Прафесійная адукацыя: развіццё з улікам сучасных выклікаў

- 12:43Якасць адукацыі

На мінулым тыдні ў Мінску прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Прафесійная адукацыя ва ўмовах глабальных выклікаў”. У канферэнцыі прымалі ўд зел прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, урада, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі галіновых міністэрстваў і ведамстваў, устаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі. А таксама прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, эксперты і вучоныя больш чым з 30 краін свету, прадстаўнікі розных міжнародных арганізацый — ЮНЕСКА, Еўрапейскага фонду адукацыі і іншых. Усяго было зарэгістравана 490 удзельнікаў.

Форум атрымаўся сапраўды сусветны: у Беларусь прыехалі госці з Аўстрыі, Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, В’етнама, Германіі, Казахстана, Канады, Нідэрландаў, Расіі, Румыніі, ЗША, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі і многіх іншых краін. Падчас Міжнароднай канферэнцыі.Такі інтарэс да заяўленай тэмы невыпадковы: практычна ўсе краіны свету сёння адчуваюць дысбаланс на рынку працы па многіх прычынах, як суб’ектыўных (неапраўданая “мода” на вышэйшую адукацыю і няўзгодненасць палітыкі адукацыйных устаноў з запытамі наймальнікаў), так і аб’ектыўных: паскарэнне працэсаў тэхналагічных пераўтварэнняў, сацыяльна-дэмаграфічныя змены, усё больш цесная інтэграцыя краін, а таксама высокія тэмпы развіцця новых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій з іх магчымасцямі генерыравання і распаўсюджвання інфармацыі. Усё гэта патрабуе пошуку новых падыходаў у адукацыі ў цэлым і прафесійнай адукацыі ў прыватнасці, перагляду яе мадэлей і зместу ў сённяшнім складаным і непрадказальным свеце.

Беларусь невыпадкова стала месцам правядзення такога форуму. Сёння мы маем адносна высокія асноўныя міжнародныя паказчыкі ў развіцці адукацыі. Так, у 2012 годзе Беларусь заняла 54 месца са 144 у рэйтынгу найбольш працвітаючых краін свету, які быў складзены брытанскім аналітычным цэнтрам Legatum Institute, прычым па ўзроўні адукацыі — 21 месца. Па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу Рэспубліка Беларусь займае 50 месца ў свеце.
Немалаважны і той факт, што Беларусі, напэўна, адзінай з былых савецкіх краін, удалося захаваць сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, прычым не толькі захаваць, але і развіць.
Створаная яшчэ ў СССР і мадэрнізаваная ў наш час сістэма падрыхтоўкі рабочых кадраў у Беларусі з’яўляецца нацыянальным здабыткам. Такое меркаванне выказаў на канферэнцыі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта краіны Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў.

Тым не менш сённяшняя сістэма адукацыі Беларусі адчувае тыя ж выклікі, што існуюць у іншых краінах. Адпаведна, тая сістэма, што была раней, калі ўстанова адукацыі сама вучыць, сама ўстанаўлівае і прымае кваліфікацыі, ужо не адпавядае сённяшнім запытам; патрабуюцца сістэмныя змены. Многае ў гэтым напрамку ўжо зроблена. І усё ж Беларусі будзе карысны вопыт іншых краін у такіх пытаннях, як удасканаленне якасці падрыхтоўкі працоўных рэсурсаў: гэта механізмы прагназавання падрыхтоўкі кадраў, вызначэнне рэгіянальных патрэб, баланс попыту і прапанавання, пытанні наладжвання ўзаемасувязі адукацыі і рынку працы найперш праз стварэнне нацыянальных рамак кваліфікацый у кантэксце міжнародных падыходаў, удакладнення патрабаванняў да кадраў, пытанні распрацоўкі прафесійных, адукацыйных стандартаў і ў цэлым адукацыйных праграм падрыхтоўкі сучасных кадраў. Ёсць што пераняць нашай краіне і ў арганізацыі бесперапыннай адукацыі дарослых. Усё гэта і многае іншае і стала прадметам абмеркавання для ўдзельнікаў канферэнцыі.

 Алена МАРКЕВІЧ.

markevich@ng-press.by

Падрабязней аб пытаннях, якія абмяркоўваліся падчас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі чытайце ў “Настаўніцкай газеце” за 9 красавіка бягучага года.