Песня як цэлае жыццё

- 12:20Людзі адукацыі

Песня павінна несці ў сабе нешта большае, чым проста прыгожыя гукі і радкі пра каханне, яна павінна ўтрымліваць штосьці такое, што закранула б слухача. Каб чалавек у любым пункце свету, паслухаўшы гэтую песню, убачыў у ёй сябе, улюбіўся ў словы і мелодыю. Так пра творчасць разважае кіраўнік Клуба бардаўскай песні “Арфей” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Мінска Ірына Аляксандраўна Аляксандрава.

Ірына Аляксандраўна скончыла Баранавіцкае музычнае вучылішча ў 1985 годзе па класе тэорыя музыкі. Потым працавала ў музычнай школе, выкладала сальфеджыа і музычную літаратуру. Адпрацаваўшы 5 гадоў, яна зразумела, што трэба нешта мяняць у сваім жыцці, і вырашыла паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Яна пераехала ў Мінск і, нягле­дзячы ні на што (педагог была самай старэйшай на курсе), паступіла на дзённае аддзяленне ў БДПУ імя Максіма Танка на музычна-педагагічную спецыяльнасць.

Пасля гэтага Ірына Аляксандраўна засталася жыць у Мінску: вучылася, іграла ў аркестры. Пасля заканчэння ўніверсітэта год адпрацавала ў школе, а ў 1998 годзе прыйшла на працу ў Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”.

“Спачатку я працавала ў музычнай студыі, гэта было нешта накшталт музычнай школы, — расказвае Ірына Аляксандраўна. — Я вяла фартэпіяна, сальфеджыа, музычную літаратуру. Потым гэтую студыю закрылі, і я вырашыла, што трэба хутка памяняць кірунак прафесійнай дзейнасці. Я ўзяла ў рукі гітару: гэта заўсёды было маім хобі, яшчэ з дзяцінства. Мы ігралі на гітары з сябрамі ля вогнішча, ігралі ў кампаніях, якія збіраліся на кватэрнікі, ігралі і спявалі рамансы, бардаўскія песні, аўтарскія кампазіцыі”.

Пра Клуб бардаўскай песні Ірына Аляксандраўна кажа так: “Я сама стварыла клуб бардаўскай песні “Арфей”. Аўтарская песня заўсёды была мне бліжэй па настроі, па духу. Да таго ж, у маім акружэнні яна асабліва шанавалася: я заўсёды любіла паходы, падарожжы, паездкі, менавіта такога плана адпачынак мяне прывабліваў больш за ўсё”.

Клуб дзейнічае на базе 217-й сталічнай школы, каб ахапіць бардаўскай песняй як мага больш дзяцей у Фрунзенскім раёне Мінска. Гэта самы вялікі раён у беларускай сталіцы. Цэнтр “Эўрыка” разме­шчаны на вуліцы Чыгладзэ — туды не кожнае дзіця зможа даехаць з мікрараёна Сухарава або з Чырвонага Бору.

Павучыцца ігры на гітaры ў Ірыны Аляксандраўны можа кожны жадаючы ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў. Педагог расказвае, што бярэ ўсіх, хто хоць трошкі хоча авало­даць гэтым інструментам. На заняткі прыходзіць вельмі шмат дзяцей, і ўсе яны розныя, са сваімі вакальнымі і творчымі данымі, са сваімі імкненнямі і мэтамі. Ірына Аляксандраўна кажа, што памятае амаль усіх дзяцей, у тым ліку самы першы дуэт, з якім яна ездзіла ў Маскву выступаць на Паклоннай гары да 9 Мая. Да гэтага часу ўдзельніцы дуэта падтрымліваюць сувязь адна з адной і з педагогам: адна дзяўчына жыве ў Маскве і часта тэлефануе, другая — у Лондане, яны з Ірынай Аляксандраўнай абменьваюцца электроннымі лістамі.

Пра фестывалі і выезды з дзецьмі Ірына Аляксандраўна расказвае з асаблівай цеплынёй: “Іх (фестываляў) была вялікая колькасць. “Музыка маёй душы”, “Менестрэль”, “Аўтарская песня”, фестываль імя Высоцкага і г.д. Аднак на дадзены момант іх можна палічыць па пальцах, на жаль. Самы запамінальны — наша паездка ў Запарожжа, ва Украіну. Па-першае, мы ехалі вельмі доўга, па-другое, нас сустрэлі вельмі гасцінна. А на тэрыторыі Беларусі ўспамінаю наш любімы фестываль “Зялёны Гран-Пры” ў Гродне. Там могуць удзельнічаць як дзеці, так і дарослыя: усе, хто любіць і ўмее спяваць і іграць на гітары. З пазамінулага года ў нас з’явіўся свой дзіцяча-юнацкі фестываль “Менестрэль”, які прахо­дзіў у лагеры “Лідар”, дзе, як цяпер памятаю, па ўсіх традыцыях былі і вогнішча, і вёдры з гарбатай на гэтым вогнішчы, і выдатныя песні”.

Калі казаць пра мінулы год, то пандэмія не абмінула і калектыў Ірыны Аляксандраўны. Педагогу і выхаванцам, як і многім у краіне, прыйшлося на час перайсці на дыстанцыйнае навучанне. Абсалютна ўсе ўрокі праводзіліся праз платформу ZOOM (воблачная платформа для правядзення анлайн-відэаканферэнцый і відэавэбінараў у фармаце высокай дакладнасці). Дзеці далучаліся групамі, кожная ў свой час. Вядома, вельмі цяжка было з гукам. Пачуць усіх праз дынамік камп’ютара Ірына Аляксандраўна фізічна не магла: хтосьці перабіваў агульную гучнасць, у кагосьці гітара гучала не так — тонкасці работы. Таму педагог спявала і іграла, а дзеці ў сябе выключалі гук адзін аднаго, каб чуць толькі асноўную партыю і іграць разам з усімі, як на ўроку.

Асабіста для Ірыны Аляксандраўны такая практыка здалася вельмі добрай. Яна была рада таму, што дзеці працягвалі займацца, клуб захаваў амаль увесь склад, і толькі адно дзіця не змагло займацца з-за адсутнасці інтэрнэту.

Час для Ірыны Аляксандраўны — сапраўдная раскоша: з пачаткам новага навучальнага года трэба падрыхтаваць канкурсантаў, скласці ім праграму, адабраць для ўсіх па песні, а то і па дзве. Можна адвесці на пошук новых кампазіцый цэлы месяц і не знайсці ніводнай падыходзячай. Таму што кожны раз у педагога каля 12 дзяцей-канкурсантаў. Гэта значыць, што трэба падабраць 24 індывідуальныя песні, а калі ёсць дуэты, то і ўсе 30 кампазіцый: новыя, цікавыя і запамінальныя, якія ніхто ніколі не чуў. Ірына Аляксандраўна сур’ёзна ставіцца да якасці сваёй працы і не любіць у чым-небудзь паўтарацца. “Ну а яшчэ трэба шукаць свой арыгінальны рэпертуар, які для ўсіх дзяцей аднолькавы, яго мы іграем на занятках, гэтыя песні трэба таксама паволі абнаўляць”, — дадае педагог.

Не кожная песня можа стац­ь конкурснай. Конкурсныя песні павінны быць моцныя: па сваёй энергетыцы, тэматыцы, па тэксце і музыцы — тут павінна гарманічна спалучацца ўсё.

Аўтараў у клубе цяпер няма, Ірына Аляксандраўна кажа, што дзеці-аўтары — гэта проста жамчужынкі, маленькія дыяменты, якія варта захоўваць і аберагаць.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.