Пачуць і быць пачутым

У Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ прайшоў рэспубліканскі навукова-метадычны семінар з міжнародным удзелам “Сучасныя тэндэнцыі адукацыі дзяцей з парушэннем слыху”. Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы дабрачыннага гуманітарнага мясцовага фонду “Гармонія гукаў”.

Мэта семінара — абагульненне вынікаў сучасных даследаванняў, як тэарэтычных, так і практычных, у сферы навучання, выхавання і карэкцыйнай работы з дзецьмі з парушэннем слыху. Праблемным полем семінара, у прыватнасці, быў разгляд сучасных методык і тэхналогій навучання і карэкцыйна-развіццёвай работы з такімі дзецьмі, пытанні медыцынскай і тэхнічнай падтрымкі слыхамаўленчай рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху, кампенсаваным слыхавым апаратам або кахлеарным імплантам.

“Нават невялікае зніжэнне слыху адмоўна ўплывае на развіццё дзіцяці і прыводзіць да другасных парушэнняў (“эфект даміно”) у маўленні, мысленні і г.д., — адзначыла Іна Васільеўна Каралёва, прафесар кафедры сурдапедагогікі Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна, галоўны навуковы супрацоўнік Санкт-Пецярбургскага навукова-даследчага інстытута вуха, горла, носа і маўлення, доктар псіхалагічных навук, прафесар. — Традыцыйная сурдапедагагічная рэабілітацыя дзяцей у нашай краіне яшчэ з савецкіх часоў была сканцэнтравана на кампенсацыі парушэння слыху праз захаваныя аналізатары, перш за ўсё зрок. Спецыялісты імкнуліся папярэдзіць і скарэкціраваць другасныя адхіленні ў развіцці дзяцей. Аднак дзякуючы прагрэсу ў медыцыне і тэхніцы, для людзей, якія не чуюць, па-сапраўднаму адкрыўся свет гукаў. Сучасныя ўстройствы (слыхавыя апараты, кахлеарныя і стволамазгавыя імпланты, FM-сістэмы) дазваляюць нават замяняць пашкоджаныя часткі слыхавой сістэмы чалавека. Яны адрозніваюцца паміж сабой па характарыстыках і дызайне. А па магчымасцях узнаўлення слыху значна пераўзышлі аналагі, якія былі 10—15 гадоў назад. Адпаведна павысілася і эфектыўнасць слыхамаўленчай рэабілітацыі. Дзякуючы аперацыям па кахлеарнай імплантацыі (КІ), нават татальна глухія дзеці атрымалі магчымасць чуць гукі, у тым ліку маўленне і шэпт, сталі асвойваць маўленне натуральным шляхам (праз слых).

Асноўная задача спецыялістаў цяпер заключаецца ў стварэнні ўмоў для паўнацэннага развіцця дзіцяці з парушэннем слыху. Галоўная перадумова гэтага — правядзенне ранняй рэабілітацыі дзяцей. Калі бацькі звяртаюцца да спецыялістаў позна, калі дзіцяці ўжо 2—3 гады і аперацыя КІ яму праводзіцца несвоечасова, упускаецца каштоўны сензітыўны перыяд для развіцця слыхавых і маўленчарухальных цэнтраў дзіцяці”.

Аперацыя КІ доўжыцца ад паўгадзіны да 2 гадзін, у залежнасці ад кваліфікацыі хірурга, хірургічнай тэхнікі і методыкі імплантацыі, якая прымяняецца, асаблівасцей мадэлі імпланта. Але няправільным будзе меркаванне, што адразу пасля КІ маленькі пацыент пачне развівацца нароўні з дзецьмі з нармальным слыхам. Слыхавое ўспрыманне — гэта вышэйшая псіхічная функцыя. І працэс авалодання маўленнем звязаны не толькі з развіццём слыхавога ўспрымання, але і з працэсам мыслення, слыхаартыкуляторнай каардынацыяй, памяццю, увагай.

Згодна з сусветнай статыстыкай, 60% дзяцей з імплантамі вучацца ў масавых школах. Якія ўмовы неабходна стварыць для развіцця слыху і маўлення дзіцяці? Перш за ўсё трэба памятаць, што ўстройства, якое яно носіць, павінна быць добра наладжаным, своечасова рамантавацца. На працягу дня (дома, у школе) дзіцяці важна знаходзіцца ў натуральным маўленчым асяроддзі, чуць маўленчыя і немаўленчыя гукі, развіваць навыкі камунікацыі. У гэтым плане інклюзіўнае навучанне з’яўляецца важным складнікам методыкі слыхамаўленчай рэабілітацыі. Калі гаварыць пра псіхолага-педагагічны кампанент рэабілітацыі, то ён заключаецца ў рэгулярных занятках са спецыялістамі — сурдапедагогам, лагапедам, псіхолагам. Найлепшым вынікам слыхамаўленчай рэабілітацыі чалавека з КІ можна лічыць звычайны нармальны ўзровень развіцця маўлення. Пасляаперацыйная слыхамаўленчая рэабілітацыя, як правіла, займае некалькі месяцаў у дарослых, якія позна страцілі слых, а ў дзяцей з прыроджанай глухатой на гэта патрабуецца некалькі гадоў.

“Сучасную слыхамаўленчую рэабілітацыю можна назваць комплекснай медыка-тэхніка-педагагічнай, — падкрэсліла Іна Васільеўна Каралёва. — Чаму мы гаворым аб узаемадзеянні і ўзгодненай рабоце спецыялістаў розных сфер? А ўявіце толькі, што ўрач правільна паставіў дыягназ, спратэзіраваў тэхнічна дасканалае ўстройства, але слыхамаўлечная рэабілітацыя была арганізавана няправільна. У гэтым выпадку эфектыўнасць устройства — мінімальная. Ці, напрыклад, педагог пачаў працаваць з дзіцем, як і належыць, у раннім узросце, а спецыяліст няправільна настроіў устройства або няўдала правёў аперацыю. І педагог неабходныя ўмовы для развіцця дзіцяці не можа забяспечыць.

Моцны інструмент для вырашэння праблем дзяцей з парушэннем слыху — разумная кансалідацыя сіл бацькоў і спецыялістаў. Адсюль яшчэ адна тэндэнцыя пры рэабілітацыі — сямейна-цэнтраваны падыход. Неабходна нагадаць і пра сацыяльныя метады падтрымкі такіх дзяцей праз дзяржаўныя праграмы, паколькі пакупка і эксплуатацыя сучасных слыхавых устройстваў абыходзіцца даволі дорага”.

***

“У банку даных аб дзецях з АПФР у Беларусі сёння знаходзіцца інфармацыя аб 149 тысячах 919 дзецях. Сярод іх 1948 дзяцей з парушэннем слыху, — расказала намеснік дырэктара Інстытута інклюзіўнай адукацыі па навукова-метадычнай рабоце БДПУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Мікалаеўна Фяклістава. — Дзякуючы таму, што ў нашай краіне ўкараняюцца сістэма ранняга выяўлення парушэння слыху ў дзяцей, сістэма іх своечасовага слыхапратэзавання сучаснымі высокатэхналагічнымі слыхавымі апаратамі і КІ, мы атрымліваем станоўчыя вынікі ў карэкцыйна-педагагічнай рабоце. У Рэспубліканскім цэнтры для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху працуюць групы кароткачасовага знаходжання, дзе работа праводзіцца з малышамі да года. У Беларусі ёсць 4 спецыяльныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з парушэннем слыху і 10 спецыяльных школ або школ-інтэрнатаў для такіх дзяцей. У 6 з гэтых школ існуюць дашкольныя аддзяленні. Дзеці з парушэннем слыху наведваюць агульнаадукацыйныя ўстановы дашкольнай адукацыі, пераходзяць у масавыя дзіцячыя сады і школы пасля навучання ў спецыяльных умовах, дзе займаюцца адпаведна ў групах або класах інтэграванага выхавання і навучання.

У краіне вядзецца мэтанакіраваная работа па распрацоўцы праграмна-метадычнага забеспячэння працэсу адукацыі дзяцей з парушэннем слыху. У 2010—2011 гадах распрацоўваліся тэмы навукова-даследчай работы, накіраваныя на стварэнне праграм і метадычных рэкамендацый для педагогаў, што працуюць з дзецьмі з КІ ранняга і дашкольнага ўзросту і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У 2017 годзе пры фінансавай падтрымцы ЮНІСЕФ супрацоўнікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ распрацавалі 7 вучэбна-метадычных дапаможнікаў для педагогаў для работы з рознымі катэгорыямі дзяцей з АПФР, у тым ліку вучэбна-метадычны дапаможнік па стварэнні спецыяльных умоў для дзяцей з парушэннем слыху ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Для студэнтаў, якія вучацца па спецыяльнасцях “Сурдапедагогіка” і “Лагапедыя”, на працягу шасці гадоў чытаецца курс па выбары “Карэкцыйная работа з дзецьмі з КІ”.

Што было, што стала?

Было:

1. Дыягностыка ў 2—3 гады.

2. Слыхапратэзаванне ў 2—3 гады.

3. Нізкая якасць слыхавых апаратаў.

4. Монаўральнае (на адно вуха) пратэзаванне (не існавала кахлеарнай імплантацыі).

У выніку — упушчаны крытычна важны перыяд для спантаннага развіцця маўлення, абмежаваны магчымасці для развіцця слыху і маўлення з дапамогай слыху, развіццё (кампенсацыя) парушэння слыху за кошт захоўных аналізатараў. Асноўная задача сурдапедагогаў — папярэджанне развіцця другасных парушэнняў або іх карэкцыя.

Стала:

1. Дыягностыка ў 2—6 месяцаў.

2. Слыхапратэзаванне ў 2—6 месяцаў.

3. Якасныя апараты рознай магутнасці.

4. Бінаўральнае (на два вухі) слыхапратэзаванне.

5. Кахлеарная імплантацыя з 1 года, у асобных выпадках — да года.

У выніку — выкарыстоўваецца сензітыўны перыяд для спантаннага развіцця маўлення, ствараюцца добрыя магчымасці для развіцця слыху і маўлення з дапамогай слыху. Асноўная задача спецыялістаў — стварэнне належных умоў для паўнацэннага развіцця дзіцяці.

На працягу мінулага года ў рамках дзейнасці Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ праводзіліся курсы для педагогаў і для бацькоў. Ва ўніверсітэце працуе і навукова-педагагічная школа “Выхаванне, навучанне дзяцей з парушэннем слыху і парушэннем інтэлекту”, якой кіруе Тамара Ісакаўна Обухава, дацэнт кафедры дэфекталогіі, сурдапедагог з вялікім стажам работы. Многія навукова-метадычныя распрацоўкі спецыялістаў Інстытута інклюзіўнай адукацыі ўніверсітэта, якія выкарыстоўваюцца сёння ў адукацыйных установах, былі зроблены пад яе кіраўніцтвам.

Перад педагогамі сёння стаіць мноства задач, звязаных з пераасэнсаваннем тэхналогій і метадычных прыёмаў, зместу работы з дзецьмі з парушэннем слыху. Калі раней спецыялісты абапіраліся на такі паказчык, як ступень страты слыху, то сёння неабходна ўлічваць шмат фактараў. І ў першую чаргу той варыянт слыхапратэзавання, які быў абраны для дзіцяці, і ўзрост, у якім праводзілася пратэзаванне. З’явілася паняцце “дынамічная педагагічная класіфікацыя дзяцей з парушэннем слыху”. Для таго каб педагогі маглі правільна выбраць падыход да кожнага канкрэтнага дзіцяці, яны павінны ўмела аперыраваць паняццямі з сумежных дысцыплін.

“Прыярытэтным кірункам работы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі з’яўляецца карэкцыя слыхавых парушэнняў у дзяцей рознага ўзросту, — адзначыла Святлана Уладзіміраўна Казлова, загадчык аддзялення слыхапратэзавання РНПЦ отарыналарынгалогіі. — Нашымі спецыялістамі прымяняюцца ўсе методыкі карэкцыі слыхавых парушэнняў у дзяцей незалежна ад тэрміну іх выяўлення — ранняга ці больш позняга. Акрамя электраакустычнай карэкцыі слыху з прымяненнем слыхавых апаратаў, у нас праводзіцца слыхавая імплантацыя (апаратаў касцёвай праводнасці, актыўных імплантаў сярэдняга вуха і КІ). Ёсць усе неабходныя сродкі тэхнічнай рэабілітацыі для карэкцыі слыху. Падкрэслю, што дзецям адзін раз у 2 гады выдаюцца слыхавыя апараты на адно вуха. А тым, хто быў праімплантаваны, выдаецца маўленчы працэсар адзін раз у 5 гадоў”.

Асноўным нарматыўна-прававым дакументам, які рэгламентуе парадак аказання слыхапратэзнай дапамогі дзецям у Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца загад Міністэрства аховы здароўя “Аб удасканаленні аказання медыцынскай дапамогі дзецям з парушэннем слыху”, які быў зацверджаны ў 2008 годзе. З таго часу ў пералік абавязковых мерапрыемстваў у рамках скрынінгу нованароджаных і дзяцей ранняга ўзросту ўключаецца даследаванне слыху.

Некалькі гадоў назад упершыню ў краіне, дзякуючы дыягнастычнаму абсталяванню, набытаму Міжнародным дабрачынным фондам “Шанс”, у медыкаў з’явілася магчымасць праводзіць аўдыялагічны скрынінг усім нованароджаным у радзільных дамах і радзільных аддзяленнях Беларусі, дыягнаставаць парушэнні слыху і паспяхова праводзіць рэабілітацыю. Сёння аўдыялагічны скрынінг прадстаўлены пяціўзроўневай сістэмай аказання дапамогі, для кожнага ўзроўню вызначаны комплекс неабходных дыягнастычных абследаванняў і рэабілітацыйных мерапрыемстваў. Працэнт ахопленых скрынінгам у краіне складае 81,5.

РНПЦ отарыналарынгалогіі сумесна з РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі праводзіцца навукова-даследчая работа па ўдасканаленні медыка-сацыяльнай экспертызы асоб з парушэннем слыху, распрацоўваюцца крытэрыі такой экспертызы, заснаваныя на міжнароднай класіфікацыі функцыянавання і абмежавання жыццядзейнасці і здароўя людзей з парушэннем слыху.

“Сёння кожны отарыналарынголаг, сурдолаг, слыхапратэзіст ведае, што высокатэхналагічныя хірургічныя ўмяшанні, накіраваныя на ўзнаўленне слыху, знаходзяцца ў цеснай сувязі з належнай карэкцыйна-педагагічнай дапамогай, — падкрэсліла Святлана Уладзіміраўна Казлова. — Адпаведны загад аб удасканаленні карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ва ўстановах аховы здароўя Рэспублікі Беларусь быў нядаўна прыняты Міністэрствам аховы здароўя”.

***

Падчас семінара выступалі прадстаўнікі арганізацый, якія ажыццяўляюць тэхнічную падтрымку слыхамаўленчай рэабілітацыі з парушэннем слыху (ААТ “Авермедыка”, ААТ “Сонус”, Med-el). Былі праведзены майстар-класы вядучых педагогаў і педагогаў-псіхолагаў краіны для спецыялістаў і бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннем слыху: “Фарміраванне эмацыянальнага дабрабыту ў бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннем слыху”, “Аўдыявізуальныя комплексы як сродак развіцця маўлення дзяцей з парушэннем слыху на ўзроўнях дашкольнай i І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, “Роля і месца ўстановы спецыяльнай адукацыі ў рэсурснай падтрымцы інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”, “Асаблівасці настройкі кахлеарнага імпланта ў дзяцей рознага ўзросту. Тэхнічныя рэкамендацыі па карыстанні кахлеарным імплантам”, “Выкарыстанне параўнальнага падыходу да фарміравання лінгвістычнай кампетэнтнасці школьнікаў, якія не чуюць, у сферы жэставай і рускай моў (на матэрыяле канструкцый з прыназоўнікамі)”.

Удзельнікам семінара была прадастаўлена ўнікальная магчымасць убачыць прэм’еру дакументальнага фільма “Няхай свет пачуе” рэжысёраў Яўгена Захарава і Аркадзя Саснова, прадзюсара Наталлі Канюшэнка з Санкт-Пецярбурга. У фільме прадэманстраваны вынікі кахлеарнай імплантацыі, яе доўгатэрміновая перспектыва пасля якаснай рэабілітацыі. Гледачы пазнаёміліся з лёсамі трох маладых людзей, якія ў розныя моманты жыцця страцілі слых, аднак змаглі вярнуцца да паўнацэннага жыцця дзякуючы новым тэхналогіям у гэтай галіне і інвестыцыям дзяржавы.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *