Новыя інтэграваныя класы для першакласнікаў з аўтызмам

- 15:12Апошнія запісы, Рознае, Спецыяльная адукацыя

У новым навучальным годзе ў Мінску было адкрыта адразу пяць інтэграваных класаў для першакласнікаў з аўтызмам — у агульнаадукацыйных школах №№ 5, 81, 108, 104, 187. Упершыню ў нашай краіне ў масавую школу прыйшлі 6—7-гадовыя дзеці з цяжкімі формамі аўтызму. Гэта было сумеснае рашэнне іх бацькоў і спецыялістаў, якія рэкамендавалі такім дашкольнікам навучанне менавіта ў інтэграваных класах.

Урачыстая лінейка для трох навучэнцаў

Першы ў краіне клас для дзяцей з расстройствамі аўтычнага спектра быў адкрыты ў верасні мінулага года ў сярэдняй школе № 5 Мінска. Адначасова на базе гэтай жа ўстановы арганізавалі рэсурсны цэнтр па аказанні комплекснай дапамогі дзецям з такім парушэннем. Вынікі работы першага інтэграванага класа былі станоўчымі. Паміж звычайнымі вучнямі і дзецьмі з аўтызмам ўстанавіліся добрыя сяброўскія адносіны. Немалаважную ролю ў гэтым працэсе адыграла тое, што бацькі асаблівых дзяцей поўнасцю давяралі педагогам.
Сёлета мы завіталі ў сталічную сярэднюю школу № 187, дзе першага верасня прайшла ўрачыстая лінейка для… трох першакласнікаў з аўтызмам — Ільі, Мікалая і Макарыя. Яна адбылася адразу пасля заканчэння агульнашкольнай лінейкі і была непрацяглай па часе, з меншай колькасцю ўдзельнікаў і гасцей, таму што ў дзяцей з аўтызмам павышаная сенсорная адчувальнасць, ім неабходна паступова прывыкаць да шумных школьных мерапрыемстваў і ўвагі з боку вялікай колькасці незнаёмых людзей.
На свяце першага званка ў школе прысутнічалі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Савецкага раёна Мінска і грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, а таксама духоўнік з МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” айцец Сергій (Цімашэнкаў). Павіншаваў першакласнікаў і расійскі фонд садзейнічання вырашэнню праблем аўтызму “Выхад”. Бацькі з Расіі падарылі ў кожны з пяці першых класаў вышэйназваных школ па наборы вучэбных і развіццёвых матэрыялаў “Аўтызон”. Першакласнікі атрымалі таксама сімвалічныя падарункі ад старшакласнікаў, а госці і ўсе дарослыя, якія прысутнічалі на лінейцы, пажадалі дзецям удачы на шляху да ведаў. А пасля ўрачыстасці вучняў, бацькоў і настаўнікаў аб’яднала душэўная размова і салодкі стол у класе.

Навучанне, заснаванае на любові і клопаце

“Калі дзеці з асаблівасцямі ў развіцці будуць вучыцца дома, калі кантакт з равеснікамі ў іх будзе абмежаваны, то ў будучым яны не змогуць належным чынам адаптавацца да жыцця ў грамадстве і будуць цалкам залежаць ад падтрымкі іншых людзей і дзяржавы, — адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 187 Мінска Андрэй Валянцінавіч Топараў. — Дзякуючы інтэграванаму навучанню і выхаванню мы зможам падрыхтаваць асаблівых дзяцей да дарослага жыцця, надаць ім упэўненасці ў сваіх сілах, дапамагчы асвоіцца ў грамадстве. Яны навучацца рэалізоўваць свае здольнасці і ў будучым уладкуюцца на работу. У сваю чаргу калі звычайныя дзеці з ранняга ўзросту будуць расці і вучыцца побач з асаблівымі равеснікамі, то набыты імі станоўчы вопыт такіх узаемаадносін абавязкова “спрацуе” ў дарослым жыцці. Напрыклад, пры вырашэнні пытання, прымаць ці не прымаць на работу чалавека з асаблівасцямі”.
Дзеці з АПФР у сярэдняй школе № 187 вучацца ўжо не першы год. Яны займаюцца па вучэбных праграмах для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. Але з’яўленне ва ўстанове дзяцей з аўтызмам стала ўсё ж нечаканасцю для яе калектыву. Рашэнне аб адкрыцці такіх класаў у кожным раёне сталіцы прымаецца гарадскімі ўладамі. У Савецкім раёне Мінска была абрана менавіта 187-я школа. Агульнымі намаганнямі ва ўстанове былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для навучання дзяцей з аўтызмам. Акрамя асноўнага класа, ім быў прадастаўлены рэсурсны клас з мэбляй, зробленай спецыяльна для асаблівых дзяцей. Амаль усё ў гэтым класе змайстравана рукамі бацькоў і набывалася за іх асабістыя сродкі. У памяшканні ёсць зона адпачынку і зона для карэкцыйных заняткаў па сенсорнай інтэграцыі. Абсталявана адукацыйная зона для індывідуальнай работы. У кожнага з дзяцей ёсць свая “кабінка” для заняткаў, з дакладна структураванай прасторай, дзе кожная рэч хлопчыкаў знаходзіцца на пэўным, вызначаным месцы. Для дзяцей прадугледжаны спецыяльныя навушнікі, якія прыглушаюць рэзкія староннія гукі, але дазваляюць пачуць словы настаўніка. У класным пакоі таксама ёсць зона для агульнакласнай франтальнай работы настаўніка з дзецьмі, падчас якой матэрыял выкладаецца педагогам адразу для ўсіх вучняў.
Калі вырашалася пытанне, хто будзе працаваць з асаблівымі дзецьмі, многія педагогі праяўлялі няўпэўненасць, ці справяцца яны. А найбольшую зацікаўленасць у навучанні Ільі, Мікалая і Макарыя выказала малады спецыяліст настаўнік-дэфектолаг Ганна Канстанцінаўна Дашкевіч. З дзецьмі з цяжкасцямі ў навучанні яна ўжо папрацавала год. Класным жа кіраўніком новага інтэграванага класа стала настаўніца пачатковых класаў Марына Уладзіміраўна Дасько. Дзяцей з асаблівасцямі ва ўстанове пастаянна суправаджаюць цьютары. Усе спецыялісты школы за лета прайшлі навучанне асновам паводзінскага аналізу такіх дзяцей і асаблівасцям іх структураванага навучання. Для паўнацэннай арганізацыі работы ў гэтым класе патрэбны яшчэ два спецыялісты — па сенсорнай інтэграцыі і педагог-псіхолаг. Пытанне зараз у стадыі вырашэння. Хлопчыкі таксама загадзя рыхтаваліся да сур’ёзных перамен у сваім жыцці, летам яны наведвалі школу, прывыкалі да яе.
У першыя месяцы навучальнага года Ілья, Мікалай і Макарый будуць займацца асобна ад усяго класа. Нават на вуліцы тры хлопчыкі гуляюць сёння не разам з іншымі школьнікамі, а ў асобным дворыку. Педагогі не перагружаюць іх вучобай, а імкнуцца дарыць шмат пазітыўных эмоцый. Праз нейкі час хлопчыкі пачнуць больш цесна кантактаваць з аднакласнікамі і прысутнічаць на некаторых уроках побач з імі.
Вучэбныя праграмы, па якіх займаюцца Ілья, Макарый і Мікалай (двое — па праграме першага аддзялення дапаможнай школы і адзін — па праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні), настаўнік-дэфектолаг адаптуе пад асаблівасці кожнага з іх. Бадай, самая галоўная адметнасць хлопчыкаў у тым, што традыцыйны дыялог з імі наладзіць немагчыма, таму што яны не размаўляюць. Каб кантактаваць з імі, выкарыстоўваюцца сродкі альтэрнатыўнай камунікатыўнасці — камунікатыўныя альбомы, сігнальныя карткі, іншыя візуальныя сродкі. З дапамогай апорных карцінак, напрыклад, дзеці вучацца самастойна планаваць свой час. На малюнках адлюстраваны тыя дзеянні, якія вучням трэба выконваць на працягу дня. З дапамогай картак яны паведамляюць дарослым інфармацыю аб сабе, аб сваіх просьбах і жаданнях. Хлопчыкі, напрыклад, па карцінках выбіраюць прыз, які жадаюць атрымаць. Гэта можа быць і салодкі пачастунак. Але прыз даецца за нешта істотнае: напрыклад, за выкананне вучэбных заданняў. За поспехі ў вучобе настаўнік падчас урокаў уручае ім жэтоны (манеткі). Пэўная колькасць манетак дае права на атрыманне жаданага пачастунку.
“Гэтым дзецям трэба аддаваць усю сваю любоў, цяпло і ўвагу, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Ганна Канстанцінаўна Дашкевіч. — У той жа час неабходна і строгасць, каб яны не забываліся, што знаходзяцца ў школе. Я стараюся “чытаць” іх міміку і жэсты, расшыфроўваю сэнс рухаў, каб ведаць, што яны адчуваюць, чаго жадаюць. Дакладна ведаю, што дзеці з аўтызмам не ўмеюць хлусіць. Калі капрызнічаюць, значыць, на гэта ёсць прычына. Трэба імкнуцца разумець іх і адносіцца як да самых звычайных дзяцей, бо ў іх такія ж патрэбы, як і ва ўсіх”.

Ад інтэграванага класа да інклюзіўнай школы

“Мы вядзём сваіх дзяцей у школу з упэўненасцю, што там ім будзе добра, што яны стануць паўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, — гаворыць старшыня МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” мама першакласніка Ільі Таццяна Якаўлева. — Мы, бацькі, гатовы і далей аддаваць усе сілы і ўкладваць сродкі ў стварэнне ў навучальнай установе спрыяльнай атмасферы для нашых дзяцей, мы зацікаўлены ў навучанні спецыялістаў найноўшым методыкам работы з дзецьмі з аўтызмам. Плануем распаўсюджваць наш вопыт на іншыя школы і рэгіёны Беларусі. Спадзяёмся, што наш інтэграваны клас стане першым крокам да стварэння першай у краіне інклюзіўнай школы, у якую будуць хадзіць усе дзеці, незалежна ад абмежаванняў.
Ужо арганізавана актыўная група бацькоў старэйшых дзяцей, якія гатовы прывесці іх у агульнаадукацыйныя школы на сярэднюю школьную ступень і ў супрацоўніцтве з установамі адукацыі стварыць умовы для паспяховай вучобы сваіх дзяцей. Пакуль у сярэдніх класах няма дзяцей з аўтызмам: у старэйшым узросце ўсе яны навучаюцца дома або ў спецшколах”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.