Паміж Балтыкай і Чарнамор’ем, яцвягамі і дрыгавічамі

- 16:49Родная земля, Рознае

Паходжанне назвы гэтага маляўнічага куточка Заходняга Палесся адны навукоўцы звязваюць з дрыгавічамі, якія жылі тут некалі па суседстве з яцвягамі, іншыя мяркуюць, што слова “драгічын” пайшло ад “дарогі” або “дрогі”. Гэтыя дзве версіі навукова апраўданыя, аднак ёсць і трэцяя — менш навуковая, аднак больш рамантычная. Яна таксама мае права на існаванне. Гавораць, у даўнія часы адзін мясцовы жыхар (мабыць, дрыгавіч або яцвяг) гучна, з захапленнем прамовіў: “Дарагі ты, мой край!” Людзі пачулі, падхапілі, так і пайшло: дарагі — Драгічын. Дык чым дарагая Драгічынская зямля для драгічынцаў? Зараз даведаемся.

А на небе — карагод

Як на Беларусі сустракаюць гасцей? Канечне, усмешкамі, добрымі словамі, абавязкова хлебам-соллю, адмысловамі стравамі, напоямі, нярэдка і песнямі, танцамі. А што вы скажаце наконт зіхатлівых зорак і яркага маладзічка? Вам знаёма такое вітанне? Калі не, то ўявіце: верасень, цемра, перон, вакзал, а на небе — восеньскі маладзічок, які, апрануўшы белую кашулю, вышытую шэрымі ніткамі, водзіць карагод з сяброўкамі-зоркамі. Апошняе карагоднае кола — і на зямлю спускаецца сонечны прамень, за ім другі, трэці, цемра знікае, і над зямлёй паважна ўзнімаецца сонца. Менавіта ў гэты час мы пакідаем з супрацоўнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Драгічынскага райвыканкама яшчэ бязлюдныя вуліцы райцэнтра і накіроўваемся ў дарагія для маіх спадарожнікаў мясціны.

Не проста так

Праўду гавораць, што нічога ў нашым жыцці проста так не бывае. Кожная падзея, кожная сустрэча напоўнена таемным сэнсам. Узяць, напрыклад, усё тыя ж зоркі і маладзічок… Можа, іх незвычайны карагод над перонам чыгуначнай станцыі “Драгічын-горад” больш ніколі і не ўзгадаўся, калі б не аповед настаўнікаў пра былую абсерваторыю, якая знаходзілася некалі ў вёсцы Белін, пра спосабы вымярэння па зорках адлегласці, адным словам, калі б яны не распавядалі пра Дугу Струвэ, якая праходзіла акурат праз драгічынскі край. Пра гэты помнік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА мы ўсе добра чулі, аднак дзеля чаго будаваліся яе геадэзічныя пункты, якое яны мелі значэнне, думаю, адкажуць нямногія. Што ж, паспрабуем раскрыць таямніцу. А дапамогуць нам педагогі Белінскага ВПК “дзіцячы сад — базавая школа”. Менавіта ў гэтай установе адукацыі дзейнічае адзіны ў сістэме адукацыі краіны музей, прысвечаны Дузе Струвэ.

Услед за Струвэ

— Работа па стварэнні музея пачалася ў 2010 годзе, калі на тэрыторыі Беліна і ў яго ваколіцах геадэзісты вялі пошукава-даследчыя работы. Пасля знаходжання рэшткаў трыянгуляцыйнага пункта і падмурка абсерваторыі было вырашана стварыць музей. Пад будучую экспазіцыю быў выдзелены бібліятэчны пакой. Матэрыялы для экспазіцыі, якая адкрылася 7 снежня, былі перададзены Белаэракосмагеадэзіяй, Санкт-Пецярбургскім таварыствам геадэзіі і картаграфіі і мінскай кампаніяй “Крэда-Дыялог”, — расказвае дырэктар Белінскага ВПК Міхаіл Іванавіч Крывецкі.
Дзякуючы дапамозе зацікаўленых асоб, наведвальнікі музея могуць азнаёміцца з польскай, нямецкай і рускай картамі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, дзе пазначаны Белін. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвае арыгінальны макет мясцовасці, які адпавядае часу, калі тут быў устаноўлены геадэзічны пункт, а таксама пабудавана абсерваторыя. Акрамя таго, размешчаны невялікія макеты капліцы, мануфактуры, вінакурні, замка. На вялікіх стэндах-плакатах прадстаўлены агульныя звесткі пра Дугу Струвэ, выдатных астраномаў і геадэзістаў, якія на ёй працавалі, інфармацыя пра гісторыю развіцця геадэзіі, гісторыю пункта “Белін”, сучасныя работы па яго пошуку.
— Геадэзічная Дуга Струвэ — гэта ўнікальнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна, якое дазволіла вызначыць дакладныя памеры і форму Зямлі. На карце градуснае вымярэнне мае выгляд ламанай лініі, якая пачынаецца на поўначы Нарвегіі каля Паўночнага Ледавітага акіяна і цягнецца на 2820 кіламетраў на поўдзень да Чорнага мора. Вядома, што на тэрыторыі нашай краіны знаходзіўся 31 геадэзічны пункт, адзін з іх і ў вёсцы Белін. Ён уключаў уласна трыянгуляцыйны пункт і палявую абсерваторыю, якая была пабудавана ў 1827 годзе і размешчана за 200 метраў на поўдзень ад пункта. Згодна з апісаннямі Карла Іванавіча Тэнера, трыянгуляцыйны пункт “Белін” быў замацаваны 10-цалёвым каменным кубам, закладзеным у 1827 годзе пад вяршыняй
32-метровага драўлянага сігнала. У верхняй грані куба быў прасвідраваны і заліты свінцовы канал, на адным баку якога быў выгравіраваны крыж. Куб у сваю чаргу быў замураваны ў масіўным цагляным падмурку, — расказвае Міхаіл Іванавіч.
Пасля 1853 года работы на трыянгуляцыйным пункце не выконваліся, і яго сляды былі страчаны. Іх пошукі ладзіліся неаднаразова. Аднак паспяховымі яны сталі толькі ў 2010 годзе, калі праводзіліся 1 і 2 ліпеня пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста кампаніі “Крэда-Дыялог” Дзмітрыя Віктаравіча Чадовіча, вядучага інжынера кампаніі Уладзіміра Міхайлавіча Русака з удзелам настаўніка тэхнічнай працы Вячаслава Фёдаравіча Мазура, іншых педагогаў і вучняў Белінскай школы пры кансультацыйнай дапамозе сакратара Санкт-Пецярбургскага таварыства геадэзіі і картаграфіі Віталя Барысавіча Капцюга.
— Пасля таго, як былі знойдзены рэшткі падмурка абсерваторыі, стала магчымым знайсці і сам пункт, што і адбылося ў 2011 годзе. Былі зроблены аэракасмічныя здымкі, вызначана дакладнае месцазнаходжанне, якое аказалася ў калгасным цялятніку. Мы ведалі, што на тэрыторыі абсерваторыі на асобным слупе знаходзіўся гадзіннік. Метадам тыка рэшткі слупа былі знойдзены 18 мая 2012 года. 21—22 ліпеня 2012 года сумесна са спецыялістамі кампаніі “Крэда-Дыялог”, галоўным інжынерам Белаэракосмагеадэзіі Валерыем Міхайлавічам Красуцкім пры дапамозе Санкт-Пецярбургскага таварыства геадэзіі і картаграфіі выявілі месцазнаходжанне асноўных знакаў. А 6 чэрвеня 2013 года навучэнцы 10 класа знайшлі рэшткі ўсходняга арыентацыйнага знака (міры). На паўднёвым знаку адкапалі фрагменты чырвонай цэглы. На глыбіні 70 сантыметраў знайшлі вугаль на заходняй міры. Гэта сведчыць пра тое, што для падсветкі выкарыстоўваліся дровы, — паведаміў Вячаслаў Фёдаравіч.
У многіх краінах, праз якія праходзіла Дуга Струвэ, актыўна папулярызуюцца веды пра гэты помнік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У адпаведнасці з патрабаваннямі арганізацыі пункты добраўпарадкоўваюцца, да іх пракладваюцца дарогі. Актыўна гэтай справай займаецца і наша краіна. І яркім пацвярджэннем гэтага якраз і з’яўляецца дзейнасць белінскіх педагогаў.

Беларуская (не) Сахара

І хоць афіцыйна пункт “Белін” ніяк не абазначаны, Вячаслаў Фёдаравіч усё ж паклаў на месцы былой абсерваторыі валун, абсадзіў яго кветкамі. Далёка ад вёскі ствараць клумбы-помнік не давялося, бо, як паказалі вынікі даследаванняў і аэракасмічныя здымкі, абсерваторыя знаходзілася акурат на яго прысядзібным участку. Але не толькі да гэтага валуна водзяць гасцей настаўнікі. Абавязковым пунктам экскурсій з’яўляецца і гідравузел № 5, што знаходзіцца на Днепра-Бугскім канале. Наогул, у плане водных рэсурсаў Драгічынскі раён — самы ўнікальны ў Беларусі. І справа не ў тым, што ён найбольш багаты, зусім наадварот. Праз яго тэрыторыю не працякаюць паўнаводныя і бурлівыя рэкі, няма і глыбокіх азёр, нават маленькія рачулкі можна пералічыць па пальцах. Драгічынская зямля так бы і заставалася беларускай балотнай Сахарай, калі б у 1655 годзе маршал і падскарбі Рэчы Паспалітай Юрый Асалінскі не выказаў ідэю аб будаўніцтве канала, які б злучаў басейны Чорнага і Балтыйскага мораў, а дакладней Піну і Мухавец. Ад прапановы да яе ажыццяўлення прайшло больш за стагоддзе.
Толькі ў 1775 годзе сярод бяскрайніх балот і лясоў сяляне пачалі пракладваць водны шлях. Будаўніцтва канала, які атрымаў назву Каралеўскага, было завершана ў 1783 годзе, а на наступны год кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ацаніў якасць будаўніцтва, адправіўшыся ў воднае падарожжа па канале. Сваю ж сучасную назву канал атрымаў пасля рэканструкцыі, праведзенай у 1837—1848 гадах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны шлюзы былі знішчаны, аднак літаральна за год былі адноўлены рукамі працавітых палешукоў, па штучным водным шляху “з варагаў у грэкі” зноў пачалося актыўнае суднаходства. Цяпер воднае люстэрка канала ўжо не так часта трывожаць баржы і цеплаходы. Белінскія педагогі мяркуюць, што прыйшоў час развіцця ў рэгіёне ўнутранага воднага турызму. Чаму б і не? Ахвочыя праплыць ад Брэста да Мазыра праз старажытныя Пінск, Тураў і, канечне, Белін, з яго рэшткамі абсерваторыі, знойдуцца абавязкова, і не толькі ў Беларусі. Можа, сярод іх нават будуць продкі Юрыя Асалінскага або Станіслава Аўгуста Панятоўскага ці тых сялян, якія будавалі канал у цяжкіх прыродных умовах пры дапамозе прымітыўных прылад працы. Галоўнае — распрацаваць і арыгінальна прадставіць грамадскасці турыстычны прадукт пад назвай “Днепра-Бугскі канал”.

Цэнтр Зямлі

Калі размяшчэнне помніка на месцы геадэзічнага пункта “Белін” — гэта справа яшчэ далёкай, а можа і блізкай, перспектывы, то жыхары Бездзежа могуць ганарыцца тым, што пра іх вёску ўжо ведаюць у штаб-кватэры ЮНЕСКА. Усё дзякуючы ўстаноўленаму на месцы геадэзічнага пункта “Бездзеж” памятнаму знаку, а таксама знакамітым фартухам. Для бездзежцаў родная вёска — не проста дарагі сэрцу куточак, а сапраўдны цэнтр жыцця, цэнтр Зямлі. І пацвярджае гэтыя словы арыгінальны праект памятнага знака: гранітны пастамент вянчае гранітны шар (сімвал планеты), а на ім — контуры Рэспублікі Беларусь і адзіны надпіс — Бездзеж. Ганарацца бездзежцы і тым, што іх вёска — самы старажытны населены пункт на тэрыторыі раёна. Мясцовыя жыхары абавязкова правядуць да будынка праваслаўнага Свята-Троіцкага храма, узведзенага ў 1784 годзе, раскажуць дзівосную гісторыю вяртання ў царкву старадаўняга Евангелля, пакажуць даваенныя чорна-белыя здымкі з цёплымі і шчырымі поглядамі сваіх продкаў. Такімі ж цёплымі і шчырымі з’яўляюцца і ўзоры, якімі ўпрыгожаны жаночыя фартухі. На жаль, герояў гэтых фотаздымкаў ужо няма з намі, а вось фартухі жывуць і адчуваюць сябе даволі няблага. Ды і нядзіўна, бо пра іх як пра сапраўдны скарб клапоцяцца супрацоўнікі музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”.
Хоць гэты музей афіцыйна і адносіцца да сістэмы культуры, аднак напалову яго можна назваць музеем установы адукацыі. Па-першае, больш чым паўтары тысячы прадметаў экспазіцыі, адкрытай у 1999 годзе, размяшчаецца ў сямі залах былога будынка Бездзежскай сярэдняй школы. Па-другое, самыя актыўныя наведвальнікі музея — педагогі і навучэнцы. Па-трэцяе, амаль кожны дзень для мясцовых вучняў тут праводзяцца заняткі гуртка па прадзенні і ткацтве, а для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства нярэдка ладзяцца раённыя метадычныя аб’яднанні. І яшчэ: у 2009 годзе музей быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за стварэнне ўнікальнай калекцыі фартухоў, адраджэнне народных традыцый, абрадаў і дыялектаў. Гэтая заслуга ў многім належыць і бездзежскай школе.
Пачнём лічыць ізноў: па-першае, частка экспанатаў знойдзена настаўнікамі і вучнямі; па-другое, многія тканыя і вышываныя вырабы, якія ўпрыгожваюць раздзелы экспазіцыі, створаны рукамі юных ткачоў; па-трэцяе, менавіта калектыў Бездзежскай сярэдняй школы падчас абласных, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый праз свае даследчыя работы папулярызуе багатую духоўную і матэрыяльную спадчыну роднай вёскі, якая якраз і захоўваецца ў музеі. Адна з апошніх работ, якая была прадстаўлена на вобласць, — “Развіццё ткацтва ў вёсцы Бездзеж”. Дыпломамі рознага ўзроўню адзначаны і работы “Гістарычнае мінулае вёскі Бездзеж”, “Рамёствы ў вёсцы Бездзеж”. Цікавым атрымалася і даследаванне баявога і няпростага жыццёвага, асабліва пасляваеннага, шляху ўраджэнца Бездзежа салдата арміі генерала Андэрса Міхаіла Лоскі. Работа справядліва была адзначана на рэспубліканскім узроўні. Дарэчы, праводзяцца названыя даследаванні пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Рамана Віктаравіча Чайкоўскага, які, як бачна на фотаздымку, пераўвасобіўся пры дапамозе дырэктара Бездзежскай сярэдняй школы Аляксея Аляксеевіча Хлебаўца ў вобраз бездзежца пачатку ХХ стагоддзя. Але вернемся да фартухоў.
— Асаблівасць бездзежскага фартуха ў тым, што ён прыкрывае не толькі пярэднюю частку спадніцы, але і бакі. Ніводны ўзор на ім не паўтараецца, бо кожная жанчына ўносіла свае элементы ўпрыгожвання. У асобны момант жыцця апранаўся асобны фартух. Напрыклад, у царкву на Вялікдзень насілі яркі, стракаты, калі быў пост, то больш стрыманы. Самы стары фартух экспазіцыі датуецца 1880 годам. Як бачна, ніткі на ім амаль не выцвілі. Сакрэт просты: яны фарбаваліся натуральнымі прыроднымі кампанентамі, напрыклад, бярозавай карой, цыбульным шалупіннем. Для вышывання выкарыстоўваліся толькі тонкія і моцныя ніткі. Іх прыдатнасць правяралася наступным чынам: калі 300 нітак праходзілі праз заручальны пярсцёнак, то толькі тады яны ішлі на стварэнне фартуха. На ўсіх фартухах прысутнічае чырвоны колер, які, як лічылася, адганяе нячыстую сілу. У 80-я гады ХХ стагоддзя фартухі паступова пачалі выходзіць з моды, аднак нашы жанчыны і да сённяшняга часу захоўваюць іх і перадаюць дочкам у якасці пасагу, — расказвае кіраўнік гуртка прадзення і ткацтва Ніна Лукінічна Янушчык.
Як на Беларусі развітваюцца з гасцямі? Канечне, усмешкамі, сонечным надвор’ем, смачным абедам або вячэрай на дарожку і абавязкова пажаданнямі хуткай сустрэчы. Вам калі-небудзь прапаноўвалі на развітанне прымераць вышываную сарочку або фартух? Вас частавалі дранікамі і салам з тоўчаным ільняным семем? Калі не, то абавязкова наведайцеся ў Бездзеж. Вам калі-небудзь прапаноўвалі на развітанне паглядзець у тэадаліт або прагуляцца да гідравузла і паназіраць, як беларуская вада цячэ ў Балтыку і Чорнае мора? Калі не, то вам у Белін! Вам калі-небудзь гаварылі “Абавязкова прыязджайце ў дарагі наш горад”? Калі не, то вам у Драгічын.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.