Паспець за тыдзень

- 11:44Рознае, Якасць адукацыі

Новы дакумент аб скарачэнні тэрміну павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў да аднаго тыдня ўскалыхнуў сістэму дадатковай адукацыі дарослых. Інстытутам развіцця адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў экстранным рэжыме давялося карэкціраваць вучэбна-тэматычныя планы, шукаць новыя падыходы ў рабоце са слухачамі.

Што ўдалося зрабіць за некалькі месяцаў работы ў новым фармаце, з якімі цяжкасцямі сутыкнуцца, якім павінен быць новы канцэптуальны падыход да базавых курсаў — гэтыя і іншыя пытанні ўзнімалі ўдзельнікі круглага стала “Аптымізацыя працэсу дадатковай адукацыі дарослых у сучасных умовах”. Мерапрыемства арганізавала Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, на яго былі запрошаны прарэктары рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, а таксама начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў Міністэрства адукацыі Дзяніс Аляксандравіч Канапацкі.
Адкрываючы работу круглага стала, рэктар АПА Андрэй Пятровіч Манастырны ўзгадаў час, калі базавае павышэнне кваліфікацыі педагагічных кадраў адбывалася на працягу месяца. Пад эгідай акадэміі працавала вялікая творчая група, якая выпрацавала канцэптуальны падыход да зместу такіх курсаў. Яны засноўваліся на ўяўленні мадэлі спецыяліста на розных ступенях яго прафесійнай кар’еры і ўключалі ў сябе наступныя блокі: культуралагічны, метадалагічны, псіхолага-педагагічны, прадметны. Такія падыходы працавалі шмат гадоў, праграмы некалькі разоў абнаўляліся. Затым курсы перавялі на двухтыднёвы цыкл, праграмы трансфармаваліся пад новы запыт, але канцэптуальны падыход мадэлі спецыяліста захаваўся. Яшчэ адно скарачэнне курсаў — да тыдня — паставіла сістэму дадатковай адукацыі ў няпростае становішча, бо намаляваць мадэль спецыяліста ў такім кароткім фармаце аказалася вельмі складана.
З 80 вучэбных гадзін, якія былі пры двухтыднёвых курсах, засталося ў сярэднім каля 48. Згодна з новым вучэбна-тэматычным планам, агульная колькасць вучэбных гадзін складае ад 36 да 60. Але ўстановы дадатковай адукацыі дарослых не выкарыстоўваюць максімальную колькасць, бо ў слухачоў ужо праз 4 пары наступае тармажэнне і яны не ўспрымаюць матэрыял, які ім даецца. Пры скарачэнні праграм найбольш пацярпелі псіхолага-педагагічныя, філасофска-метадалагічныя тэмы. Яны засталіся, але ў меншым аб’ёме.
Маніторынг, праведзены акадэміяй сярод сваіх слухачоў, выявіў павелічэнне незадаволенасці курсамі павышэння кваліфікацыі на 10 пунктаў. Выкладчыкі са свайго боку таксама адзначаюць недахоп часу, каб дасягнуць усіх мэт, якія закладзены праграмай, звяртаюць увагу на высокую стамляльнасць слухачоў.
Многія інстытуты, АПА спрабуюць дыстанцыйна-вочную сістэму работы са слухачамі: калі з часткай матэрыялаў педагогі самастойна знаёмяцца дома, а прыехаўшы на тыднёвы вочны этап, працуюць на аснове таго, што засвоілі дома.
— Калі мы намераны развіваць такі падыход, трэба ўдасканальваць нарматыўную базу павышэння кваліфікацыі па дзвюх пазіцыях, — заўважыў Андрэй Пятровіч Манастырны. — Па-першае, прапісаць самастойную работу як форму вучэбнай дзейнасці ў павышэнні кваліфікацыі. Па-другое, распрацаваць інструкцыю аб дыстанцыйнай форме павышэння кваліфікацыі. У акадэміі ёсць свой лакальны дакумент, але хацелася б, каб ён быў адзіны для ўсіх.
Словы рэктара АПА падтрымала і прарэктар па вучэбнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ганна Паўлаўна Гурко.
— Дыстанцыйная форма навучання — прагрэсіўная, ёй карыстаюцца ва ўсім свеце. І нашы настаўнікі гатовы яе асвойваць. Мы спрабуем працаваць па ёй, аднак нашу работу тармозіць адсутнасць палажэння аб дыстанцыйнай форме навучання, — заўважыла Ганна Паўлаўна.
Як расказаў прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Іосіф Іосіфавіч Дарняк, у сёлетні план павышэння кваліфікацыі яны ўключылі чатыры вучэбныя праграмы па дыстанцыйным навучанні. На мінулым тыдні адбыўся першы выпуск слухачоў. Месяц яны займаліся самастойна, праз інтэрнэт кантактавалі з выкладчыкамі інстытута, затым 3—4 дні знаходзіліся вочна ва ўстанове, у гэты час праходзіла выніковая атэстацыя. Меркаванні як у слухачоў, так і ў выкладчыкаў на такую форму навучання розныя. Педагогі не задаволены ў большасці сваёй тым, што ў іх школах, як і ў аддзелах адукацыі, не ўдзяляюць належную ўвагу тым, хто на нейкі час становіцца слухачом дыстанцыйнага курса. Гэта стварала напружанне.
— Нягледзячы на розныя цяжкасці, слухачы і цьютары засталіся задаволены курсамі, — падсумаваў Іосіф Іосіфавіч. — Мы пастараліся зрабіць праграмы максімальна практыка-арыентаванымі, якія складаліся з інварыянтнай і варыятыўнай частак. Педагогі мелі права выбіраць, што ім больш неабходна. Мы маглі адсочваць, чым зараз цікавіцца наша настаўніцтва. Вялікай праблемай для нас у рэалізацыі дыстанцыйнай формы навучання з’яўляецца распрацоўка электроннага вучэбна-метадычнага комплексу па вучэбнай праграме. Агульную тэхнічную структуру ВМК запазычылі ў вышэйшай школы, але няправільна браць усе пад капірку, бо ў сістэмы дадатковай адукацыі дарослых ёсць свае вызначальныя рысы. Нам неабходна мець сваё палажэнне аб электронным ВМК.
Зручнасць новага фармату навучання — дыстанцыйна-вочнага — ацанілі і ў рэгіёнах. У гэтым годзе Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі атрымаў дастатковую колькасць заявак на правядзенне такіх курсаў. Бліжэйшыя пройдуць у Іўеўскім раёне.
Дыстанцыйныя курсы могуць быць арганізаваны рознымі спосабамі. Напачатку вочны этап, а затым дыстанцыйнае прадаўжэнне. У такім выпадку ўзнікае пытанне з атэстацыяй слухача пасля праходжання праграмы. Другі варыянт — дыстанцыйны пачатак і вочны працяг, на якім адбываецца атэстацыя. Самы выдатны варыянт — вочная ўстановачная сустрэча выкладчыка са слухачамі, затым самастойная работа педагогаў і яшчэ адна вочная сесія з атрыманнем пасведчання аб праходжанні курсаў.
Сучасная сістэма дадатковай адукацыі дарослых, па меркаванні прарэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандра Мікалаевіча Бондарава, не павінна проста даваць настаўніку новыя веды, а заклікана дапамагчы яму адкрыць у сабе нешта новае, падарыць яму энергетычны запал да самаразвіцця. У сувязі з гэтым на курсах ствараецца атмасфера калектыўнага супрацоўніцтва, педагогі могуць абменьвацца вопытам, сваімі задумкамі.
Доктар псіхалагічных навук прафесар кафедры псіхалогіі АПА Уладзімір Аляксандравіч Янчук нагадаў праблему камплектавання прафесійнымі кадрамі ўстановы дадатковай адукацыі дарослых.
Раней сістэма павышэння кваліфікацыі папаўнялася новымі спецыялістамі з дзвюх крыніц — сярэдняй і вышэйшай школ. Зараз гэтыя шляхі цяжка рэалізаваць, таму што чалавек, які пакідае школу альбо ВНУ і прыходзіць на працу ў сістэму дадатковай адукацыі дарослых, толькі пагаршае сваё матэрыяльнае становішча, страчвае вялікі адпачынак.
— Трэба стварыць такія ўмовы, каб спецыяліст, які вырашыў прыйсці ў нашу сістэму, адчуваў сябе не горш, чым у школе ці ВНУ. Пакуль мы гэта не вырашым, то, якія б арганізацыйныя формы (адзін, два тыдні, месяц) ні былі, якасных адукацыйных праграм не будзе, бо людзей, якія іх могуць выкласці, будзе ўсё менш і менш, — падсумаваў рэктар АПА.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.