Пра радасць жыцця

- 14:55Нам пішуць

Месячнік прафілактыкі суіцыдальных паводзін “Твой выбар — тваё жыццё” прайшоў у Бакштаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.

Інфармацыя пра месячнік пастаянна абнаўлялася на сайце ўстановы адукацыі ў раздзеле “Навіны”. Створаны фотаальбом “Твой выбар — тваё жыццё” з фотасправаздачамі з мерапрыемстваў; у калідоры другога паверха аформлены інфармацыйны стэнд з анонсамі. Пазнавальная, яркая, маляўнічая інфармацыя прыцягвала ўвагу цікавымі загалоўкамі: “Жыццё — гэта… (выказванні вядомых людзей)”, “Слова “жыццё” на розных мовах”, “Вершы пра дабрыню, гуманізм, любоў да жыцця”. Інфармацыйнае поле дапаўняла пераносная дошка-планшэт “Калейдаскоп эмоцый”.

Фота да матэрыяла: Пра радасць жыцця.У мерапрыемствах месячніка былі задзейнічаны навучэнцы, педагогі, бацькі, работнікі школы. Класныя кіраўнікі падрыхтавалі насычаную праграму па прапагандзе каштоўнасці жыцця, пазітыўнага стаўлення да сабе і іншых, пра дзіцяча-бацькоўскія ўзаемаадносіны, узаемадзеянне з аднагодкамі: “Я малюю сонца” (1 клас), урок-гульня “Падары ўсмешку сябру” (2 клас), гадзіна развагі “Што галоўнае ў жыцці” (4 клас), заняткі з элементамі трэнінгу “Мая самаацэнка. Вера ў сябе і свае магчымасці” (5 клас), шчырая размова “Шчасце жыць!” (8 клас).

Гадзіна зносін з элементамі трэнінгу з навучэнцамі 10 класа “Унікальнасць і каштоўнасць майго жыцця” дала магчымасць паразважаць пра каштоўнасць жыцця. Хто я? чаго хачу? чаго дамогся? чаму навучыўся? каму я дарагі і неабходны? што бліжэй за ўсё? без чаго нельга пражыць і дня? Ці часта мы знаходзім час падумаць пра гэта? Ці ўсведамляем, як пражываем каштоўныя хвіліны жыцця? Разам з класным кіраўніком навучэнцы пастараліся знайсці адказы на гэтыя няпростыя пытанні, паразважаць, задумацца.

Пазітыўнымі момантамі месячніка сталі псіхалагічныя акцыі: “Не трымайце зла — трымайце шарыкі” (вучні, педагогі, работнікі школы атрымалі яркія карцінкі шарыкаў, якія асацыяваліся ў кожнага з прыемным успамінам або радаснай падзеяй). Захапіла пазітыўная акцыя “Калі табе ніхто даўно не дарыў кветкі…”: кожны ахвотны мог не толькі ўзяць сабе невялікі букецік, але і падарыць іншым.

Фота да матэрыяла: Пра радасць жыцця.Такі персанаж, як Карлсан, заўсёды пазітыўны, смешны, безжурботны. У яго можна павучыцца глядзець на жыццё весялей і прасцей. Менавіта таму для акцыі “Пазітыўная цытата дня” былі выкарыстаны 20 цытат Карлсана: “Росквіт сіл бывае ў любым узросце”, “Калі чалавеку перашкаджае жыць толькі арэхавая шкарлупіна, якая патрапіла ў чаравік, ён можа лічыць сябе шчаслівым”, “Дастаткова прасядзець з чалавекам пад замком гадзіны дзве, і ты гатовы з ім прымірыцца”, “Табе нічога не могуць зрабіць за тое, што ты — гэта ты”, “Тыя людзі, у якіх ёсць хоць кропля сумлення, заўсёды садзяцца так, каб іх было відаць у замочную шчыліну або ў вочка” і г. д.

Напярэдадні Дня настаўніка праведзена акцыя “Што такое настаўніцкае шчасце, ці Мае пажаданні настаўнікам школы”. Шчырыя словы прызнання настаўнікам адрасавалі навучэнцы, работнікі школы.

У ходзе правядзення месячніка школьнікі ўзялі ўдзел у абласной акцыі “Падары ўсмешку”. “Дары ўсмешкі навакольным — і твой дзень будзе добры і поўны шчаслівых хвілін!” – менавіта пад такім дэвізам прайшоў увесь гэты дзень. Навучэнцы дарылі адзін аднаму смайлікі з цёплымі сардэчнымі пажаданнямі.

Для бацькоў быў падрыхтаваны буклет “Бацькоўская падтрымка дзяцей у крызіснай сітуацыі”. Актуалізавана інфармацыя аб тэлефонах даверу на інфармацыйным стэндзе сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы.

Ірына РАШКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.