Патрыятызм як сталасць асобы

- 11:12Па справе з Наталляй Бушной

Сёння ў краіне ідзе актыўнае абмеркаванне праекта праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022—2025 гады. Падтрымліваючы ў цэлым прапанаваны распрацоўшчыкамі праект, хацелася б падкрэсліць некалькі аспектаў — перш за ўсё аксіялагічную аснову праграмы.

Выхаванне маладога пакалення — задача не аднаго ведамства ці арганізацыі. Гэта задача ўсяго грамадства. І яна асабліва актуальная сёння, калі вядзецца інфармацыйная вайна за розумы мола­дзі. Глабалізацыя, мнагазначнасць і мнагафактарнасць уплываў на чалавека ў сучасных умовах, размыванне культурных каштоўнасцей прыводзяць да разбалансаванага разумення асабістай свабоды і адказнасці. Найбольш адчувальнае да такога супярэчлівага ўплыву маладое пакаленне. Вопыт апошняга года паказаў, што, на жаль, пэўная частка моладзі (ды і не толькі моладзі) не разумее, што свабода ў дасягненні пастаўленых асабістых мэт заўсёды мае вынікам адказнасць за свае дзеянні. Сацыяльная адказнасць — гэта баланс асабістых і грамадскіх інтарэсаў, патрэб, запытаў. Таму сацыяльную адказнасць, на мой погляд, варта ўключыць у шэраг тых каштоўнасцей, на якіх будуецца патрыятычнае выхаванне. Гэта вызначае адну з найважнейшых задач, што ста­яць перад адукацыяй, — навучыць маладога чалавека думаць, прагназаваць вынікі сваёй дзейнасці і, што немалаважна, адказваць за іх. У гэтых адносінах патрыятызм можна разглядаць як сталасць асобы, якая дазваляе ёй усвядомлена дзейнічаць, прымаючы адказнасць за ўласныя дзеянні і ўчынкі ў дасягненні балансу паміж асабістымі і грамадскімі інтарэсамі.

Выхаванне патрыятызму — не кароткатэрміновы працэс.

Выхаванне патрыятызму — не кароткатэрміновы працэс. Ён патрабуе інтэграцыі і кансалідацыі ўсіх рэсурсаў: грамадскіх, сацыяльных, культурных, і, самае галоўнае, чалавечых. Для гэтага неабходна развіваць матывацыю дачынення да тых спраў, якія робяць мацнейшым кожнага ўдзельніка, канкрэтны калектыў і грамадства ў цэлым. У гонцы за сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, калі дзеці часта застаюцца сам-насам з гаджэтам, важна не ўпусціць значную каштоўнасную аснову выхавання патрыёта — калектывізм. Нашых “камп’ютарных” дзяцей вельмі складана нечым здзівіць, але можна і неабходна фарміраваць у іх дачыненне да агульнай сацыяльна значнай справы. Неабходна больш шырока выкарыстоў­ваць такія формы актыўнасці, якія патрабуюць калектыўных намаганняў. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра творчыя і сацыяльна значныя справы, калектыўныя гульнявыя віды спорту, валанцёрскі рух і г.д.

Аднак будзе няправільна сцвярджаць, што школа гэтага не робіць. Магчыма, у сучасных рэаліях — недастаткова актыўна, але гэты напрамак быў і застаецца нашай традыцыяй. Па­дзеі апошніх гадоў паказваюць, як важна даць магчымасць чалавеку, які сталее, сфарміраваць уласны вопыт сацыяльнай практыкі. Менавіта такі вопыт дазваляе гля­дзець на свет сваімі вачыма, а не вачыма чужога чалавека, чытаючы яркія загалоўкі інтэрнэтаўскіх артыкулаў. Зрабіць гэта можна і праз агульнашкольныя сацыяльна значныя праекты, якія аб’ядноўваюць усіх удзельнікаў адукацыйных адносін. А гэта і педагогі, і навучэнцы з 1 па 11 клас, і баць­кі, і грамадскасць. Уключанасць маладых людзей у рэалізацыю праектаў, накіраваных на паглыбленне гістарычных ведаў, вывучэнне баявых і працоўных традыцый, дазваляе строіць планы на будучыню. Пры гэтым, звязваючы іх з перспектывамі развіцця нашай краіны, абапіраючыся на яе мінулае і сучаснае.

Адзначу яшчэ адну важную каштоўнасную аснову патрыятычнага выхавання, якую абавязкова варта вылучыць у праграме. Гаворка пра сям’ю, якая сёння адчувае няпросты ўплыў з боку розных знешніх глабалізаваных фактараў свету. Сям’я, як вядома, з’яўляецца першаснай і найважнейшай формай сацыялізацыі чалавека, пабудовы міжасобасных узаемадзеянняў, захавання і трансляцыі каштоўнасных прыярытэтаў, якія адлюстроўваюць традыцыі, гісторыю, культуру грамадства. Умацаванне інстытута сям’і, яе здольнасці да самазахавання на аснове ўстойлівых маральных сувязей, якія дазваляюць маладому пакаленню выпрацоўваць і рэалізоўваць жыццёвыя планы, — адна з найважнейшых задач патрыятычнага выхавання.

Для таго каб школа выканала сваю важную ролю ў патрыятычным выхаванні, неабходна вярнуць павагу грамадства да настаўніка. Гэта складаная і карпатлівая работа, работа ўсяго грамадства і кожнага канкрэтнага педагога. У сувязі з гэтым хачу асаб­ліва падкрэсліць значнасць аднаго з напрамкаў патрыятычнага выхавання, адзначанага ў праекце праграмы, — прафесійны патрыятызм. У дачыненні да нашай прафесіі патрыятызм — гэта павага да сябе і сваёй прафесіі, развіццё ініцыятывы ў прафесійнай дзейнасці на карысць школьнага калектыву, грамадства і Радзімы.

Вядучая рубрыкі — дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Наталля Бушная.