Не губляць вышыні

- 12:13Планёрка ў рэгіёне

Некалькі тыдняў засталося да пачатку новага навучальнага года. Установы адукацыі зноў напоўняцца звонкімі дзіцячымі галасамі. Жнівень — гарачы і адказны месяц не толькі для хлебаробаў, але і для педагогаў, паколькі трэба грунтоўна падрыхтавацца да сустрэчы з вучнямі: навесці апошні глянец у школьных кабінетах, набыць вучэбна-метадычную літаратуру, вывучыць ці аднавіць у памяці нарматыўныя дакументы і г.д. Пра тое, якімі клопатамі ў гэтыя перадвераснёвыя дні жыве сістэма адукацыі Аршаншчыны, як рыхтуецца да 2015/2016 навучальнага года, якія планы звязвае з ім, мы гутарым з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэем Уладзіміравічам ЗАГУРСКІМ.

Андрэй Уладзіміравіч, звычайна штуршком да руху наперад з’яўляюцца ўжо дасягнутыя поспехі. Якія найбольш значныя дасягненні педагогаў раёна вам бы хацелася прыгадаць?
— Падводзячы вынікі мінулага года, адзначу, што вялікі педагагічны калектыў Аршаншчыны (а гэта звыш 3000 педагогаў) плённа папрацаваў і нам ёсць чым ганарыцца. Так, на базе гімназіі № 1 Оршы паспяхова рэалізаваны другі ў рэспубліцы і адзіны ў Віцебскай вобласці міжнародны праект па стварэнні мультысэрвіснага інфармацыйнага асяроддзя “Віртуальная школа”: магутны сервер кіруе гімназічнай лакальнай сеткай, чатыры інтэрактыўныя кабінеты (фізікі, матэматыкі, біялогіі і хіміі), мабільны клас, плазменная панэль. Кабінеты аснашчаны інтэрактыўнымі дошкамі, мультымедыйнымі праектарамі, кіруючым камп’ютарам з камплектам інструментаў і рэсурсаў для правя-дзення ўрокаў па прадмеце. Прымяненне інфармацыйных тэхналогій, якія не толькі выконваюць функцыі інструментарыю, што выкарыстоўваецца для вырашэння пэўных педагагічных задач, але і садзейнічаюць стварэнню новых форм навучання і адукацыі, дапамагае інтэнсіфікаваць працэс інтэлектуальнага развіцця — пашырыць і паглыбіць веды навучэнцаў, развіваць іх кампетэнцыі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAСапраўдным прарывам для адукацыі раёна стала і тое, што ў мінулым навучальным годзе ў навучэнцаў гімназіі № 2, сярэдніх школ № 3 і № 16 Оршы з’явілася магчымасць факультатыўна вывучаць кітайскую мову, прычым выкладаюць яе самі носьбіты мовы — кітайскія спецыялісты. Увядзенне факультатываў па кітайскай мове — інвестыцыя ў будучыню нашага рэгіёна. Яно дае нашым навучэнцам дадатковыя магчымасці выбару прафесіі і паспяховай самарэалізацыі: хутка ў Аршанскім раёне адкрыецца мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс, і там, несумненна, спатрэбяцца спецыялісты з веданнем кітайскай мовы.
Сярэдняя школа № 20 Оршы з’яўляецца пятай школай — удзельніцай міжнароднай ініцыятывы “Школы: партнёры будучыні” і цесна супрацоўнічае як з інстытутам Гётэ, так і з навучальнымі ўстановамі Германіі. Летась 53 навучэнцы паспяхова здалі міжнародны экзамен узроўняў А1-А2 (гэты ўзровень павінен быць дасягнуты выпускнікамі асноўнай школы ў Германіі), у надыходзячым навучальным годзе яны будуць штурмаваць узровень В1-В2.
Мы — піянеры вобласці ў арганізацыі выязнога навучання педагогаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” на базе каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Былі адкрыты тры групы навучэнцаў для 60 педагогаў. Гэта дае магчымасць педагогам-дашкольнікам павысіць кваліфікацыйную катэгорыю і ў выніку значна павялічыць сваю заработную плату.
— Як рыхтуюцца ўстановы адукацыі раёна да новага навучальнага года?
— Распаўсюджана памылковае меркаванне, што летам жыццё ў школе замірае. Гэта далёка не так. Летам прыпыняецца толькі вучэбны працэс, і на першы план выходзіць актыўная падрыхтоўка да новага навучальнага года. За кошт сродкаў раённага бюджэту выканана работа па рамонце будынкаў і збудаванняў на суму больш за 13,5 млрд рублёў, што ў два разы больш, чым у папярэднім годзе. У трох установах абсталяваны аўтаномныя газавыя кацельні, што дазволіць не толькі ў патрэбным аб’ёме забяспечыць дзяцей цяплом, але і сэканоміць бюджэтныя сродкі дзякуючы памяншэнню цепластрат і хуткаму рэагаванню на ваганні тэмпературы на вуліцы. Маштабны рамонт даху і трэцяга паверха зроблены ў Арэхаўскай сярэдняй школе, у сярэдняй школе № 14 заканчваецца рамонт харчаблока, а гэта значыць, што з 1 верасня школьнікі будуць атрымліваць якаснае гарачае харчаванне. Дзякуючы фінансавай падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, а таксама за кошт сродкаў спецрахункаў, спонсарскай дапамогі, ва ўстановах адукацыі адрамантаваны ўсе вучэбныя кабінеты, майстэрні, спартыўныя і абедзенныя залы, калідоры, рэкрэацыі, лесвічныя пралёты. Выканана добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый, адрамантавана абсталяванне на спартыўных і гульнявых пляцоўках.
— Андрэй Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, аб гатоўнасці вашага раёна да ўвядзення профільнага навучання.
— Прыемна ўсведамляць, што і педагогі Аршаншчыны ўнеслі свой уклад у адраджэнне профільнага навучання: падчас красавіцкай сустрэчы з намеснікам міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка мы безагаворачна падтрымалі гэтую ідэю. І гэта было не эмацыянальнае рашэнне, а разуменне таго, што ў нас ёсць практычна ўсё для забеспячэння якаснай профільнай адукацыі: вопытныя кадры, сучаснае абсталяванне, матываваныя навучэнцы. Да 90% навучэнцаў 9-х, 11-х класаў штогод праходзяць камп’ютарнае прафарыентацыйнае тэсціраванне, што дазваляе ім выбіраць прафесію, а ў якасці асновы — і профіль навучання ўсвядомлена і мэтанакіравана. Па кожным профільным напрамку ў рэгіёне дзейнічае рэсурсны цэнтр, дзе педагогам могуць аказаць неабходную дыдактычную, метадычную, інфармацыйную падтрымку. На рэспубліканскім семінары загадчыкаў ВМК “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе і кіраўніцкай дзейнасці”, які прайшоў у маі, удзельнікамі была дадзена высокая ацэнка рабоце аддзела адукацыі, спорту і турызму і падведамасных устаноў адукацыі ў галіне інфарматызацыі адукацыі ў рэгіёне. Пра тое, што нашы педагогі даюць якасную адукацыю, гаворыць і той факт, што нашы выпускнікі штогод атрымліваюць найвышэйшы бал па цэнтралізаваным тэсціраванні (сёлета мы маем стабальнікаў па рускай мове і па хіміі). Нашы вучні штогод становяцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (летась мы атрымалі дыпломы па хіміі, біялогіі, нямецкай мове, працоўным навучанні).
— Якія праблемныя пытанні хацелася б узняць на жнівеньскіх педагагічных нарадах? Якія планы на новы навучальны год?
— Безумоўна, на жнівеньскіх сустрэчах з педагогамі мы яшчэ раз пагаворым пра профільнае навучанне і праблемы дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў. На жаль, мы некалькі здалі свае пазіцыі ў алімпіядным руху, і нашай задачай будзе вярнуцца на лідзіруючыя пазіцыі. Я ўпэўнены: нам гэта па сілах.
Па-ранейшаму мы будзем укараняць самы перадавы вопыт і тэхналогіі, працягнем удасканальваць работу ўстаноў адукацыі для таго, каб мы маглі ганарыцца вынікамі нашай работы і дасягненнямі нашых вучняў. У планах — пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва (падпісанне дагавора з адной са школ Іванава Расійскай Федэрацыі), разам з Пасольствам КНР плануем працягваць і пашырыць работу па вывучэнні кітайскай мовы з прыцягненнем дарослага насельніцтва.
У альпіністаў ёсць залатое правіла: нельга губляць вышыню. Кожны наступны крок павінен узнімаць цябе над папярэднім, і тады, калі нават ты ідзеш не да вяршыні, усё роўна ты становішся вышэй, гэта значыць бліжэй да мэты. Мы ў сваёй рабоце імкнёмся прытрымлівацца гэтага ж правіла: не губляць вышыні.
Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам у новым навучальным годзе ў дасягненні новых вышынь!

Гутарыла
Наталля КАЛЯДЗІЧ.