Наша тэхнабудучыня

- 11:44Якасць адукацыі

“Юнацтва. Інтэлект. Будучыня” — пад такой яскравай назвай з 19 па 24 лістапада праходзіць традыцыйны Рэспубліканскі тыдзень тэхнічнай творчасці, урачыстае адкрыццё якога адбылося ўчора ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. У актавай зале сабралася наша тэхнабудучыня. Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты, для якіх вынаходства і рацыяналізатарская дзейнасць, інавацыйная і тэхнічная творчасць — неад’емная частка жыцця, шлях да будучай прафесіі.

Фота да матэрыяла: Наша тэхнабудучыня.Рэспубліканскі тыдзень “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня” — адна з самых яркіх падзей айчыннай сістэмы дадатковай адукацыі. Ён праводзіцца штогод з мэтай далучэння навучэнцаў да заняткаў тэхнічнай творчасцю, вынаходніцкай і рацыяналізатарскай дзейнасці, павышэння іх пазнавальнай актыўнасці, развіцця тэхнічнага кругагляду, прымнажэння навуковага патэнцыялу Беларусі. Для дасягнення мэты сёння, у аўторак, навучэнцаў і педагогаў чакаюць майстар-класы па прататыпаванні і 3D-мадэляванні, інжынерным праектаванні і канструяванні, выкарыстанні інтэрактыўных панарам на 360 градусаў у мультымедыйных тэхналогіях, web-майстэрня.

Фота да матэрыяла: Наша тэхнабудучыня.Падобныя пазнавальныя мерапрыемствы па розных напрамках тэхнічнай творчасці будуць праходзіць на працягу ўсяго тыдня. Адметнымі стануць Рэспубліканскі конкурс камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТ РЫЁТ. by” і дзіцячы Scratch-хакатон MAKE YOURSELF. Таксама для ўдзельнікаў тыдня будуць арганізаваны экскурсіі ў Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі, інтэрактыўную асветніцкую студыю “Экатэхнум”, на Рэспубліканскую выставу інавацыйнай творчасці і ў музей гісторыі прафесійнай адукацыі.

Фота да матэрыяла: Наша тэхнабудучыня.— У самой назве Рэспубліканскага тыдня тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня” закладзена мэта гэтага цудоўнага мерапрыемства. Юнацтва — гэта той час, калі ты знаходзішся ў пошуку, пошуку сваіх магчымасцей, сваіх пэўных талентаў. Інтэлект — гэта тое, што дазваляе табе раскрыцца як чалавеку. А наконт будучыні: калі ў юнацтве ўсё атрымліваецца пры дапамозе інтэлекту, то ў цябе будзе цудоўная будучыня. Сёння тыя, хто прысутнічае ў зале, — гэта святло тэхнічнай будучыні Рэспублікі Беларусь, будучыя канструктары, інжынеры, вучоныя. Жадаю вам справядлівых перамог, добрага настрою, яркіх эмоцый і ўражанняў, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак.

Фота да матэрыяла: Наша тэхнабудучыня.Менавіта такія эмоцыі ўжо адчулі прызёры і пераможцы конкурсу фотаработ “Запаведная Беларусь”, а таксама “Зямля пад белымі крыламі” Рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, якія падчас урачыстага адкрыцця тыдня атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. Старадаўнія лясы і пушчы, векавыя дубровы, бяскрайнія балоты, бяздонныя азёры, звонкія крыніцы, буслы ў высокім небе — усё гэта наша краіна, усё гэта знайшло адлюстраванне ў работах юных фатографаў. Як засведчыў конкурс, фотамайстрамі (а таксама вынаходнікамі-рацыяналізатарамі, тэхнічнай элітай краіны) не нараджаюцца, імі становяцца, сумяшчаючы юнацкую актыўнасць, інтэлект і талент.

Фота да матэрыяла: Наша тэхнабудучыня.“Беларусь моцная, калі ёсць надзейны тыл таленавітых, адораных маладых людзей, захопленых творчасцю і нацэленых на перамогу”, — такая слушная думка прагучала падчас урачыстага адкрыцця тыдня. Сапраўды, чым больш вакол нас будзе паспяховых, упэўненых у сабе хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат, тым мацнейшай будзе наша краіна. Юнацтва плюс інтэлект — гэта будучыня. Пра мерапрыемствы тыдня, пра нашу тэхнабудучыню чытайце ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.