Партнёры па дапамозе, паплечнікі па дабрыні

- 11:28Сацыяльны ракурс

У мінулым годзе каля 1 млн долараў Беларускі дзіцячы фонд накіраваў у рамках сацыяльных праектаў на дапамогу дзецям і сем’ям. Лічба, безумоўна, уражвае, але яшчэ больш уражваюць дапамога і падтрымка, якую грашамі не ацэніш і ў лічбах не прадставіш, бо ні чуласць, ні клопат грашоваму вылічэнню не падлягаюць. І яшчэ бясспрэчна тое, што ні адна арганізацыя, нават такая вялікая і актыўная, як дзіцячы фонд, не справіцца з падобным аб’ёмам работы — дапамагаюць паплечнікі, аднадумцы, добрыя і спагадлівыя людзі. Між іншым сярод іх шмат педагогаў: толькі ў праўленнях рэспубліканскіх, абласных і раённых аддзяленняў фонду іх амаль 60%.

Адкрыццё спартыўнай пляцоўкі ў Магілёве (у цэнтры, лявей — А.В.Трухан).

Пра тое, што і як удалося зрабіць у мінулым годзе (а ён быў надзвычай плённым), як складвалася супрацоўніцтва са школамі, педагогамі, іншымі сацыяльнымі партнёрамі, мы папрасілі расказаць дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Аляксандра Васільевіча ТРУХАНА.

— Аляксандр Васільевіч, 2019 год для фонду быў, несумненна, прадукцыйным, але, напэўна, і напружаным?

— Так, летась мы ажыццявілі цэлы шэраг сур’ёзных праектаў. Работы хапала і нашаму цэнтральнаму офісу, і 6 абласным, 80 раённым аддзяленням, усім нашым актывістам, бо мы працуем на ўсю краіну. Праекты фонду не мясцовыя, лакальныя, а тычацца ўсёй Беларусі або, як мінімум, пэўнай вобласці. Думаю, наша арганізацыя змагла ў чымсьці па-новаму праявіць сябе, дапамагчы і дзецям, і дарослым.

— А калі гаварыць больш канкрэтна, якая з ініцыятыў была зусім новай, што фонд і яго сябры зрабілі такога, чаго не рабілі раней?

— Перш за ўсё ўзгадаю пра дапамогу дзіцячым дамам сямейнага тыпу, якую мы змаглі аказаць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, органаў адукацыі на месцах, педагогаў сумесна з кампаніяй Mastercard.

Мы доўга думалі, што было б цікавым і карысным для такіх сем’яў, і прыйшлі да высновы: кожнае з дзяцей асобна кудысьці выязджае, адпачывае, а вялікая сям’я, у якой не менш чым 10 чалавек, уключаючы і бацькоў, і прыёмных дзяцей, і родных, практычна не мае магчымасці выехаць на адпачынак, на экскурсію разам ці ў сваёй большай част­цы. Вось мы і стварылі праект “Падары будучыню дзецям”, які складаецца з некалькіх кірункаў. Першы — гэта сямейны адпачынак, калі адпачывалі ўсе члены сям’і. Змаглі арганізаваць адпачынак для 278 дзяцей і іх баць­коў з 36 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з усіх абласцей і Мінска. Сем’і адпачылі ў лепшых здраўніцах Беларусі: НДЦ “Зубраня”, Дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Надзея”, экатуркомплексе “Мікалаеўскія сажалкі” ў Магілёўскай вобласці, санаторыях “Лётцы” на Віцебшчыне і “Парэчча” на Гродзеншчыне.

Многія маці нам гаварылі потым, што ўпершыню і дзяцей сваіх убачылі з іншага боку, і ад бытавых праблем адпачылі, знайшлі час на сябе. А дзеці былі ў поўным захапленні. Вось што, напрыклад, напісала адна 15-гадовая дзяўчынка са Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці: “Я не хацела ехаць у “Зубраня”, бо палохалася чужых людзей, але гэтая паездка змяніла мой светапогляд. Сустрэла тут новых сяброў, добрых і спагадлівых важатых. Мне спадабалася тут усё”. Важна і тое, што 3—4 сям’і адпачывалі разам і мелі магчымасць наладзіць зносіны, абмерка­ваць агульныя праблемы. Многія абмяняліся тэлефонамі, а ў выніку стварылі групу ў сацсетках, і цяпер перапісваюцца, абменьваюцца вопытам.

Не менш важна і тое, што ўсе падчас гэтага адпачынку прайшлі медыцынскі агляд, для ўсіх спецыялісты распрацавалі індывідуальныя праграмы рэабілітацыі і аздараўлення.

На фінале конкурсу “Музыка дзіцячай душы”.

— Вы сказалі, што праект меў не а­дзін кірунак, значыць, сем’і чакала нешта яшчэ?

— Так. Падчас рэалізацыі праекта для 280 дзяцей-сірот і бацькоў з 40 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу (іншых дамоў, не тых, што былі задзейнічаны ў праграме сямейнага адпачынку) былі арганізаваны эксурсійна-пазнавальныя паездкі, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сем’і за 3 дні ў групах па 40—45 чалавек пабывалі ў гістарычна-культурным комплексе “Лінія Сталіна”, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, мемарыяльным комплексе “Хатынь”. У праграме былі і іншыя аб’екты — Нацыянальная бібліятэка, парк віртуальнай рэальнасці “Тэлепорт”, планетарый, а таксама аглядная экскурсія па Мінску. Нам вельмі дапамаглі ў арганізацыі паездак мясцовыя аддзелы па адукацыі, бо мы забіралі сем’і з абласных цэнтраў і назад прывозілі іх туды ж, а вось дарога да цэнтральных гарадоў і ад іх была клопатам гэтых аддзелаў.

Для сем’яў з Мінска была свая праграма: яны з’ездзілі ў Брэст, пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, наведалі рэзідэнцыю Дзеда Мароза, Музей прыроды ў Белавежскай пушчы. Ну і, канечне, гэта ўсё тыя ж зносіны, новыя знаёмствы, новыя ўражанні.

І яшчэ ў рамках гэтага праекта мы арганізавалі ў кожнай з абласцей аднадзённыя экскурсіі сем’яў у тых рэгіёнах, дзе яны жывуць, па месцах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Напрыклад, у Гомельскай вобласці экскурсія была арганізавана ў мемарыяльны комплекс вёскі Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна “Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны”. Сем’і з Віцебшчыны пабывалі ў Музеі Обальскага камсамольскага падполля, іншых музеях, на пешай прагулцы па Полацку.

— Атрымліваецца, што праект ахапіў многіх дзяцей-сірот, вялікую колькасц­ь дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Пра якія маштабы можна гаварыць, Аляксандр Васільевіч?

— 132 дамы (46,6% ад агульнай колькасці дзіцячых дамоў сямейнага тыпу) з 79 раёнаў і гарадоў краіны мы змаглі далучыць да гэтай праграмы, 1065 (57,1%) дзяцей і дарослых прайшлі курс рэабілітацыі і аздараўлення ў рамках сямейнага адпачынку, удзельнічалі ў экскурсійна-пазнавальных паездках або атрымалі матэрыяльную дапамогу. Так, у межах праекта была аказана матэрыяльная падтрымка дзіцячым дамам сямейнага тыпу на набыццё мэблі, бытавой тэхнікі, абсталявання і г.д.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Таксама ў рамках дабрачынных праектаў, дзякуючы дапамозе партнёраў, удалося пабудаваць 3 спартыўныя гульнявыя пляцоўкі, у тым ліку пляцоўкі стрыт-варкаўта. Адна з іх у Магілёве на 1000 кв.м ля гімназіі № 1, другая — у Оршы ў мікрараёне сярэдняй школы № 20. І яшчэ адна пляцоўка знаходзіцца на базе адной са школ у Фрунзенскім раёне Мінска. Усе пляцоўкі пабудаваны ў супрацоўніцтве і з удзелам упраўленняў па адукацыі, але прызначаны для ўсіх жадаючых, як дзяцей, так і дарослых, у тым ліку для людзей з інваліднасцю. Яны важныя не толькі для заняткаў спортам, але і для сацыялізацыі хлопчыкаў і дзяўчынак з абмежаванымі магчымасцямі, стварэння асяроддзя для зносін з равеснікамі.

Завяршыўся праект для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Падары будучыню дзецям” вялікай трохдзённай навагодняй праграмай з тэатралізаванымі паказамі, выставамі, экскурсіямі. Зараз мы шукаем магчымасць яго працягнуць, бо лічым, што праект атрымаўся ўдалым, ды і бацькі і дзеці адзываюцца аб ім вельмі станоўча. Адна маці-выхавальніца з Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці напісала так: “Я спадзяюся, што і ў далейшым бу­дуць распрацоўвацца такія праекты, дзе бацькі змогуць зносіны і абмен вопытам сумяшчаць з адпачынкам. А нашы дзеці — знаёміцца, праяўляць сябе і аздараўлівацца”.

— Што ж, словы добрыя. Упэўнена, вы чуеце іх і ад іншых бацькоў. Напрыклад, ад тых, чыім дзецям дапамаглі дзякуючы праекту “Я вижу”.

— Праект “Я вижу” быў у нас даволі доўгім: працягваўся 4 гады і прайшоў у 4 абласцях (Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай). Пры падтрымцы кампаніі А1 (ранейшай velcom), органаў аховы здароўя і адукацыі фонд арганізаваў абследаванне зроку дзяцей з сельскай мясцовасці, стварыў сацыяльную рэкламу па захаванні зроку, напрыклад, коміксы для дзяцей. Чаму вырашылі працаваць менавіта з вясковымі дзецьмі? Таму што ўрачоў-афтальмолагаў у мясцовых ФАПах няма, вырвацца ў раённую ці абласную бальніцу няпроста, а праблемы ёсць.

Хутка мы на спецыяльнай прэс-канферэнцыі раскажам пра вынікі праекта, але штосьці магу акрэсліць і цяпер. Брыгады ўрачоў мы з партнёрамі забяспечылі транспартам, абсталяваннем, аплацілі іх работу, а працавалі яны на базе школ. Педагогі стваралі графікі, рыхтавалі памяшканні для аглядаў, дамаўляліся з бацькамі, вырашалі многія арганізацыйныя пытанні.

Звесткі, якія мы атрымалі, не самыя лепшыя. Яны патрабуюць прыняцця пэўных мер як па частцы медыцыны, так і адносна арганізацыі навучання ў школах, таму абагульненыя даныя мы перададзім у адпаведныя міністэрствы.

За час ажыццяўлення праекта брыгады медыкаў наведалі 693 школы ў 62 раёнах, абследавалі 51 474 чалавекі. У 32,3% дзяцей з гэтай колькасці афтальмолагі выявілі паталогію.

— Ведаю, што ў Беларускага дзіцячага фонду шмат творчых праектаў для дзяцей з няпростым лёсам. Напрыклад, Рэспубліканскі конкурс выяўленчага мастацтва “Свет маімі вачыма”. На выставе па яго выніках мне ўдалося пабываць у пачатку мінулага года.

— У нас ёсць цэлая праграма ў гэтым напрамку — пад назвай “Юныя таленты”, якую мы ажыццяўляем даўно. У 2019 го­дзе яе падтрымалі партнёры — БПС-Ашчадбанк і іншыя. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, прайшоў і конкурс, пра які вы ўзгадалі, для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю ва ў­зросце ад 10 да 18 гадоў, потым была праведзена выстава. Па выніках конкурсу мы выдалі каталог дзіцячых работ-пераможцаў. Маладыя мастакі атрымалі падарункі ад вядомых беларускіх творцаў — для дзяцей гэта было сапраўднае свята.

Летась адбыліся і фотавыставы “Пачатак дзвюх дарог” маладых фатографаў з інваліднасцю Эдуарда Клуйшы і Андрэя Ганчарова. Выставы прайшлі ў Мінску, адбудуцца ў родных гарадах хлопцаў — Смаргоні і Барысаве. Адзін з гэтых хлопцаў, Эдуард Клуйша, знайшоў сябе не толькі ў фотамастацтве, але, можна сказаць, і ў педагогіцы — вядзе фотагурток для дзяцей у Смаргоні, арганізаваў анлайн-інтэрнэт-курс па фотарэтушы. Абодва займаюцца валанцёрскай работай. Гэта ўжо юнакі, але мы з радасцю падтрымліваем іх, супрацоўнічаем.

Прайшоў і Рэспубліканскі конкурс “Музыка дзіцячай душы” для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю, якія выконваюць класіку. Рэспубліканскі тур конкурсу і гала-канцэрт адбыліся ў Мінску, дзеці выступалі з вядомымі музыкантамі, мы падрыхтавалі для іх цікавую забаўляльную праграму. 5 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі імянныя стыпендыі, 7 — матэрыяльную дапамогу. А юная мінчанка Марыяна Бабіч разам са знакамітай скрыпачкай выпускніцай Венскай кансерваторыі Юліяй Лебядзенка выступіла не толькі ў Мінску, але і ў Вене, на канцэрце, які арганізаваў фонд вядомага расійскага музыканта Дзяніса Мацуева.

У нас ёсць і іншыя праекты, і за кожнай такой праграмай — не толькі дзеці, але і дарослыя, перш за ўсё педагогі, выкладчыкі як агульнаадукацыйных, так і музычных, мастацкіх школ, якія дапамагаюць дзецям, заахвочваюць іх. А нашы конкурсы паказва­юць вынікі іх работы. Мы абавязкова дзякуем усім педагогам, якія працуюць з дзецьмі, рыхтуюць іх да конкурсаў, а таксама педагогам-актывістам нашага фонду. Іх многа, а некаторыя нават узначальваюць рэгіянальныя аддзяленні фонду. Так, Гродзенскае абласное аддзяленне ўзначальвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская.

Дзяцей, бацькоў-выхавальнікаў фонд абавязкова віншуе са святамі, арганізоўвае да іх праграмы. Кожны год дзіцячы фонд накіроўвае групу дзяцей-сірот з Беларусі на святкаванне Міжнароднага дня абароны дзяцей у Маскву, дзе праграму для іх арганізоўваюць Міжнародная асацыяцыя дзіцячых фондаў, Расійскі дзіцячы фонд. А нядаўна напярэдадні Новага года яшчэ і гандлёвы дом “БелАЗ” дапамог Магілёўскаму абласному адзяленню фонду арганізаваць паездку для дзяцей са школ-інтэрнатаў Магілёўскай вобласці ў Маскву. Дзеці пабывалі на ёлцы ў Крамлі, у цырку, шмат дзе яшчэ. Тут дапамагло і беларускае пасольства.

Традыцыйна летась мы правялі рэабілітацыйныя змены для анкахворых дзяцей у стадыі рэмісіі ў НДЦ “Зубраня”, для малых з цяжкімі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі — у ДРАЦ “Надзея”. Пра ўсё і не раскажаш, бо, як я ўжо гаварыў, год быў насычаным. Спадзяюся, што бягучы будзе не менш карысным і цікавым.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Беларускага дзіцячага фонду.