Працуем на развіццё і самарэалізацыю

- 11:36Планёрка ў рэгіёне

“Сёлета ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці 100 выпускнікоў 11-х класаў і 142 выпускнікі 9-х класаў атрымалі атэстаты. Педагагічнымі калектывамі праведзена годная работа, дасягнуты пэўныя вынікі. Наперадзе новыя перамогі і здзяйсненні”, — упэўнена начальнік аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Валянціна Васільеўна Мянькова.

— Скажыце, куды плануюць паступаць вашы выпускнікі? Як вы рыхтавалі іх да ўсвядомленага прафесійнага выбару?

— Работа вялася на сістэмнай аснове з улікам патрэб вучняў і бацькоў. У 11 установах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2019/2020 навучальным годзе займаліся 1839 навучэнцаў. Профільнае навучанне было арганізавана ў 5 установах, дзе на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі былі адкрыты класы з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні. Акрамя таго, было арганізавана прафесійнае навучанне для вучняў 10-х класаў у 4 установах адукацыі па прафесіях “швачка”, “садоўнік”, “аператар ЭВМ”. У 11 класе вучні працягнуць навучанне і пасля заканчэння ім будуць выдадзены пасведчанні з прысваеннем кваліфікацыі (“садоўнікі” атрымаюць адпаведную даведку). 

Улічваючы высокую запатрабава­насць у падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў у раёне ў 2018/2019 годзе былі адкрыты класы прафесійнай накіраванасці: педагагічны і два аграрныя класы. Адбыўся першы выпуск аграрных класаў, дзе займаліся 11 дзяцей. Два выпускнікі выбралі прафесію сельскагаспадарчага профілю (інжынер сельскай гаспадаркі, ветэрынарная медыцына). Але важна тое, што навучэнцы гэтых класаў, вывучаючы факультатыў “Уводзіны ў аграрную прафесію”, засвоілі для сябе важнасць і адказнасць працы ў вёсцы. У наступным навучальным годзе запланавана адкрыць два аграрныя класы для 10 навучэнцаў.

 Па папярэдніх даных выпускнікі 2020 года выбралі педагагічныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і інш. Радуе тое, што ўсё больш выпускнікоў вяртаецца пасля заканчэння ўніверсітэтаў і каледжаў у наш раён — гэта настаўнікі, выхавальнікі, урачы і медсёстры, работнікі аддзелаў РАНС, РАУС і інш. Лічу, што гэта і ёсць вынік добрай прафарыентацыйнай работы.

— Якія дасягненні і перамогі прынеслі ў скарбонку сістэмы адукацыі вучні і педагогі Шумілінскага раёна?

— Мы ганарымся нашымі інтэлектуаламі, спартсменамі, дзецьмі, якія дасягнулі добрых вынікаў у тэхнічнай і мастацкай творчасці. На працягу некалькіх гадоў у маі праходзіць ушанаванне адораных навучэнцаў кіраўніцтвам раёна. Праўда, у гэтым годзе не было такога ўрачыстага мерапрыемства, як звычайна, але на свяце апошняга званка былі сказаны словы па­дзякі, уручана матэрыяльнае заахвочванне ад кіраўніцтва раёна 10 выпускнікам 9 і 11 класаў, а таксама падзячныя лісты педагогам і бацькам. А ўжо 1 верасня на ўрачыстай лінейцы свае ўзнагароды атрымаюць яшчэ 37 навучэнцаў, якія працягнуць навучанне ў наступным навучальным го­дзе. Сярод узнагароджаных адзначу Ларысу Уладзіміраўну Мала­дзечкіну — дырэктара Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната, і настаўніцу рускай мовы і літаратуры гімназіі Вольгу Мікалаеў­ну Бяляеву, якая падрыхтавала навучэнку 10 класа Вольгу Сянькову да паспяховага выступлення (дыплом ІІ ступені) на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Настаўніца гісторыі гімназіі Таццяна Васільеўна Дарафеева падрыхтавала дзесяцікласніка Максіма Бурлакова — пераможца Міжнароднага навукова-даследчага конкурсу “Сучасныя дасягненні маладзёжнай навукі 2019” (дыплом І ступені), фіналіста Міжнароднага маладзёжнага конкурсу сацыяльнай рэкламы “Разам супраць карупцыі!”, а таксама пераможца конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці “Эўрыка” (дыплом ІІІ ступені).

Вучні Юрыя Мікалаевіча Мясаедава — настаўніка фізічнай культуры і спорту сярэдняй школы № 1 Шуміліна, у складзе абласной каманды занялі 2-е мес­ца на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Здароўе”. Настаўнік фізічнай культуры і спорту Слабадскога ясляў-сада — базавай школы Уладзімір Анатольевіч Кучко з’яўляецца трэнерам каманды — сярэбранага прызёра рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч”.

Педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Віктараўна Бараноўская займалася са Станіславам Шпулёвым — навучэнцам 9 класа сярэдняй школы № 1 Шуміліна. У юнака залаты медаль на 3-м першын­стве Еўропы сярод моладзі па вавінам в’ет во даа, дыплом І ступені Адкрытага кубка Рэспублікі Беларусь па вавінам в’ет во даа і традыцыйнага рэспубліканскага турніру “Джуніёр кап”.

Выхаванцы педагога дадатковай адукацыі Аляксандра Яўгенавіча Пціцкага маюць дыплом І ступені ХХІІІ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. Настаўніца геаграфіі Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза 3.М.Партновай Ала Сяргееўна Захаранка падрыхтавала навучэнцаў 11 класа Ульяну Рымша і Ганну Барысевіч да Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Будучыня за табой” (дыплом І ступені ў секцыі “Турызм”). У гэтай жа секцыі перамаглі таксама навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 2 Шуміліна Ева Браўн (дыплом ІІ ступені) і Дар’я Іваненка (дыплом ІІІ ступені) і іншыя.

— Як ідзе падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года?

— Гэтую работу мы пачалі з лютага. Гарадскі пасёлак Обаль увайшоў у праграму добраўпарадкавання “Малыя гарады” і мы завяршаем рамонт фасада мясцовай сярэдняй школы. Пачаты капітальны рамонт сярэдняй школы № 1 Шуміліна. Летась добраўпарадкавалі тэрыторыю школы. Але самае галоўнае — з’явілася баскетбольная пляцоўка і ўніверсальная пляцоўка з сучасным пакрыццём. У пачатку чэрвеня пачалі ўсталёўваць універсальную спартыўную пляцоўку з сучасным пакрыццём (22×15) у сярэдняй школе № 2 Шуміліна. Да пачатку навучальнага года будзе набыта тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, спартыўны інвентар. У адукацыйны працэс актыўна ўкараняюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Аснашчанасць сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем складае 55%. У раёне абсталяваны 2 кабінеты фізікі, 2 кабінеты хіміі, лінгафонны кабінет.

Новы дзень ставіць перад намі новыя задачы. Якімі б зменлівымі ні былі ўмовы, у педагогаў галоўная задача — працаваць эфектыўна. Але наша дзейнасць патрабуе пастаяннага развіцця, імкнення да ўдасканалення. Найвялікшым рэсурсам краіны з’яўляюцца розумы нашых дзяцей, і ўсе мы працуем на іх развіццё і самарэалізацыю, разумеючы важнасць і значнасць кожнага ўзроўню адукацыі, кожнага дзіцяці, кожнага педагога і кіраўніка.

Хачу пажадаць усім калегам здароўя, добрага настрою, які будзе адзначаны толькі добрымі душэўнымі пачуццямі, цяплом дзіцячых усмешак, новымі прафесійнымі поспехамі, удзячнасцю навакольных, мудрасцю і натхненнем!

Надзея ЦЕРАХАВА.