Падарожжы па горадзе

- 15:14Нам пішуць

Маленькае падарожжа можа стаць падрыхтоўчым этапам да падарожжа вялікага. Менавіта таму мы ўдзяляем увагу экскурсіям і прагулкам па родным горадзе нашых выхаванцаў 5—6 гадоў, бо ў гэтым узросце фарміруюцца фізічныя якасці і цікавасць да новага, назапашваецца рухальны вопыт.

У пешых прагулках важна прадугледзець аптымальныя фізічныя нагрузкі, якія павінны павялічвацца паступова з улікам здароўя і рухальнай падрыхтаванасці дзяцей. Пры падборы для кожнага дзіцяці аптымальнай нагрузкі, якая адпавядае ўзроўню яго фізічнага развіцця, асаблівасцям працаздольнасці і рэакцыі на нагрузку, узгадняем гэтае пытанне з медыцынскай службай установы, бацькамі выхаванцаў.

Найбольш адказным этапам падрыхтоўкі і арганізацыі пешых прагулак з’яўляецца выбар маршруту. У нашым горадзе ёсць парк, сквер, возера, Курган Славы, помнік Францыску Скарыне, крэпасць, сквер гарадскога Палаца культуры. Яны з’яўляюцца выдатнымі аб’ектамі для назіранняў. Перад выбарам маршруту абследуем дарогу, месцы стаянак і гульняў, вымяраем адлегласць, час руху, вызначаем фізічныя нагрузкі, прадумваем варыянты выкарыстання рухаў на тых ці іншых адрэзках дарогі з улікам натуральных перашкод. Назіраем, даследуем, гуляем, вучымся вызначаць бакі гарызонту па компасе, а таксама па асобных прыкметах.

Абавязкова ацэньваем выніковасць кожнай пешай прагулкі, гэта дапамагае ўбачыць плюсы і мінусы арганізацыі ў цэлым і спрыяе ўдасканаленню работы. За крытэрыі ацэнкі прымаюцца настрой і самаадчуванне дзяцей. Асабліва важна тое, з якімі ўражаннямі дзеці вярнуліся з паходу. Галоўныя паказчыкі — самастойныя гульні дзяцей на тэму паходу, абмеркаванне ўбачанага, апавяданні пра тое, як пераадольвалі цяжкасці, былі спрытнымі, трывалымі.

Пешыя прагулкі ў летні перыяд узбагачаюць пачуццёвы вопыт дзяцей і самае галоўнае — умацоўваюць іх здароўе.

Ала БОРМАТАВА,
кіраўнік фізічнага выхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Ліды.