Непаўторны почырк Святланы Танцурынай

- 9:00Людзі адукацыі

Справядлівая, тактоўная, далікатная і спагадлівая. Яна прафесіянал, які тонка адчувае не толькі слова — дзе, што і як сказаць, але і людзей. Заўсёды знаходзіць агульную мову з бацькамі, навучэнцамі і ведае, як вырашыць любое пытанне, любы спрэчны момант. Усё гэта найбольш трапна характарызуе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Барысава Святлану Анатольеўну Танцурыну.

Нашаму калектыву пашанцавала працаваць з такім кіраўніком, як Святлана Анатольеўна. Яна — той педагог, які ў любой сітуацыі ў першую чаргу бу­дзе кіравацца маральнымі прынцыпамі і якасцямі, аднак не ва ўрон прафесіяналізму.

С.А.Танцурына скончыла Барысаўскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”. Сваю педагагічную дзейнасць пачынала ў сярэдняй школе № 1 Смалявіч. У верасні 1988 года перайшла ў сярэднюю школу № 15 Барысава (цяпер гімназія № 3).

Працуючы настаўніцай пачатковых класаў, Святлана Анатольеўна паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка, які скончыла ў 2003 годзе па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка”. Тады ж Святлане Анатольеўне была пры­своена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. У верасні 2007 года С.А.Танцурына прызначана намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Барысава.

Падчас работы яна паказвае сябе кваліфікаваным і ініцыятыўным кіраўніком, які бездакорна ведае нарматыўную дакументацыю па арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама тэорыю і метады кіравання адукацыйнымі сістэмамі. За поспехі ў арганізацыі і ўдасканаленні адукацыйнага працэсу, вялікі асабісты ўклад у практычную падрыхтоўку навучэнцаў педагог неаднаразова была ўзнагароджана граматамі ўпраўлення па адукацыі. І гэта больш чым заслужана: Святлана Анатольеў­на ўкладвае ў работу многа сіл і рэсурсаў.

Педагагічная дзейнасць кожнага настаўніка павінна мець свой непаўторны почырк. Стыль работы Святланы Анатоль­еўны адрозніваецца высокай патрабавальнасцю, метадычнасцю, уменнем актывізаваць творчую дзейнасць настаўнікаў.

Ва ўмовах высокіх патрабаванняў да ўдасканалення адукацыі Святлана Анатольеўна ўдзяляе шмат увагі павышэнню кваліфікацыі педагогаў гімназіі. Яна імкнецца стварыць асяроддзе, дзе настаўнікі змогуць удасканальваць узровень свайго майстэрства. Менавіта пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара адбываецца сама­адукацыя педагогаў, іх атэстацыя. Правільна і разумна, праз матывацыю, Святлана Танцурына арганізуе вучобу настаўнікаў, з’яўляецца іх куратарам.

У пачатковай школе, за якую адказвае Святлана Анатольеўна, пад яе кіраўніцтвам створана сістэма работы з адоранымі дзецьмі. Педагог удзяляе вялікую ўвагу практычнай дзейнасці вучняў, стварае ўмовы для ўсебаковага развіцця здольнасцей дзяцей праз даследчую дзейнасць. Вынікі такой работы ўражваюць: вучні нашай гімназіі становяцца пераможцамі раённых алімпіяд і міжнародных конкурсаў даследчага характару. Навучэнцы ўдзячны Святлане Анатольеўне за падтрымку, за дапамогу ў раскрыцці здольнасцей, за магчымасць сарыен­тавацца ў высокатэхналагічным канкурэнтным свеце.

За час работы ў гімназіі С.А.Танцурына зарэкамендавала сябе як творчы спецыяліст з выдатным узроўнем метадычнай падрыхтоўкі. Яна ставіць перад сабой і калектывам дакладныя задачы і заўсёды вырашэнне іх.
У гімназіі Святлана Анатольеўна курыруе работу навуковага таварыства малодшых школьнікаў. Яна арганізуе навукова-практычныя канферэнцыі, работу па ўкараненні і распаўсюджванні інавацыйнага вопыту сярод педагогаў. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму, у 2018 годзе Святлана Танцурына атрымала падзяку старшыні Барысаўскага раённага камітэта.

Наш калектыў вельмі ганарыцца такімі дасягненнямі калегі. Педагогі многаму вучацца ў яе, шмат у чым бяруць з яе прыклад. Менавіта сур’ёзны падыход і дакладна вызначаныя мэты дазваляюць настаўніцы дасягаць задуманага. А калі шчыра, то за ўсімі дасягненнямі стаіць карпатлівая праца, якая патрабуе вялікай аддачы. Цудоўна, калі ўзамен можна атрымаць большае — прызнанне калег, павагу бацькоў і любоў вучняў, такую шчырую, як і сама Святлана Анатольеўна.

Людміла КАРАТКОВА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3 Барысава.