Педагагічная прафесія як сямейная каштоўнасць

- 12:45Людзі адукацыі, Рознае

Сорак гадоў назад дэканам фізічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага быў прызначаны Уладзімір Андрэевіч Якавенка, які адпрацаваў на гэтай пасадзе 29 гадоў. Прафесар кафедры агульнай фізікі, заслужаны работнік народнай адукацыі БССР, заслужаны работнік БДПУ Уладзімір Андрэевіч выкладае ва ўніверсітэце і сёння. Ён — прадстаўнік сапраўднай педагагічнай дынастыі.

“Мой бацька Андрэй Сямёнавіч працаваў да вайны настаўнікам пачатковай школы ў весцы Чырына Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, — узгадвае Уладзімір Андрэевіч. — Другая сусветная прыпыніла яго педагагічную дзейнасць. Ён пайшоў на фронт і ўдзельнічаў у баях з першага да апошняга дня вайны. А я, яшчэ непаўналетні, разам з маці быў вывезены ў Германію і апынуўся ў фашысцкім канцлагеры”.
Пасля заканчэння Аршанскага педвучылішча ў 1957 годзе Уладзімір Андрэевіч паступіў у педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. І з таго моманту ніколі не пакідаў сцен гэтай установы. Пачаў працаваць у інстытуце лабарантам з 2 курса, па вечарах таксама былі падпрацоўкі ў розных тыпах школ рабочай моладзі. У інстытуце сустрэў спадарожніцу жыцця, якая вучылася там на бібліятэчным факультэце. Сёння сын Уладзіміра Андрэевіча Сяргей Уладзіміравіч Якавенка з’яўляецца дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ, і нявестка таксама працуе ва ўніверсітэце на кафедры алігафрэнапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі. Унучка Юлія — магістр фізіка-матэматычных навук на кафедры агульнай фізікі, паступіла ў аспірантуру ўніверсітэта.
Сярод галоўных кірункаў навуковых даследаванняў прафесара У.А.Якавенкі можна акрэсліць люмінесцэнцыю і лазерную спектраскапію, распрацоўку навукова-метадычных асноў стварэння комплексу інавацыйных сродкаў, метадаў, форм і методык навучання фізіцы студэнтаў з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій. Уладзімір Андрэевіч атрымаў тры аўтарскія пасведчанні, за ўкараненне якіх быў адзначаны знакам “Вынаходнік СССР”.
У.А.Якавенка з’яўляецца аўтарам (суаўтарам) звыш 150 навуковых і навукова-метадычных работ, а таксама вучэбных дапаможнікаў па фізіцы для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і ВНУ (у тым ліку 9 дапаможнікаў з грыфам Мінадукацыі). Уладзімір Андрэевіч з’яўляецца кіраўніком навуковага калектыву па стварэнні першага ў Рэспубліцы Беларусь адукацыйнага стандарту вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Фізіка” ў спалучэнні з дадатковымі спецыяльнасцямі “Матэматыка”, “Астраномія”, “Тэхнічная праца”, “Тэхнічная творчасць” (1998). У ходзе гэтай работы ён распрацаваў тыпавыя вучэбныя планы і праграмы для ВНУ краіны па спецыяльнасці “Фізіка” ў адзінстве з дадатковымі спецыяльнасцямі.
А колькі настаўнікаў фізікі падрыхтаваў Уладзімір Андрэевіч! На яго думку, франтальны метад выканання лабараторных практыкумаў і кантроль за якасцю ведаў — самае галоўнае, што павінна быць у вучэбным працэсе ў будучых настаўнікаў фізікі. Ён распрацоўваў, у прыватнасці, франтальныя метады выканання лабараторных работ.
“Спачатку ўсяму патоку студэнтаў неабходна прачытаць 2—3 лекцыі па пэўным раздзеле, — гаворыць Уладзімір Андрэевіч. — Пасля для замацавання матэрыялу яны выконваюць лабараторную работу — усе студэнты выконваюць адну і тую ж работу, але ў кожнага будзе заданне. Да такога даследавання студэнты папярэдне старанна рыхтуюцца, самастойна чытаюць літаратуру па тэме. Выкладчыку для таго, каб франтальная лабараторная работа прайшла на належным узроўні, таксама даводзіцца прыкласці шмат намаганняў.
Сёння многае змянілася. Для кантролю за трываласцю ведаў шырока прымяняюць ужо з першага курса камп’ютарныя тэхналогіі. Зараз, напрыклад, я чытаю для першакурснікаў курс механікі, які можна прадставіць у выглядзе 9 асобных раздзелаў. А студэнт па выніках вывучэння прадмета павінен здаць своеасаблівы камп’ютарны калёквіум. Зразумела, што камп’ютарны кантроль за ведамі — не самы лепшы варыянт кантролю, але ж і ён прымушае студэнтаў сістэматычна працаваць, чытаць вучэбныя дапаможнікі і іншую літаратуру.
Лічу, што асноўная бяда студэнтаў, якія сёння паступаюць ва ўніверсітэт, — вельмі негрунтоўныя і нетрывалыя веды. Акрамя слабай матэрыяльнай зацікаўленасці ў тым, каб выбіраць педагагічную прафесію, у моладзі адсутнічае і неабходная грамадзянская адказнасць, якая павінна быць у будучых інтэлігентаў. Сфарміраваць гэта — вельмі важная для ўсіх нас задача”.
Напрыканцы размовы Уладзімір Андрэевіч расказаў пра брэнды, якімі сёння ганарыцца фізічны факультэт. У іх ліку Дошка гонару выпускнікоў факультэта, якія атрымалі дыплом з адзнакай; арыгінальная эмблема, распрацаваная на факультэце, якая адлюстроўвае прынцып работы аптычнага квантавага генератара; адзіны ў краіне вучэбны планетарый вытворчасці нямецкай фірмы “Карл Цайс-Ена”, дзе праводзяцца заняткі па астраноміі і пазнавальныя падарожжы па зорным небе; унікальны маятнік Фуко, павароты якога ў плоскасці ў выніку хістанняў дэманструюць вярчэнне Зямлі на працягу сутак вакол сваёй восі. Ідэя набыць і ўстанавіць маятнік належыць Уладзіміру Андрэевічу Якавенку. А рэалізаваў яе выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта 1970 года У.І.Пакрышкін. Ён з’яўляецца генеральным дырэктарам НВА “Пеленг”, калектыў якога распрацоўвае апаратуру для касмічных даследаванняў.
Своеасаблівым брэндам факультэта з’яўляецца і сам прафесар Уладзімір Андрэевіч Якавенка — чалавек, які захаваў вернасць не толькі педагагічнай прафесіі, але і ўніверсітэту.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.