Падарункі лішнімі не бываюць

- 11:19Сацыяльны ракурс

Першамайская раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа традыцыйна падтрымала акцыю “Дзецям — да школы”. Навучэнцы пачатковых класаў пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на экскурсіі і атрымалі падарункі.

5 верасня 30 вучняў з сярэдніх школ № 61, 137 і 190 Мінска накіраваліся да знакамітага алмаза. Перад уваходам іх ужо чакалі студэнты Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, якія падрыхтавалі для дзяцей інтэрактыўную праграму. Разам яны і патанцавалі, і пагулялі, і паспявалі. Кіраўнік Першамайскай раённай арганізацыі Ірына Шульган адзначыла, што не першы год супрацоўні­чае з каледжам. “Для нас гэта добра, таму што школьнікі заняты, ім вельмі цікава ў такой гульнявой форме пачынаць дзень, а для навучэнцаў каледжа гэта не толькі валанцёрская дзейнасць, але і практыка ў рабоце з дзецьмі”.

Пасля таго як усе разагрэліся, пачалася экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы. Ірына Валянцінаўна лічыць, што гэта найлепшае месца, каб даследаваць Мінск у пачатку навучальнага года. “Экскурсаводы — вялікія малайцы, яны спецыяльна падбіраюць праграму, каб дзецям было цікава, расказваюць энергічна, хутка, каб малышы не страчвалі ўвагу. Дапамагаюць і навучэнцы педагагічнага каледжа, якія суправа­джаюць школьнікаў, бо яны маленькія і многім патрэбны догляд”. Экскурсія скончылася на агляднай пляцоўцы бібліятэкі, а гэта 73 метры над зямлёй. Дзяцей такія лічбы не пужаюць, таму што ў гэты час яны стараюцца адшукаць і ўбачыць свой дом. Падарункі на гэтым не скончыліся. Адной з самых важных частак сустрэчы  стала ўручэнне школьных прылад, якія абавязкова спатрэбяцца хлопчыкам і дзяўчынкам падчас вучобы.

Дарэчы, такая акцыя праводзіцца ў Першамайскім раёне сталіцы штогод і не толькі восенню. Дзяцей віншуюць таксама зімой, напярэдадні навагодніх свят, і ў маі, перад апошнім званком. Кожны раз прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа выбіраюць тры школы, а з іх — па 10 вучняў са шматдзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў і дораць ім адзін незабыўны дзень.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.