Некалькі візітовак для Магілёва

- 12:14Магілёўшчына

Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага, што размешчаны ў аграгарадку Буйнічы пад Магілёвам, вядомы дзякуючы цэламу шэрагу вельмі цікавых і ўдала рэалізаваных ініцыятыў.

Не толькі ў вобласці, але і ў іншых рэгіёнах краіны ведаюць пра Магілёўскі заасад. Сёння гэта адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў горада, можна сказаць, яго візітоўка — з моманту адкрыцця заасада (2005 год) яго наведалі звыш 2 млн чалавек.

Яшчэ два аб’екты, што маюць турыстычную перспектыву, — унікальны музей Канстанціна Сіманава, які быў сведкам вялікай бітвы на Буйніцкім полі ў 1941 годзе і завяшчаў развеяць свой прах над гэтай свяшчэннай зямлёй, а таксама музей пад адкрытым небам, дзе будзе ўвекавечана чалавечая годнасць.

І яшчэ адна візітоўка агралесатэхнічнага каледжа — выхаванне сапраўдных прафесіяналаў. Больш за 2,5 тысячы выпускнікоў установы адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. І новае пакаленне — сённяшнія навучэнцы і выпускнікі — працягвае папаўняць скарбонку дасягненняў знакамітага каледжа.

Візітоўка першая 


Выхаванне прафесіяналаў

Магілёўскі агралесатэхнічны каледж рыхтуе высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, гандлю і іншых галін эканомікі. “Большая частка выпускнікоў, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю, працягвае навучанне ў каледжы на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яе можна атрымаць не толькі ў дзённай, але і ў завочнай форме навучання, — расказвае дырэктар каледжа Георгій Мікалаевіч Маліноўскі. — Многія выпускнікі, атрымаўшы прафесію, адда­юць перавагу працы і працягваюць навучанне завочна. Пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі жадаючыя па бесперапыннай інтэграванай сістэме паступаюць ва ўніверсітэты”.

Выкладчык націскае на кнопку — спрацоўвае гідраўлічная сістэма, у падлозе ­адчыняецца люк, і адтуль “вырастае” рухавік. І такіх люкаў, дзе схаваны розныя вузлы трактароў і машын, у кабінеце некалькі. Такім чынам, эканоміцца прастора, а на­вучанне вядзецца непасрэдна на ўстрой­ствах. “Усё зроблена рукамі майстроў і навучэнцаў”, — падкрэслівае дырэктар.

Працягнуць сваю адукацыю могуць і педагагічныя работнікі. Выкладчыкі праходзяць павышэнне кваліфікацыі і стажыроўку ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, запрашаюцца ў мэтавую аспірантуру.

Каледж займае стабільна высокія месцы ў розных спаборніцтвах на лепшую арганізацыю адукацыйнай, выхаваўчай, спартыўнай дзейнасці сярод устаноў прафтэхадукацыі. Навучэнцы і выкладчыкі неаднаразова займалі прызавыя месцы на конкурсах “Лепшы па прафесіі”. Напрыклад, у той дзень, калі мы былі ў Магілёве, тут праходзіў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства Worldskills Belarus — 2018 па кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”. Было прыемна даведацца, што навучэнец агралесатэхнічнага каледжа Юрый Домчаў заняў 1-е месца.

У каледжы створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база. Ёсць тры вучэбныя корпусы, мехдвор з рамонтнымі майстэрнямі і пунктам тэхнічнага абслугоўвання машын і механізмаў, аўтадром, трактарадром, вучэбныя ўчасткі і палігоны, конна-спар­тыўная база, стралковы цір з ружэйнымі стэндамі. Машынна-трактарны парк кале­джа — гэта 26 трактароў, 6 збожжаўборачных камбайнаў, 40 аўтамабіляў і ўвесь комплекс сучасных сельскагаспадарчых машын.

“Прафесійная школа павінна праца­ваць не па малюнках і не па інтэрнэце, а толькі на натуры, — перакананы дырэктар кале­джа. — Як ні расказвай, як ні малюй (хоць у 3D), пакуль навучэнец сваімі рукамі не памацае, не адчуе — нічога не атрымаецца”.

У каледжы дзейнічае рэсурсны цэнтр, дзе праходзяць навучанне прадстаўнікі іншых сельскагаспадарчых устаноў адукацыі Магілёўшчыны. Дзякуючы Мінскаму трактарнаму заводу, тут устаноўлены ўнікальны стэнд на базе трактара “Беларус 3022.1”. Такіх у краіне ўсяго два — у каледжы імя К.П.Арлоўскага і ў вучэбным цэнтры МТЗ.

Георгій Мікалаевіч марыць пра харвестар вытворчасці “Амкадор”. “Калі б у нас з’явілася такая машына, мы маглі б разві­ваць экспарт адукацыйных паслуг, напрык­лад, рыхтаваць кадры для Смален­шчыны, — гаворыць дырэктар. — На працягу навучальнага года яна выкарыстоўвалася б у вучэбным працэсе, а летам магла б працаваць у лесе, на вытворчасці. На жаль, пакуль што гэта застаецца марай. Хаця для вытворцы перадача тэхнікі ва ўстанову адукацыі ў доўгатэрміновай перспектыве заў­сёды выгадная”.

Сёння сельскагаспадарчыя ўгоддзі каледжа займаюць звыш 200 га, паляўнічыя ўгоддзі — 10 тысяч га. Для якаснай падрыхтоўкі леснікоў створаны дэндрапарк, для егераў — біятэхнічныя збудаванні і збройныя стэнды. Дарэчы, на базе каледжа неаднойчы праходзілі чэмпіянаты краіны па стэндавай стральбе.

У агралесатэхнічным каледжы вядзецца падрыхтоўка будучых вадзіцеляў і трактарыстаў. Таксама тут працуе аўташкола для гараджан. Падабраны вельмі добры калектыў выкладчыкаў, ёсць неабходнае абсталяванне, створаны кабінет бяспекі дарожнага руху — усё гэта дае добры плён. У кале­джы ганарацца, што іх выпускнікі дэманстру­юць высокія паказчыкі пры здачы экзаменаў у ДАІ.

Творчае стаўленне да працы ў будучых спецыялістаў зараджаецца менавіта ў сценах каледжа. Да паслуг навучэнцаў — выдатны спартыўны комплекс, трэнажорная зала, стадыён. Ва ўстанове праводзяцца спартакіяды па 16 відах спорту. Любяць тут і мастацтва. Ёсць свой клуб з раскошным фае, сцэнай, актавай залай і касцюмернай. Для навучэнцаў працуюць харавы, драматычны, танцавальны, вакальна-інструментальны, эстрадны і іншыя гурткі мастацкай самадзейнасці. Творчыя калектывы кале­джа штогод даюць больш за 50 канцэртаў.

Дзеці жывуць у добраўпарадкаваным, вельмі ўтульным інтэрнаце з усімі сучаснымі зручнасцямі (кухня, пральня, сушыльня і г.д.). Дырэктар ганарыцца тым, што навучэнцы падтрымліваюць тут чысціню, і нават праз некалькі гадоў пасля рамонту сцены, падлога, мэбля — усё, як новенькае. Дзеці цэняць клопат і павагу да сябе. Георгій Мікалаевіч перакананы: выхаванцы павінны бачыць і пераймаць высокія стандарты побыту.

Тэрыторыя ўстановы таксама ўражвае сваімі маштабамі і добраўпарадкаваннем. Падчас экскурсіі па каледжы мы ўбачылі найлепшыя ўмовы для вучобы, працы, адпачынку і ўсебаковага развіцця дзяцей.

Візітоўка другая


Музей

Увогуле, у каледжы тры музеі: краязнаўчы музей “Спадчына” (8 зал, больш як 900 экс­панатаў), музей Канстанціна Сіманава, які зараз пераехаў у новы будынак і мае адбыцца як знакавы культурны аб’ект горада, а таксама музей пад адкрытым небам, што ствараецца рукамі навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа.

“Буйніцкая зямля святая, бо нашы продкі пралілі тут шмат крыві за Радзіму, — расказвае Георгій Мікалаевіч. — Побач тут некалі стаяла палатка шведскага караля Карла ХІІ, былі тут і французы, а ў Вялікую Айчынную вяліся страшэнныя баі. Уся тэрыторыя каледжа засыпана асколкамі. І зразумела, мы ўдзяляем вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню. Здавалася б, збітая фраза, але на гэтай зямлі яна мае вялікі сэнс”.

Тут змагаліся за Радзіму.

Канстанцін Сіманаў успамінаў, што менавіта на Буйніцкім полі ў 1941 годзе ён паверыў: мы пераможам. Мужнасць абарон­цаў Магілёва на пачатку вайны і потым, у 1944 годзе, пры вызваленні горада выклікае пачуцці і ў сучасных дзяцей.

Падчас вайны па тэрыторыі каледжа пралягала трэцяя нямецкая лінія абароны Магілёва, і тут захаваліся контуры траншэй, нямецкі дот, будынкі архіва, стайні. 2,5 года назад навучэнцы разам з педагогамі ўзяліся за аднаўленне гістарычных аб’ектаў і пачалі ствараць тут музей пад адкрытым небам.

“Навошта нам гэта трэба? Справа ў тым, што ў нас вучацца 16—20-гадовыя хлопцы. А лейтэнанту Мяльнову, які кіраваў разведротай і за 23 гадзіны выбіў фашыстаў з гэтага ўмацавання, было 19 гадоў. І кіраваў ён такімі ж юнакамі, як сам. Нашым гадаванцам трэба ведаць, што іх равеснікі жыццё пакла­лі за тое, каб мы былі”, — гаворыць Георгій Маліноўскі.

Музей спакваля прырастае ваеннай тэхнікай і прыцягвае ўсё больш увагі з боку лю­дзей, якія цікавяцца гісторыяй.

Візітоўка трэцяя


Заасад

У 2005 годзе ў каледжы з’явіўся свой заасад, размешчаны на плошчы 100 га. Гэта ўнікальны аб’ект не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Жывёлы тут жывуць ва ўмовах, максімальна набліжаных да прыродных. Сёння іх ужо больш як 200 — зубры, плямістыя і высакародныя алені, ласі, казулі, кабаны і інш. Калекцыя пастаянна папаўняецца.

Для навучэнцаў заасад — гэта вучэбная лабараторыя, прычым справы тут знаходзяцца для прадстаўнікоў усіх прафесій. Будучыя механізатары апрацоўваюць падкормачныя палі, падвозяць кармы. Догляд, лячэнне, санітарныя мерапрыемствы — справа будучых леснікоў і егераў. На тэрыторыі ёсць магазін, і будучыя прадаўцы набываюць там першы вопыт узаемаадносін з пакупнікамі.

Дырэктар каледжа Георгій Мікалаевіч Маліноўскі — адзін з пераможцаў абласнога конкурсу “Чалавек года” — працуе тут з 1987 года. Менавіта па яго ініцыятыве быў пабудаваны заасад, які з’яўляецца не толькі вучэбнай лабараторыяй для будучых спецыялістаў па прафесіях “ляснік”, “егер”, але і базай для рэабілітацыі жывёл.

У заасадзе ўстаноўлены камеры, і праз інтэрнэт з любой кропкі свету можна са­чыць за зубрамі і казулямі. У каледж былі тэле­фанаванні з Аўстраліі, Еўропы — людзям падабаецца такі сэрвіс.

Сёння заасад — адно з любімых месцаў для сямейнага адпачынку магіляўчан. Тут дзейнічае прагулачная чыгунка, якая падвозіць гасцей блізка да зуброў, ёсць экалагічная сцежка, аглядныя пляцоўкі, створаны водны шлях па Дняпры “З варагаў у грэкі”. Ужо зроблена прыстань, і цяпер Георгій ­Маліноўскі збіраецца набыць катар, каб можна было арганізоўваць прагулкі для гараджан па Дняпры.

Ёсць цудоўныя коні для выездкі і карэты. Плануецца, магчыма ўжо сёлета, ад­крыць парашутную вышку, а ў больш аддаленай перспектыве — канатную дарогу, музей рыб, сядзібу Дзеда Мароза, якая была б адкрыта круглы год, і батлейку.

Ёсць у Георгія Мікалаевіча мара пабудаваць энергаэфектыўную аграсядзібу з прыстанню. І ён пабудуе, можна не сумнявацца. Як толькі гэта адбу­дзецца, каледж зможа пачаць падрыхтоўку пакаёвак і экскурсаводаў.

Такім чынам, Георгій Маліноўскі не спыняецца здзіўляць. “Гэта не для мяне, — прызнаецца ён, — і нават не для маіх вучняў. Тое, што мы робім, — гэта для нашага Магілёва і для Беларусі”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ
і з архіва каледжа.