Не падавацца, а быць

- 12:13Сацыяльны ракурс

Пра крызісы дзяцей, загружанасць і выгаранне педагогаў

Максімалізм, жаданне праяўляць індывідуальнасць, быць лепшым і не ўступаць ні ў чым равеснікам часта падводзяць дзяцей да крызіснай мяжы. Адзіны няправільна разлічаны крок, з-за якога падлетак становіцца аб’ектам здзекаў і насмешак, пагружаюць дзіця ў дэпрэсіўны стан, які ў сваю чаргу можа прывесці да ўзнікнення суіцыдальных намераў ці плана помсты ўяўнаму ворагу.  

Часта цяжкія перажыванні, з якімі жыве падлетак, не заўважаюцца ні дома, ні ў школе. Пазіцыя “мая хата з краю” з’яўляецца вельмі зручнай, але толькі да таго моманту, пакуль у крызіснай сітуацыі, якой можна было б пазбегнуць, не пачынаюць шукаць вінаватых.

Для таго каб зразумець і дэталёва прааналізаваць, з якімі цяжкімі сітуацыямі сутыкаюцца дзеці, бацькі і псіхолагі ў школах, чаму праблемы часта спускаюцца на тармазах і да якіх наступстваў гэта прыводзіць, у рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” быў арганізаваны круглы стол. Сваім вопытам і назіраннямі па актуальнай праблеме падзяліліся кандыдат псіхалагічных навук, крызісны псіхолаг, загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Леанідаўна Пузырэвіч; старшы выкладчык кафедры псіхалогіі факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэтат імя А.А.Куляшова аўтар трэнінгаў і праектаў па канфлікталогіі Арсеній Зурабавіч Джанашыа; крызісны псіхолаг з вопытам работы з жанчынамі і дзецьмі, якія пакутуюць ад насілля, вядучая вучэбнага курса для псіхолагаў “Крызісная псіхатэрапія, заснаваная на перажыванні вопыту”, аўтар методык па рабоце з крызіснымі станамі асобы “Вобразна-асацыятыўныя пазлы” і “Асколкі траўмы” Наталля Мікалаеўна Дзянісьева.

Н.Л.Пузырэвіч.

Наталля Леанідаўна Пузырэвіч:

— На жаль, з крызіснымі станамі мы пачалі сутыкацца вельмі часта. У Інстытуце псіхалогіі існуе некалькі кірункаў дзейнасці, накіраванай на дапамогу дзецям, падлеткам і іх сем’ям у пераадоленнi крызісных станаў і сітуацый. Першы кірунак — навукова-даследчая дзейнасць. Сёння існуе шмат праектаў у рамках грантаў Міністэрства адукацыі і Фонду БРФФД. З 2011 года дзейнічае доўгатэрміновы праект па псіхалагічнай дапамозе дзецям і падлеткам з рызыкоўнымі паво­дзінамі. Мы праводзім псіхалагічнае суправаджэнне непаўналетніх па запытах устаноў адукацыi, бацькоў. У сакавіку 2019 года я атрымала грант Міністэрства адукацыі па праграме папярэджання суіцыдальных паво­дзін сучасных падлеткаў “Распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння фарміравання кампетэнцый педагогаў у галіне папярэджання суіцыдальных паводзін падлеткаў”. Працуючы з педагогамі, якія максімальна набліжаны да падлеткаў, неабходна паказаць, на якія нюансы ў паводзінах, у эмацыянальным стане яны мо­гуць звярнуць увагу, каб своечасова папярэдзіць суіцыды. Арыенцір менавіта на педагогаў-прадметнікаў, таму што псіхолаг у вучэбнай установе ад зін на ўсю школу і такога цеснага кантакта з навучэнцамі, як у настаўнікаў, у яго няма. Затое ў настаўніка, асабліва ў класнага кіраўніка, такі кантакт ёсць. Мы часта бываем у школах па запытах і сутыкаемся з тым, што педагогі не гатовы да работы з дзецьмі і не могуць своечасова адрэагаваць на пэўныя сігналы, дзякуючы якім можна было б папярэдзіць суіцыды.

Сёлета завяршаецца яшчэ адзін грант з удзелам фонда БРФФД па праблеме рызыкоўных паводзiн дзяцей і падлеткаў у межах кагнітыўна-паводзінскага падыходу. Нягле­дзячы на тое, што ў Міжнародную класіфікацыю хвароб (МКХ-10) яшчэ не ўнесены камп’ютарны від залежнасці, ці інтэрнэт-залежнасць, у межах гранта яна разглядаецца. Мы ўпэўнены, што напрамую працаваць з камп’ютарнай залежнасцю не мае сэнсу, варта разбірацца ў тым, калі ўпершыню з’явіўся эпізод у паводзінах дзіцяці, які падштурхнуў да кантакту з крыніцай залежнасці.

У Інстытуце псіхалогіі я кiрую студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй, у якой студэнты прымаюць удзел у праекце па пераадоленні цяжкіх жыццёвых сітуацый. Кожны праект складаецца з двух блокаў. Першы блок — гэта школьнае насілле, ці булінг, другі блок — суіцыдальныя паводзіны дзяцей і падлеткаў. Відавочна, кожны малады чалавек у межах праектаў працуе па праблеме, якую выбірае.

Каштоўнасць навуковага кірунку дзейнасці Інстытута псіхалогіі ў тым, што мы не працуем выключна ад канкрэтных выпадкаў, запытаў. Мы спрабуем растлумачыць, што сёння адбываецца ў грамадстве, у сацыяльных адносінах, як успрымаецца рэальнасць сучасным падлеткам. Дзякуючы такому падыходу можна выявіць, што падштурхоўвае непаўналетніх да булінгу і суіцыдальных паводзін.

Другім кірункам дзейнасці нашай установы з’яўляецца практыка па аказанні псіхалагічнай дапамогі ў экстранных выпадках, калі ў інстытут  звяртаюцца з адпаведнай просьбай. Мы выязджаем у школы, сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дзе працуем з педагагічным калектывам, асобнымі настаўнікамі, дзецьмі і іх бацькамі па метадах пераадолення цяжкай жыццёвай сітуацыі. Апошнім такім выездам стала работа з педагогамі і  навучэнцамі стаўбцоўскай школы, дзе адбылася страшная трагедыя.

Падчас адпаведнай работы выкарыстоўваюцца спецыяльныя тэхнікі і падыходы. Але справа ў тым, што такая дзейнасць павінна быць сістэмнай. На жаль, часта чакаюць, што аднаразовы прыезд спецыялістаў дазволіць вырашыць сітуацыю за адну хвіліну і вяртацца да праблемы больш не спатрэбіцца, цяжкіх наступстваў не будзе. Калі пачынаем гава­рыць аб магчымасці адтэрмінаваных наступстваў, неабходнасці мэтанакіраванай сістэмнай работы, настаўнікі пачынаюць гава­рыць, што на гэта няма часу, неабходна ўсё хутка наладзіць. На жаль, не атрымаецца так.

На месцах сутыкаемся з тым, што часта псіхолагі, якiя робяць першыя крокi ў прафесii, не валодаюць дастатковымі ведамі, неабходным інструментарыем, тэхналогіяй і разуменнем таго, як будаваць работу з навучэнцамі. Яны гатовы ўключацца ў нашу сумесную з імі дзейнасць, але менавіта недахоп практычных ведаў не дазваляе паказваць вынікі. Пазбавіцца такой праблемы можна ў тым выпадку, калі псіхолагі будуць праяўляць iнiцыятыву і, што самае галоўнае, не будуць саромецца паказаць сваё няведанне, папросяць дапамогі ў суправаджэнні ў кампетэнтных спецыялістаў. 

Працуючы са школьнымі псіхолагамі, паказваем розніцу ў метадах дапамогі падчас экстраннай псіхалагічнай дапамогі і дапамогі, якую неабходна аказваць праз пэўны прамежак часу. На жаль, школы не заўсёды выхо­дзяць з намі на кантакт, калі назіраюцца першыя прыкметы пэўнага крызісу. Звяртаюцца тады, калі ўжо позна. А потым аказваецца, што першыя прыкметы былі бачнымі, але гэтаму не ўдзялялася ўвага. Калі задаём пытанне, чаму не звярнулі ўвагу на паводзіны, не паглыбіліся ў прычыны таго, што магло выклікаць крызіс у дзіцяці, паспрыяць суіцыду, настаўнікі кажуць, што не думалі аб сур’ёзнасці ўчынку. Усё спісваецца на ўз рост, на тое, што дзеці такім чынам спрабуюць звяр­нуць на сябе ўвагу. Хаця кожнаму суіцыдальнаму ўчынку папярэднічае крык аб дапамозе. Падлетак можа задаваць пытанні, навошта яму жыць, у чым сэнс жыцця. Ён будзе спрабаваць атрымаць адказ на гэта ад нас, ад равеснікаў. Калі адказу няма, дзіця адчувае сябе адзінокім і прымае страшнае рашэнне.

На першым этапе дапамогі ў крызіснай сітуацыі важным з’яўляецца псіхалагічны дэбрыфінг. Калі яго не правесці ў першыя 3 дні, у далейшым яго эфектыўнасць зніжаецца. Тут зноў узнікае пытанне, ці ўсе гатовы праводзіць дэбрыфінг, цi школьныя псіхолагі ве­даюць, што ён сабой уяўляе. Каштоў­насць такога падыходу падчас групавой работы заключаецца ў тым, што дэбрыфінг дазваляе зняць унікальнасць перажыванняў, дае магчымасць гаварыць аб фактах, эмоцыях, якія тычацца пэўнага выпадку, кожнаму з удзельнікаў крызісу. Галоснасць дае магчымасць адкрыта гава­рыць аб цяжкай сітуацыі, пры­маць рэальнасць і разумець, што дзіця не адно з такімі думкамі, яно не знаходзіцца сам-насам. Калі такая дапамога не аказваецца, могуць пачацца адтэрмінаваныя наступствы траўматызацыі ў выгля­дзе бяссонніцы, начных жахаў, пастаянных страхаў па шляху прайгравання страшнай падзеі і яе паўтарэння. Калі прыязджаем на месцы і гэта бачым, разумеем, што дзецям неабходны не толькі групавы варыянт работы, але і індывідуальны. У гэтым кірунку ў нас ёсць вучэбныя праграмы — кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя, дзякуючы якім рыхтуем псiхолагаў да работы з дзецьмі і падлеткамі ў такiх сітуацыях.

Згодна з загадам Міністэрства адукацыі, на працягу лютага Iнстытут псiхалогii прымаў удзел у правядзеннi маніторынгу сацыяльна-псiхалагiчнай дзейнасцi па ўсiх гарадах краіны, а на працягу сакавіка мы арганізоўваем выязныя семінары для псіхолагаў. Безумоўна, гэта зроблена для таго, каб дапамагчы школьным псіхолагам зразумець, як разгля­дзець крызісную сітуацыю, своечасова зразумець, што адбываецца, на што звярнуць увагу і як працаваць па пераадоленні крызісу.

Чаму ў большасці выпадкаў крызісныя станы застаюцца не заўважанымі? Псіхолагі ігнаруюць рэкамендацыі ці ім па нейкай прычыне зручна не звяртаць на гэта ўвагу?

Справа ў тым, што псіхолагам цяжка ў межах вучэбных праграм ахапіць усіх навучэнцаў. Другой прычынай застаецца недахоп вопыту. Не ўсе псіхолагі, якія прыхо­дзяць у школу, застаюцца ў ёй працаваць. З-за гэтага не адбываецца станаўлення, замацавання псіхолага як спецыяліста на адным і тым жа месцы працы. Самае галоўнае, сёння ў школах вучацца іншыя дзеці. Боль­шасць праграм, псіхалагічнага інструментарыю былі распрацаваны для дзяцей, якія жылі ў 70—90-я гады. Зараз мы працуем над тым, каб выявіць, які ён, сучасны падлетак.

Н.М.Дзянісьева.

Наталля Мікалаеўна Дзянісьева:

— Вельмі важна, калі ёсць крызіс ці траўма, умець іх убачыць і вырашыць. Ці думалі мы калі-небудзь аб тым, як перажытая ў дзяцінст­ве траўма ўплывае на жыццё ўжо дарослага чалавека, якімі могуць быць наступствы такой траўмы?

Нядаўна да мяне пачаў хадзіць на тэрапію падлетак. Падчас нашых размоў хлопчык стаў выказваць суіцыдальныя намеры. Безумоўна, усё гэта было расказана ў атмасферы даверу. Для далейшай работы патрабавалася выклікаць бацькоў. Калі хлопчык пачуў аб гэтым, пратэставаў су­праць таго, каб прыехаў тата. Мяне і маму хлопчыка, якой я гэта паведаміла, насцярожыў такі пратэст. Калі прыехала мама, мы пачалі размаўляць. І яна паабяцала сыну, што, калі ён усё раскажа, то паедзе да бабулі, з татам ён бачыцца не будзе, а зна­чыць, няма чаго баяцца.

Як аказалася, мама часта ездзіла ў камандзіроўкі, дзіця заставалася з татам сам-насам. Мужчына прымяняў у адносінах да сына фізічнае насілле, біў, закрываў у пакоі на суткі без ежы і вады, маніпуляваў дзіцем. Калі я запытала, ці звяртаўся хлопчык па дапамогу да каго-небудзь у школе, відавочнай стала яшчэ адна праблема — булінг. Падлетак пачаў расказваць, што яго не прымае калектыў, таму што ён не такі, як усе, з ім ніхто не сябруе, не паважае і г.д. Хлопчык знаходзіўся ў эмацыянальна нестабільным стане, ён мог заплакаць сярод размовы. Калі задала пытанне наконт таго, чаму не схадзіў да школьнага псіхолага, падлетак патлумачыў: ён баіцца, што тату выклічуць у школу, а яго самога паставяць на ўлік. Зараз хлопчык шпіталізаваны ў спецыялізаваную ўстанову, без урачэбнай дапамогі ў гэтым выпадку абысціся, на жаль, ужо немагчыма.

Траўма, набытая ў дзяцінстве, безумоўна, уплывае на чалавека, калі ён вырастае, яна мае адтэрмінаваныя наступствы. Усе мы родам з дзяцінства. І калі да мяне па дапамогу звяртаецца дарослы чалавек, мы пачынаем звяртацца да яго сям’і, вяртаемся ў мінулае.

Прывяду яшчэ прыклад. Мама крытыкавала сваю дачку, гаварыла, што ў яе нічога не атрымаецца, што яна нічога не зможа. У падлеткавым узросце, калі дзіцяці неабходна была падтрымка сям’і, дзяўчынка заявіла, што яна — асоба, якая ведае, чаго хоча. У адказ на гэта мама толькі смяялася і гаварыла, што нічога ў яе не атрымаецца, прыніжала дачку. Дзяўчына вырасла, і ў яе многа фобій, яна не ўмее і баіцца ўзаемадзейнічаць з соцыумам, баіцца памыліцца. Сёння гэтая дзяўчына нарадзіла дзіця і баіцца выходзіць на вуліцу, таму што ўспомніла бацькоўскія ўстаноўкі і жыве з імі. Яна памятае, што ў яе нічога не атрымаецца, яна нічога не можа, што яна дрэнная мама. Не менш сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца гіперапякуючыя бацькі, якія ўсе рашэнні прымаюць самі. Калі дарослыя вырашаюць, куды дзіцяці ісці вучыцца, з кім сябраваць, дзіця становіцца інфантыльным, яно не ўмее нічога рабіць, нават напісанне заявы ў ваенкамаце для яго з’яўляецца сур’ёзнай праблемай.

Ёсць сярод маіх кліентаў і дзеці, якія падвяргаліся сексуальнаму гвалту. З-за такіх выпадкаў у дзіцяці развіваюцца не толькі шматлікія фобіі, але і з’яўляюцца суіцыдальныя думкі і недавер. Так, адна з дзяўчат звярнулася па дапамогу, таму што пакутавала на бяссонніцу. Мы пачалі разбіраць сітуацыі, зазірнулі ў мінулае. Аказалася, што яна падвяргалася сексуальнаму гвалту з боку роднага бацькі. Пры гэтым мама ўсё ведала, але маўчала.

Для таго каб дзіця вырасла ўпэўненым у сабе чалавекам, з ім трэба размаўляць. Калі б дзяўчынку, якая сказала, што яна — асоба, падтрымалі, сказалі, што яна мае права выбару, можа самастойна прымаць рашэнні, сёння яна магла б выхоўваць дзіця і быць упэўненай у сабе маладой мамай.

Мне вельмі падабаецца, як пабудавана сістэма ў Ліцэі БДУ. Ва ўстанове 500 навучэнцаў і 3 спецыялісты-псіхолагі, якія арганізоўваюць рэлакс-перапынкі. А ў школе, на жаль, працуе ўстаноўленая сістэма, шмат эмоцый падаўляецца, дзецям няма на чым знімаць стрэс. Вучням кажуць: “Не крычы, супакойся!” Для таго каб супакоіцца, дзеці пачы­наюць наносіць сабе траўмы, у іх назіраюцца нервовыя зрывы. У такой сітуацыі вельмі важна, каб дома дзеткам давалі выка­заць свае эмоцыі. Калі дзіця хоча пакрычаць, няхай пакры­чыць. Мама павінна падтры­маць дзіця, ска­заць, што яна таксама злуецца. Важна не баяцца выка­заць свае эмоцыі.

Што тычыцца булінгу, то цкаванню падвяргаюцца дзеці, якія ў нечым адрозныя ад калектыву. Дарэчы, той, хто ініцыіруе цкаванне, таксама мае сваю траўму. Псіхолаг, разглядаючы сітуацыю булінгу, павінен разумець, што дапамагаць трэба не толькі дзіцяці, якое падверглася нападкам, але і таму, хто гэта пачаў. На жаль, адзін школьны псіхолаг ахапіць усё не можа. У звычайнай школе 1000 дзяцей, а псіхолаг адзін. Спецыяліст фізічна не можа ахапіць малодшую школу, сярэднюю ўзроставую катэгорыю і старшыя класы. Так, у школах ёсць дзеці з групы рызыкі, з імі трэба праца­ваць мінімум 1 раз у ты­дзень на працягу га­дзіны.

Калі гаварыць пра ўзаемадзеянне з педагогамі і псіхолагамі, часам бацькі не хочуць ісці на кантакт. Калі расказвала, што з падлеткам трэба працаваць, многія мамы гаварылі, што іх дзіцяці не трэба дыягностыка. Такая рэакцыя можа быць звязана са страхамі. Быў выпадак, калі праводзілі дыягностыку і выявіўся факт дамашняга сексуальнага насілля. Як стала вядома, мама ведала аб гэтым, але не хацела нікому гаварыць, таму што муж быў адзіным у сям’і, хто зарабляў грошы. У дадатак да гэтага жанчына была ўпэўнена, што дзіця вырасце і пакіне дом, паедзе вучыцца і ўсё забудзе. Тым не менш, калі ўсё стала вядома, мама дзіцяці пачала перакладваць адказнасць, абвінаваціла школу ў тым, што педагогі своечасова не выявілі факт гвалту.

А.З.Джанашыа.

Арсеній Зурабавіч Джанашыа:

— Я поўнасцю згодны са сваімі калегамі наконт становішча псіхолагаў у школе. Часта яны не валодаюць неабходнымі навыкамі, кампетэнцыямі.

Я ў адной са школ навучэнцам 10—11 класаў выкладаю факультатыў па ўвядзенні ў педагагічную прафесію. На адным з першых заняткаў прасіў расказаць пра свайго псіхолага. Палова вучняў нават нічога не магла сказаць. Так, яны гаварылі, што да іх прыходзіла нейкая жанчына-псіхолаг. І ўсё на гэтым. Зразумела, што цякучка кадраў ідзе не на карысць навучальнай установе. Адзін псіхолаг пакідае школу, прыходзіць другі спецыяліст, які за час адпрацоўкі не можа пазнаёміцца нават з паловай вучняў, не паспявае дапамагчы тым, хто насамрэч мае ў гэтым патрэбу.

Я працаваў псіхолагам ва ўстанове дашкольнай адукацыі, і адна сям’я трапіла ў катэгорыю “сацыяльна небяспечнае становішча”. Паколькі ў сям’і было яшчэ адно дзіця школьнага ўзросту, мяне запрасілі на савет прафілактыкі ў школу. Як аказалася, сям’ю паставілі на ўлік з-за таго, што мама не паспела заплаціць за камунальныя паслугі. Назіраючы за тым, што адбывалася на савеце, я разумеў, што жанчыну ніхто не чуе. Яна тлумачыла, што доўг перад камунальнымі службамі ўзнік з-за таго, што яна шукала работу. Маладая мама нават дамовілася з дырэктарам камунальнага прадпрыемства, што яны раскі­даюць доўг часткамі па месяцах, але ў школе словы жанчыны нават ніхто не слухаў. Больш за ўсё ў гэтай сітуацыі мяне ўразілі паводзіны сацыяльнага педаго­га і псіхолага, якія сядзелі, апусціўшы вочы. З’явілася ўражанне, што яны не могуць дачакацца, калі гэта ўсё скончыцца. Мяне расчаравала гэтая сітуацыя. Так, псіхолаг у школе адзін, ён не можа паспець удзяліць увагу кожнаму дзіцяці, але з бацькамі трэба супрацоўнічаць, з імі трэба размаўляць.

Кабінет псіхолага ў школе — гэта месца, дзе могуць узаемадзейні­чаць дарослы чалавек і навучэнец. Стаць сябрам для падлетка вельмі цяжка, а быць асобай, якой дзіця магло б давяраць, напэўна, яшчэ складаней. Тым не менш для псіхолагаў як для спецыя­лістаў вельмі каштоўна, калі дзіця прыхо­дзіць і дзеліцца сваімі перажываннямі.

Абсалютна згодны з калегамі і наконт таго, што сёння вельмі актуальнай з’яўляецца праблема булінгу. Падчас правядзення факультатыву бачу, што ёсць дзеці, да якіх клас ставіцца негатыўна. Такія навучэнцы рэдка прымаюць удзел у абмеркаванні тэм, яны маўчаць, а пры першай магчымасці стараюцца як мага хутчэй пакінуць кабінет. Таму заўсёды стараюся будаваць урок не ў фармальнай сітуацыі, а максімальна свабодна, каб ва ўсіх была магчы­масць праявіць сябе. У суседніх краінах некаторыя псіхолагі прымяняюць асобныя антыбулінгавыя тэхнікі, а таксама медыятыўныя праекты ў рабоце з канфліктамі.

Адзін з такіх праектаў быў распрацаваны мной з калегамі 6 гадоў назад. У адной з агульнаадукацыйных школ вучыліся дзеці са звычайных сем’яў і дзеці, якія выхоўваліся ў SOS-Дзіцячай вёсцы. Апошнія падвяргаліся нападкам з боку сямейных дзяцей. Разборкі былі такога маштабу, што прыязджала нават міліцыя. Для таго каб урэгуляваць канфлікт, мы распрацавалі праект з прымяненнем медыяцыі. Перш чым прыступіць да рэалізацыі праекта, дзеці пісалі эсэ, дзе разважалі на тэму сяброўства і г.д. У праект прыйшлі нават тыя, каго нам не раілі браць. Настаўнікі гаварылі, што гэтыя хуліганы заваляць усю ідэю, з імі і на ўроках няпроста, часам нават дахо­дзіла да таго, што яны кідаліся крэсламі. Уявіце, як здзі­віліся педагогі, калі гэтыя дзеці зарэкамендавалі сябе з лепшага боку. Прычым яны былі нават больш вопытнымі і кампетэнтнымі ў многіх спрэчных пытаннях, чым трэнеры. Гэта звязана з тым, што дзеці, якія часта правакуюць канфлікт і з’яўляюцца, скажам так, яго цэнтрам, асновай, амаль увесь час жывуць у падобнай сітуацыі. Таму для іх стрэсавая, крызісная сітуацыя — гэта як для рыб вада, гэта іх стыхія. І ў нашым выпадку так атрымалася, што ўсе трое хуліганаў сталі аднымі з лепшых медыятараў.

Пасля завяршэння праекта сітуацыя з узае­маадносінамі школьнікаў была ўрэгулявана, дзеці перасталі здымаць адно аднаго на відэа і выкладваць мемы ў сацыяльныя сеткі. Так, у гэтым выпадку медыяцыя адыграла станоўчую ролю. Але школьная служба медыяцыі не павінна поўнасцю замяняць псіхалагічную. У Еўропе школьная медыя­цыя — апцыянальная рэч. Навучальная ўстанова можа прымяняць метады мірнага ўрэгулявання канфлікту, калі бачыць у гэтым неабходнасць. Напрыклад, калі ў адной установе вучацца дзеці розных нацыянальнасцей, рознага сацыяльнага статусу і не могуць знайсці паразуменне, іх уключаюць у праект. Сёння агрэсія ўяўляе сабой не фізічнае ўздзеянне. Для многіх вельмі важным з’яўляецца статус у сацыяльных сетках. І калі там цябе зацкавалі, то гэта раўназначна фізічнаму падаўленню. Дарэчы, з прымяненнем фізічнай сілы канфлікты сёння таксама вырашаюцца. Назіраючы за апошнімі навінамі, я бачу, што кулакамі вырашаюць пытанні не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.

Яшчэ адной актуальнай праблемай з’яўляецца з’ява булінгу з боку настаўнікаў у адносінах да навучэнцаў. Такіх прыкладаў, безумоўна, мала, але яны здараюцца. У адной са школ настаўніца здзеквалася з навучэнкі. У выніку здарылася непапраўнае: дзяўчына здзей­сніла суіцыд. Чаму адбываюцца такія сітуацыі? Магчыма, настаўніца такім чынам спаганяла сваю крыўду. А можа, прычынай стала прафесійнае выгаранне.

Наталля Мікалаеўна Дзянісьева:

— Быў выпадак, калі да мяне звярнулася настаўніца, якая разумела, што паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да аднаго з навучэнцаў. Хлопчык быў з алкагалізаванай сям’і, і педагог не разумела, чаму ў яе ўвогуле праяў­ляюцца такія агрэсіўныя ўспышкі. Цудоўна, што настаўнікі не саромеюцца прасіць дапамогі. Хаця іх мала, большасці статус не дазваляе скардзіцца на свае праблемы.

Тыя педагогі, хто прыходзіць за псіхалагічнай дапамогай, кажуць, што для іх важна проста адвесці ўрок і самазахавацца. Ім не хапае рэсурсаў паразмаўляць з навучэнцам, скаардынаваць яго ці хаця б перанакіраваць да кагосьці. На жаль, школьныя псіхолагі, якія выконваюць многа лішніх задач, як, у прынцыпе, і педагогі, не паспяваюць праводзіць трэнінгі яшчэ і з настаўнікамі. А такі метад работы павінен прысутнічаць у школе.

У любым варыянце крызіснага стану — спроба суіцыду, завершаны суіцыд ці праяўленая агрэсія — школы і бацькі вінавацяць інтэрнэт.

Ці можа быць дзейснай мера па абмежаванні выкарыстання тэлефонаў? Наколькі гэта дазволіць знізіць працэнт крызісных станаў?

Наталля Леанідаўна Пузырэвіч:

— Абмяжоўваючы час карыстання мабільным тэлефонам, дзецям трэба штосьці прапаноўваць узамен. Ім трэба растлумачыць, у сувязі з чым і дзеля чаго гэта адбываецца. Сёння разумеем, што такая мера можа быць уве­дзена як сродак папярэджання трагічных па­дзей. Увогуле, пасля любой трагічнай па­дзеі адбываецца традыцыйны пошук адказных. Адказнасць — гэта пэўнае ўвасабленне віны, пошук сродкаў звароту справядлівасцi свету (“пакуль я нiчога дрэннага не раблю, нiчога дрэннага ў маiм жыццi таксама не будзе”) праз вызначэнне таго, хто панясе пакаранне. Гэта дапамагае лепш зразумець, чаму такое адбылося i як спынiць разбуральныя наступ­ствы любой трагічнай падзеі незалежна ад яе маштабу. Але важна памятаць, што любы трагічны выпадак выправіць нельга, трэба шу­каць адказ, як жыць далей, як зрабіць так, каб нічога падобнага больш не паўтарылася. Як я разумею, абмежаваць карыстанне мабільным тэлефонам — значыць пазбавіць дзіця магчымасці сядзець у інтэрнэце, праводзіць час у сацыяльных сетках. Але давайце падумаем вось над чым.

Усе дзеці карыстаюцца інтэрнэтам, сядзяць у тэлефонах. Хтосьці менш часу праводзіць у віртуальным свеце, а нехта — больш. Чаму так адбываецца? Першапрычыну трэба шукаць. Трэба зразумець, якая падзея стала пускавым механізмам, што паспрыяла таму, што дзіця пачало гуляць у камп’ютарныя гульнi або  выкон­ваць заданні куратараў у гульнях, якія часам каштуюць жыцця.

Міністэрства адукацыі iнiцыіравала цудоўную ідэю — стварыць Рэспублiканскi цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Зараз гэта актыўна абмяркоўваецца, мы рыхтуем дакументы. На базе ўстановы бу­дзе працаваць група псіхолагаў, яны будуць аказ­ваць псіхалагічную дапамогу ўсiм суб’ектам адукацыйнага працэсу (дзецям, iх бацькам i настаўнiкам).

Сёння многія даследаванні гавораць аб тым, што адразу і напрамую з дзіцем можна не ўзаемадзейнічаць, варта папрацаваць з яго найбліжэйшым акружэннем. Комплексны падыход вельмi важны ва ўciм.

Напрыклад, агрэсіўныя паводзіны дзіцяці ці дарослага — гэта пэўны метад абароны. Калі ўчынкі, дзеянні ці словы іншага чалавека ўспрымаюцца як пагроза свайму статусу, інтарэсам, тады чалавек здольны на аг­рэсію, каб такім чынам абараніць сябе. І канфлікты ў большасцi сваёй таксама накіраваны на абарону самога сябе. Але ў рэальнасці мы канфліктуем не з тым, які аб’ектыўна чалавек перад намі, а з яго суб’ектыўным вобразам. Таму што тыя словы, учынкі, якія бачым у адносінах да сябе, рэканструюем менавіта пад сябе, пад свой вопыт перажыванняў. Атрымліваецца, што мы ўзаемадзейнічаем не з чалавекам, а з яго вобразам. Калі ў сям’і няма дыялогу паміж бацькамі і дзецьмі і замест гэтага гучаць аднаскладовыя словы, урывачныя фразы, няма эмацыянальнага цяпла, даверу, блізкасці, дзіця чуе ў гэтым пагрозу, сітуацыя правакуе яго абараняцца, уступаць у канфлікт. Ёсць даследаванні, якія гавораць аб тым, што чалавек сам сябе недастаткова ведае, а падлетак — тым больш. І калі паставіць яго ў акружэнне 20 людзей, кожнаму з іх пра сябе ён будзе расказваць рознае. Атрымліваецца, чалавек узнаўляе вобраз таго, хто перад ім, і такім жа стварае і сябе. Менавіта на гэтым і засноўваюцца канфлікты.

У любым выпадку, калі ёсць канфлікт, значыць, ёсць і давер да чалавека: у спрэчцы апаненту даводзіцца ўласная пазіцыя, а значыць, чалавек хоча, каб яго пачулі і зразумелі.

У бесканфліктнай прасторы чалавек доўгі час можа не быць, а здавацца, ствараць пэўны вобраз. І калі доўгі час няма канфліктаў, а ёсць толькі незадаволенасць, назапашваецца ўнутранае напружанне пэўнай сітуацыі. Любая дробязь, якая нават не з’яўляецца канфліктагенам, можа справакаваць на такі выбух энергіі, на канфлікт такога маштабу, пра які ніхто б і не падумаў.

Часта даводзіцца сутыкацца з тым, што сарамлівыя, вельмі сціплыя, дыстанцыраваныя ад сацыяльных кантактаў дзеці больш здольныя няхай і на аднаразовы, але па інтэнсіўнасці на максімальны выбух агрэсіі ў канфлікце. Тыя ж, хто з’яўляецца пастаянным удзельнікам спрэчак, на такое здольны менш, таму што яны адкрыта прад’яўляюць сваю незадаволе­насць, у іх не адбываецца эфекту назапашвання. А ў дзяцей, якія пагружаны ў сябе, свае перажыванні, такі эфект можа быць.

Дыстанцыраванне ад равеснікаў, лю­дзей фарміруе пэўную мяжу. І гэта можа праяўляцца ў розных варыянтах: праз пачуццё перавагі сябе над іншымі, абясцэньванне іншых ці праз пагружэнне ў свае перажыванні, якія заснаваны на пачуцці таго, што падлетак не такі, як астатнія. Вельмі цяжка сказаць, да чаго гэта можа прывесці. Але відавочна адно: да здзяйснення страшных учынкаў падлеткамі, у якіх гінуць людзі, непаўналетнія ідуць не адзін дзень. Гэта доўгі працэс, і ён звязаны з шэрагам сітуацый. Ад празмернай колькасці напружання можа здарыцца што заўгодна. Рэтраспектыўна нават само дзіця можа не ацаніць таго, што адбылося ў пэўную хвіліну ў нейкім месцы. Таму што з тысячы варыянтаў у вызначаны час  мы можам пад уплывам пэўнай сiтуацыi выбраць такі ўчынак, які праз нейкі час нават не здзейснілі б.

Арсеній Зурабавіч Джанашыа:

— Падчас стажыроўкі ў ізраільскіх калег пазнаёміўся з адным цікавым прынцыпам: “быць, а не рабіць”. Напрыклад, псіхолагі ў Ізраілі  ўзаемадзейнічаюць з тымі падлеткамі, якія мелі наркатычны вопыт, а таксама ўжываюць наркотыкі. Вельмі важна не акружаць залежнага чалавека мерапрыем­ствамі, якія ўвогуле не падпадаюць пад яго інтарэсы, а даць яму зразумець, што побач ёсць сябар, да якога можна звярнуцца ў любы дзень і час. Камунікацыя будуецца так, што залежны чалавек ведае на 100%, што насамрэч можна прыйсці і пагаварыць. Варта разумець, што такое ўзаема­дзеянне — гэта не бяздзейнасць спецыяліста, а камунікацыя ў плане дэманстрацыі сваёй адкрытасці.

Вядомы псіхолаг Лідзія Бажовіч калісьці напісала, што педагогіка і школа не павінны ўпадаць у мерапрыемстваманію. Безумоўна, трэба прыцягваць школьнікаў да іншай дзейнасці, акрамя вучобы. Сёння ва ўстанове адукацыі право­дзіцца многа мерапрыемстваў, але давайце адкажам на простае пытанне: якія з іх трапляюць у актуальныя патрэбнасці навучэнцаў, якія з іх арганізаваны так, каб яны былі цікавыя для школьнікаў?

Наконт тэлефонаў таксама згодны, што, калі і забараняць, павінна быць  разумная альтэрнатыва, інакш прастора, якую займаў тэлефон, будзе занята чымсьці іншым. Ведаю, што ў Францыі спрабавалі забараніць тэлефоны ў школах, але пасля вярнулі. Таму што не было прапанавана годных альтэрнатыў.

Калі закранаць агрэсію, многія дзеці, здзяй­сняючы той ці іншы ўчынак, у аснове якога ляжыць схаваны канфлікт, могуць пасля помсты нават не памятаць, што зрабілі. Прычынай такіх учынкаў можа быць, напрыклад, афект ці шызафрэнічны прарыў, таму нядзіўна, што дзіця само можа не ўсведам­ляць, што зрабіла.

Наталля Мікалаеўна сказала, што ў Ліцэі БДУ пасля ўрокаў з дзецьмі праводзяцца рэлакс-перапынкі, падчас якіх навучэнцы ўзаемадзейнічаюць з настаўнікамі, псіхолагамі. Ці магла б такая практыка, калі яе ўвесці ў школу, дапамагчы пазбегнуць пэўных канфліктаў?

Наталля Леанідаўна Пузырэвіч:

— Справа ў тым, што загружанасць псіхолагаў не дазволіць гэтага зрабіць. У школе, як справядлiва заўважылі калегі, адзін псіхолаг на 500 i больш дзяцей. Спецыяліст фізічна не можа ў поўную сiлу займацца дзецьмі, таму што яму трэба весці шмат дакументацыі, своечасова падрыхтаваць усе справаздачы. І гэта той бок рэальнасці, які забірае час ад узаемадзеяння з дзецьмі. Таму для таго, каб уводзіць змены ў навучальных установах, трэба паступова рыхтаваць спецыялістаў. Займацца гэтым павінны тыя, у каго ёсць эфектыўны вопыт адпаведнай работы.

Акрамя гэтага, важна зразумець, наколькі сама школа будзе гатова да гэтага, ці не бу­дзе яна глядзець на такія новаўвядзенні, як на пагрозу. Многія лічаць: было не вельмі добра, але звыкла, а потым стала лепш, але не зручна і не камфортна. Увогуле, для якасных змен патрэбны рэсурсы і жаданне штосьцi памя­няць. Але мяняць трэба ў якасны бок.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.