(НЕ)Звычайная

- 12:34Людзі адукацыі

Нехта сказаў, што прыгажосць у прастаце. Гледзячы на настаўніка-дэфектолага Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Наталлю Алегаўну Драздову разумееш, што яшчэ — ва ўпэўненасці ў тым, чым займаешся.

“У цэнтр многія бацькі прыходзяць з вялікімі надзеямі. Мы разумеем іх стан, бо ад рашэння нашых спецыялістаў часта залежыць будучыня дзіцяці. Ня­гледзячы на прафесіяналізм усіх членаў калектыву, Наталлі Алегаўне роўных няма. Калі бачыш яе ў складзе псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, зразумела: памылкі быць не можа, і пытанне вырашана на карысць дзіцяці. У складаных выпадках таксама без яе нікуды. Надзейнасць. Прафесіяналізм. Тактоўнасць. Асаблівае пачуццё гумару. Гэта Наталля Алегаўна нават у самых цяжкіх сітуацыях, — адзначаюць дырэктар установы Вольга Капліна і намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Алена Сцяцурына. — З ёй пашанцавала і маладым калегам! Наталля Алегаўна дзеліцца не толькі нейкімі гульнямі, напрацоўкамі, але і падказвае моладзі псіхалагічныя тонкасці, якіх патрабуе ад нас прафесія”. 

 Калі настаўніца расказвае пра сябе, можа падацца, што яна і яе калегі гавораць пра розных людзей: “Я была спакойным дзіцем. Здаецца, нават праблем ніякіх у бацькоў са мной не было. Звычайная дзяўчынка. Не была асабліва камунікабельнай, але таварышы ў мяне былі ўсюды. Чытаць моцна любіла: гэта, мабыць, бачна па таўшчыне лінз у акулярах”, — жартуе Наталля Алегаўна. Але ўсё расказанае хораша спалучаецца ў асобе Наталлі Драздовай. 

Як і многія дзяўчынкі яе пакалення, яна марыла быць артысткай ці спявачкай. Думка аб тым, што некалі стане педагогам, нават не прыходзіла ў галаву. Аднак педагогіка, як ні круці, усё роўна была ў жыцці дзяўчыны — маці была звязана са сферай дашкольнай адукацыі.

“Бліжэй да паступлення выявілася мая любоў да дзяцей, тады матуля параіла ісці ў лагапедыю. Уяўленне пра прафесію спачатку было абывацельскім. Я разумела толькі, што гэта творчая прафесія, адчувала, што мне хочацца некага нечаму вучыць. Напэўна, сказаліся таксама матуліны гены”.

У 1987 годзе, калі Наталля Драздова паступала ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М.Горкага (цяпер БДПУ імя Максіма Танка) на факультэт дэфекталогіі, былі вялікія конкурсы. Але дзяўчыну гэта не спыніла.

“Проста так” на нашай спецыяльнасці вучыцца нельга — гэта стала зразумела адразу. Пяць гадоў праляцелі хутка. Студэнцкае жыццё ва ўсе часы аднолькавае: бурлівае, насычанае. Мы, напрыклад, акрамя вучобы, выпускалі насценгазету — гэта было весела”, — успамінае Наталля Алегаўна.

Настаўніца прызнаецца, што на факультэце ёй пашанцавала: спецпрадметы выкладалі выключныя педагогі. Кожны з іх быў зацікаўлены ў тым, каб не проста даваць веды, але і дзяліцца вопытам са студэнтамі. Наталля Алегаўна пераканана, што, дзякуючы іх адносінам, моладзь знайшла сябе і ў навуцы, і ў практычнай сферы. Спецыяліст лічыць, што ўзаемадзеянне з выкладчыкамі наладжвалася не толькі калі ў студэнтаў была схільнасць да прадмета, але і калі ўзнікала цікавасць да метадаў, праз якія дысцыпліну даносілі.

Наталля Драздова прызнаецца, што яе звычайна больш цягнула да практыкі, бо цікава было атрымліваць веды з розных галін. І паколькі малады спецыяліст хацела працаваць з дзецьмі, у якасці першага працоўнага месца выбрала сталічны дзіцячы сад № 556.

“Калі апынаешся сам-насам з прафесіяй, заўсёды ўзнікаюць пытанні, бо ў тэорыі гэта адно, на практыцы — іншае. Паколькі тады метадычнай літаратуры было няшмат, багаж, набыты ў інстытуце, быў неацэнны. Дапамагалі і гарманічныя адносіны са старшымі калегамі, — успамінае Наталля Алегаўна. — Добра, калі ёсць добры старт, так з’яўляецца прафесійная ўпэўненнасць. Таму трэба вучыцца ўзаемадзейнічаць з людзьмі і згладжваць юнацкі максімалізм”.

Пасля, калі ў 2000 годзе ў Мінску адкрывалася сетка цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, настаўніца вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтым полі. Так яна прыйшла на цяперашняе месца працы. Дзейнасць Наталлі Алегаўны складаецца з наступных напрамкаў: дыягностыка, карэкцыя і метадычная работа. Галоўнымі “гасцямі” педагога з’яўляюцца дашкаляты і дзеці малодшага школьнага ўзросту з парушэннямі маўлення.

Завалодаць даверам дзіцяці, зразумела, няпроста, але для Наталлі Драздовай гэта не праблема. Настаўнік з незвычайнай дабрынёй і засяроджанасцю расказвае, як важна адчуваць патрэбы малых: улічыць іх настрой, узрост, схільнасці і інтарэсы. Яна пераканана: дзіця павінна адчуваць, што сур’ёзная “цётачка” з ім на адной хвалі. 

“Для работы з малымі важныя любоў і ўменне знаходзіцца побач. Не трэба быць для іх дарослым, трэба стаць сябрам. Яны ўсе розныя, але добразычлівасць і пачуццё гумару дазваляюць вырашыць многія пытанні, — дзеліцца Наталля Алегаўна. — А  самае прыемнае ў маёй прафесіі — вынік: паляпшэнні ў цяжкіх выпадках, удзячнасць бацькоў, вырашаныя праблемы дзяцей. Здорава, калі людзі падыходзяць на вуліцы і гавораць: “А мы ў вас займаліся”. У мяне нават ёсць асабістыя сямейныя дынастыі”.

Лепшы працоўны дзень для дэфектолага — дзень, які задаўся з самага пачатку і суадносіцца з планамі: калі кантактуеш з калегамі і ідзеш з работы з пачуццём задаволенасці. “Перад намі заўсёды вялікае поле для дзейнасці, таму калі побач з табой не проста калегі, а сябры — гэта вельмі важна. Паверце, я шмат чаго навучылася ў калег. Яны ў многім аснова майго прафесійнага росту”.

Пра сябе Наталля Алегаўна расказвае, як бы паміж іншым. Але тое, што спецыяліст больш гаворыць не пра сябе, а пра калег, таксама характарызуе настаўніцу. “Па-за работай я, як усе: жонка, маці, дачка, сябар. Люблю жывёл, усё гэтак жа чытаю кнігі, стараюся падарожнічаць і пішу гумарыстычныя вершы для сяброў. Звычайная, адным словам”.

Наталля Драздова гаворыць, што шчасце — гэта гармонія з сабой, перыяд без унутраных супярэчлівасцей. “Гэта, на жаль, непастаянны час. Але ў жыцці шмат светлага, і яго трэба ўлоўліваць і акумуліраваць”. У гэты момант падаецца, што перад табой чалавек-ліхтарык, святла якога хопіць на ўсіх.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.