Падлеткі: як адвесці небяспеку?

- 12:37Сацыяльны ракурс

Пераход ад дзяцінства да сталасці — перыяд, які нямногія перажываюць цалкам спакойна, без псіхалагічных праблем і канфліктаў з дарослымі або з равеснікамі. Для кагосьці пераходны ўзрост і юнацтва наогул становяцца цяжкім выпрабаваннем у плане псіхалагічнай устойлівасці, узнікаюць складаныя праблемы аж да суіцыдальных паводзін. Таму тэма прафілактыкі такіх паводзін з’яўляецца пастаяннай у рабоце сістэмы адукацыі на розных узроўнях. Так, нядаўна на базе БДПУ імя Максіма Танка адбыўся круглы стол “Прафілактыка суіцыдальных паводзін у падлеткавым і юнацкім узросце ва ўмовах адукацыйнага асяроддзя”. Круглы стол праходзіў часткова ў фармаце анлайн, таму і ўдзельнікамі яго сталі больш за 100 спецыялістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і іншых краін.

Удзельнікі круглага стала.

Дапамога на практыцы

— У марных спробах самастойна вырашыць цяжкую жыццёвую сітуацыю непрыдатным або неадэкватным спосабам падлеткі могуць прыйсці да неабдуманых учынкаў, у тым ліку да суіцыдальных дзеянняў. Своечасовыя прафілактыка, дапамога і падтрымка могуць дапамагчы пазбег­нуць трагедый, — сказала, адкрываючы круглы стол, першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева. — Менавіта ў сувязі з гэтым Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў супрацоўніцтве з прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі рэалізоўвае праект “Псіхалагічны дабрабыт школьнікаў: прафілактыка суіцыдальных паводзін і дапамога ў крызісных сітуацыях”.

Праект накіраваны на ўмацаванне патэнцыялу сістэ­мы адукацыі па аказанні псіхалагічнай падтрымкі і захаванні псіхалагічнага камфорту дзяцей і падлеткаў, а таксама ўмацаванні патэнцыялу сям’і. Шэраг этапаў праекта ўжо рэалізаваны, у прыватнасці, распрацавана вучэбная праграма для педагогаў-псіхолагаў “Работа псіхолага ва ўстанове адукацыі па прафілактыцы суіцыдальных паводзін у падлеткавым узросце: стратэгіі і інструменты”. Па ёй працуе ўжо другая група спецыялістаў (з Гомельшчыны), першымі былі прадстаўнікі Брэсц­кай вобласці.

У БДПУ распрацаваны змест факультатыву “Псіхалагічная кампетэнтнасць педагога-прадметніка ў сферы псіхалагічнай бяспекі і прафілактыка суіцыдальных паводзін у навучэнцаў” і вядзецца яго ўкараненне (пакуль у рэжыме апрабацыі) у праграму псіхалагічнай падрыхтоўкі студэнтаў няпрофільных спецыяльнасцей універсітэта, бо тут ведаюць: толькі педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі не ў сілах вырашыць комплексную праблему. А павышэнне псіхалагічнай культуры педагогаў-прадметнікаў, бацькоў — адзін са складнікаў прафілактычнай работы. Студэнты таксама падтрымалі ідэю, факультатыў лічаць карысным і патрэбным, таму, верагодна, правя­дзенне факультатыву распаўсюдзяць і на факультэты, дзе ён пакуль не задзейнічаны.

Распрацаваны і знаходзіцца ў стадыі адаптацыі факультатыў для школьнікаў па метадзе “Роўны навучае роўнага”, які называецца “Мой псіхалагічны дабрабыт і дапамога равесніка ў крызіснай сітуацыі”.

Пра патэнцыял сістэмы адукацыі па пытаннях аказання псіхалагічнай дапамогі падлеткам і іх падтрымкі расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Васільеў­на Галаўнёва. Яна асабліва адзначыла, што супрацоўнікам профільнага міністэрства асабліва важна, каб кожная літара заканадаўства перш за ўсё адпавядала практыцы, а работа мела пазітыўныя вынікі. Алена Васільеўна нагадала пра створаную ў адукацыі вялікую сістэ­му спецыялістаў, якія прызваны дапамагаць дзецям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях — у тым ліку пра супрацоўнікаў сацыяль­на-педагагічных службаў і сацыяльна-педагагічных цэнтраў.

— Тэма дзіцячых суіцыдаў вельмі складаная і цяжкая, — дадала яна. — Кожнае дзіця, якое добраахвотна пайшло з жыцця, мы разглядаем як сваё дзіця, якому мы не змаг­лі свое­часова дапамагчы, якое не змаглі выратаваць. Мы падтрымліваем усе эксперыментальныя пляцоўкі, якія ў нас працуюць, мы прымалі ўдзел у распрацоўцы праграмы па стварэнні бяспечнага і сяброўскага асяроддзя ў школах — зараз яна дзейнічае на 26 пляцоўках, па выніках першага года якіх будзе праведзена рэспубліканскае мерапрыемства, каб далей удасканальваць гэтую работу і падключаць да яе ўсё больш устаноў.

Таксама міністэрства працуе над тым, каб у заканадаўстве ўдасканаліць укараненне медыятыўных падыходаў да разгляду сітуацый нядобранадзейнасці, якія могуць справакаваць суіцыданебяспечныя паводзіны. А.В.Галаўнёва падкрэсліла, што спецыялісты гатовы выязджаць на месцы, а да работы падключаюцца структурныя падраздзяленні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў для кропкавага накіравання мясцовых спецыяліс­таў на павышэнне кваліфікацыі. Асабліва важна данесці да кожнага, што псіхалагічная дапамога цяпер заканадаўча не прадугледжвае пастаноўкі падлеткаў на які б то ні было ўлік, важна зняць з гэтага віду падтрымкі стыгматызацыю. Важна і тое, каб педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі неслі псіхалагічную асвету сваім калегам — настаўнікам школ і іншым педагогам.

Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Таня Радачай згодна з тым, што ўсе: і бацькі, і педагогі — павінны разумець, як дапамагчы дзецям у складанай сітуацыі, як адрозніць нармальныя паводзіны падлеткаў ад адхіленняў ад нормы. Сёлета Дзіцячы фонд ААН адзначае 75-годдзе, і за гэты час яго супрацоўнікі і сябры выратавалі мільёны дзіцячых жыццяў па ўсім свеце. Пры гэтым фонд больш працаваў з дзецьмі малодшага ўзросту, але апошні час асаблівую ўвагу звяртае і на падлеткаў, якія не так часта паміраюць ад класічных дзіцячых захворванняў, але ў іх ёсць свае праблемы, у тым ліку з псіхалагічным здароўем.

Па запытах і праз даследаванні

Аб праблемах падлеткаў, булінгу і іншых складанасцях, якія могуць справакаваць хваравітую рэакцыю, расказалі самі падлеткі і юнакі, якіх запрасілі да ўдзелу ў круглым стале. Гэта быў 19-гадовы студэнт Ілья, які расказаў, як складана было справіцца ў школе з вучобай, сацыяльным ціскам з-за завышаных патрабаванняў блізкіх, настаўнікаў, ад самога сябе і як з-за гэтага ён атрымаў “сіндром выдатніка”. 15-гадовая Валянціна выказалася на тэму даверу да школьных псіхолагаў: дзяўчына лічыць, што нярэдка педагогі не гатовы цалкам захоў­ваць тайны, якія ім давяраюць падлеткі, а значыць, і звяртацца да спецыяліста не будуць. Яна таксама лічыць, што падлеткаў часта не ўспрымаюць сур’ёзна, а гэта для іх вельмі важна. 17-гадовы Данііл стаў валанцёрам, кансультантам па метадзе “Роўны навучае роўнага”. Хлопец паразважаў наконт цкавання ў школе, а таксама таго, што прыводзіць юнакоў да ўжывання алкаголю і наркотыкаў. У прыватнасці, гэта можа быць перагружанасць заняткамі, як школьнымі, так і дадатковымі.

Руслан Малюта, спецыяліст рэгіянальнага офіса ЮНІ СЕФ у краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі, спыніўся менавіта на псіхічным і псіхалагічным здароўі падлеткаў. Ён, напрыклад, падкрэсліў, што многія прывычныя метады работы з падлеткамі зараз патрабуюць перагляду хаця б з-за таго, што сучасныя дзеці намнога больш удзяляюць часу гаджэтам, плюс яны часта адчуваюць дэфіцыт увагі бацькоў. І асабліва спецыяліст падкрэсліў важнасць уздзеян­ня на падлеткаў сферы адукацыі, нагадаў аб стратэгіі “Школа без насілля”, аб неабходнасці павышэння інфармаванасці насельніцтва аб праблемах псіхічнага здароўя і некаторых іншых — ва ўмовах эпідэміі каранавіруса праблема аказалася асабліва актуальнай.

Даныя розных даследаванняў, што праводзіліся пры падтрымцы ЮНІСЕФ (напрыклад, аб стаўленні падлеткаў да свайго здароўя, апытанняў бацькоў, маніторынгу ў рамках распаўсюджвання каранавіруса) важныя для распрацоўкі сацыяльных, псіхалагічных, адукацыйных праграм.

Начальнік Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ Вольга Віктараўна Мацюхова расказала аб метадычным патэнцыяле і практычным вопыце спецыя­лістаў цэнтра ў аказанні псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім ва ўмовах крызісу. Важным кірункам дзейнасці цэнтра стала работа па фарміраванні рэгіянальнай сеткі крызісных псіхолагаў. Супрацоўнікі разам з вядучымі навукоўцамі і выкладчыкамі кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ распрацавалі праграму павышэння кваліфікацыі “Работа псіхолага ўстановы адукацыі па аказанні дапамогі ў крызісных сітуацыях”, па якой ужо вучыліся і атрымалі пасведчанні аб павышэнні кваліфікацыі 125 рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў розных устаноў адукацыі. Цэнтр працягвае аказваць супервізійную падтрымку педагогам-псіхолагам крызіснай сеткі і рэгулярна праводзіць вэбінары і вучэбныя семінары па актуальных праблемах.

У цэлым жа дзейнасць цэнтра па вырашэнні задач захавання псіхалагічнага дабрабыту дзяцей ажыццяўляецца па некалькіх кірунках: арганізацыя навучання (павышэння кваліфікацыі) з улікам міжнароднага вопыту; узаема­дзеянне з міжнароднымі экспертамі па ўкараненні сучасных форм работы ў сферы прафілактыкі і папярэджання булінгу і кібербулінгу, укараненне праграм навучання непаўналетніх правілам бяспечных паводзін у інтэрнэт-прасторы; павышэнне інфармаванасці прадстаўнікоў адміністрацый устаноў адукацыі, педагогаў і бацькоў, работа па павышэнні псіхалагічнай дасведчанасці; умацаванне інфармацыйна-метадычнай базы і развіццё практычных навыкаў педагогаў-псіхолагаў для работы з бацькамі па пытаннях узроставай псіхалогіі і дзіцяча-бацькоўскіх узаема­адносін; наладжванне камунікацыі і эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж рознымі ведамствамі па пытаннях прэвенцыі антывітальных, аўтаагрэсіўных, суіцыдальных паводзін падлеткаў і моладзі, а таксама аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі па фактах завершаных/незавершаных суіцыдальных спроб.

За час работы Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі (а ён пачаў працаваць у 2019 годзе) супрацоўнікі суправаджалі каля 30 выпадкаў крызіснага рэагавання, 8 з якіх — экстраннага рэагавання.

— Аналізуючы выпадкі, на якія выязджалі спецыялісты, мы прыйшлі да высновы аб неабходнасці ўмацавання ў сістэме адукацыі прэвентыўных мер па ўзнікненні крызісных сітуацый і распрацоўкі курса павышэння кваліфікацыі для педагагічных работнікаў, які дапаможа павысіць прафесійныя кампетэнцыі слухачоў па прафілактыцы і педагагічнай дапамозе ў складаных і крызісных сітуацыях у адукацыйным асяроддзі, — сказала В.В.Мацюхова. — Таксама, абапіраючыся на дынаміку запытаў, якія паступаюць у цэнтр ад устаноў адукацыі, мы можам гаварыць аб неабходнасці стварэння рэкамендацый па прафілактыцы і вырашэнні канфліктных сітуацый.

Сёння, прынамсі, ужо распрацаваны вучэбная праграма павышэння кваліфікацыі па рабоце педагога па прафілактыцы і вырашэнні складаных педагагічных і крызісных сітуацый і метадычныя рэкамендацыі для прафілактыкі ўзнікнення і вырашэння канфліктаў у школе. Вядзецца метадычная распрацоўка анлайн-курсаў і буклетаў для падлеткаў, бацькоў і педагогаў-псіхолагаў па пытаннях псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях (COVID, выхаванне дзяцей з інваліднасцю, развод, дзіцяча-бацькоўскія адносіны і г.д.).

Акрамя таго, падчас круглага стала яго ўдзельнікі абмеркавалі тэмы псіхалагічнага дабрабыту падлеткаў як маркера паспяховай сацыялізацыі, кампетэнцыі сацыяль­нага акружэння падлеткаў у папярэджанні патэнцыяльных і актуальных фактараў рызыкі суіцыдальных паводзін, сацыяльна-клінічных аспектаў суіцыдальных паводзін непаўналетніх, іншыя.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.