Пашырае кругагляд вучняў праз… фізкультуру

- 10:42Людзі адукацыі

Сяргей Аляксандравіч Карпук не планаваў станавіцца настаўнікам фізкультуры. Яго дзіцячае захапленне спортам усяляк заахвочвалі школьныя педагогі, якім ён вельмі ўдзячны за правільны прафесійны выбар. На працягу 6 гадоў выпускнік факультэта фізічнага выхавання БрДУ імя А.С.Пушкіна кожную раніцу з радасцю ідзе ў школу, дзе маладога настаўніка з нецярпеннем чакаюць дзеці.

Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, настаўнік фізкультуры з сярэдняй школы № 3 Жабінкі ўжо можа пахваліцца пэўнымі прафесійнымі дасягненнямі. Сяргей Аляксандравіч — удзельнік раённага этапу абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны — 2013”, пераможца раённага конкурсу “Малады чалавек года — 2016” і абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2017”. Выхаванцы С.А.Карпука — актыўныя ўдзельнікі спартыўных спаборніцтваў і мерапрыемстваў.
— Больш за ўсё люблю бачыць вынікі сваёй працы, прагрэс у фізічным развіцці дзяцей, — прызнаецца педагог, які актыўна далучае вучняў да алімпійскага руху і здаровага ладу жыцця.

Ужо некалькі гадоў настаўнік укараняе на ўроках рухавыя гульні народаў свету. Звярнуцца да іх вымусіла сітуацыя, калі давялося працаваць з пяцікласнікамі, якія ў пачатковай школе паказвалі невысокую фізічную падрыхтоўку. Патрабавалася неадкладна павысіць узровень фізічнага развіцця вучняў, падабраўшы для гэтага аптымальны метад. На дапамогу прыйшлі рухавыя гульні, якія ўлічваюць узроставыя асаблівасці вучняў і развіваюць іх канкрэтныя фізічныя якасці.

— Вучэбная праграма па фізкультуры прадугледжвае асваенне лёгкай атлетыкі, гімнастыкі, акрабатыкі, лыжных гонак і спартыўных гульняў, — гаворыць С.А.Карпук. — Дасканала вывучыў, якія першачарговыя фізічныя якасці павінен развіваць у дзяцей у кожным з гэтых праграмных раздзелаў. Так, у лёгкай атлетыцы асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць хуткасці, сіле і вынослівасці, у гімнастыцы — сіле і гнуткасці, у спартыўных гульнях — спрытнасці і хуткасна-сілавым здольнасцям, у лыжных гонках — вынослівасці. Задумаўся: ці можна ў арсенале вядомых метадаў знайсці ўніверсальны, які дазваляў бы ў кожным з праграмных раздзелаў паступова фарміраваць і развіваць у вучняў 5-х і наступных класаў не адну ці дзве якасці, а адразу іх комплекс? Вялікі рэсурс для гэтага ўбачыў у рухавых гульнях. Праўда, адразу ўявіў, што наўрад ці сучасныя школьнікі зацікавяцца такімі вядомымі гульнямі, як “Гусі-лебедзі”, “Карасі і шчупакі”, “Паляўнічыя і качкі”, “Хітрая ліса” і інш. Неабходна было прапанаваць нешта такое, што магло б захапіць з першай хвіліны. Вырашыў ператварыць асобныя заняткі ў падарожжы на ўяўным паветраным шары па краінах і кантынентах, якія разам з вучнямі выбіраем на геаграфічнай карце. Падчас падарожжаў дзеці знаёмяцца з гісторыяй, нацыянальнымі асаблівасцямі, традыцыямі і культурай народаў, іх спартыўнымі дасягненнямі. Фізкультура валодае добрым патэнцыялам для міжпрадметных сувязей. Разам з геаграфіяй, гісторыяй, біялогіяй і музыкай яна развівае фізічныя якасці, кругагляд і агульную культуру школьнікаў. Дзякуючы рухавым гульням розных народаў, вучні адкрываюць цікавы свет іх жыцця.

С.А.Карпук заўважае, што яго педагагічную задуму не варта абсалютызаваць. Рухавыя гульні трэба спалучаць з комплексам агульнаразвіццёвых і спецыяльных практыкаванняў. Пры планаванні ўрокаў з выкарыстаннем гульняў народаў свету педагог улічвае агульную нагрузку на занятках, якая павінна павялічвацца паступова, час, месца і мэтавае прызначэнне іншых вучэбных заданняў.

— Нельга забываць, што ў гульні важны не вынік, а перажыванні падчас гульнявых дзеянняў, — адзначае С.А.Карпук. — Дзіцячыя пачуцці рэальныя. Гульцы смяюцца ад поспеху, плачуць і засмучаюцца ад няўдачы. Любая рухавая гульня — гэта школа пачуццяў, якія аб’ядноўваюць людзей.

Пад кіраўніцтвам настаўніка дзеці вывучаюць сутнасць рухавых гульняў пэўных народаў. Педагог падрабязна расказвае пра іх, паказваючы, якія фізічныя якасці, неабходныя ў дарослым жыцці, яны прывіваюць пры рэгулярным прымяненні не толькі ў зале, але і на іншай пляцоўцы, зімой і летам.

— Дзеці адшукваюць на геаграфічнай карце адпаведную краіну, даведваюцца пра нацыянальныя асаблівасці, якія адрозніваюць яе жыхароў ад жыхароў іншай краіны, знаёмяцца з пейзажамі, касцюмамі, прадметамі побыту носьбітаў пэўнай гульні, — расказвае С.А.Карпук. — Для гэтага выкарыстоўваюцца кароткія мультымедыйныя прэзентацыі, падрыхтаваныя вучнямі. Дзеці знаёмяцца і з правіламі бяспекі, якіх трэба прытрымлівацца гульцам.

Настаўнік вывучыў вялікую колькасць рухавых гульняў розных краін і народаў, сістэматызаваўшы іх па групах для фарміравання і развіцця пэўных фізічных якасцей вучняў. Так, калі на ўроку вырашаецца задача па развіцці сілы, то ў план заняткаў уключаюцца дапаможныя і падводзячыя гульні, звязаныя з кароткачасовымі хуткасна-сілавымі напружаннямі і рознымі формамі пераадолення мышачнага супраціўлення праціўніка ў непасрэдным кантакце з ім: перацягванні, утрыманні, элементы барацьбы, нахілы, прысяданні, адцісканні, пад’ёмы, павароты, вярчэнні, бег, скачкі з пасільным грузам, кіданні прадметаў на далёкасць (нямецкая гульня “Штандр”, венгерская — “Рухавы рынг”, аўстралійская — “Кенгурыныя гонкі”). Для развіцця хуткасці добра падыходзяць рухавыя гульні “Пажарная каманда” (Германія), “Кошыкі” (Мексіка) і “Дзень і ноч” (Перу), якія патрабуюць імгненных рэакцый у адказ на зрокавыя, гукавыя ці тактыльныя сігналы, уключаюць перыядычнае паскарэнне, раптоўныя прыпынкі, імклівыя рыўкі. Для развіцця спрытнасці выкарыстоўваюцца гульні, якія прадугледжваюць дакладную каардынацыю рухаў і хуткае ўзгадненне сваіх дзеянняў з дзеяннямі партнёраў, фізічны спрыт: “Хвост дракона” (ЗША), “Квінта” (Літва), “Вялікая кошка” (Бразілія). Для развіцця вынослівасці мэтазгодна звяртацца да гульняў з вялікай затратай сіл і энергіі, частымі паўторамі практыкаванняў ці працяглай рухальнай актыўнасцю па правілах: “Мамба” (Конга), “Пасол прыбывае” (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), “Нерат” (Украіна). Гнуткасць фарміруецца і адточваецца ў гульнях з частай зменай напрамкаў рухаў: “Бег ракаў” (Польшча).

Па назіраннях настаўніка, у вучняў, задзейнічаных у гульнях народаў свету, паступова павышаецца ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, а значыць, паляпшаецца і вучэбная паспяховасць.

С.А.Карпук плануе распрацаваць сістэму выкарыстання рухавых гульняў народаў свету на ўроках фізкультуры ў 6—7 класах, прычым з абавязковым уключэннем лепшых беларускіх рухавых гульняў.

— Вопыт паказаў, што рухавыя гульні павышаюць маторную шчыльнасць урокаў і цікавасць да заняткаў фізкультурай, а таксама ўмацоўваюць дзіцячае здароўе. Пераканаўся, што настаўнік фізкультуры павінен быць цікавым сучасным вучням не толькі як умелы дэманстратар канкрэтных фізічных дзеянняў, але і як высокаэрудзіраваны чалавек, — падагульняе С.А.Карпук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.