Прафесійны падыход і добрае сэрца

- 16:30Спецыяльная адукацыя

“Нашу ўстанову наведваюць асаблівыя дзеці, з адкрытым сэрцам, добрыя і даверлівыя. Але магчымасці іх абмежаваныя. Тыя прыступкі і перашкоды, якія іншыя людзі пераадольваюць лёгка і проста, ім даюцца праз вялікае старанне і немалую сілу волі. Разам з педагогамі і бацькамі ім даводзіцца днямі працаваць толькі для таго, каб навучыцца трымаць лыжку, зашпільваць гузік, вывучыць радок верша, — расказала дырэктар ЦКРНіР Смалявіцкага раёна Галіна Аляксандраўна Рудзюк. — Комплексная сістэма псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі навучэнцам, створаная ва ўстанове, накіравана на сацыялізацыю і інтэграцыю іх у грамадства, падрыхтоўку да самастойнага жыцця”.

Галіна Аляксандраўна ўзначальвае Смалявіцкі ЦКРНіР 6 гадоў, да гэтага 24 гады працавала ў Жодзінскім дашкольным дзіцячым доме, з іх 11 гадоў — у якасці намесніка дырэктара. Цэнтр з’яўляецца каардынатарам спецыяльнай адукацыі раёна. На сёння ў раённым банку даных дзяцей з АПФР — 1206 дзяцей, з іх каля 900 — з маўленчымі парушэннямі, якія вучацца па агульнаадукацыйных праграмах, астатнія займаюцца па праграмах спецыяльнай адукацыі. Пачынаючы з 2000 года ў Смалявіцкім ЦКРНіР атрымалі спецыяльную адукацыю, раннюю комплексную дапамогу, карэкцыйна-педагагічную і сацыяльна-педагагічную падтрымку каля 300 дзяцей. Зараз ва ўстанове функцыянуюць 2 класы і 2 групы, дзе вучацца 20 дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі. Для 5 выхаванцаў, якія пражываюць у аддаленых кутках раёна, створаны ўмовы для кругласутачнага пяцідзённага знаходжання. У ЦКРНіР абсталяваны неабходныя вучэбныя і спальныя памяшканні, дыягнастычны, рэсурсны і масажны кабінеты, зала лячэбнай і адаптыўнай фізкультуры, пакоі сенсорны і сацыяльна-бытавой адаптацыі, кабінет ранняй комплекснай дапамогі. Для забеспячэння бесперашкоднага перамяшчэння па будынку і доступу на другі паверх набыта спецыяльнае гусенічнае пад’ёмнае прыстасаванне Standart. Па ўсім маршруце руху ва ўстанове зроблены поручні, абсталяваны два пандусы. Шмат сіл, працы і фантазіі супрацоўнікаў цэнтра ўкладваецца ў яго афармленне, у стварэнне адаптыўнага асяроддзя.


У 2017 годзе дасягненні калектыву ЦКРНіР Смалявіцкага раёна адзначаны дыпломам І ступені на Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”. Падчас удзелу ў выпрабаваннях педагогамі былі прадстаўлены самыя паспяховыя адукацыйныя праекты ўстановы. Аўтар праекта “Распрацоўка электронных сродкаў навучання для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу з дзецьмі з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі” — настаўнік-дэфектолаг Таццяна Міхайлаўна Калантай. Яна распрацавала для сваіх выхаванцаў з улікам узроўню іх пазнавальных магчымасцей 70 аўтарскіх гульнявых мультымедыйных прэзентацый па асноўных адукацыйных галінах вучэбнай праграмы (“Камунікацыя”, “Асновы жыцця”, “Практычная матэматыка”, “Сенсорная стымуляцыя”, “Сацыяльная адаптацыя” і інш.). Сёння педагогі цэнтра ўключаюць у адукацыйны працэс электронныя гульнявыя відэапрэзентацыі і мультфільмы, створаныя Таццянай Міхайлаўнай, што павышае цікавасць дзяцей да вучэбнай дзейнасці, дапамагае ім лепш сацыялізавацца ў навакольным асяроддзі.

“Спачатку мы выкарыстоўвалі мультымедыйныя прэзентацыі пры навучанні дзяцей з парушэннямі маўлення, а пасля і пры рабоце з усімі навучэнцамі цэнтра, — расказала Таццяна Міхайлаўна. — Самыя элементарныя заданні, з якімі спраўляюцца выхаванцы цэнтра, — адрозніць прадметы па колеры, палічыць іх, выбраць цацкі для гульні або па раскладзеных у няправільным парадку карцінках скласці алгарытм: чысткі зубоў, гатаванне бутэрбродаў і інш. Пры праглядзе мультфільмаў прапаноўваем дзецям вывучыць лік у межах 10, рашыць самыя элементарныя задачы. На жаль, не ўсе дзеці лёгка спраўляюцца з камп’ютарнай мышкай, таму заўсёды на дапамогу ім прыходзяць педагогі, якія накіроўваюць іх рухі, падрабязна тлумачаць заданне, дапамагаюць яго выканаць”.

Для таго каб праект развіваўся, неабходна набыць дадатковае абсталяванне — сэнсарныя панэлі, інтэрактыўную дошку, спецыялізаваную, адаптаваную да патрэб навучэнцаў цэнтра камп’ютарную тэхніку. Таму праект на гэты момант заяўлены як гуманітарны (інфармацыя аб ім размешчана на сайтах райвыканкама і аблвыканкама) і чакае матэрыяльнай дапамогі ад спонсараў.

У рамках рэалізацыі праекта па стварэнні нетрадыцыйных асяроддзевых рэсурсаў для фарміравання і развіцця сенсаматорных навыкаў у дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі педагогі цэнтра распрацоўваюць і выкарыстоўваюць дыдактычныя гульні, дапаможнікі і мабілі, якія спрыяюць уключэнню выхаванцаў у працэс пазнання рэчаіснасці. Работу над праектам у 2016 годзе пачала настаўнік-дэфектолаг Аксана Фёдараўна Мурашка.

“Айчынныя вытворцы прапаноўваюць шырокі выбар разнастайных гульняў, дапаможнікаў, якія накіраваны на авалоданне дзецьмі пэўнымі ўменнямі і навыкамі, у прыватнасці, падрыхтоўкай рукі да пісьма, засваеннем важных сенсорных эталонаў, — паведаміла Аксана Фёдараўна. — Аднак работа з імі выклікае цяжкасці. Многія цацкі маюць дробныя дэталі, што ў дзіцяці з ДЦП можа павысіць спастыку кісці рук. Некаторыя з цацак маюць недыферэнцыраванае колеравае рашэнне, што ўскладняе колераўспрыманне дзяцей. Таму педагогі і бацькі выхаванцаў самі вырабляюць неабходныя дапаможнікі, арыентуючыся на індывідуальныя магчымасці і асаблівасці дзяцей. З дапамогай самаробнага шматфункцыянальнага мабіля “Чарапаха”, напрыклад, можна рэалізоўваць розныя адукацыйныя задачы: знаёміць з колерам, формай, велічынёй, тэкстурай, развіваць дробную маторыку. Працэс фарміравання і развіцця сенсаматорных навыкаў у дзяцей доўгі і шматэтапны. Але вынікі на гэтым шляху ёсць. Выхаванцы вучацца фіксаваць погляд на пэўным прадмеце, арыентавацца на яго гук, адрозніваць колеры, форму і г.д. Створаны каталог аўтарскіх вырабаў, у якім дадзена апісанне кожнага мабіля, мэт і задач, з якімі ён павінен выкарыстоўвацца, магчымыя вынікі работы з ім. Нашы мабілі размяшчаюцца ў кожнай групе цэнтра, і педагогі актыўна імі карыстаюцца”.

З красавіка 2017 года цэнтр пачаў супрацоўнічаць з аграсядзібай Green Ranch, куды два разы на тыдзень разам з бацькамі і педагогамі выхаванцы цэнтра выязджаюць на заняткі па іпатэрапіі. Гэта новы кірунак дзейнасці ўстановы, своеасаблівая форма лячэбнай фізкультуры, дзе ў якасці інструментаў рэабілітацыі выступаюць коні. У працэсе верхавой язды ў работу ўключаюцца ўсе асноўныя групы мышцаў цела дзіцяці. Падчас заняткаў выхаванцы выконваюць спецыяльныя практыкаванні на кані, а таксама ўзаемадзейнічаюць з ім — гладзяць, кормяць, што аказвае станоўчы эмацыянальна-псіхалагічны ўплыў на дзяцей. Пазітыўныя змяненні бачны адразу. Ёсць і ўнікальныя прыклады. Чатырохгадовы Ягор з выяўленымі рухальнымі парушэннямі, які перанёс некалькі аперацый, пасля курсу заняткаў па іпатэрапіі змог зрабіць першыя самастойныя крокі.


У Смалявіцкім ЦКРНіР дзейнічае цэнтр ранняй комплекснай дапамогі для дзяцей ад нараджэння да 3 гадоў, які сёння наведваюць 14 дзяцей. Заняткі праводзіць настаўнік-дэфектолаг Алеся Аляксандраўна Дзірко разам з педагогам-псіхолагам і інструктарам ЛФК. Асноўнымі формамі аказання ранняй комплекснай дапамогі з’яўляюцца індывідуальныя карэкцыйныя заняткі, кансультаванне бацькоў аб асаблівасцях іх дзіцяці і тых умовах, якія неабходны для яго аптымальнага развіцця, навучанне бацькоў прыёмам і метадам выхавання, аказанне падтрымкі сям’і.

“У раёне дзейнічае праграма міжведамаснага ўзаемадзеяння паміж Смалявіцкім ЦКРНіР, раённай паліклінікай і ЦРБ для таго, каб як мага раней выяўляць парушэнні ў дзяцей, — гаворыць Алеся Аляксандраўна. — У раннім узросце выяўляюцца пераважна затрымка псіхаматорнага і псіхамаўленчага развіцця. Хочацца напомніць бацькам аб важнасці своечасовага звароту ў цэнтр, дзе іх падтрымаюць, дапамогуць прыняць сітуацыю, дадуць карысныя рэкамендацыі, раскажуць аб эфектыўных метадах карэкцыі парушэнняў”.

Наступны кірунак работы цэнтра — карэкцыйна-педагагічная работа з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення. У 2 групах дапамогу сёння атрымліваюць 35 навучэнцаў, з якімі працуюць два настаўнікі-дэфектолагі.

“Да адных прад’яўляю большыя патрабаванні, а за іншых нават пры мінімальным прагрэсе вельмі радуюся, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Галіна Іванаўна Ільіна. — Напрыклад, калі дзіця зусім не размаўляе, а праз некалькі заняткаў я чую ад яго першыя гукі. У рабоце з дзецьмі іду не толькі строга па шляху методыкі, а прыслухоўваюся да інтуіцыі, да патрэб канктрэтнага выхаванца. Поспех у карэкцыйным працэсе часта забяспечвае правільнае ўзаемадзеянне з бацькамі. Неабходна, каб засвоенае на занятках з дзецьмі адпрацоўвалася дома”.

Размяшчэнне Смалявіцкага ЦКРНіР і Зарэчанскага дзіцячага сада ў адным будынку стварыла магчымасць для паспяховай рэалізацыі праекта па фарміраванні ў дашкольнікаў талерантнага стаўлення да дзяцей з АПФР. Яго аўтар — выхавальнік Таццяна Анатольеўна Стэльмах. Праект прадугледжвае арганізацыю сумесных мерапрыемстваў: музычных свят, тэатральных паказаў, гульнявой і спартыўнай дзейнасці, летняга адпачынку. Работа ў гэтым кірунку дала магчымасць дзецям цэнтра набыць станоўчы вопыт зносін, навучыцца ўважліваму стаўленню адно да аднаго, сяброўству, уменню ацэньваць свае ўчынкі.

Традыцыйна навучэнцы трох класаў са школ №№ 2 і 3 Смалявіч становяцца валанцёрамі атрада “Добрае сэрца”. Да добрых спраў далучаюцца і навучэнцы Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча, у якой звычайна займаюцца выпускнікі Зарэчанскага дзіцячага сада. Дабрачынныя акцыі, святы і канцэрты, гульні і спартыўныя эстафеты, сумесныя экскурсіі і збор грашовых сродкаў на патрэбную аперацыю — далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, арганізаваных актывістамі. Навучэнцы цэнтра з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі і пераможцамі фестываляў “Вясёлкавы карагод”, “Запалі сваю зорку”, штогадовых выязных выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, раённых і міжрэгіянальных спартыўных свят “Вянок дружбы”. Пры падрыхтоўцы да конкурсаў ім дапамагаюць школьныя валанцёры, якія часта рыхтуюць разам з асаблівымі дзецьмі сумесныя творчыя нумары.


Спецыялісты карэкцыйнага цэнтра курыруюць пытанні развіцця спецыяльнай, інтэграванай і інклюзіўнай адукацыі ў раёне. Трое выхаванцаў цэнтра з аўтычнымі парушэннямі сёння вучацца ў сярэдняй школе № 2 Смалявіч (гэта апорная ўстанова ў раёне па спецыяльнай адукацыі), у Забалоцкай сярэдняй школе і ў дзіцячым садзе № 6 Смалявіч “Вясёлка”. Ва ўстановах уведзены стаўкі выхавальніка і суправаджаючага выхавальніка для такой катэгорыі дзяцей.

Педагогі ЦКРНіР пастаянна суправаджаюць працэс уключэння дзяцей з АПФР у асяроддзе равеснікаў, якія тыпова развіваюцца. На базе цэнтра арганізуюцца выязныя пасяджэнні метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-дэфектолагаў, круглыя сталы, семінары, семінары-практыкумы, арганізаваныя з удзелам выкладчыкаў Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Педагогі цэнтра дзеляцца назапашаным вопытам на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-дэфектолагаў у Мінскім абласным ІРА і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемстваў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.