Ніна Аляксееўна Ерахавец: “У педагогаў няма шэрых будных дзён”

- 12:47Людзі адукацыі

Ёсць людзі, якія, здаецца, выпраменьваюць пазітыўную энергію. Калі ты трапіў у зону гэтага выпраменьвання, то адразу адчуваеш эмацыянальны ўздым, жаданне мяняць да лепшага сваё жыццё і ўсё навокал. Такія людзі нічога спецыяльна не робяць, але зараджаюць гэтай энергіяй усіх, хто побач, абуджаюць веру ў лепшае. Менавіта за такія эмоцыі я дзякую маёй суразмоўцы Ніне Аляксееўне Ерахавец, з якой давялося пазнаёміцца напярэдадні новага навучальнага года. Ніна Аляксееўна выкладае гісторыю ў Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання і робіць будні навучэнцаў яркімі і нясумнымі. Яна шчодра дзеліцца сваім пазітыўным поглядам на жыццё і прафесію з дзецьмі, калегамі, а сёння і з чытачамі нашай газеты.

— Ніна Аляксееўна, раскажыце, дзе вы сустракалі ваш першы Дзень ведаў у якасці педагога?

— Я пачала працаваць настаўніцай у сярэдняй школе № 161 Мінска. І вельмі радавалася гэтаму дню, таму што незадоўга да гэтага ледзь не развіталася з марай працаваць у школе. Я толькі скончыла тады гістарычны факультэт педагагічнага ўніверсітэта. Вельмі хацелася хутчэй пайсці ў школу, ужо ўяўляла сабе, як буду вучыць дзяцей. Прыйшла з дыпломам у аддзел адукацыі аднаго з раёнаў Мінска, але аказалася, што месцаў няма, не было запыту на маладых спецыялістаў. Я памятаю, што ішла адтуль і плакала, таму што гарэла жаданнем працаваць. Праз некалькі дзён патэлефанаваў мой муж. Ён таксама педагог і на той час ужо некалькі гадоў працаваў у школе № 161. Аказалася, што ва ўстанове быў патрэбен настаўнік гісторыі. Я нават спачатку не паверыла мужу, падумала, што ён жартуе. Але гэта была праўда.Так і пачалася мая прафесійная дзейнасць. І вось некалькі дзён назад споўнілася роўна 15 гадоў, як я працую настаўніцай. 

— Чаму вы вырашылі выбраць менавіта гэтую прафесію?

— Сказаць па праўдзе, я толькі пад канец апошняга года свайго навучання ў школе вырашыла, куды буду паступаць. Я вучылася ў класе з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, таму былі думкі стаць перакладчыкам. Але потым прыйшло разуменне, што гэта не тое, чаго я сапраўды хачу. Вырашыла звязаць жыццё з гісторыяй. Але нават падчас навучання ў педуніверсітэце доўга бачыла сябе экскурсаводам, навукоўцам, уяўляла, як займаюся даследаваннямі, удзельнічаю ў археалагічных раскопках. Пра настаўніцтва думак амаль не было. На трэцім курсе пазнаёмілася з будучым мужам. Ён скончыў універсітэт і пайшоў працаваць у школу. Я назірала за тым, як ён уваходзіць у прафесію, бачыла, як яму гэта падабаецца. І зразумела, што і мне гэта таксама цікава. У выніку ўсё склалася менавіта так, як трэба, бо сёння я сябе проста не ўяўляю ў іншай прафесіі.

— У кожнага настаўніка ёсць свой уні­кальны стыль работы. Як вы знайшлі свой?

— Калі я прыйшла ў школу, пачала выкладаць у 9-х класах. Гэта ўжо не маленькія дзеці, і ў мяне быў страх, што з-за майго маладога ўзросту яны не будуць успрымаць мяне ўсур’ёз, будуць аспрэчваць мой аўтарытэт як настаўніка. Таму спачатку я была да іх вельмі строгай і патрабавальнай, магчыма, нават занадта. Адна з калег заўважыла, што дзеці мяне крыху баяцца. Я зразумела, што зусім не такія эмоцыі я хацела б выклікаць у дзяцей. Не хачу быць страшнай, хачу быць цікавай ім. У гэтым напрамку далей і развівалася. Сёння, на шчасце, я магу ўтрымліваць увагу любой аўдыторыі навучэнцаў, ствараючы добразычлівую, сяброўскую атмасферу на занятках.

— У вас ёсць цікавы вопыт — вы працавалі настаўніцай у школе, а зараз працуеце выкладчыцай у каледжы. Наколькі адрозніваецца работа ў гэтых установах?

— Так, сапраўды. 2 гады назад я адчула, што хачу нечага новага. Пра тое, каб змяніць сферу дзейнасці, думак не было, проста хацелася прымяніць свой вопыт у новых умовах. Якраз выпусціла свой клас і пачала разглядаць варыянты. Так і трапіла ў Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання і стала выкладчыцай. Канечне, у гэтай рабоце ёсць свая спецыфіка, аднак сутнасць не мяняецца. Таму вынаходзіць нанова веласіпед не патрэбна — я прадоўжыла рабіць тое ж, што рабіла ў школе. Пэўныя адрозненні ёсць. У школе ў настаўніка навучэнцы розных класаў — ад 5-га да 11-га. Да дзяцей рознага ўзросту патрэбны розныя падыходы. У каледжы ў гэтых адносінах прасцей — выкладчык працуе ўвесь час з адной узроставай катэгорыяй, няма неабходнасці “перастройвацца”. Гэта дарослыя дзеці — яны значна больш самастойныя, чым школьнікі. Затое часу на вывучэнне прадметаў менш — тое, што ў школе па гісторыі вывучаюць на працягу двух гадоў, у каледжы праходзяць за адзін семестр. Яшчэ адзначу, што ў каледжы прыходзіцца часцей развітвацца з дзецьмі. Здаецца, толькі прыкіпеў да іх сэрцам, а яны ўжо выпускнікі.

— Вы працуеце ў каледжы з падлеткамі. Гэта няпросты ўзрост. Як знайсці з імі паразуменне, устанавіць кантакт?

— З дзецьмі наогул трэба быць упэўненым, эмацыянальна ўстойлівым, з пачуццём гумару. З падлеткамі — тым больш. Трэба быць гатовым да дыялогу з імі. Сёння дзеці больш разняволеныя, свабодныя, яны многа ведаюць, бо растуць у насычаным рознай інфармацыяй асяроддзі і хочуць задаваць пытанні. Яны не баяцца выказваць свае думкі, аргументаваць іх. І трэба даваць ім такую магчымасць — гаварыць. Пры гэтым важна не абясцэньваць іх меркаванне і не навяз­ваць сваё. Трэба паказаць ім, што яны і іх пункт гледжання табе цікавыя. Да таго ж, у іх можна многаму павучыцца. Дарэчы, як гісторык я павінна адзначыць, што зараз унікальная сітуацыя ў гісторыі чалавецтва, калі маладое пакаленне многаму вучыць старэйшае. Ва ўсе часы было толькі наадварот.

— А што наконт матывацыі? Нярэдка педагогі, якія выкладаюць агульнаадукацыйныя прадметы ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, адзначаюць, што матываваць навучэнцаў няпроста. Яны ўжо нацэлены на атрыманне прафесіі, набыццё менавіта прафесійных навыкаў і не лічаць неабходным для сябе вывучаць нешта яшчэ. Ці сустракаліся вы з такімі сітуацыямі?

— Матываваць навучэнцаў — гэта ўвогуле важная частка работы педагога. Сапраўды, бывае, што зрабіць гэта няпроста. Здараецца, прыходзіш у групу, прапануеш ім цікавую тэму, а ў адказ чуеш: “А можа, мы лепш проста ў тэлефонах пасядзім?”. Гэта ж падлеткі — яны прама кажуць усё, што думаюць. Што рабіць у такім выпадку? Здзіўляць! Была ў мяне аднойчы група з такім абыякавым і апатычным настроем. На заняткі па тэме “Мастацтва” я прынесла ім фарбы, пэндзлі, аркушы. Дзеці такога не чакалі — большасць з іх даўно не займаліся маляваннем. Але на прапанову адразу ж адгукнуліся. Я нарэшце ўбачыла ў іх вачах агеньчык цікаўнасці. І мы малявалі. А пакуль малявалі, пагаварылі пра мастацтва, культуру. А потым разглядалі малюнкі і спрабавалі суаднесці іх са стылямі жывапісу. Знайшлі і сюррэалізм, і сімвалізм, і экспрэсіанізм. Вось так і ўстанавілі з гэтай групай кантакт. Я лічу, што галоўнае — не быць раўнадушным да падлеткаў, трэба шукаць падыход — і ён абавязкова знойдзецца.

Дарэчы, нацэленасць на прафесію таксама выкарыстоўваю для матывацыі навучэнцаў. У прадмеце заўсёды можна знайсці нешта, што звязана з будучай прафесіяй. Напрыклад, калі мы вывучаем на занятках па грамадазнаўстве глабальныя праблемы сучаснасці, то з будучымі электрамеханікамі акцэнтуем увагу на пытаннях выкарыстання энергарэсурсаў. З будучымі сацыяльнымі работнікамі на такіх занятках больш размаўляем пра валанцёрства. Карыснымі мо­гуць быць і сумесныя тэматычныя экскурсіі. На­прыклад, з навучэнцамі, якія ста­нуць спецыялістамі па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг, мы абавязкова ходзім у Музей грошай. Такім чынам, вывучаючы гісторыю і грамадазнаўства, навучэнцы адначасова паглыбляюцца ў атмасферу сваёй прафесійнай дзейнасці.

Заўсёды добра працуе на ка­рысць матывацыі краязнаўчы кампанент. Падчас вывучэння розных тэм прапаноўваю дзецям знайсці інфармацыю па тэме заняткаў, звязаную з той мясцовасцю, дзе кожны з іх нарадзіўся і рос. Паводле сабранага матэрыялу яны робяць творчы прадукт — прэзентацыю, буктрэйлер, буклет, відэакліп. Гэта заўсёды цікава, таму што ў каледжы вучацца дзеці з самых розных куткоў Беларусі. У мінулым навучальным годзе ў нас вучыліся прадстаўнікі больш чым 40 розных гарадоў і мястэчак.

— Вы займаецеся з навучэнцамі даследчай дзейнасцю?

— Так, і гэта яшчэ адзін са спосабаў матываваць і зацікавіць падлеткаў. Напрыклад, я прапанавала навучэнцам расказаць аб помніках, малых архітэктурных формах, якія ёсць у іх родных гарадах. Аказалася, іх многа і сярод іх ёсць незвычайныя, унікальныя аб’екты. Мы сабралі інфармацыю, сістэматызавалі яе: падзялілі ўсе скульптуры на групы — памятнікі выбітным асобам, прадстаўнікам розных прафесій, жывёлам, арт-аб’екты. Атрымалася грунтоўнае даследаванне.

Я сама цікаўлюся і займаюся даследаваннямі, гэта маё прафесійнае хобі. Знаёмячыся з навучэнцамі, расказваю ім пра гэтую дзейнасць і запрашаю далучыцца. Абавязкова знаходзяцца жадаючыя, і так фарміруецца мой “крэатыўны штаб”. Са сваімі работамі навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у канферэнцыях, конкурсах. У мінулым навучальным годзе былі атрыманы дыпломы І ступені на раённых краязнаўчых чытаннях для навучэнцаў і педагогаў устаноў адукацыі ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай мола­дзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, на Навукова-практычнай маладзёжнай канферэнцыі “Першы крок у навуку” ў рамках кірмашу інавацыйных ідэй Smartpatent-2019, на гарадской канферэнцыі навучэнцаў і работнікаў устаноў ПТА і ССА “Мы — нашчадкі Перамогі!”, на XIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”.

— Думаецца, што ваша імкненне зацікавіць навучэнцаў, зрабіць працэс навучання яскравым і разнастайным, а таксама вопыт даследчай работы з навучэнцамі паспрыялі стварэнню педагагічнага праекта…

— Так. Усё пачалося з выязных заняткаў. На першым курсе навучэнцы здаюць экзамен па ўсім курсе гісторыі. На паўтарэнне адво­дзіцца 10 пар. Можна было б сядзець ва аўдыторыі і разбіраць білеты, але я лічу, што гэта не вельмі прадукцыйна. Вырашыла, што кожнай з буйных тэм, якую мы паўтараем, будзе прысвечана наведванне цікавых месцаў, звязаных з гэтай тэмай. Паўтараем тэму Вялікай Айчыннай вайны — ідзём у музей ВАВ, гаворым пра пасляваенны час — наведваем музей-майстэрню Заіра Азгура. Пра гісторыю культуры нашай краіны добра паразважаць у Нацыянальным мастацкім музеі, музеі гісторыі музычнай і тэатральнай культуры. На месцы паглыбляемся ў тэму і паўтараем адразу некалькі білетаў да экзамена. Такія заняткі пакідаюць яркія ўражанні ў навучэнцаў, а значыць, атрыманая інфармацыя замацуецца ў памяці. Потым я пачала ствараць аўтарскія маршруты адукацыйных падарожжаў. Навучэнцы атрымліваюць картасхемы, маршрутныя лісты з заданнямі, раздатачны і дыдактычны матэрыял і з гэтым усім адпраўляюцца ў падарожжа. Быў распрацаваны маршрут “Ад школьнай лаўкі да Нобелеўскай прэміі”, у межах якога навучэнцы наведваюць і знаёмяцца з 8 помнікамі прадстаўнікам розных прафесій у Мінску і выконваюць заданні. Гэта і стала асновай праекта “Адукацыйнае падарожжа як сродак развіцця прадметных і метапрадметных кампетэнцый будучых спецыялістаў на вучэбных занятках па гісторыі, грамадазнаўстве і ў пазавучэбнай дзейнасці” (за распрацоўку гэтага праекта Ніна Аляксееўна ўдастоена прэміі Мінгарвыканкама. — Заўвага аўтара).

— Зараз вы рыхтуецеся да выступлення на заключным этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Раскажыце, з чаго для вас пачаўся конкурсны шлях?

— Для мяне ўсё пачалося 6 гадоў назад, калі ў конкурсе ўдзельнічаў мой муж, Аляксандр Міхайлавіч Ерахавец. Я актыўна дапамагала яму ў падрыхтоўцы, у нас быў паспяховы творчы тандэм. Муж кажа, што я стала яго “баявой сяброўкай”. Ён дайшоў да заключнага этапу конкурсу, стаў фіналістам. Поруч з ім гэты шлях прайшла і я. Ужо тады з’явілася думка, што я і сама хацела б паспрабаваць сябе ў конкурсе. Так што ўступала ў барацьбу я ўсвядомлена. Калі кагосьці з канкурсантаў пераконвалі, угаворвалі паўдзельнічаць, то я хацела гэтага сама.

Удзел у конкурсе мяне акрыляе. Нават навучэнцы гэта заўважылі: калі я прыходзіла на заняткі пасля выканання конкурсных заданняў, яны адзначалі мой эмацыянальны ўздым. Мне ніколі не падабаўся эфект латарэі, калі поспех прыходзіць выпадкова. А вось калі ты прыкладаеш шмат намаганняў і атрымліваеш вынік — гэта асаблівая асалода. І гэта якраз пра конкурс. Вельмі дапамагае падтрымка сям’і і калег, якую я ўвесь час адчуваю. Я ўдзячна ім за гэта.

— Сярод удзельнікаў конкурсу “Настаўнік года” пераважная большасць — супрацоўнікі школ і гімназій. Як думаеце, чаму выкладчыкі, якія працуюць у сістэме ПТА і ССА, не так актыўна ­ўдзельнічаюць у конкурсе?

— У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Працуючы ў гэтай сістэме, я сустракаю мноства цудоўных выкладчыкаў — вопытных, крэатыўных, яркіх. Многія маглі б прэтэндаваць на ганаровае званне “Настаўнік года”. Не ведаю, што іх спыняе.

Канечне, для прадстаўнікоў сістэмы ПТА і ССА ёсць пэўныя складанасці на конкурсе. Галоўная — узрост навучэнцаў. Па правілах конкурсу, трэба правесці падрыхтаваныя заняткі і ўрок у незнаёмым класе. І на гэтых двух занятках павінны быць навучэнцы розных узростаў. І калі ты рыхтуеш заняткі са старэйшымі навучэнцамі, бо менавіта яны вучацца ў каледжах і ліцэях, то на ўроку ў незнаёмым класе будуць вучні сярэдняга звяна. Для педагога, які ніколі не працаваў з дзецьмі такога ўзросту, гэта няпроста. Канечне, важна паказаць свае творчыя, інтэлектуальныя здольнасці, праявіць сябе як асобу, і ўсё ж самае галоўнае — тое, як ты працуеш з дзецьмі. Пры гэтым я не думаю, што гэта невырашальнае пытанне. І спадзяюся, што мае калегі з устаноў ПТА і ССА яшчэ праявяць сябе на конкурсе.

— Відавочна, што вы любіце сваю прафесію. Раскажыце, што вам падабаецца ў ёй?

— Мне падабаецца дынаміка — педагог заўсёды ў руху, навокал усё імчыцца, віруе, кіпіць. І ты заўсёды ў цэнтры гэтай энергіі жыцця. У педагога няма шэрых будных дзён — увесь час адбываецца нешта новае. Трэба заўсёды быць у тонусе — інакш нельга. Трэба заўсёды заходзіць у аўдыторыю з усмешкай. Менавіта ўсмешку лічу галоўным атрыбутам сучаснага настаўніка. А самае галоўнае, безумоўна, дзеці. Бачыць, як яны раскрываюцца, пачынаюць табе давяраць, заўважаць, як у іх вачах абуджаецца цікаўнасць, як праяўляюцца іх фантазія і творчасць, усведамляць, што твае намаганні ўвасабляюцца ў іх дасягненнях — вось для чаго я кожны дзень іду на работу.

— Якім вы бачыце ідэальнага педагога і што лічыце ідэальнымі ўмовамі для работы?

— Я лічу, што ідэальны педагог — гэта шчаслівы чалавек, які любіць сваю работу, сям’ю, вучняў і любіць жыццё. А ідэальныя ўмовы — гэта калі работа з’яўляецца для чалавека зонай камфорту, калі ў калектыве пануе добразычлівая псіхалагічная і эмацыянальная атмасфера.

— Дзякуй за размову! Жадаем вам і ўсім педагогам, каб у кожнага ў новым навучальным годзе былі ідэальныя ўмовы для работы!

Гутарыла Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва Н.А.Ерахавец.