Не побач, а разам

- 12:37Спецыяльная адукацыя

Галоўная задача праекта па сацыялізацыі і адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Не побач, а разам”, які рэалізоўваецца ў Гудагайскай сярэдняй школе Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці, — стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця такіх навучэнцаў, падобна таму, як гэта робіць садоўнік, даглядаючы расліны, асабліва адчувальныя да розных фактараў асяроддзя.

Адукацыя і выхаванне дзяцей з АПФР — адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашай школы. Выбар формы арганізацыі адукацыйнага працэсу для дзяцей (інтэграванага навучання і выхавання) — за бацькамі. У школе ўкамплектаваны 6 няпоўных класаў такога навучання. У іх задзейнічаны 3 настаўнікі-дэфектолагі: Жанна Леанардаўна Бернюкевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік-дэфектолаг першай катэгорыі; Вольга Іванаўна Бараноўская, настаўнік-дэфектолаг вышэйшай катэгорыі; Настасся Аляксандраўна Печатоўская, малады спецыяліст, і 18 настаўнікаў-прадметнікаў. Усе педагогі, якія працуюць у інтэграваных класах, выкарыстоўваюць у сваёй рабоце методыку асобасна арыентаванага навучання, у аснове якой — акцэнт на ўлічванне індывідуальных асаблівасцей кожнага школьніка і, адпаведна, дыферэнцыяцыя вучэбнага працэсу. Пунктам адліку пры арганізацыі інтэграванага навучання з’яўляецца абуджэнне здольнасцей дзяцей, эфектыўнае выкарыстанне ўжо атрыманых імі ведаў і напрацовак, вызначэнне траекторыі іх далейшага развіцця. Выбар спосабаў, прыёмаў, тэмпу навучання абумоўліваецца індывідуальнымі асаблівасцямі навучэнцаў.
Праект “Не побач, а разам” — адзін з магчымых шляхоў больш паспяховай сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі і іх інтэграцыі ў грамадства. У працэсе рэалізацыі праекта адбываецца больш актыўнае ўзаемадзеянне дзяцей з навакольным асяроддзем, яны хутчэй набываюць вопыт сацыяльных зносін. Навучэнцы вучацца правільна рэагаваць на розныя жыццёвыя сітуацыі, такім чынам фаміруецца аснова адэкватных паводзін.
Ідэя аб стварэнні гэтага праекта ўзнікла даўно. А сёння ўжо можна гаварыць аб яго выніках. Але гэта не значыць, што работа па праекце скончана, яна будзе весціся і ў далейшым. Варта адзначыць, што, дзякуючы паспяховай рэалізацыі намечаных прафарыентацыйных планаў, 100% выпускнікоў Гудагайскай сярэдняй школы — навучэнцаў з АПФР — працягваюць навучанне, астатнія працаўладкоўваюцца, ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей і паспяхова выхоўваюць іх.
Праект утрымлівае наступныя кірункі:
* “Школа, адкрытая для кожнага”. Гэты кірунак прадугледжвае інтэграванае (сумеснае) навучанне дзяцей з АПФР і іх звычайных равеснікаў у адзіным адукацыйным асяроддзі. Усе дзеці пры гэтым павінны знаходзіцца ў роўных для навучання ўмовах. Педагогі выкарыстоўваюць тыя метады, прыёмы і прынцыпы, якія адпавядалі б іх індывідуальным запытам.
Мэта гэтага кірунку: стварыць належныя ўмовы для навучання ўсіх дзяцей, пры якіх яны адчувалі б сябе камфортна, утульна незалежна ад фізічнага, інтэлектуальнага, эмацыянальнага і сацыяльнага стану.
Асноўныя напрамкі дзейнасці пры рэалізацыі гэтага кірунку:
* правядзенне кансультацый і канферэнцый для настаўнікаў, якія працуюць у інтэграваных класах;
* прафарыентацыйная работа, якая праводзіцца настаўнікамі-дэфектолагамі разам з класнымі кіраўнікамі як з дзецьмі, так і з іх бацькамі;
* правядзенне карэкцыйных і вучэбных заняткаў. Адметна, што ў школе — 3 настаўнікі-дэфектолагі, а на занятках вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльна-бытавой арыенціроўцы;
* арганізацыя экскурсій, паходаў, паездак усім класам, а таксама агульнашкольных мерапрыемстваў. Гэтыя ініцыятывы ажыццяўляюцца пры абавязковым удзеле класнага кіраўніка, прычым арганізаваны такім чынам, што дзеці з асаблівасцямі маюць магчымасць максімальна ўключыцца ў жыццё класа.
Па выніках сацыяметрыі, якая праводзіцца штогод, дзяцей з асаблівасцямі добра прымаюць аднакласнікі, з імі сябруюць, разам з аднагодкамі яны наведваюць секцыі, гурткі, факультатывы, удзельнічаюць у агульнашкольных і класных мерапрыемствах. З задавальненнем наведваюць такія дзеці і школьны лагер, ездзяць у басейн і на розныя экскурсіі.
Калі нараджаецца дзіця — у сям’і свята, вялікае шчасце для бацькоў. Але потым для некаторых з іх яно азмрочваецца: у дзіцяці адхіленні ў развіцці. Яно і выглядае інакш, чым іншыя дзеці, і паводзіць сябе часам незразумела, і, канечне, патрабуе да сябе большай увагі. Яму неабходна пастаянная дапамога і падтрымка. Бацькі і блізкія сваякі заўсёды эмацыянальна перажываюць гэтую падзею. І тут псіхалагічная дапамога патрэбна ўсёй сям’і. Менавіта яе можна атрымаць у школе. Гэтаму прысвечаны наступны раздзел праекта “Не побач, а разам”.
* “Сям’я”. Сям’я была, ёсць і, канечне, будзе найважнейшым асяроддзем фарміравання асобы і галоўным інстытутам яе выхавання, таму і паспяховая рэалізацыя праекта не магчыма без удзелу сям’і.
Мэта раздзела: садзейнічаць фарміраванню ў сям’і максімальна камфортных умоў для асобаснага і псіхалагічнага росту дзіцяці з АПФР, адраджэнню добрых традыцый сямейнага выхавання.
Асноўныя напрамкі дзейнасці раздзела:
* арганізацыя сумеснага вольнага часу дзяцей і іх бацькоў;
* штогадовае правядзене ў рамках школы акцыі “Міласэрнасць” па зборы сродкаў для дзяцей, якія маюць у гэтым патрэбу;
* вывучэнне жыллёвых умоў і ўмоў сямейнага выхавання: работнікі сацыяльна-псіхалагічнай службы школы павінны весці назіранне за тым, у якім матэрыяльным і сацыяльным становішчы знаходзяцца дзеці з асаблівасцямі;
* “Бацькоўскі ўсенавуч”: у ходзе рэалізацыі гэтага курса для бацькоў праводзяцца лекцыі, круглыя сталы, сходы па самых актуальных для іх тэмах.
* Мэтай раздзела “Наш край” з’яўляецца выхаванне ў дзяцей з АПФР нацыянальнай самасвядомасці, далучэнне іх да роднай, а значыць, і да агульначалавечай спадчыны.
У раздзеле гаворыцца аб стварэнні ўмоў для патрыятычнага выхавання дзяцей.
Асноўныя напрамкі дзейнасці пры гэтым:
*   шэфская дапамога ветэранам;
* падтрымка сяброўскіх сувязей з атрадам пагранічнікаў: правядзенне экскурсій у пагранічную камендатуру, у школе працуе таксама гурток “Юны пагранічнік”;
* удзел у акцыі “Чысціня каля помніка”: на працягу года навучэнцы нашай школы сочаць за станам помніка загінуўшым у часы Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца ў пасёлку Гудагай.
* наведванне школьнага музея “Зямля гудагайская”.
Выкарыстанне мясцовага матэрыялу на ўроках — патрабаванне часу. Гэта надзвычай актуальна для дзяцей з асаблівасцямі. Матэрыял лепш засвойваецца, калі дзеці бачаць яго на ўласныя вочы. А дзе больш за ўсё матэрыялу аб родным краі? Канечне, у музеі! Часта ўрокі праводзяцца ў сценах музея, што садзейнічае лепшаму запамінанню матэрыялу і больш глыбокаму вывучэнню гісторыі нашага краю. У праграме па гісторыі для 10 класа ёсць раздзел “Наш край”, пры штудзіраванні якога не абысціся без музейных каштоўнасцей. Загадчык школьнага музея Марыя Карлаўна Васілёнак захоплена і ў даступнай форме дзеліцца з навучэнцамі гістарычнымі звесткамі.
* Раздзел “Асоба”. За апошнія дзесяцігоддзі, на мой погляд, выразна акрэслілася тэндэнцыя па змене сутнасці, мэт і прыярытэтных каштоўнасцей спецыяльнай адукацыі. На першы план у ёй выходзіць развіццёвая функцыя навучання, якая павінна забяспечыць:
– станаўленне асобы дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;
– раскрыццё яго асабістых здольнасцей і магчымасцей.
Таму мэтай гэтага раздзела з’яўляецца стварэнне ўмоў для станаўлення і праяўлення лепшых якасцей і індывідуальнасці дзіцяці з АПФР.
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
* выкарыстанне ў рабоце асобасна арыентаванага навучання;
* арганізацыя гурткоў, факультатыўных заняткаў, заняткаў па інтарэсах;
* функцыянаванне гуртка “Пазнай сябе” пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага школы;
* правядзенне карэкцыйных заняткаў;
* арганізацыя конкурсаў, у якіх дзеці маглі б паказаць свой талент, раскрыць здольнасці (“Хвіліна славы”, “Містар школы”, “Міс восень” і інш.).
Праект ахоплівае амаль усе кірункі дзейнасці навучальнай установы, таму і ўдзельнічаюць у яго рэалізацыі не толькі настаўнікі-дэфектолагі, але і настаўнікі-прадметнікі, якія працуюць у інтэграваных класах, а таксама класныя кіраўнікі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, адміністрацыя школы. Такім чынам, сфарміравалася група аднадумцаў, якія ўвайшлі ў склад групы суправаджэння арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу.
У школе створаны рэсурсны цэнтр па правядзенні карэкцыйных заняткаў і заняткаў па СБА. У кабінеце настаўнікаў-дэфектолагаў ёсць і сістэматызаваны багаты метадычны наглядны матэрыял, якім карыстаюцца не толькі настаўнікі-дэфектолагі, але і настаўнікі-прадметнікі інтэграваных класаў. Шмат матэрыялаў змешчана на інтэрнэт-сайце ўстановы. Дарэчы, там можна пазнаёміцца і з электронным варыянтам газеты для бацькоў і дзяцей “Выхаванне з любоўю і даверам”, выпускам якой займаюцца нашы настаўнікі-дэфектолагі. Газета выходзіць раз у чвэрць. Вось прыклады толькі некалькіх рубрык, якія ёсць на старонках газеты: “Парады для бацькоў. Старонка псіхолага” — тут можна знайсці шмат карыснай інфармацыі па выхаванні дзяцей з АПФР; “Парады для бацькоў. Старонка лагапеда” паведамляе аб прыкметах у маўленні дзіцяці, пры якіх неабходна кансультацыя лагапеда, а таксама пра тое, што трэба ведаць бацькам будучых першакласнікаў; “Куды пайсці вучыцца” — пад гэтай рубрыкай утрымліваецца інфармацыя аб навучальных установах і прафесіях, якія прапаноўваюцца дзецям з АПФР;“Калейдаскоп падзей”, “Дзень адкрытых дзвярэй”, “Свет маіх захапленняў”, “Скарбонка добрых парад”. Газета вельмі маляўнічая, у ёй шмат фотаздымкаў, дзеці і бацькі знаходзяць сябе на іх, і ім гэта вельмі падабаецца. Праз газету зручна даводзіць патрэбную інфармацыю бацькам.
У сваёй прафесійнай дзейнасці я кіруюся дэвізам: “Працаваць на ўроку не за дзіця, а разам з ім, а пазней навучыць яго самастойнасці”. Напрыканцы хачу прывесці словы — своеасаблівыя, але, на мой погляд, правільныя — дзяцей з асаблівасцямі: “Мы не ненавучальныя — ненавучальных людзей не існуе! Мы не хворыя, хоць у нас таксама бывае насмарк! Мы не інваліды, бо мы шмат што можам рабіць! У нас ёсць асаблівасці развіцця, але і вы не дасканалыя!”

Вольга БАРАНОЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Гудагайскай сярэдняй школы
Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.