Прафесійная будучыня пачынаецца сёння

- 11:43Планёрка ў рэгіёне

Штогод у Мінскім раёне выпускнікамі становяцца амаль 1500 дзевяцікласнікаў і больш за 700 адзінаццацікласнікаў. У вышэйшыя навучальныя ўстановы кожны год паступаюць 60% выпускнікоў, сярод гімназістаў — 98%. Як праводзіцца прафарыентацыйная работа са школьнікамі і якімі дасягненнямі з кожным годам папаўняецца сталічны рэгіён, расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама Валянціна Васільеўна АСТАПЕНКА.

— Прафарыентацыя навучэнцаў ажыццяўляецца адразу па некалькіх кірунках, — гаворыць Валянціна Васільеўна. — Школьнікам прапаноўваюцца факультатыўныя курсы “Асновы выбару прафесіі”, “Мая прафесійная будучыня”. Школы наладжваюць узаемадзеянне з установамі ПТА, ССА, ВА, практыкуюць так званыя прафесійныя пробы. Важны кірунак прафарыентацыі — супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. Так, у дзіцячым садзе — сярэдняй школе вёскі Старое Сяло працоўныя навыкі навучэнцаў 8—11 класаў фарміруюцца праз іх удзел у розных акцыях, якія праводзяцца разам з агракамбінатам “Ждановічы”, Рэспубліканскім цэнтрам коннага спорту і конегадоўлі, ТАА “Нова-Флора”, ТАА “Альфа-сувязь”. Па выніках навучальнага года генеральны дырэктар агракамбіната “Ждановічы” Рыгор Пятровіч Чуйко ўзнагароджвае граматамі і прэміямі лепшых вучняў. Традыцыйнымі сталі тэматычныя сустрэчы прадстаўнікоў УП “АК Ждановічы” з выпускнікамі 11 класа “Хлебаробам быць ганарова”, арганізацыя сумесных з установамі ПТА, ССА і ВА выстаў-кірмашоў адукацыйных устаноў нашай краіны “Прафесійны калейдаскоп”. У мінулым навучальным годзе такі кірмаш адбыўся ў Бараўлянскай сярэдняй школе.

— Як з кожным годам мяняецца колькасць дзяцей у Мінскім раёне?

— У Мінскім раёне вядзецца інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва, у тым ліку для жыхароў сталіцы. Колькасць дзіцячага насельніцтва штогод павялічваецца. Зараз у раёне пражывае больш за 46 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 0 да 18 гадоў, з іх больш за 18 тысяч вучацца ў школах раёна, больш за 7 тысяч дзяцей наведваюць раённыя ўстановы дашкольнай адукацыі. Некаторыя дзеці атрымліваюць адукацыю ў сталічных школах і дзіцячых садах. У раёне функцыянуе 107 устаноў адукацыі, з якіх 5 — прыватнай формы ўласнасці. Толькі за 3 апошнія гады адукацыйная сетка раёна папоўнілася 5 установамі дашкольнай адукацыі, у перспектыве да пачатку новага навучальнага года плануецца адкрыццё школы і сада ў Бараўлянскім сельсавеце.

— Як вырашаецца праблема забяспечанасці ўстаноў адукацыі кваліфікаванымі спецыялістамі?

— Ва ўстановах адукацыі раёна працуе амаль 3000 педагогаў, што на 5% больш, чым у мінулым навучальным годзе. Добрая забяспечанасць педагагічнымі кадрамі дасягаецца з дапамогай арганізацыі мэтавага навучання, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Напрыклад, у 2017 годзе выдадзена 17 мэтавых накіраванняў выпускнікам школ, 23 педагагічныя работнікі пачалі навучанне на ўмовах перападрыхтоўкі па дэфіцытных спецыяльнасцях, для 32 плануецца перападрыхтоўка ў 2018 годзе.
Для дзесяцікласнікаў дзевяці ўстаноў адукацыі арганізоўваецца вывучэнне спецкурса “Увядзенне ў педагагічную прафесію”. Добрыя вынікі па прафарыентацыі выпускнікоў на педагагічныя спецыяльнасці дэманструюць у Самахвалавіцкай, Астрашыцка-Гарадоцкай, Ждановіцкай, Крупіцкай, Мачулішчанскай сярэдніх школах. 57% педагогаў Самахвалавіцкай сярэдняй школы з’яўляюцца яе выпускнікамі, у Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школе — 44%.

У раёне практыкуецца такая форма работы з маладымі педагогамі, як адкрыты дыялог, калі спецыялісты-пачаткоўцы абмяркоўваюць з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання свае прафесійныя арыенціры, атрымліваюць метадычную падтрымку, вырашаюць надзённыя праблемы.

— Раскажыце, калі ласка, пра самыя значныя дасягненні ў сістэме адукацыі Мінскага раёна за апошнія гады.

—У глабальным сэнсе гэта, безумоўна, павышэнне даступнасці адукацыі і максімальнае забеспячэнне роўных правоў і магчымасцей для кожнага навучэнца раёна. Штогод павялічваецца колькасць выпускнікоў, узнагароджаных залатымі медалямі. На працягу трох гадоў па выніках удзелу ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў каманда Мінскага раёна атрымлівае прызавыя месцы: на абласным этапе ў 2016/2017 навучальным годзе было 17 удзельнікаў і 5 дыпломаў, на заключным (рэспубліканскім) этапе конкурсу на працягу трох навучальных гадоў заваявана 6 дыпломаў. Штогод навучэнцы Мінскага раёна становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Па выніках 2016/2017 навучальнага года нашы навучэнцы атрымалі 117 дыпломаў падчас інтэлектуальных конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Так, дыпломам I ступені Міжнароднага конкурсу па робататэхніцы WRO-2016 Belarus у катэгорыі Open elementary адзначана работа вучня 5 класа Бараўлянскай гімназіі Аляксея Глаза (кіраўнік Яўген Віктаравіч Пак). На V Міжнародным конкурсе праектных і даследчых работ навучэнцаў і педагагічных работнікаў адукацыйных устаноў “Прызма” навучэнка Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Марыя Навіцкая (кіраўнік Ірына Леанідаўна Сярко) атрымала дыплом пераможцы. Тры гады запар каманда навучэнцаў Лугаваслабадской сярэдняй школы перамагае ў рэспубліканскім эканамічным фестывалі моладзі “Лесвіца поспеху”.

Штогод на раённай педагагічнай канферэнцыі мы ўшаноўваем лепшых педагогаў. Ім уручаюцца спецыяльныя прэміі ў намінацыях “Педагог-даследчык”, “Педагог-наватар”, “Педагог-гуманіст”. За 6 гадоў узнагароджана 18 педагагічных работнікаў.

Педагогі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы і Гатаўскай сярэдняй школы Ірына Леанідаўна Сярко і Уладзімір Генадзьевіч Тылецкі прадстаўлялі Мінскую вобласць на заключным этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2017 годзе. Ірына Леанідаўна — лаўрэат рэспубліканскага конкурсу і ўладальнік дыплома І ступені ў сваёй конкурснай намінацыі.

Сярод работнікаў сацыяльнай сферы Мінскага раёна, удастоеных ганаровага звання “чалавек года Мінскага раёна”, імёны кіраўнікоў устаноў адукацыі: у 2017 годзе — дырэктара Мачулішчанскай сярэдняй школы імя Герояў Савецкага Саюза І.Ц.Удавенка і М.В.Гамоненка Мар’яны Давыдаўны Давыдавай.

— Як у гэтым годзе плануецца арганізаваць летняе аздараўленне дзяцей?

— Лагеры Мінскага раёна адкрыюць свае дзверы для 4883 юных адпачывальнікаў: гэта лагеры дзённага і кругласутачнага знаходжання, лагеры працы і адпачынку. 720 школьнікаў умацуюць здароўе ў стацыянарным аздараўленчым лагеры “Лясны гарадок”, які, дарэчы, стаў пераможцам абласнога конкурсу педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі “Формула разумнага лета” (дыплом ІІІ ступені) у 2017 годзе. Традыцыйна ў раёне арганізоўваюцца профільныя лагеры для выдатнікаў вучобы і пераможцаў інтэлектуальных конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, а таксама для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Будзе арганізаваны мультыпрофільны лагер для высокаматываваных навучэнцаў па хіміі, біялогіі, мовах, фізіцы і матэматыцы на базе Міханавіцкай, Лугаваслабадской сярэдніх школ і Заслаўскай сярэдняй школы № 2.

Узаемадзеянне з вайсковымі часцямі, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, аддзелам Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі ў рамках патрыятычнага выхавання, фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці працягнецца ў арганізаваных сумесна абаронна-спартыўных лагерах у шасці ўстановах адукацыі раёна.

Надзея ЦЕРАХАВА.