Павага да традыцый і імкненне да інавацый

- 11:23Вышэйшая школа

У гэтыя дні Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт святкуе 85-годдзе. І сёння ў нас у гасцях яго рэктар — доктар эканамічных навук прафесар Уладзімір Мікалаевіч ШЫМАЎ.

— Уладзімір Мікалаевіч, у юбілей прынята гаварыць пра дасягненні, але давайце пачнём з вытокаў. На якія традыцыі, вопыт, напрацоўкі абапіраецца ўніверсітэт? Што вас маральна падтрымлівае і дапамагае рухацца наперад?

— Я заўсёды кажу: універсітэты не ствараюцца, а прарастаюць, калі з’яўляецца патрэба ў грамадстве. І моцныя яны найперш сваімі прафесарамі і выкладчыкамі.

У 1933 годзе, калі быў утвораны Інстытут народнай гаспадаркі, сюды запрасілі шмат выбітных спецыялістаў (у тым ліку з Масквы і Санкт-Пецярбурга). Самы актыўны ўд зел у развіцці інстытута прымалі спецыялісты з Дзяржплана і акадэміі навук. Той строгі адбор прафесарска-выкладчыцкага складу стаў залогам фарміравання будучых навукова-педагагічных школ універсітэта.

Сёння ў нас афіцыйна зарэгістраваны і дзейнічаюць 10 навукова-педагагічных школ па розных напрамках. А гэта ўжо гарантыя традыцыі, пераемнасці ў адукацыі, даследчай дзейнасці і г.д. Мы не страцілі ўсё гэта, а наадварот, нарасцілі. Праўда, добра нарошчваць, калі ёсць базіс. Таму я выказваю словы падзякі і перадаю глыбокі паклон ад сённяшняга калектыву ўніверсітэта і студэнтаў усім нашым папярэднікам. Без іх не было б таго Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які існуе сёння.

Мае зносіны з сённяшнімі студэнтамі, аспірантамі і выпускнікамі, якія размяркоўваюцца на работу, сведчаць пра тое, што ў іх ёсць пэўная доля здаровага меркантылізму. Таго рамантызму, як гэта было ў савецкі час, — “спачатку думай пра радзіму, а потым — пра сябе”, — сёння істотна паменшала. Але і здаровага патрыятызму ў нашай моладзі не адняць. Ім важна, каб і грамадства было багатым, і яны жылі забяспечана.

— Ваш універсітэт заўсёды лічыўся прэстыжнай установай адукацыі. На вашу думку, што найбольш прыцягвае моладзь у эканамічнай навуцы?

— Моладзь імкнецца ў наш універсітэт, бо мы рыхтуем да дзейнасці ў адной з самых цікавых сфер. Эканамічная навука і гаспадарчая практыка — гэта найскладанейшая сістэма з тых, што існуюць на зямным шары. Справа ў тым, што ў працэсах, звязаных з эканомікай, задзейнічаны і біялагічныя, і прыродныя, і сацыяльныя, і палітычныя працэсы. І ўсе яны так хітра пераплецены, што прадказаць іх сінергетычны эфект практычна немагчыма. А гэта надзвычай цікава. Я даўно займаюся эканомікай і магу сказаць, што ў свеце няма мадэлі, якая магла б якасна прагназаваць на доўгатэрміновую перспектыву. А вось у кароткатэрміновай перспектыве па прычыне пэўнай інерцыйнасці эканамічных працэсаў прагназаваць можна. Правільна прагназуючы, можна ствараць перадумовы для перспектыўнага развіцця.

Я вельмі паважаю маладых людзей, якія выбіраюць для вывучэння эканоміку. Ім цікава, і яны хочуць задаволіць сваю цікавасць, гатовы думаць, аналізаваць, дзейнічаць.

— Калі ласка, сфармулюйце адну галоўную задачу, якую вы ставіце перад універсітэтам.

— Падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў на такім узроўні, каб яны былі пастаянна запатрабаваны на знешнім і ўнутраным рынку працы.

На вырашэнне гэтай задачы працуе ўвесь наш калектыў. Гэтаму служаць падручнікі, якія мы рэгулярна выдаём. Дарэчы, па іх вучацца студэнты не толькі нашага, але і іншых універсітэтаў краіны. На вырашэнне згаданай задачы скіраваны ўвесь комплекс навукова-даследчых работ. Толькі за апошнія 5 гадоў нашы выкладчыкі бралі ўдзел у 10 дзяржаўных даследчых праграмах. Мы ведаем рэальны зрэз праблем, якія цікавяць грамадства, і ўдзельнічаем у іх вырашэнні.

У нас дзейнічаюць 48 філіялаў кафедраў на вытворчасці. Гэта дазваляе нашым студэнтам не толькі пралангаваць вучэбны працэс за межы ўніверсітэта, але і ўзмацняе кантакты прафесарска-выкладчыцкага складу з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, дазваляе нам паглыбляцца ў рэальныя праблемы і навуковымі метадамі знаходзіць іх рашэнне.

— Адна справа — практыка-арыентаванае навучанне беларускіх студэнтаў і зусім іншая — навучанне замежнікаў. Як можна даць актуальныя веды прадстаўнікам краін з рознымі эканамічнымі сістэмамі?

— Ведаеце, эканамічныя веды розныя і агульныя адначасова. Ва ўсіх сістэмах ёсць касцяк законаў рыначнага развіцця, які павінны ведаць і выконваць усе. А ўсё астатняе — гэта наслаенні, якія звязаны з гісторыяй развіцця пэўнай дзяржавы, з культурай, традыцыямі, ментальнасцю народа. Базавая рыначная тэорыя — яна адзіная.

Вопыт, гістарычныя традыцыі нашага ўніверсітэта сведчаць пра тое, што тут рыхтуюць вельмі якасных прафесіяналаў. Многія нашы выпускнікі працуюць за мяжой, дыпломы прызнаюцца.

Мы істотна нарасцілі экспарт адукацыйных паслуг. Сёння ў нас вучыцца больш як 700 замежнікаў з 26 краін. Наша адукацыя каціруецца і, самае галоўнае, дазваляе выпускнікам эфектыўна працаваць у сябе на радзіме. Па-іншаму і быць не можа, бо мы не ізаляваны, а адкрыты свету.

У нас заключаны двухбаковыя дагаворы аб супрацоўніцтве са 128 універсітэтамі і навукова-даследчымі арганізацыямі, ёсць праграмы двайных дыпломаў з еўрапейскімі ўніверсітэтамі. Пры фарміраванні адукацыйных праграм мы дасканала вывучаем сусветны вопыт, але не пераймаем яго стапрацэнтна, а накладваем на нашы традыцыі, на наша разуменне, у тым ліку і сутнасці эканамічных працэсаў. Такім чынам ствараюцца праграмы, якія дазваляюць нам рыхтаваць спецыялістаў, запатрабаваных як на ўнутраным, так і на знешнім рынку.

— Як у апошні час змяніліся патрабаванні да прафесійных кампетэнцый выпускнікоў?

— Я рад, што вы задалі гэтае пытанне, бо вельмі часта можна чуць ад нейкіх кіраўнікоў, маўляў, універсітэты не рыхтуюць выпускнікоў да работы на канкрэтных рабочых месцах. Хачу сказаць, што мы і не ставім такой мэты. Наша задача — навучыць спецыяліста ў першую чаргу думаць, даць яму сукупнасць ведаў, якія дазваляюць вельмі хутка адаптавацца ў рэальных умовах і не проста выконваць пэўныя аперацыі, а працаваць якасна, браць на сябе адказнасць і выпрацоўваць рашэнні па шырокім коле пытанняў. Тады гэты спецыяліст можа працаваць па розных напрамках і даволі хутка рабіць прафесійную кар’еру.

Вядома, навыкам і кампетэнцыям на пэўных рабочых месцах мы таксама вучым. Студэнты праходзяць чатыры вытворчыя практыкі. Больш за тое, амаль усе яны з 3—4 курса працуюць на паўстаўкі. Мы ствараем такія ўмовы вучэбнага працэсу, каб першая палова дня ў іх была вольнай. Такім чынам, да моманту заканчэння ўніверсітэта амаль ва ўсіх выпускнікоў ужо ёсць двухгадовы вопыт работы, на іх прыходзяць індывідуальныя заяўкі ад арганізацый. Таму ў нас стапрацэнтнае размеркаванне, а ў шэрагу выпадкаў мы нават не задавальняем усе заяўкі ад работадаўцаў. Сёлета, напрыклад, размеркаванне ва ўніверсітэце скончылася 24 красавіка. Усе выпускнікі ўжо ўладкаваны.

— БДЭУ вядомы многімі студэнцкімі ініцыятывамі. Раскажыце, калі ласка, пра стартап-рух, які зараджаецца ва ўніверсітэце.

— Мы разумеем, што энергію маладых людзей трэба накіроўваць у пэўнае рэчышча, ставіць мэты, задачы. У нас дзейнічаюць 28 студэнцкіх навуковых лабараторый, працуе савет маладых вучоных універсітэта, праз іх мы далучаем студэнтаў да работы над тымі ці іншымі праблемамі. Потым мы задумаліся, як дапамагчы ім камерцыялізаваць ідэі. Так з’явіўся студэнцкі бізнес-інкубатар. Зараз найбольш актыўныя студэнты аб’ядноўваюцца ў групы, ствараюць уласныя праекты і атрымліваюць пэўныя вынікі, у тым ліку фінансавыя. Больш за тое, як спецыялісты эканамічнага профілю яны бяруць удзел у розных праектах іншых арганізацый. Гэта выдатна, бо моладзі ўласціва пасіянарнасць. Узрыўная маладая энергія здольна вырашаць задачы, якія вельмі спрактыкаваным і вельмі дасведчаным, але сталым людзям ужо не па сілах. Лічу, што ад умення кансалідаваць і скіраваць моладзь у правільнае рэчышча ў многім залежыць дабрабыт нашай эканомікі ў агляднай перспектыве.

— Моладзь ахвотна ідзе ў навуку ці ёсць спакуса хутка зрабіць кар’еру і дасягнуць матэрыяльнага дабрабыту?

— Сённяшняя моладзь разумее, што навука, у прыватнасці напісанне кваліфікацыйнай работы, кандыдацкай дысертацыі, істотна пашырае дыяпазон сфер прыкладання працы. І маладыя людзі ў пэўнай меры ідуць на гэта. Магу сказаць, што ў саветах нашага ўніверсітэта за апошнія 15 гадоў было абаронена 450 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. БДЭУ — адна з найбольш эфектыўных арганізацый па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў. Але ва ўніверсітэтах застаюцца далёка не ўсе.

Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, у ліку якіх вядомыя вучоныя, дзяржаўныя дзеячы, бізнесмены. На сённяшні дзень 7 вядучых міністэрстваў і ведамстваў краіны ўзначальваюць нашы выпускнікі. Гэта сведчыць пра тое, што вельмі многія паспяхова рэалізавалі сябе ў прафесійнай сферы.

Людзі хочуць атрымаць высокую кваліфікацыю, але хочуць таксама добра зарабляць. На жаль, сучасная вышэйшая школа не забяспечвае таго ўзроўню, на які арыентавана моладзь. Таму ёсць праблемы ва ўкамплектаванні і развіцці прафесарска-выкладчыцкага калектыву. Я гаварыў пра гэта на ІІ з’ездзе вучоных з удзелам кіраўніка дзяржавы, і ёсць разуменне гэтай праблемы. Спадзяюся, што ў найбліжэйшы час мы вырашым пытанні стыпендый для аспірантаў і дактарантаў, магчыма, пытанні пенсіённага забеспячэння самых высокакваліфікаваных навуковых супрацоўнікаў. Усё гэта дапаможа прыцягнуць у вышэйшую школу маладых людзей.

Я глыбока перакананы, што вышэйшая школа будзе моцнай, калі прафесарска-выкладчыцкі касцяк будзе складаць моладзь. Пераемнасць пакаленняў, безумоўна, павінна быць, але суадносіны маладых, энергічных і вопытных, сталых выкладчыкаў павінны складаць прыкладна 60:40. Калі нам удасца гэтага дабіцца, у нас будзе выдатная вышэйшая школа, здольная не толькі рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і вырабляць вельмі якасную, цікавую і карысную для грамадства навуковую прадукцыю і займацца яе камерцыялізацыяй. Так мы сфарміруем прадпрымальніцкі Універсітэт 3.0.

— Вельмі вялікі напрамак дзейнасці ўніверсітэта — перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі. Наколькі запатрабаваны адпаведныя праграмы?

— Час надзвычай дынамічны. І калі раней на працягу ўсяго вытворчага жыцця чалавеку дастаткова было двойчы прайсці павышэнне кваліфікацыі, каб 40 гадоў паспяхова працаваць, то цяпер інфармацыя губляе актуальнасць ужо праз 3 гады. Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў актуалізуе веды спецыялістаў. Штогод павышэнне кваліфікацыі ў нас праходзяць каля 1200 чалавек, а перападрыхтоўку — каля 1000. Для ўдзельнікаў адукацыйных праграм арганізоўваецца сетка семінараў, кароткатэрміновых школ па найбольш актуальных праблемах.

Хаця трэба сказаць, што ў сучасных умовах сістэме павышэння кваліфікацыі даводзіцца няпроста. З аднаго боку, навучанне платнае, а з другога боку, як толькі пачынаецца крызіс, узнікаюць новыя задачы — з’яўляюцца новыя патрэбы ў павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы. Але ў крызіс суб’ектам гаспадарання бракуе грошай. Атрымліваецца, што патрэба ёсць, а грошай няма. Гэтыя рэчы пастаянна трэба неяк спалучаць.

— Уладзімір Мікалаевіч, напачатку вы сказалі, што на эканоміку ўплываюць вельмі многія фактары. А на што ўплываюць эканамісты?

— Я доўгія гады працаваў у сістэме Дзяржплана, Міністэрства эканомікі, быў нават міністрам эканомікі, таму выдатна разумею ролю эканамічнай навукі і спецыялістаў-эканамістаў. Наша задача — даць дакладнае тлумачэнне сутнасці працэсаў, якія адбываюцца, выявіць прычыны негатыўных працэсаў і даць рэцэпты іх устаранення, прычым у варыянтнай пастаноўцы. А роля палітыкаў, зыходзячы з кан’юнктуры, магчыма, з больш шырокага і глыбокага ведання некаторых аспектаў, — у прыняцці кампетэнтных рашэнняў.

— Што б вы параілі тым маладым людзям, будучым абітурыентам, якія хочуць атрымаць эканамічную адукацыю?

— Чалавеку, які ўступае ў дарослае жыццё, неабходна разумець, што ён павінен заняць там дастойнае месца. А для гэтага трэба атрымаць дастойную адукацыю.

Калі я чую, маўляў, у краіне зараз перавытворчасць эканамістаў і юрыстаў, то не магу з гэтым пагадзіцца. Добрыя эканамісты заўсёды запатрабаваны. Я жадаю маладым людзям “захварэць” на эканамічную навуку і прыходзіць да нас за якаснай адукацыяй, якая дазволіць працаваць у вельмі шырокім дыяпазоне ў рэальным і фінансавым сектарах эканомікі.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДЭУ.