Настаўнік назаўжды. Расказваем аб педагогах-­ветэранах Радунскай сярэдняй школы

- 17:17Образование

Лёс педагогаў-­ветэранаў неаддзельны ад лёсу краіны. Іх жыццё — подзвіг. Яны перадавалі новым пакаленням не проста веды, а традыцыі народа­пераможцы, былі жывымі крыніцамі праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Такім прыкладам для нас былі педагогі Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.

Іван Андрэевіч Котаў нарадзіўся 25 верасня 1918 года ў вёсцы Залессе Полацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1942 годзе, здзейсніўшы дыверсію на мосце, з таварышамі сышоў у лес для адкрытай барацьбы з акупантамі. У партызанскім атрадзе быў палітруком роты, потым выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі атрада. Улетку 1942 года атрад увайшоў у склад 3-й Беларускай партызанскай брыгады, якая дзейнічала ў трохвугольніку Полацк — Невель — Віцебск. У складзе Ленінградскага фронту вызваляў Ка­рэлію, Нарву, Талін, Латвію. Знішчаў Курляндскую групоўку праціўніка.

Пасля вайны працаваў дырэктарам Радунскай сярэдняй школы, Радунскай школы-інтэрната. Іван Андрэевіч жыў клопатамі школы-інтэрната, поспехамі і спадзяваннямі яе выхаванцаў. Вучні, пакінуўшы сцены ўстановы, і ў дарослым жыцці часта звярталіся да яго па параду і дапамогу. Не адмаўляў нікому. Шмат праводзіў сустрэч з вучнямі іншых школ, расказваў ім аб ваенным мінулым.

За працоўныя заслугі, поспехі ў грамадска карыснай дзейнасці, а таксама за праяўленне грамадзянскай доблесці Іван Андрэевіч адзначаны ордэнам “Знак Пашаны” (1966 г.). Узнагаро­джаны таксама ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, 4 медалямі.

У 2003 годзе Радунскай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнату для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця і цяжкасцямі ў навучанні было прысвоена імя Івана Андрэевіча Котава.

Леанід Міхайлавіч Новікаў нарадзіўся ў 1926 годзе ў горадзе Ельц Арлоўскай вобласці. Быў удзельнікам баёў на Далёкім Усходзе.

У пасляваенныя гады працаваў настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Радунскай сярэдняй школе. За плячыма больш за 30 гадоў педагагічнага стажу. Школьныя каманды пад яго трэнерствам за­ваёўвалі на працягу шэрага гадоў мноства перамог і прызавых месцаў на спаборніцтвах “Зарніца” і “Зарнічка”. Больш за 20 выпускнікоў школы сталі афіцэрамі Узброеных Сіл.

Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы” (1978 г.), ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Мікалай Іванавіч Цыбук нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Глыбаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Удзельнік абароны Ленінграда, баёў на Варонежскім, Данскім, Цэнтральным, Сталінградскім і 1-м Беларускім франтах. Лётчык-знішчальнік, капітан. Вайну скончыў 2 мая 1945 года ў Берліне.

Пасля вайны працаваў настаўнікам малявання ў Радунскай сярэдняй школе і ў вячэрняй школе. Пісаў вершы да розных школьных мерапрыемстваў.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Вера Піліпаўна Цімафеева нарадзілася ў 1923 годзе ў сяле Аляксандраўка Харкаўскай вобласці. Была мабілізавана ў першы дзень вайны. Дзяўчаты вучыліся страляць з вінтоўкі і кулямёта, вадзіць аўтамабіль. У 1941 годзе Вера Піліпаўна прыняла прысягу, і праз месяц яны паехалі на фронт. Трапілі ў самае пекла — пад Бранск. У шпіталі яна шмат чаму навучылася, на некаторых аперацыях магла замяніць доктара.

А перамогу Вера Піліпаўна сустрэла ва ўсходнепрускім мястэчку Бартэнштат. Потым шпіталь вярнуўся ў Кёнігсберг. І тут яе адшукаў малады артылерыст капітан Ілья Цімафееў, якога яна выхадзіла аднойчы пасля кантузіі і які пісаў ёй потым лісты. Неўзабаве згулялі вяселле. Начальнік шпіталя падарыў маладым выдатны сталовы сервіз.

У Веры Піліпаўны каля 30 узнагарод, шэсць з іх — баявыя.

Пасля вайны больш за 30 гадоў яна ўзначальвала Радунскі дзіцячы яслі-сад, доўгі час працавала пасля выхаду на пенсію. Яе паўвекавы працоўны стаж адзначаны медалём “Ветэран працы”.

Ганна Раманаўна Кочнева нарадзілася ў 1915 годзе. Санінструктар, удзельнічала ў многіх баявых аперацыях, выратоўвала жыцці параненых байцоў. Разам з мужам Аляксеем Сцяпанавічам пакінула аўтограф на рэйхстагу.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”

Пасля вайны працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Радунскай школе-сямігодцы, а затым у Радунскай сярэдняй школе.

Настаўнікаў, якія прайшлі вогненныя вёрсты вайны, ужо даўно няма з намі, але іх з цеплынёй успамінаюць былыя калегі, вучні. У кнігу “Памяць” Воранаўскага раёна навечна занесены імёны настаўнікаў-ветэранаў. У школьных музеях ім прысвечаны экспазіцыі.

Францішка ГАБІС,
педагог дадатковай адукацыі,
старшыня Савета ветэранаў педагагічнай працы Воранаўскага раёна