Наваселле пад Новы год

- 10:34Сацыяльны ракурс

Наваселле пад ёлачкай справіла вялікая сям’я Сінкевіч. У Астраўцы Гродзенскай вобласці адкрыты дзіцячы дом сямейнага тыпу. Гэта 24-я такая ўстанова на Гродзеншчыне.

Генадзь Эдуардавіч і Наталля Іванаўна выхоўваюць пяцярых сваіх і пяцярых прыёмных дзетак. Зусім нядаўна, 24 снежня, да вялікай сям’і далучыўся яшчэ адзін выхаванец — пяцігадовы Ягорка, брацік дзвюх сястрычак, якія былі ўзяты на выхаванне два гады назад. — Вялікі двухпавярховы дом быў узведзены за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэту. На яго пабудову выдадзена 4,5 мільярда рублёў, — расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Станкевіч. — У доме сем пакояў, ёсць уся мэбля, бытавая тэхніка — дзве пральныя машыны, пасудамыечная машына, сокавыціскалка, мульціварка, у дзяцей — камп’ютары, ноўтбукі, планшэты.Галава сям’і Генадзь Эдуардавіч працуе ў Астравецкім РУП ЖКГ машыністам помпавых установак, а Наталля Іванаўна з мая 2013 года — у аддзеле адукацыі, спорту і турызму прыёмнай маці.На наваселле да Сінкевічаў завіталі госці: памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалько. Віктар Андрэевіч Лісковіч адзначыў, што ўзяты курс на стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу дазволіць у будучым адмовіцца ад традыцыйных дзіцячых дамоў, што менавіта такая форма выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, найбольш удалая. І, вядома, былі падарункі — халадзільная камера, камп’ютарная тэхніка і салодкія пачастункі да святкавання Новага года.
У 2016 годзе ў Гродзенскай вобласці запланавана будаўніцтва яшчэ двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу — у Кастрычніцкім раёне Гродна і ў Навагрудскім раёне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алены ЯРАШЭВІЧ.