Нядаўна ў Калінінградзе прайшло пасяджэнне камісіі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Алена Васільеўна ГАЛАЎНЁВА, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, выступіла на пасяджэнні з дакладам па пытаннях забеспячэння асноўных гарантый правоў дзіцяці ў нашай краіне. Беларускі вопыт выклікаў надзвычайную цікавасць у расійскіх калег. “Настаўніцкая газета” папрасіла Алену Васільеўну падзяліцца ўражаннямі ад пасяджэння, прааналізаваць сітуацыю па абароне правоў непаўналетніх у нашай краіне.
— Алена Васільеўна, наколькі я ведаю, на пасяджэнні камісіі беларуская дэлегацыя была вельмі прадстаўнічай. Гэта так?
— Так. Па-першае, удзел у пасяджэнні прынялі дэпутаты Парламенцкага сходу, члены камісіі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях. Ад Беларусі гэта старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Анатольеўна Старавойтава, яе намеснік Віктар Іванавіч Сірэнка, намеснік старшыні камісіі Парламенцкага сходу, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Іванавіч Сягоднік, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Пятроўна Красоўская, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак.
Былі і запрошаныя госці: я як прадстаўнік Міністэрства адукацыі, дырэктар Дзіцячага гарадка Ленінскага раёна Мінска Аксана Яўгенаўна Арлова, нямала іншых зацікаўленых асоб як з беларускага, так і з расійскага боку. А пытанні, якія былі вынесены на пасяджэнне, тычыліся роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі, у тым ліку правоў непаўналетніх.
— На якіх праблемах была засяроджана ўвага ўдзельнікаў пасяджэння на гэты раз?
— У ходзе пасяджэння былі адзначаны вынікі работы пастаяннай камісіі і профільных міністэрстваў саюзных дзяржаў у галіне аказання медыцынскай дапамогі, пенсійнага страхавання, падаткаабкладання, сацыяльнай палітыкі, свабоды перамяшчэння. Пытанні захавання правоў дзяцей былі разгледжаны дастаткова падрабязна і сур’ёзна. Так, калінінградскія калегі прадставілі вопыт работы па абароне правоў дзяцей, які сфарміраваўся ў гэтым рэгіёне за апошнія тры гады пасля таго, як каардынацыя аховы правоў дзяцей была перададзена з сістэмы адукацыі ў Міністэрства сацыяльнага развіцця Калінінградскай вобласці.
— А якім канкрэтным вопытам падзяліліся з расійскімі калегамі вы?
— Я прадставіла беларускі вопыт па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва і іншых пытаннях аховы дзяцінства. Сістэма прафілактычных мерапрыемстваў ёсць, канечне, і ў Расійскай Федэрацыі, але дзеянні, меры, якія прымаюцца ў Рэспубліцы Беларусь, дастаткова эфектыўныя, як мы бачым, і можна гаварыць пра тое, што сёння дзейнасць усіх суб’ектаў прафілактыкі накіравана на папярэджанне сацыяльнага сіроцтва. За час пасля прыняцця Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” (ён быў прыняты ў 2006 годзе) нам удалося стабілізаваць сітуацыю. Мы можам гаварыць пра тое, што на этапе сацыяльна небяспечнага становішча, без адабрання дзіцяці з сям’і, больш за 70% дзяцей знімаюцца з уліку ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і.
Асабліва я спынілася на тым, што ў Рэспубліцы Беларусь прыярытэтам з’яўляецца пакіданне дзяцей у роднай сям’і. А тыя дзеці, якіх па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх усё ж забіраюць у бацькоў, атрымліваюць неабходную дапамогу з боку сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў устаноў адукацыі. Адначасова з бацькамі працуюць і тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і органы ўнутраных спраў, аховы здароўя, педагогі. Таму мы можам канстатаваць, што на этапе вывядзення нядобранадзейных сем’яў з крызісных сітуацый больш за 55% дзяцей, якія адабраны ў бацькоў у рамках рэалізацыі дэкрэта па рашэнні КСН, вяртаюцца ў сем’і і не папаўняюць шэрагі сацыяльных сірот, як гэта было раней.
— Асноўная нагрузка па суправаджэнні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзяцей, у адносінах да якіх прызнана, што ім неабходна дзяржаўная абарона, у нашай краіне ляжыць на сістэме адукацыі. Колькі ўстаноў і як задзейнічаны ў гэтай рабоце, якія яе вынікі?
— Каардынацыю дзейнасці ўсіх спецыялістаў сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў ажыццяўляюць 138 сацыяльна-педагагічных цэнтраў. 106 з гэтых цэнтраў маюць у сваёй структуры аддзяленні сацыяльных прытулкаў. Сацыяльна-педагагічныя цэнтры папярэджваюць выцясненне дзіцяці з сям’і, захоўваюць яго развіццё ў роднай сям’і, аказваюць сацыяльна-псіхалагічную дапамогу такім дзецям і сем’ям, займаюцца прафілактыкай правапарушэнняў і безнагляднасці непаўналетніх, развіццём сямейных форм уладкавання дзяцей і іх суправаджэннем, абараняюць іншыя правы і законныя інтарэсы непаўналетніх.
Аналіз статыстычных даных, якія характарызуюць сітуацыю з сацыяльным сіроцтвам у краіне, паказвае, што нам удалося дасягнуць, няхай і нязначнага, скарачэння долі дзяцей-сірот у агульнай колькасці дзіцячага насельніцтва. Калі ў 2006 годзе гэтая лічба складала 1,49%, то па выніках 2015 года (па мінулым годзе даных пакуль няма) яна склала 1,15%. Пры гэтым мы прытрымліваемся прынцыпу: калі дзіця ўсё ж такі страціла родную сям’ю, яму неабходна адшукаць сям’ю замяшчальную. Таму паступова, крок за крокам, мы дасягнулі таго, што зараз сямейнымі формамі выхавання ў нас у краіне ахоплены 80% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Формы размяшчэння дзяцей у замяшчальных сем’ях розныя, пачынаючы ад прыярытэтнай — усынаўлення. Ёсць яшчэ апякунскія, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Калі члены нашай дэлегацыі наведвалі ўстановы для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што знаходзяцца ў сістэме сацыяльнай абароны, гучала шмат пытанняў аб эфектыўнасці Дэкрэта № 18, аб прафілактычных мерах, якія праводзяць усе зацікаўленыя структуры.
У гэтым плане ў нас, канечне, ёсць пэўныя дасягненні і пэўны вопыт, які выклікае вялікую цікавасць, уражвае. Расійскіх калег вельмі зацікавіла і інфармацыя пра газету “Домой!” для замяшчальных бацькоў і спецыялістаў па сямейным уладкаванні, інфармацыйны партал Dadomu.by, дзе выкладваюцца звесткі пра малых, якім неабходна сям’я. На сайтах упраўленняў (аддзелаў) адукацыі, спорту і турызму выканкамаў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў размешчана і перыядычна абнаўляецца інфармацыя для грамадзян, якія выказваюць жаданне стаць замяшчальнымі бацькамі, ажыццяўляецца сацыяльная рэклама. Пра гэта я расказала ўдзельнікам пасяджэння.
А яшчэ ў рамках сустрэчы быў прэзентаваны вопыт работы ўстановы новага тыпу для дзяцей-сірот у Рэспубліцы Беларусь “Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна Мінска”. Прэзентацыя выклікала непадробную цікавасць.
— Алена Васільеўна, думаю, выступаючы перад расійскімі калегамі, вы не маглі не спыніцца на клопаце дзяржавы пра дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— Канечне, я расказала аб Міжнароднай канферэнцыі “Інклюзіўныя працэсы ў адукацыі”, якая прайшла ў Беларусі не так даўно. Гэта была маштабная пляцоўка для зносін спецыялістаў з краін СНД і Еўрасаюза па праблемах фарміравання інклюзіўнай палітыкі, практыкі і культуры, якая дала магчымасць азнаёміцца з сусветнымі дасягненнямі ў галіне інклюзіўнай адукацыі і паказаць вопыт Беларусі ў гэтай сферы на міжнароднай арэне.
У мінулым годзе таксама быў зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ужо забяспечана павышэнне працэнта ахопу дзяцей з АПФР спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйнай дапамогай. Вось некаторыя лічбы: у 2014 годзе такі ахоп складаў 99,2%, у 2015 годзе — 99,55%, у 2016 годзе — 99,6%.
— На якіх яшчэ пытаннях вы спыніліся, прадстаўляючы на канферэнцыі сістэму аховы дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь?
— Безумоўна, нельга было не адзначыць і асаблівы клопат пра непаўналетніх, якія ўступілі ў канфлікт з законам, бо гэта таксама катэгорыя дзяцей, якія патрабуюць да сябе павышанай увагі. Расіян вельмі зацікавіў вопыт нашай работы ў гэтым кірунку, і думаю, што нашы кантакты і сувязі з расійскімі калегамі па гэтых пытаннях працягнуцца. У Расіі, дарэчы, як і ў Беларусі, адпаведныя спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы знаходзяцца ў сістэме адукацыі. У нашай краіне тры падобныя ўстановы і адна спецыяльная лячэбна-выхаваўчая ўстанова для непаўналетніх. Выхаванцы гэтых устаноў асвойваюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а выхаванне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з праграмай выхавання дзяцей, якім неабходны асаблівыя ўмовы выхавання, асноўныя кірункі якога — грамадзянска-патрыятычнае, духоўна-маральнае, інфармацыйна-выхаваўчае, прававое, працоўнае выхаванне, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця.
Акрамя таго, прадстаўляючы вопыт краіны, я адзначыла, што незалежна ад статусу дзяцей і статусу сем’яў, у якіх яны выхоўваюцца, Рэспубліка Беларусь захавала традыцыю прыцягнення дзяцей і навучэнскай моладзі да заняткаў у гуртках і секцыях. Сістэма дадатковай адукацыі ў нашай краіне сёння налічвае 297 устаноў, у якіх займаюцца 388 тысяч 359 дзяцей. А гэта таксама важны элемент прафілактыкі падлеткавай злачыннасці і безнагляднасці.
І, безумоўна, нельга было абмінуць паказчыкі па штогадовым аздараўленні дзяцей у летні перыяд. Так, па выніках мінулага года адпачылі і аздаравіліся больш за 360 тысяч дзяцей, або 32,4% хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.
Падагульняючы, дадам (і гэта я падкрэсліла ў сваім выступленні ў Калінінградзе), што ўсе пытанні абароны дзяцінства ў Беларусі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, склад і дзейнасць якой рэгулююцца ўказам кіраўніка дзяржавы. У нас створана неабходная нарматыўная, прававая, інстытуцыянальная, рэсурсная, інфармацыйная аснова для паспяховай рэалізацыі правоў дзяцей, дзяржаўныя органы падтрымліваюць дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў і іншых некамерцыйных аб’яднанняў, якія спрыяюць рэалізацыі правоў і інтарэсаў дзіцяці. Рэспубліка Беларусь як удзельнік міжнародных дагаворных працэсаў у адносінах абароны дзяцінства забяспечвае рэалізацыю канкрэтных мер для дасягнення прагрэсу ў паляпшэнні становішча дзяцей і абароны іх правоў.
Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.