Пачынаць трэба з векавых традыцый: як у cярэдняй школе № 28 Магілёва прывіваюць любоў да роднай краіны

- 10:06Образование

Любоў да сваёй краіны неабходна фарміраваць з дзяцінства. І пачынаць трэба са свайго, спрадвечнага.

Далучаць да традыцый і культуры

Знаёмства дзяцей з векавымі беларускімі трады­цыямі і святамі ў школе пачынаецца з малодшых класаў. Усёй установай мы ўдзельнічаем у Калядах, якія суправаджаюцца песнямі і танцамі. Прыжыўся ў нас цудоўны абрад “Гуканне вясны”, калі мы частуем адно аднаго жаваранкамі з цеста, як некалі рабілі нашы продкі. Дапамагае ў справе выхавання і школьны этнаграфічны музей “Спадчына”, якім кіруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры В.Ц.Астранкова — чалавек, цалкам адданы сваёй справе. Тут праходзяць экскурсіі, факультатыўныя заняткі, конкурсы, прысвечаныя культуры беларускага народа. Тут знаёмім сваіх выхаванцаў з народнымі промысламі, беларускай лялькай, ручніком.

Рэгулярна праводзім беларускамоўныя чацвяргі, а Дзень беларускай мовы ў школе сапраўды вялікае свята: у фае гучаць песні аб Беларусі, вабяць позірк яркія выставы класічнай і сучаснай літаратуры. Вучні і настаўнікі размаўляюць выключна па-беларуску, а ў госці запрашаюцца паэты і пісьменнікі. З апошняга — сустрэча з магілёўскім паэтам ветэранам Узброеных Сіл Леанідам Іскровым. Яго ўспаміны, вершы, адказы на пытанні знайшлі эмацыя­нальны водгук у аўдыторыі. Падчас такіх мерапрыемстваў мы стараемся, каб душа маленькага чалавека трапятала ад цудоўнай роднай мовы. Думаю, што калі мы будзем працягваць гэтую работу, то нашы выхаванцы на генетычным узроўні пацягнуцца да сваіх каранёў.

Узаемадзейнічаць з сям’ёй і грамадствам

Без сям’і не будзе краіны. Мы зацікаўлены ў тым, каб нашы дзеткі ганарыліся сваімі роднымі, каб паважалі працу бацькоў, дзядуль і бабуль. Мы рэгулярна ла­дзім сямейныя гасцёўні, святы, прысвечаныя татам і мамам. Дзеці пі­шуць са­чыненні “Адкуль мой род”, “Мой тата можа ўсё”, “Дзядуля і бабуля ў маім жыцці”. А ўвогуле, лепш за ўсё працаваць з бацькамі праз дзяцей. Сям’я, школа, грамадства — трыумвірат у пытаннях выхавання. Займацца дзецьмі павінны ўсе: у адзіночку школа не справіцца.

Бацькі вучылі нас: “Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся”. Каб згадзіцца ў сваёй краіне, у маладых беларусаў сёння ёсць усё: магчы­масць атрымаць якасную адукацыю, дастойную работу і заробак, прафесійный рост. З гэтай нагоды арганізоўваем экскурсіі ў навучальныя ўстановы, на прамысловыя прадпрыемствы і ў арганізацыі. Такія выезды прахо­дзяць пастаянна, бо падчас іх вучні знаёмяцца з маладымі людзьмі, якія вучыліся ў школе, потым скончылі ўніверсітэт, а цяпер узначальваюць заводскае падраздзяленне, маюць сацыяльныя гарантыі. Мяркую, што, убачыўшы такія прыклады адзін, два, тры разы, месцам вучобы і працы нашы навучэнцы таксама выберуць родную Беларусь.

Закладваць каштоўнасці і арыенціры

Сёння школа — гэта тэрыторыя, дзе закладваюцца сэнсы, каштоўнасці і арыенціры. Мы, педагогі, адказныя за тое, якімі пойдуць у дарослае жыццё вучні. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем захаванню памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэта важна, бо праз спробы перапісвання гісторыі ў маладых людзей кра­дуць наша гераічнае мінулае. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства М.М.Даніленка вельмі даходліва і аргументавана тлумачыць дзецям, што правільна, а што — не. Сумесна з вучнямі яна ўдумліва перагортвае старонкі станаўлення беларускай дзяржаўнасці, якія пацвярджаюць: мы ніколі не былі агрэсарамі, Беларусь — гэта краіна міру і стварэння.

У гэтым навучэнцаў пераконваюць інтэрактыўныя карты спаленых вёсак, помнікаў. Наш педагагічны калектыў упэўнены: данесці штосьці праз уражанні — самы надзейны і выніковы спосаб. Таму сумесна з дзецьмі мы ходзім у кіно, гля­дзім і абмяркоўваем фільмы. Апошняе з убачанага — “Людзі з чорнымі душамі”, “Гарачы снег”, “Ідзі і гля­дзі”. Гэтыя стужкі аб смеласці і баязлівасці, аб здрадзе і подзвігу, а па эмоцыях яны проста неверагодныя.

Мы заўважылі, што лекцыі, канферэнцыі, анлайн-сустрэчы асабліва не кранаюць сучасную моладзь. Упор зараз трэба рабіць на асабістыя кантакты, дэманстрацыю чагосьці на рэальных прыкладах. Вельмі карыснымі з’яўляюцца адкрытыя дыялогі школьнай мола­дзі з паспяховымі людзьмі, з тымі, каму можна верыць. У нас у гасцях ужо былі выбітныя жыхары горада. Вучням падабаецца, што вядомыя людзі проста і зразумела гавораць на актуальныя для іх тэмы.

Заслугоўвае пашаны той народ, у культуры якога ёсць любоў да жанчыны-маці, сям’і, роднага слова, павага да свайго суседа, яго веры і мовы. У такіх людзях зараз вялікая патрэба. І вырасціць менавіта такога чалавека — ключавая мэта нашай установы адукацыі.

Алёна ІВАШНЁВА,
дырэктар cярэдняй школы № 28 Магілёва