Прафесійны выбар

- 12:06Суразмоўца

Звыклая дарога ў школу застанецца сёлета для многіх выпускнікоў толькі ў памяці. Большасць з іх зрабілі свой выбар у бок засваення ведаў на новым, больш высокім узроўні, і далейшы іх жыццёвы шлях будзе звязаны з атрыманнем спецыяльнасці. Такую магчымасць прадастаўляюць нашай моладзі і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Якой будзе сёлета прыёмная кампанія ў гэтыя ўстановы, на якія новыя спецыяльнасці можна будзе паступіць, якімі будуць умовы прыёму — аб усім гэтым нашым чытачам расказвае кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Таццяна Аляксандраўна КАРАТКЕВІЧ.

— Таццяна Аляксандраўна, перш-наперш цікавіць пытанне, ці адбудуцца змены ў прыёме ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі альбо ён застанецца такім жа, як у мінулым годзе?
— Сёлетні прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе ажыццяўляцца на тых жа ўмовах, што і ў 2014 годзе, у адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 года № 80 “Аб правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”(у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 2014 года № 130).
Плануецца прыняць у гэтым годзе 40,5 тысячы чалавек, што на 1 працэнт менш, чым было прынята на навучанне ў мінулым годзе. Памяншэнне прыёму звязана, безумоўна, з дэмаграфічнай сітуацыяй, якая прыводзіць да змяншэння колькасці выпускнікоў школ.
Структура прыёму захоўваецца на ўзроўні мінулых гадоў. Так, профілі адукацыі “Тэхніка і тэхналогія”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Сельская і лясная гаспадарка”, “Ахова здароўя” ў агульным прыёме складаюць 70%.
Сярэднюю спецыяльную адукацыю ў вочнай (дзённай) форме можна атрымаць на аснове агульнай базавай адукацыі, агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй. А ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме атрымання адукацыі сярэднюю спецыяльную адукацыю можна атрымаць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесiйна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй.
— Ці з’явяцца новыя спецыяльнасці ў пераліку тых, на якія можна будзе паступіць сёлета?
— На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе ажыццяўляцца прыём абітурыентаў па 172 спецыяльнасцях. Новымі спецыяльнасцямі (прыём па іх пачаты ў апошнія два гады) з’яўляюцца такія, як “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”, “Мікра-і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы”, “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”, “Абсталяванне мэблевай вытворчасці”, “Мехатроніка” (кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй “мехатронік 5 разраду (вытворчасць харчовых прадуктаў); “мехатронік 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)”).
Упершыню ў гэтым годзе будзе ажыццяўляцца набор на новую спецыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Праграмуемыя мабільныя сістэмы” ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы. Пасля заканчэння навучання яго выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “тэхнік-электронік”.
— Якія іспыты чакаюць нашых выпускнікоў пры паступленні на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі?
— Гэта будзе залежаць ад таго, на аснове якой адукацыі абітурыенты будуць паступаць. Так, у прыватнасці, калі абітурыенты паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай базавай адукацыі, на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты (творчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці спорту), яны паступаюць па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.
Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здаюць два ўступныя іспыты па вучэбных прадметах у форме ЦТ. Пры паступленні на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту абітурыенты здаюць уступныя іспыты па мове (беларускай ці рускай) у форме ЦТ і ўступны іспыт па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс складаў 1,5 чалавека на месца і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (без прад’яўлення сертыфікатаў ЦТ), а на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту — па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і выніку ўступнага іспыту па спецыяльнасці.
Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй у скарочаны тэрмін, здаюць толькі ўступны іспыт па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс складаў 1,5 чалавека на месца і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
Звяртаем увагу абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй, калі залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, то адзнакі па рускай мове, беларускай мове і вучэбным прадмеце, які адпавядае профільнаму іспыту ў дакуменце аб адукацыі, павінны быць не ніжэй за 4 (чатыры) балы.
— Ці існуюць асаблівасці правядзення ўступных іспытаў для абітурыентаў з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату?
— Так, існуюць. Пры прадастаўленні ў прыёмную камісію ўстановы адукацыі заключэння дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі альбо даведкі аб засваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці вышэй указаных асоб, яны могуць здаваць уступныя іспыты ва ўстанове адукацыі (без прадастаўлення сертыфікатаў ЦТ).Форма правядзення ўступных іспытаў вызначаецца прыёмнай камісіяй установы адукацыі з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця абітурыента.
— Таццяна Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, пра тэрміны прыёму дакументаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яны застаюцца нязменнымі?
— Тэрміны прыёму дакументаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, як і Правілы прыёму, засталіся без змен і вызначаны ў пастанове Міністэрства адукацыі ад 11 красавіка 2014 года за № 41 “Аб тэрмінах правядзення ўступнай кампаніі для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пераліку груп спецыяльнасцей (спецыяльнасцей, напрамкаў спецыяльнасцей) і адпаведных ім профільных выпрабаванняў”.
Згодна з гэтым, прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі будзе ажыццяўляцца:
— за кошт сродкаў бюджэту — з 15 па 31 ліпеня;
— на платнай аснове — з 15 па 14 жніўня (ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, — па 31 ліпеня).
Уступныя іспыты пройдуць з 1 па 5 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 8 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.
Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй) будзе ажыццяўляцца:
— за кошт сродкаў бюджэту — з 15 ліпеня па 6 жніўня;
— на платнай аснове — з 15 ліпеня па 14 жніўня (ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, — па 6 жніўня).
Уступныя іспыты пройдуць з 7 па 9 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 12 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.
Прыём дакументаў ад жадаючых атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — з 1 кастрычніка па 30 лістапада.
Уступныя іспыты пройдуць з 1 па 5 снежня, залічэнне — па 10 снежня.
Прыём дакументаў ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі:
за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь — па 31 ліпеня;
на платнай аснове па выніках выніковай атэстацыі пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь — па 31 ліпеня;
на платнай аснове па выніках субяседавання ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якое ўстанаўлівае ўзровень валодання мовай, на якой ажыццяўляецца адукацыйны працэс, у аб’ёме, дастатковым для засваення зместу адукацыйнай пра-грамы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — па 15 кастрычніка.
Звяртаю ўвагу на тое, што ў мэтах рэалізацыі падпункта 1.6 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2014 года за № 420 “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь” у дачыненні да ўкраінскіх грамадзян, якія прада-ставілі дакументы, што пацвярджаюць іх пражыванне і навучанне на тэрыторыі Данецкай або Луганскай абласцей Украіны, установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці вакантных месцаў, устаноўленых планамі прыёму, маюць права прымаць гэтых грамадзян для атрымання (прадаўжэння) сярэдняй спецыяльнай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў або на ўмовах аплаты, прадугледжаных для грамадзян Рэспублікі Беларусь па выніках субяседавання ў парадку і на ўмовах, якiя вызначаюцца ўстановамі адукацыі.
Пералік груп спецыяльнасцей (напрамкаў спецыяльнасцей) і адпаведных ім профільных выпрабаванняў устаноўлены таксама пастановай Міністэрства адукацыі ад 11 красавіка 2014 года № 41.
— Які рэжым работы прыёмных камісій будзе прадугледжаны ў сёлетняй прыёмнай кампаніі?
— Першы дзень работы прыёмных камісій устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 15 ліпеня. Устаноўлены адзіны рэжым работы прыёмных камісій: з 9-00 да 18-00, уключаючы суботы (18, 25 ліпеня, 1, 8, 15 жніўня) і нядзелю (16 жніўня).
Нагадаю, што прыёмная камісія інфармуе абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў на інтэрнэт-рэсурсе, папяровым носьбіце, а пры наяўнасці магчымасці — і на электронным тэрмінале.
Інфармацыя абнаўляецца кожны дзень не радзей за адзін раз у 3 (тры) гадзіны работы прыёмнай камісіі (12.00, 15.00, 18.00). У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў спыняецца ў 15.00.
Падрабязную інфармацыю аб магчымасцях атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі грамадзяне могуць атрымаць з Даведніка для паступаючых ва ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у 2015 годзе (выдавецтва “Вышэйшая школа”). На сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь размешчаны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі 2015 года. У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі ў перыяд з 1 чэрвеня па 16 жніўня ў Міністэрстве адукацыі будзе арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон — 8 (017) 222-43-12).

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.