Навучэнка з Полацка стала абсалютнай пераможцай алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы

- 11:05Образование

Падведзены вынікі алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць», паведамілі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Заключны этап спаборніцтва сёлета прайшоў у Брэсце. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, Мінска, Брэста, Ліцэя БДУ, суб’ектаў Расійскай Федэрацыі — усяго 165 навучэнцаў 10—11-х класаў (54 беларускія і 111 расійскіх).

Знаёмства з горадам над Бугам у пераможцаў адборачных этапаў пачалося з наведвання Брэсцкай крэпасці-героя, дзе прайшла грамадзянска-патрыятычная акцыя «Мы верныя памяці герояў». Дэлегацыі ўсклалі кветкі і вянкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць герояў мінутай маўчання, затым адбылася экскурсія па мемарыяльным комплексе.

Алімпіяда школьнікаўунікальнае мерапрыемства, адна з візітных картак Саюзнай дзяржавы. Яна праводзіцца з 2004 г. папераменна ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь. У сваёй аснове гэта спаборніцтва ў рускай славеснасці. Але сутнасць мерапрыемства не ў тым, каб вылучыць лепшых школьнікаў, якія валодаюць рускай мовай. Наша задача як арганізатараўстварыць максімальныя ўмовы для таго, каб навучэнцы размаўлялі, камунікавалі паміж сабой, знаёміліся з гарадамі і гісторыяй нашых краін. Гэта пляцоўка для далейшых узаемаадносін, якія, упэўнены, будуць развівацца паміж юнымі грамадзянамі, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі мерапрыемства прыраўноўваецца да міжнародных алімпіяд, пераможцы якіх маюць шэраг прэферэнцый пры паступленні ва УВА. Напрыклад, іх без экзаменаў прымаюць на філалагічны факультэт БДУ. Акрамя таго, міністэрствам пастаянна рыхтуюцца спісы пераможцаў, якія падаюцца ў спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. І, як правіла, пераможцы становяцца лаўрэатамі фонду.

Цікавая культурная, экскурсійная праграма з наведваннем Белавежскай пушчы, Брэсцкага абласнога тэатра драмы і інш. дазволіла навучэнцам азнаёміцца з гістарычным мінулым і культурнымі традыцыямі беларускага народа.

Рабочая частка праграмы алімпіяды прадугледжвала два туры: напісанне сачынення і комплексную работу па рускай мове і літаратуры. Таксама школьнікі прайшлі праз творчыя конкурсы па рытарычным майстэрстве і выразным літаратурным чытанні.

Пераможцамі спаборніцтва сталі 50 удзельнікаў (34 беларускія і 16 расійскіх). Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 10 беларускіх навучэнцаў, II ступені — 11 беларускіх і 4 расійскіх, III ступені — 13 беларускіх і 12 расійскіх.

— Я набрала максімальную колькасць балаў па выніках двух абавязковых конкурсаў — сачынення і комплекснай работы па рускай мове і літаратуры. Перамога стала для мяне нечаканасцю, разлічвала на дыплом ІІ або ІІІ ступені, — падзялілася ўражаннямі абсалютная пераможца алімпіяды вучаніца 11-га класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 Соф’я Аляксеенка. — Мне вельмі падабаецца верш Мікалая Забалоцкага «Не позволяй душе лениться», на які пісала водгук. У будучыні планую стаць лагістам. Але пераканана, што ведаць мову павінен кожны спецыяліст.

У камандным заліку максімальную колькасць балаў набралі навучэнцы Віцебскай вобласці, другое каманднае месца падзялілі школьнікі Мінска і Гомельскай вобласці, трэцяе — каманды Магілёўскай, Мінскай абласцей і Брэста.

Адзінаццацікласнік Арцём Міранкоў з Курска стаў пераможцам конкурсу рытарычнага майстэрства.

— У Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічалі два мае прадзеды. Адзін з іх быў з Курскай вобласці і загінуў у нямецкім палоне. Другі — родам з вёсачкі Бель Магілёўскай вобласці, прайшоў праз усю вайну, выстаяўшы блакаду Ленінграда, вызваляючы беларускія землі і сустрэўшы перамогу пад Кёнігсбергам. Знаходзячыся тут, у гэтых сапраўды святых месцах, на экскурсіі ў Брэсцкай крэпасці я ўсвядоміў: тады, 80 гадоў назад, нашы продкі ішлі разам, плячо ў плячо — усе народы Савецкага Саюза. І толькі разам яны перамаглі. Давайце і далей будзем разам. Давайце разам будаваць светлую будучыню, — заклікаў равеснікаў старшакласнік.

Арганізатарам алімпіяды выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства асветы Расіі. У наступным годзе спаборніцтва прыме сталіца Башкартастана Уфа.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены рэгіянальнымі ІРА