Але, безумоўна, гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальную карціну. Спецыялісты Мінскага гарадскога наркалагічнага дыспансера ў рамках пілотнага праекта правялі ацэнку рэальнай колькасці наркаспажыўцоў у сталіцы. Згодна з іх данымі, арыенціровачная рэальная колькасць наркаспажыўцоў складае больш як 15 тысяч чалавек. Пры гэтым з іх асоб да 20 гадоў — 20 працэнтаў.

Як падкрэсліў Аляксей Аркадзьевіч, у апошні час асноўны прыток пацыентаў наркалагічных аддзяленняў, якія ўпершыню паспрабавалі наркатычныя рэчывы, — гэта тыя, хто паспрабаваў курыльныя сумесі.
— Асобы, якія ўжываюць курыльныя сумесі, маюць вельмі сур’ёзныя клінічныя сімптомы і наступствы, — сказаў спецыяліст. — Штодзень у нас праходзяць лячэнне не менш як дзесяць чалавек у выніку ўжывання такіх сумесей. У пераважнай большасці гэта менавіта моладзь. Нават адна такая спроба вельмі часта дае сур’ёзную псіхічную атыпічную сімптаматыку, якая не ўкладваецца ў клінічную карціну нейкіх іншых псіхічных хвароб.
Пры гэтым медыкамі ўжо ўстаноўлена, што пры ўжыванні наркотыкаў, у тым ліку і курыльных сумесей, змяняюцца біяхімічныя працэсы ў галаўным мозгу, якія аднаўляюцца вельмі марудна, а ў шэрагу выпадкаў наогул не вяртаюцца ў норму. Таму штосьці рабіць пасля таго, як малады чалавек паспрабаваў наркотыкі, бывае позна. У сувязі з гэтым адным з галоўных напрамкаў работы спецыялісты называюць менавіта прафілактыку.
— Нядаўна ў Пінску было праведзена даследаванне сярод навучэнцаў розных устаноў адукацыі на прадмет іх адносін да ўжывання наркатычных сродкаў. Вывады несуцяшальныя: вельмі лаяльна сёння моладзь адносіцца да таго, што “наркотыкі можна паспрабаваць”, — прывяла прыклад намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Зінаіда Міхайлаўна Мандроўская. — Сярод моладзі няма непрымальных адносін да гэтай з’явы. Часам той, хто паспрабаваў курыльныя сумесі, у вачах аднагодкаў ледзьве не герой. Таму так важна звярнуць увагу на фарміраванне непрымальных адносін да наркаспажывання сярод насельніцтва.
— Адна справа проста паведаміць падлетку, што наркаспажыванне — гэта дрэнна, іншая — навучыць сказаць “не” наркотыкам, — адзначыла каардынатар праектаў РГА “Маці супраць наркотыкаў” Алена Ігараўна Ленская. — Таму, на наш погляд, прафілактычныя праграмы і трэнінгі павінны быць накіраваны ў тым ліку і на тое, каб навучыць падлетка ці маладога чалавека гаварыць “не” наркотыкам. Як адмовіцца, калі прапаноўвае сябар, сваяк, каханы малады чалавек, і пры гэтым не згубіць гонар у сваіх і чужых вачах? Такія навыкі вельмі неабходны нашай моладзі.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак работы — выхаванне псіхалагічна ўстойлівай асобы.
— Прычыны ўжывання наркотыкаў ва ўсіх розныя. Але нярэдка “пускавым механізмам” для таго, каб паспрабаваць наркотык, становіцца складаная, па меркаванні маладога чалавека, жыццёвая сітуацыя, якую яму не ўдаецца вырашыць. Вельмі важна навучыць падлеткаў пераадольваць такія сітуацыі. Наша моладзь не валодае такімі жыццёва неабходнымі методыкамі і метадамі, — сказала Алена Ігараўна. — Важна навучыць маладых людзей, што праблемы і складанасці ў жыцці — гэта нармальна. І праблемы неабходна менавіта вырашаць, а не бегчы ад іх у ілюзорны свет з дапамогай наркотыкаў ці алкаголю.

Алена МАРКЕВІЧ.

markevich@ng-press.by