Педагогі здзіўляюць творчасцю, а вучні штогод адпачываюць на моры. Чым яшчэ адметная сярэдняя школа №3 Астраўца?

- 10:04Главная, Образование

Апынуўшыся ў сярэдняй школе № 3 аднаго з самых сучасных гарадоў краіны — Астраўца, мімаволі заўважаеш: гэта больш чым установа адукацыі! Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школа самая вялікая ў раёне: кожны дзень на заняткі сюды спяшаюцца амаль 900 дзяцей. Калідоры ўражваюць сваім афармленнем, а педагогі — неабмежаванымі творчымі магчымасцямі і мастацкім бачаннем. Усё, што створана тут для ўтульнасці дзяцей, зроб­лена рукамі педагогаў.

Забягаючы наперад, скажу, што ёсць у школе і свая карцінная галерэя, і архітэктурныя жамчужыны краю ў мініяцюры, выкананыя ў ляпніне, і куток чытача са зручнай лаўкай і кніжнымі паліцамі пад стылізаваным дубам, і тэматычныя выставы-інсталяцыі, і нават шахматна-шашачны астравок з намаляванымі фігурамі на сценах.

Школа вялікіх талентаў

Цікавая сучасная фотазона са штучным мохам сустракае ў фае гасцей установы адукацыі і запэўнівае: гэта школа вялікіх талентаў. У гэтым можна пераканацца, нават не заходзячы ў вучэбныя класы. Тут і сцены прывіва­юць пачуццё густу, а ра­зам з тым змя­шчаюць важную інфармацыю.

— Наша ўстанова адукацыі ўпершыню сустрэла школьнікаў у 2019 годзе. З таго часу і пачалося яе пераўтварэнне, — пачынае размову дырэктар Людміла Сасноўская. — Канечне, усё, што вы бачыце сёння, стала магчымым дзякуючы творчаму калектыву. Ён у нас пераважна малады: сярэдні ўзрост настаўнікаў — 29 гадоў.

У фае другога паверха нас сустракае сімвалічная выява настаўніка. Аўтар цікавай работы ў гіпсе — малады педагог Вераніка Міронцава. Дарэчы, у ліку памочнікаў амаль у кожнай творчай справе заўсёды ёсць зацікаўленыя вучні: у школе арганізавана навучанне старшакласнікаў па прафесіі афарміцель мастацкіх работ. Так, агульнымі намаганнямі нарадзілася школьная карцінная галерэя. Тут прадстаўлены палотны вядомых мастакоў на школьную тэму ў творчым увасаб­ленні школьнікаў і педагогаў.

Памятаць у імя міру

З улікам спецыфікі раёна, дзе на атамнай станцыі працуе нямала запрошаных спецыялістаў, у названай школе вучацца дзеці з розных куткоў Расіі, Казахстана і не толькі. Адна са школьных рэк­рэацый расказвае пра нацыя­нальныя адметнасці беларусаў, знаёміць з традыцыямі і асаблівас­цямі Сінявокай.

Сімвалічна, што побач з гэтай арт-тэрыторыяй суседнічае экспазіцыя, якая аб’ядноўвае ўсе пост­савецкія народы.

— У мінулым годзе адкрылася выстава “Памятаць у імя міру”, якая расказвае пра лёс беларус­кага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На карце Астравецкага раёна вогненнымі кропкамі адзначаны месцы, дзе былі расстраляны мірныя жыхары і знаходзіліся гета. Што хаваецца за гэтымі чырвонымі кропкамі, лепш за ўсякія словы кажуць чорна-белыя здымкі, героі якіх — дзеці і дарослыя, змучаныя няволяй і пакутамі, — праводзіць экскурсію настаўніца гісторыі Юлія Гаваноўская.

Яшчэ адзін стэнд расказвае аб спаленых вёсках Беларусі і ў прыватнасці Гродзенскай вобласці. Працягваюць тэму створаны вучнямі сумесна з педагогамі макет разбуранага бамбёжкай будынка і падораныя ў дзень адкрыцця выставы супрацоўнікамі раённай пракуратуры выданні “Сёстры Хатыні” і “Генацыд беларускага народа”.

Замежнае падарожжа

Ідучы далей па школьным калідоры, гартаем ужо мірныя старонкі гісторыі краіны. Нас суст­ракае фрагмент пакоя вясковай хаты. Тут кожны дарослы абавязкова спыняецца, бо шмат якія рэчы абуджаюць ва ўспамінах замалёўкі дзяцінства.

Творчыя настаўнікі прапаноўваюць школьнікам нават замежныя падарожжы, напрыклад, у кабінеце геаграфіі і не толькі.

— Нашы вучні з другога па сёмы клас знаёмяцца і з асновамі кітайскай мовы. У вучэбным памяшканні, дзе праходзяць факультатыўныя заняткі, мы пастараліся стварыць адпаведную атмасферу для паглыблення ў моўнае асяроддзе, — працягвае цікавую экскурсію дырэктар установы адукацыі.

З традыцыйнымі кітайскімі ліхтарыкамі суседнічае цікавае пано з ляпнінай, на якім адлюстраваны пейзаж Паднябеснай. Той факт, што і гэта работа рук педагогаў, ужо не так здзіўляе, як падчас экскурсіі на першым паверсе. Неабмежаванасць творчых здольнасцей настаўнікаў сярэдняй школы № 3 відавочная.

Зямны шар вышэйшы за любога пачаткоўца

Выказванне пра таленавітага чалавека, які таленавіты ва ўсім, актуальнае і для калектыву школы. Акрамя багатага творчага асяроддзя, ёсць тут і надзвычай тэхнічная прастора. Дзейнічае адзі­ны ў краіне атамклас.

Маштабнасць праекта адчуваеш ужо на падыходзе да тэрыторыі, якую ў школе назвалі атамным крылом. Тут зямны шар вышэйшы за любога пачаткоўца, абняць яго можа толькі карагод з дзесяці вучняў. Геаграфічная ма­дэль яшчэ і дынамічная, яна круціцца.

Побач — тры памяшканні, адно цікавейшае за другое. У пакоі займальных навук дзеці знаё­мяцца з навукоўцамі, якія ўнеслі ўклад у развіццё тэхналогій. Дастаткова сказаць, што ў распараджэнні вучняў — ківач Ньютана, крэсла з сядзеннем з цвікоў, якое ілюструе паняцце ціску, прысвечанае Эйнштэйну драўлянае пано з шасцярэнькамі, якія рухаюцца.

У музеі атама можна падрабязна прасачыць гісторыю будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы. У храналагічнай па­слядоўнасці прадстаўлены фота­здымкі — ад першага экскаватара на пляцоўцы да пускавых работ на энергаблоку. Спецыяльная мадэль з агенчыкамі і схемамі ў даступнай нават для пачаткоўцаў форме тлумачыць, як нала­джана работа станцыі.

Своеасаблівай кульмінацыяй прасторы з паметкай “тэхна” з’яўляецца памяшканне галоўнай славутасці ўстановы адукацыі — атамклас. Яго абсталяванне даз­валяе школьнікам праводзіць самыя розныя даследаванні. Тут ёсць сучасная лічбавая лабараторыя па фізіцы. Пры дапамозе пераноснай лабараторыі SenseDisc вучні могуць праводзіць даследчыя і праектныя работы па біялогіі, хіміі, фізіцы.

З цікавасцю ў атамкласе вучні займаюцца 3D-мадэляваннем, праграмуюць робатаў з канструктара LEGO. З вялікім задавальненнем юныя астраўчане выкарыстоўваюць падчас заняткаў яшчэ і планшэтны стол, які адразу звяртае на сябе ўвагу сярод абсталявання класа. Гэты высокатэхнічны інвентар аб’ядноўвае ў сабе дзясяткі вучэбных праграм рознай тэматыкі.

Школьная ўнікальнасць

З 2019 года астравецкая школа № 3 пачала свой шлях па ўступ­ленні ў праект “Школы Расатама”. У лютым 2020 года адміністрацыя ўстановы адукацыі ўдзельнічала ў форуме гарадоў-атамшчыкаў у Маскве.

— Пры непасрэдных зносінах з калегамі азнаёміліся з вопытам работы атамкласаў у розных кутках Расіі. З гэтага часу з’яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі маштабнага праекта. Запазычваем чужы і прэзентуем свой вопыт работы ў фармаце відэаканферэнцый, — расказ­вае Людміла Сасноўская.

У школе ёсць профільныя класы, дзе на павышаным узроўні дзеці вывучаюць матэматыку і фізіку, але атамклас — гэта значна больш маштабны праект. Ён ахоплівае ўсіх навучэнцаў.

У рамках праекта “Школы Расатама” вучні сярэдняй школы № 3 Астраўца ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах. Толькі ў кастрычніку шасцікласнікі, напрыклад, на конкурснай аснове вырошч­валі крышталі, дзесяцікласнікі вывучалі будову атамных станцый і распрацоўвалі свой праект будаўніцтва, з якім занялі 2-е месца.

— На працягу года праходзіць больш за дзясятак конкурсаў, і нашы школьнікі пры падтрымцы педагогаў нязменна займаюць лі­дзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу ўсіх школ — удзельніц глабальнага праекта. А такіх сёння больш за пяцьдзясят, — дадае дырэктар.

Вынік актыўнасці школьнікаў заўсёды шчодра ўзнагароджваецца. Некалькі разоў на год вучні сярэдняй школы № 3 адпачываюць у папулярным Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня” на марскім узбярэжжы. Пры падрыхтоўцы матэрыялу якраз два школьнікі, Ігнат Урбановіч і Аляксей Ярох, былі ўдзельнікамі тэматычнай змены “Наш клас — атамклас!”.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара