Педагогіка любові

- 16:32Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Летась ажыццявілася дзіцячая мара Дар’і Аляксандраўны Радзінай: пасля заканчэння з дыпломам з адзнакай БрДУ імя А.С.Пушкіна яна прыйшла працаваць у родную сярэднюю школу № 26 Брэста.

— У маім дзяцінстве сям’я і школа былі непарыўна звязаны, бо маці, як і я, вучыць малодшых школьнікаў, — гаворыць педагог. — Мама стала не толькі маім настаўнікам у жыцці, але і ў прафесіі. 

Штодзень на Дар’ю Аляксандраўну глядзяць цікаўныя вочы дапытлівых чамучак. Малады педагог добра разумее: ад таго, якімі стануць яе выхаванцы, залежыць уласнае жыццё і жыццё краіны. 

— Я люблю сваіх вучняў. Яны маё натхненне, мае настаўнікі. Яны растуць разам са мной, вучацца, і я вучуся разам з імі. Школа для мяне — гэта жыццё, па якім мы ідзём з дзецьмі плячо ў плячо, — прызнаецца Д.А.Радзіна.

Настаўніца імкнецца рабіць урокі цікавымі і разнастайнымі, выкарыстоўваючы прыёмы розных педагагічных тэхналогій: гульнявых, здароўезберагальных, інфармацыйна-камунікацыйных, рознаўзроўневага і праблемнага навучання. 

— Вельмі важна, каб кожнаму вучню было цікава на маіх занятках, — адзначае Дар’я Аляксандраўна. — Для гэтага актыўна звяртаюся да гульнявых прыёмаў. Так, на ўроках пісьма паспяхова выкарыстоўваю дыдактычныя гульні “Літарнае лато”, “Злаві гук”, “Знайдзі пару”, “Дзелім на склады”. Дзеці, захопленыя гульнёй, лягчэй засвойваюць вучэбны матэрыял. А вось пераадольваць цяжкасці ў вывучэнні матэматыкі дапамагаюць казачныя героі з лялечнага тэатра, разам з якімі мы рашаем прыклады, няроўнасці і задачы. 

У сваёй рабоце педагог звяртаецца і да дыферэнцыраваных заданняў, якія дапамагаюць дзецям паверыць ва ўласныя сілы, а настаўніцы — убачыць і захаваць індывідуальнасць кожнага вучня. Пад кіраўніцтвам Д.А.Радзінай яе выхаванцы рашаюць ланцужкі прыкладаў, разгадваюць крыжаванкі, рэбусы і філворды, складваюць матэматычныя пазлы, выконваюць розныя заданні на індывідуальных картках. 

— Абавязковая ўмова — вучоба без шкоды для здароўя, — заўважае Дар’я Аляксандраўна. — Урокі фізічнай культуры — адны з самых любімых у маіх вучняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі авалодваюць рухальнымі ўменнямі і навыкамі, але і самі прыходзяць да ўсведамлення здаровага ладу жыцця. Штодзённыя дынамічныя перапынкі на свежым паветры дазваляюць вучням зняць псіхаэмацыянальнае напружанне і атрымаць зарад бадзёрасці. 

Цікава, ярка і запамінальна Д.А.Радзіна праводзіць і выхаваўчыя мерапрыемствы (гульні, віктарыны, конкурсы, прагулкі), падчас якіх дзеці вучацца быць добрымі, шчырымі, цікаўнымі і творчымі, ушаноўваюць памяць аб гераічных продках. Асаблівую ролю педагог адводзіць арганізацыі экскурсій, бо лічыць іх добрым спосабам адпачыць ад падручнікаў, набыць новы вопыт і яркія ўражанні. 

— Экскурсіі ў Белавежскую пушчу, музей Аляксандра Суворава ў Кобрыне, на страусавую ферму, у музеі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” знаёмяць дзяцей са славутасцямі малой радзімы, культурнай спадчынай, гераічнымі старонкамі айчыннай гісторыі, — адзначае настаўніца.

Дар’я Аляксандраўна ўдасканальвае прафесійныя ўменні і навыкі, бо ведае, што без пастаяннага самаразвіцця нельга дасягнуць майстэрства ў любімай справе. Педагог дзялілася напрацоўкамі на пасяджэнні школы маладога настаўніка, у зборніках “Крок у навуку”, “Узаемадзеянне школы і сям’і. Праблемы і перспектывы” і “Ад ідэі да інавацыі”. Па выніках VІІ Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” настаўніца была адзначана дыпломам І ступені. Журы пакарылі мэтанакіраванасць і прафесіяналізм дзяўчыны. 

У вольны час Д.А.Радзіна таксама вучыцца чамусьці новаму: займаецца алмазнай графікай і модульным арыгамі, наведвае футбольныя матчы, страляе ў ціры, катаецца на катамаране і веласіпедзе. Усё гэта зараджае педагога энергіяй для работы з дзецьмі. 

— Прайшоў год работы ў школе… Штодзень на мяне глядзяць 26 пар цікаўных вачэй. Я неверагодна шчаслівая і ўдзячная выхаванцам за тое, што навучылі мяне прымаць іх такімі, якія яны ёсць, і бясконца любіць іх, бо дзеці, якіх любяць, становяцца дарослымі, якія ўмеюць любіць, —  падагульняе Дар’я Аляксандраўна. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.