Урачыстая цырымонія перадачы першай партыі спецыялізаваных школьных аўтобусаў прайшла на тэрыторыі Мінскага аўтамабільнага завода. Шэсцьдзясят адзінак новай тэхнікі прыняў старшыня праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас. А сімвалічныя ключы запальвання ўручыў яму генеральны дырэктар МАЗа Віктар Асноўскі.
“Праграма “Школьны аўтобус” пачата, і нашы перспектывы ў гэтым кірунку будуць толькі расці”, — адзначыў Віктар Анатольевіч. “Кожнае дзіця ў нашай краіне, у якім бы населеным пункце яно ні жыло, павінна мець магчымасць атрымаць якасную адукацыю, — адзначыў у сваю чаргу Сяргей Мікалаевіч Румас. — Аўтобусы, якія вы тут бачыце, паспрыяюць вырашэнню гэтай задачы. Мы ўдзячны генеральнаму дырэктару і ўсяму калектыву МАЗа за работу, якую яны выканалі”.
Дарэчы, С.М.Румас і іншыя прысутныя на справе апрабавалі адзін з жаўтабокіх аўтобусаў з вялікім надпісам “Школьны”, праехаўшыся ў якасці пасажыраў у новым транспартным сродку. Прычым вадзіцелем была жанчына — Аксана Чвірава з вёскі Палыкавічы Магілёўскай вобласці. І яна была не адзінай жанчынай-вадзіцелем на названым мерапрыемстве.
Ключы ад дзесяці аўтобусаў атрымалі прадстаўніцы Магілёўскай вобласці, якія і будуць кіраваць гэтай тэхнікай. Вадзіцелямі не выпадкова выбраны прадстаўніцы прыгожага полу, бо лічыцца, што жанчыны больш акуратныя. Усе яны або вадзіцелі адпаведнай катэгорыі з вялікім стажам, або закончылі спецыяльныя курсы, каб мець права кіраваць аўтобусам. Пры гэтым многія жанчыны — маці і самі гавораць, што хутчэй даверылі б сваіх малых менавіта жанчыне-вадзіцелю. Аб гэтым, напрыклад, сказала Марыя Сапега, жыхарка вёскі Ясная Раніца Круглянскага раёна. Яна будзе вазіць сельскіх дзетак да 1-й школы райцэнтра, прычым у самой Марыі Мікалаеўны дзяцей чатырнаццаць — родных і прыёмных.
Па 10 такіх жа аўтобусаў, якія атрымала Магілёўшчына, да першага верасня запланавана перадаць кожнай вобласці. Нагадаем, што праграма “Школьны аўтобус”, якую Банк развіцця рэалізоўвае па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прадугледжвае на працягу 2013—2017 гадоў набыццё не менш чым 300 спецыяльна абсталяваных школьных аўтобусаў. Плануецца, што за пяць гадоў будзе цалкам вырашана праблема з забеспячэннем сельскіх населеных пунктаў транспартам для падвозу дзяцей. Усяго па краіне паслугамі транспарту карыстаюцца больш за 75 тысяч навучэнцаў, з іх 66% — школьнымі аўтобусамі, астатнія — рэйсавым, арандаваным і іншымі відамі транспарту. Але з больш чым 1,2 тысячы школьных аўтобусаў толькі каля 200 адпавядаюць патрабаванням СТБ 2025-2009 “Аўтобусы для перавозкі дзяцей. Агульныя тэхнічныя патрабаванні”. Больш за тое, у найбліжэйшых пяць гадоў каля 800 такіх машын павінны быць выключаны з эксплуатацыі з прычыны іх зносу. Так што праграма “Школьны аўтобус” выключна важная і надзённая.
А новая тэхніка адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад’яўляюцца да школьных аўтобусаў.
Некалькі дзясяткаў такіх машын ужо эксплуатуецца ў краіне і за яе межамі ў якасці транспарту, прыдатнага для перавозак людзей у сельскай і на перасечанай мясцовасці. Беларуская тэхніка перамагла на выставе ў расійскай Каломне, стаўшы аўтобусам года. Але старшыня праўлення Банка развіцця паабяцаў, што банк будзе праводзіць маніторынг работы новых аўтобусаў, каб пры неабходнасці ліквідаваць магчымая праблемы, звяртаючыся да спецыялістаў МАЗа. І тое праўда: дасканаласць межаў не мае. Хутка, дарэчы, будзе аб’яўлены адкрыты конкурс на вытворчасць наступнай партыі аўтобусаў, і праз пэўны час іншыя вясковыя школьнікі адправяцца на іх у навучальныя ўстановы.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Віктара ТАЛОЧКІ,
БелТА.