Пачаць з сябе — добрая звычка

- 11:24Людзі адукацыі

“Калі вучу іншых, то вучуся і сама. Ніколі не спыняюся на дасягнутым, а працэс самаадукацыі адбываецца кожны дзень. Каб зрабіць урокі цікавымі, пазнавальнымі, выкарыстоўваю эфектыўныя метады і формы правядзення заняткаў, якія садзейнічаюць навучанню, развіццю і выхаванню дзяцей. А галоўнае, імкнуся, каб дзеці ішлі на мае ўрокі з радасцю”, — лічыць настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3 Віцебска Надзея Міхайлаўна Бурэўская.

З цеплынёй у душы ўспамінае яна сваю першую настаўніцу Матрону Якаўлеўну Жукоўскую. Сваім прафесіяналізмам, асабовымі якасцямі, добрымі адносінамі і ўменнем працаваць з дзецьмі і бацькамі яна натхніла Надзею Міхайлаўну выбраць прафесію настаўніка пачатковых класаў. З добрай усмешкай Н.М.Бурэўская ўспамінае, як падчас вучобы ў 8—10 класах з вялікай ахвотай дапамагала настаўнікам пачатковых класаў праводзіць розныя пазакласныя мерапрыемствы, аказвала дапамогу вучням. Яна не толькі выдатна вучылася, але і актыўна ўдзельнічала ў піянерскім жыцці савета дружыны.

Надзея Міхайлаўна скончыла школу з сярэбраным медалём і ў 1995 годзе паступіла ў Аршанскі педагагічны каледж, дзе атрымала спецыяльнасць “Настаўнік пачатковых класаў, выхавальнік дашкольнай установы”. Затым, ужо працуючы па накіраванні ў весцы Прысушана Віцебскага раёна, завочна вучылася з 2001 па 2006 год у ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Настаўнік беларускай мовы і літаратуры”. На працягу 18 гадоў працоўная дзейнасць Надзеі Міхайлаўны была звязана з Віцебскім райвыканкамам, дзе і адбывалася яе станаўленне як метадыста аддзела па адукацыі і намесніка дырэктара па вучэбнай дзейнасці. У 2016 годзе Н.М.Бурэўская была запрошана на працу ў гімназію № 3 Віцебска.

Надзея Міхайлаўна лічыць, што быць першай настаўніцай — гэта высакародна і вельмі адказна, таму што бацькі давяраюць ёй самае дарагое, што ў іх ёсць, — сваіх дзяцей. Напэўна, няма на свеце бацькоў, якіх бы не хвалявалі поспехі ў вучобе іх дзяцей. І менавіта ад першай настаўніцы залежыць, як складзецца гімназічнае жыццё навучэнцаў, як бацькі будуць ставіцца да навучальнай установы, ці стануць яны для настаўніка вернымі паплечнікамі, аднадумцамі. Для гэтага, лічыць Надзея Міхайлаўна, трэба, па-першае, любіць дзяцей, а па-другое, знайсці падыход да кожнага вучня, бо ўсе яны такія розныя і па-свойму непаўторныя.

Усе ўрокі нашай гераіні розныя: урок-гульня, урок-падарожжа, урок-дыспут, урок-казка. На занятках настаўніца выкарыстоўвае дыферэнцыраваныя заданні — кожны вучань можа выканаць заданні згодна са сваім узроўнем падрыхтоўкі. Таму дзецям і цікава, і псіхалагічна камфортна на ўроку. Напрамкі сваёй педагагічнай дзейнасці Надзея Міхайлаўна рэалізуе праз прымяненне элементаў розных тэхналогій: крытычнага мыслення, практыка-арыентаванага навучання, тэхналогіі поўнага засваення ведаў.

Надзея Міхайлаўна ўпэўнена, што ўсе яе вучні “зорныя”, толькі адна зорачка га­рыць ярчэй, а другая яшчэ не разгарэлася. Настаўнік гэтыя зоркі і запальвае! Таму дзяцей яна заў­сёды стараецца падбадзёрыць, пахваліць. Толькі так можна дасягнуць высокіх вынікаў — дабрынёй і штодзённай працай. Кожны год вучні Надзеі Міхайлаўны папаўняюць гімназічную скарбонку новымі ўзнагародамі ў алімпіядным руху і міжнародных конкурсах па розных прадметах. Па выніках міжнароднай дзіцячай алімпіяды па рускай мове яе навучэнцы атрымалі 9 дыпломаў, па матэматыцы — 16. Настаўніца лічыць, што трэба быць патрабавальнай у першую чаргу да сябе, а потым да іншых, нездарма ж кажуць: “Пачаць з сябе — добрая звычка”.

Штогод са сваімі вучнямі педагог прымае актыўны ўдзел у валанцёрскай дзейнасці. Разам яны дапамагаюць дзецям-інвалідам, і тым самым у навучэнцаў выхоўваюцца міласэрнасць, дабрыня, чалавечнасць. У Год малой радзімы, калі асаблівая ўвага ўдзяляецца роднай мове, вывучэнню гісторыі, традыцый роднай Віцебшчыны, Надзея Міхайлаўна прымае актыўны ўдзел у гімназічным праекце “Выкарыстанне праектнай дзейнасці ў пачатковых класах для асэнсавання беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці”.

Зараз Надзея Міхайлаўна ўзначальвае метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў пачатковых класаў, дзеліцца сваім педагагічным вопытам з калегамі, каардынуе іх працу. На пытанне “Чаму вам падабаецца працаваць настаўніцай пачатковых класаў?” Надзея Міхайлаўна адказвае: “Ды ўсё проста: побач з дзецьмі адчуваю сябе запатрабаванай, творчай, маладой, энергічнай. Навучанне — гэта пастаянны пошук. Прыемна аналізаваць высокія вынікі сваіх навучэнцаў, бачыць іх добрыя справы і ўчынкі”.

Кожны выбірае сваю дарогу. І праз 21 год прафесійнай дзейнасці Надзея Міхайлаўна можа з упэўненасцю сказаць: педагогіка — гэта яе дарога! За шматгадовую, добрасумленную працу ў галіне адукацыі Надзея Міхайлаўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі. Напрыклад, за прафесійныя дасягненні ў конкурсе “Педагагічная панарама” яна атрымала дыплом ІІІ ступені аддзела па адукацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. У 2019 го­дзе за ўдзел у першым этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” адміністрацыяй гімназіі Надзеі Міхайлаўне была выказана падзяка за высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення ўрока.

За гэтымі вынікамі стаіць яе штодзённая, шматгранная, карпатлівая праца. Зараз настаўніца можа з упэўненасцю сказаць, што прафесія педагога толькі тады прыносіць асалоду і задавальненне, калі яна выбрана асэнсавана, калі дзеці прыходзяць на ўрок з радасцю, з патрэбай у новых ведах, а настаўнік не толькі вучыць, але і спрыяе іх развіццю і выхаванню як сапраўдных грамадзян.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.