Пад музыку Вівальдзі

- 12:20Сацыяльны ракурс

…У маіх руках музычны дыск — Антоніа Вівальдзі “Поры года”, вакалістка — Юлія Лебядзенка. Скрыпачка і вакалістка падарыла мне гэты дыск пасля таго, як скончылася наша размова. Не, не пра музыку, хаця пра яе, упэўнена, мая суразмоўніца можа гаварыць бясконца. Мы гутарылі пра тое, як Юлія дапамагае хворым дзецям, малым з дзіцячых дамоў, старым людзям. Пра тое, што некалькі гадоў назад жанчына стала лаўрэатам Беларускага дзіцячага фонду “Сябар дзяцей”, пра дабрачынны фонд, праз які Юлія разам з аднадумцамі збірае дапамогу дзецям. І наогул пра жыццё — балазе, Юлія на кароткі час прыехала ў Мінск каб выступіць, наведаць родных.

Сябар дзяцей

І ўсё ж, расказваючы пра Юлію, немагчыма нічога не сказаць пра яе жыццё ў музыцы. Ігрой на скрыпцы яна пачала займацца ў 5 гадоў пад кіраўніцтвам сваёй мамы, Людмілы Браніславаўны Гаўрылюк, дарэчы, педагога мінскай гімназіі № 10. Дзяўчынка вучылася ў Рэспубліканскім музычным каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, была стыпендыятам прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, выйграла стыпендыю на навучанне ў Міжнародным каледжы Адрыятыкі, затым былі Лондан, кансерваторыя ў Вене, якую скончыла з адзнакай.

Юлія — пераможца многіх міжнародных конкурсаў. Сярод яе ўзнагарод, напрыклад, І прэмія Міжнароднага конкурсу імя Людвіга ван Бетховена ў Аўстрыі (у складзе ансамбля Contento) і ІІ прэмія гэтага ж конкурсу ў сольнай намінацыі. Выступленні ў Еўропе і ЗША даўно сталі часткай жыцця скрыпачкі, якая зараз жыве на дзве краіны — Беларусь і Аўстрыю. А яшчэ Юлія з аднадумцамі зняла ў Беларусі кліп Ave Maria, які атрымаў прыз на ХІ Міжнародным каталіцкім фестывалі хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм Magnificat (рэжысёр — Віталь Любецкі). Кліп прэзентаваў Беларусь на конкурсе “Еўрабачанне” ў Аўстрыі.

Беларусь і Аўстрыю таксама звязваюць дабрачынныя праекты, якімі актыўна займаецца наша сённяшняя госця.

— Калі я толькі пачала падтрымліваць дабрачынныя ініцыятывы, то думала, што гэта будуць адзінкавыя акцыі, — расказвае маладая жанчына. — А ўсё ператварылася ў пастаянны занятак, я раблю гэта ад душы. Думаю, цяпер дабрачыннасць для мяне не хобі, а пастаянная патрэбнасць. Даўно не прыязджаю дадому проста так — нароўні са звычайнымі адкрытымі канцэртамі ў мяне праходзяць канцэрты ў дзіцячых дамах, бальніцах, хоспісах.

Адзін з дабрачынных праектаў Юлія ажыццяўляла з Беларускім дзіцячым фондам. Юлія, якая з сябрамі ў Аўстрыі сабрала дапамогу для беларускіх дзяцей, зацікавілася беларускімі дабрачыннымі арганізацыямі і зразумела, што яе даўняя мара пра музычны конкурс для дзяцей з асаблівасцямі развіцця можа ажыццявіцца. Аднойчы даведалася, што падобны конкурс у Беларусі ўжо існуе, яго праводзіць дзіцячы фонд. Скрыпачку нават запрасілі ў журы гэтага конкурсу — атрымаўся такі рух насустрач адно аднаму, і ўсё склалася.

— Я і не ведала, што ў нас даўно існуе такая арганізацыя, якая шырока аказвае дапамогу дзецям. Мяне заўсёды вельмі радуюць аптымізм і натхненне, якія я бачу тут, — расказвае мая суразмоўніца. — Сам конкурс кранаў мяне да слёз, у пэўны момант нават прыйшлося пайсці за кулісы, бо слухац­ь і бачыць раўнадушна тое, што адбывалася на сцэне, было немагчыма. Наколькі моцнае жаданне ствараць, якая воля ў гэтых дзяцей! Талент педагогаў, якія займаюцца, напрыклад, з невідушчымі дзецьмі, велізарны. Я як музыкант разумею, як складана навучыць іграць на інструменце дзіця, якое не бачыць нот.

На тым конкурсе, некалькі гадоў назад, Юлія Лебядзенка пазнаёмілася з юным кларнетыстам Даніілам Ханкевічам, неаднаразовым стыпендыятам прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Маці калісьці вырашыла запісаць сына менавіта на заняткі на духавым інструменце, каб у малога развіваліся лёгкія, што было неабходна Даніілу.

— Калі я пачула, як іграе хлопчык, то атрымала пэўны шок,  — гаворыць Юлія. — Гэта было выкананне прафесіянала.

Пасля конкурсу Юлія сустракалася з яго ўдзельнікамі, праводзіла для іх майстар-класы, і яе знаёмства з Даніілам Ханкевічам прадоўжылася.  Скрыпачка ўзгадвала, як яе саму калісьці вучыла мама і як старалася настроіць на ўдзел у конкурсах. Гэта як у спорце: у цябе адзін шанс сябе паказаць. Канечне, гэта няпроста. Юлія старалася дапамагчы юным музыкантам і ў гэтым, а не толькі ў набыцці прафесійнага майстэрства.  Данііла Юлія пачала падключаць да сваіх праектаў, перш за ўсё да дабрачынных. Яны разам выяз­джаюць, напрыклад, у дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, азда­раўленчыя лагеры, дзе адпачываюць дзеці-сіроты. Іншых удзельнікаў конкурсу дзіцячы фонд і яго сябры таксама стараюцца далучыць да выступленняў. Юлія запрашае іх на свае канцэрты — гэта таксама дапамагае юным музыкантам, упэўнена скрыпачка, дае ім натхненне, жаданне стаць выдатным выканаўцам.

А з Беларускім дзіцячым фондам Юлія супрацоўнічае і зараз, дапамагае, як сама кажа, усім, чым можа. Так, калі бывае ў Мінску, удзельнічае ў музычных сустрэчах, якія фонд арганізоўвае для сваіх падапечных — малых з мнагадзетных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Скрыпачка дапамагала таксама адшукаць і набыць дастойныя інструменты для маленькіх музыкантаў з асаблівых катэгорый.

Для кожнага слухача

Артыстам, упэўнена Юлія, у тым ліку маленькім, вельмі важна выступаць на сцэне, пры гэтым неабавязкова на вялікай. Яны павінны быць даступнымі для любога сацыяльнага кола, для любых слухачоў, нават для аднаго чалавека, які ляжыць у бальніцы і не можа выйсці з палаты.

Так, яна многа выступае для пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. Тут для маёй сённяшняй гераіні ўсё пачалося з валанцёрскага візіту да маленькай дзяўчынкі, якую не магла часта наведваць маці. Юлія прыехала, сыграла для дзяўчынкі. Музыку з палаты пачулі іншыя дзеці і пачалі падцягвацца, прасіць скрыпачку сыграць тое, што ім падабаецца, неабавязкова класіку. Псіхолаг цэнтра папрасіла прайсці па іншых палатах, парадаваць іншых малых, якія не могуць падняцца з ложкаў. Тады Юлія з яшчэ адной дзяўчынай прабылі ў цэнтры некалькі гадзін, наведалі ўсе паверхі, усе аддзяленні.

Вопыт быў няпросты — Юлія не ведала, як трымацца з хворымі дзецьмі. Тут перамешваюцца жаданне прынесці радасць хлопчыкам і дзяўчынкам і жаль да іх. Перамагло шчырае жаданне падарыць радасць дзецям. Юлія справілася, але думала, што гэта так і застанецца аднаразовай акцыяй. Канечне, адбылося інакш — выступленні сталі пастаяннымі, прычым не толькі для малых, але і для бацькоў, якія знахо­дзяцца з дзецьмі ў бальніцы, бо ім таксама надзвычай складана, можа, нават складаней, чым дзецям.

— Кожная ўсмешка маіх маленькіх і дарослых слухачоў на вагу золата,  — гаворыць скрыпачка. — Запамінаецца кожны візіт у цэнтр. Так, у адзін з апошніх прыездаў я размаўляла з дзяўчынкай, якая ляжыць у стэрыльным боксе, з ёй можна гаварыць толькі праз спецыяльную трубку. Дзяўчынка мяне пазнала, бо раней ляжала ў аддзяленні, куды я прыходзіла. Вось і зараз я ёй сыграла праз гэтую трубку. І тут яна просіць яшчэ і праспяваць. Было цяжка, бо калі іграеш на інструменце, то эмоцыі яшчэ можна неяк схаваць, а з голасам гэта цяжка, калі глядзіш дзіцяці ў вочы. Я рада, што справілася, падняла дзяўчынцы настрой, я гэта бачыла. Мне прыходзіцца і самой аднаўляцца пасля такіх сустрэч, але я разумею, як яны неабходны дзецям.

І гэта яшчэ не ўсё. У Аўстрыі Юлія актыўна ўдзельнічае ў рабоце дабрачыннага фонду “Венскія купалы”, які арганізавала яшчэ адна беларуска, Вікторыя Грынкевіч.

— Для мяне гэта асаблівы чалавек, — расказвае Юлія. — Яна гатова дапамагчы адразу і ўсім, калі гэта неабходна. У сучасным свеце людзі часта нават не разглядаюць магчымасц­ь зрабіць нешта, калі не могуць атрымаць штосьці ўзамен. Але ў жыцці кожнага з нас усё можа змяніцца ў адзін момант. І калі на дапамогу прыходзяць зусім незнаёмыя людзі, гэта неацэнна. Такія людзі павінны быць. Калі можаш далучыцца да іх, важна гэта зрабіць. Важна не толькі працаваць і зарабляць на жыццё, але і мець яшчэ штосьці, акрамя гэтага.

“Венскія купалы” ў Аўстрыі праводзяць дабрачынныя кірмашы, а на атрыманыя сродкі набываюць інвалідныя каляскі, слыхавыя апараты, дапамагаюць дзецям, накіроўваючы іх на рэабілітацыю, куплялі цацкі для аднаго з мінскіх дзіцячых садоў для малых з парушэннямі слыху. А Юлія яшчэ і сама прыязджала ў гэты сад, глядзела, як выступаюць дзеці, прывозіла падарункі.

— Калі мы пачыналі, работы было вельмі многа. Было цяжка, бо трэба ж як мага больш людзей далучыць да дабрачыннасці, — заўважае Юлія. — Аднойчы мы праводзілі мерапрыемства якраз у мой дзень нараджэння, і гэта дапамагло, бо прыйшло многа знаёмых, яны падтрымалі акцыю. Паступова ў нас з’яўляецца ўсё больш сяброў, і зрабіць мы можам больш. Мне і тут многія дапамагаюць, музыканты, напрыклад, у тым ліку мая былая аднакласніца Святлана Стэфаненка. Да нас, бывае, падключаюцца яе вучні. Таксама многа тых, хто дапамагае арганізаваць паездкі. Днямі мы ездзілі ў Капыльскую дапаможную школу-інтэрнат, нам дапамагла арганізацыя, якая займаецца электроннымі музычнымі інструментамі. Ёсць фатограф, які ездзіць з намі, робіць здымкі, а гэта важна для сацыяльнай рэкламы, каб да нас далучаліся іншыя дабрачынцы. У Беларусі многа чулых людзей. Бывае, нават знаёмыя бабулі пякуць піражкі і просяць перадаць іх дзецям.

А яшчэ Юлія Лебядзенка разам з валанцёрскім рухам пры адным з  прыходаў у Мінску дапамагае хоспісам і бальніцам. І не толькі дзіцячым. Юлія з сябрамі дапамагла сабраць грошы на медыцынскае абсталяванне, выступае перад пацыентамі.

Нядаўна ў Вене Юлія пачала выкладаць музыку для дзяцей у аўстрыйскай школе, якая заснавана на нашай сістэме выкладання — з пэўнымі патрабаваннямі да дысцыпліны, іншымі асаблівасцямі. Калі хочаш дасягнуць выніку, умей быць дысцыплінаваным, пераканана мая суразмоўніца. Яе шасцігадовая дачка  таксама займаецца музыкай у гэтай школе і дапамагае маці ў дабрачыннай дзейнасці. Так, маленькая, тады яшчэ трохгадовая Марына ездзіла з Юліяй у мінскі дзіцячы сад для малых з парушэннямі слыху і лёгка знайшла агульную мову з тамтэйшымі выхаванцамі. Дзеці лёгка прымаюць асаблівасці іншых, калі ім не перашкаджаюць у гэтым дарослыя.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Юліі ЛЕБЯДЗЕНКА.