Новыя задачы патрабуюць адказных рашэнняў

- 14:16Якасць адукацыі

Перад пачаткам работы калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама яе ўдзельнікі азнаёміліся з выставай інавацыйных праектаў і распрацовак навучэнцаў і педагогаў Гродзеншчыны. Гэтая выстава наглядна прадэманстравала дасягненні сістэмы адукацыі рэгіёна, развіццё даследчых і творчых здольнасцей навучэнцаў, іх удзел у грамадскіх і валанцёрскіх акцыях.

А дасягненняў у навучэнцаў і педагогаў Гродзенскай вобласці ў мінулым годзе было нямала. Абласная каманда ўвайшла ў тройку лепшых у краіне па выніках удзелу ў прадметных алімпіядах і спартакіядзе школьнікаў. Выпускнікі школ прадэманстравалі стабільна высокі ўзровень на цэнтралізаваным тэсціраванні. Заваяваны два бронзавыя медалі на міжнародных прадметных алімпіядах. Гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна — адзіная ў рэспубліцы ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, якая стала лаўрэатам прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.

Гродзенская вобласць  адзначана ў краіне як лепшая па выніках летняга аздараўлення. У лагерах розных тыпаў летам адпачылі каля 63 тысяч дзяцей і падлеткаў. Паспяхова рэалізаваны праект “Лагер у маляўнічай мясцовасці”.

У мінулым годзе ўведзены шэс ць новых аб’ектаў: дзве школы — у Гродне і Астраўцы, два дзіцячыя садкі — у Астраўцы і Лі­дзе, Дом дзіцячай творчасці ў Астраўцы, дом сямейнага тыпу ў Ленінскім раёне Гродна.

Па выніках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2019” галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджана спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За дзейсную працу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і эфектыўнае ўкараненне інавацыйных форм мастацкай творчасці моладзі” і адзначана гран-пры фестывалю і 32 дыпломамі.

Адзначыўшы ў сваім выступленні дасягненні галіны, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык засяродзіў увагу на тым, у якім кірунку павінна развівацца сістэма адукацыі рэгіёна, якія важныя пытанні трэба будзе вырашаць. Так, у дашкольнай адукацыі ўвага будзе ўдзелена далейшаму забеспячэнню яе крокавай даступнасці, бяспецы дзяцей, кадраваму патэнцыялу. Найбольш востра пытанне даступнасці дашкольных устаноў стаіць у мікрараёнах-новабудоўлях Гродна і Скідзеля Гродзенскага раёна. У 2020 годзе па інвестпраграме бу­дзе пачата будаўніцтва садка ў мікрараёне Грандзічы і ў Скідзелі. Звярнуў увагу Р.Ю.Абрамчык і на сітуацыю з вялікай колькасцю пропускаў па бытавых прычынах у дзіцячых садках Кастрычніцкага раёна Гродна, Лідскага, Смаргонскага, Бераставіцкага раёнаў.

Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання ў 2019 годзе паказваюць, што па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя хіміі, фізікі, французскай і нямецкай моў, як і ў 2018 годзе, выпускнікі ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці паказалі вынікі вышэйшыя, чым рэспубліканскі паказчык, што дазволіла вобласці заняць другое месца ва ўмоўным рэспубліканскім рэйтынгу. Стабільна высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні дэманструюць выпускнікі Гродна і Смаргонскага раёна.

У 166 установах адукацыі вобласці 7516 вучняў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі (64,2%) вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі і важ­насць мэтавай падрыхтоўкі выпускнікоў педагагічных і аграрных класаў, асабліва ў сувязі з тым, што ў гэтым годзе адбудзецца першы выпуск аграрных класаў. У профільных класах і групах педагагічнай накіраванасці ў вобласці вучацца 835 вучняў, у класах і групах аграрнай накіраванасці — 426 чалавек.

Будзе працягнута работа па забеспячэнні школ сучасным вучэбным абсталяваннем. За два апошнія гады па лініі Міністэрства адукацыі ў вобласць пастаўлены 31 кабінет хіміі, 3 кабінеты біялогіі, 112 мультыбордаў. Актыўна самастойна праводзяць гэтую работу ў Ваўкавыскім, Лідскім, Ашмянскім, Навагрудскім, Астравецкім, Смаргонскім раёнах і Гродне. За кошт сродкаў інвестыцыйнай праграмы Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе будзе весціся будаўніцтва 12 аб’ектаў, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў плануецца капітальна адрамантаваць 17, за кошт сродкаў Сусветнага банка — 10 устаноў.

У вобласці выбудавана мадэль прафесійнага навучання з улікам запытаў навучэнцаў, спецыфікі рэгіёна, наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравых рэсурсаў. Прафесійная падрыхтоўка ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне” арганізавана для 3812 навучэнцаў 10—11-х класаў. Праф­падрыхтоўка ажыццяўляецца па 39 прафесіях, у тым ліку на базе ўстаноў прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— У сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі асноўнай задачай застаецца якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, выключэнне дубліравання спецыяльнасцей, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, — адзначыў Руслан Абрамчык. — Працягнецца практыка стварэння на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэсурсных цэнтраў. У найбліжэйшы час адкрыецца чарговы рэсурсны цэнтр для падрыхтоўкі спецыялістаў па тэхнічных спецыяльнасцях на базе Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Ён будзе выкарыстоўвацца навучэнцамі і іншых устаноў адукацыі, а таксама для заняткаў па прафарыентацыі вучняў аграрных класаў. На базе рэсурсных цэнтраў плануецца перападрыхтоўка спецыялістаў, напрыклад, у Жыровічах — трактарыстаў-выпрабавальнікаў для работы на прадпрыемствах машынабудаўнічай галіны.

У рэгіёне ўжо дзейнічаюць пяць рэсурсных цэнтраў рознага профілю па кірунках лёгкай прамысловасці, будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі,  кулінарыі.

Новым этапам у развіцці работы з адоранымі стане стварэнне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Як падкрэсліў Р.Ю.Абрамчык, трэба актывізаваць работу шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі, прапрацаваць пытанні па ўмацаванні іх базы сучасным абсталяваннем, па пошуку адпаведных педагогаў. Была адзначана і праблема састарэлай тэхнікі. Актыўна вырашаюць гэтую праблему ў Гродзенскім, Мастоўскім, Навагрудскім, Слонімскім раёнах.

— Інвестыцыі ў моладзь — гэта інвестыцыі ў будучыню, таму выхаваўчая і ідэалагічная работа была і будзе заставацца найважнейшым складнікам адукацыйнага працэсу. Важна, каб мерапрыемствы, якія праводзяцца з навучэнцамі,  набывалі не толькі маштабны характар, але і былі напоўнены практычным якасным зместам, а ідэалагічная работа праводзілася не толькі з навучэнцамі, але і ўнутры педагагічных калектываў, — падкрэсліў Р.Ю.Абрамчык.

На гэта таксама звярнулі ўвагу намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Лілія Кір’як.

В.Ф.Пранюк адзначыў важнасць удасканалення работы псіхалагічнай службы ва ўстановах адукацыі.

— Задача кіраўніка ўстановы адукацыі — забяспечыць псіхолагам умовы працы, дастойную заработную плату, вызваліць іх ад неў­ласцівых абавязкаў, стымуляваць павышэнне імі прафесійнага ўзроўню, у тым ліку за кошт асваення замежных методык. Акрамя таго, веды па псіхалогіі павінны быць ва ўсіх педагогаў, — сказаў Віктар Пранюк. — Вельмі важна, каб у нас сфарміравалася ўзаемадзеянне паміж школай, сям’ёй і дзецьмі. Калі дзіця трапляе ў цяжкую сітуацыю, ніхто не павінен заставацца ўбаку.

Вопыт работы па фарміраванні эфектыўнай сістэмы кіравання якасцю адукацыі прадставіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аксана Тарасевіч. Пра стварэнне ўмоў для паўнавартаснага развіцця асобы расказаў начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянцін Ціхановіч. Выступленне дырэктара Гродзенскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ірыны Кажура было прысвечана пытанням абароны правоў дзяцей, рабоце па папярэджанні і карэкцыі крызісных сітуацый.

На пасяджэнні калегіі былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод упраўленняў і аддзелаў адукацыі, навучальных устаноў. Сярод лепшых — аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна, упраўленні адукацыі Мастоўскага і Ашмянскага райвыканкамаў, Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1, Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхналагічны каледж, Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя І.Счаснага, Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.