Працуй, танцуй, ідзі да сваёй мары

- 12:29Вышэйшая школа

1 верасня — свята не толькі для першакурснікаў, але і для ўсіх студэнтаў. Цудоўным настроем гэты першы восеньскі дзень запомніцца многім навучэнцам устаноў вышэйшай адукацыі, якім пашчасціла стаць удзельнікамі маштабнай акцыі. Падтрымаць такі настрой прысутных былі запрошаны вядучыя дыджэі краіны, лепшыя студэнцкія калектывы і маладыя зоркі беларускай эстрады.

“Мы — студэнты” — на свята з такой назвай на канцэртнай пляцоўцы Prime Hall сабраліся лепшыя студэнты з многіх устаноў вышэйшай адукацыі. Менавіта пра гэтую моладзь кажуць актыўныя, творчыя і паспяховыя. Яны рэалізоўваюць сацыяльна значныя праекты, праяўляюць сябе ў спорце, культуры і г.д., што стала галоўным крытэрыем пры выбары тых, хто атрымаў запрашэнне. У якасці ганаровага госця на свята быў запрошаны і міністр адукацыі нашай краіны М.А.Жураўкоў. “У вас усё наперадзе. Аднак вельмі важна, каб вы вызначыліся са сваім месцам у жыцці, каб вы знайшлі сябе ў нашай любімай, дарагой Беларусі”, — з такімі словамі звярнуўся да прысутных Міхаіл Анатольевіч.
Напэўна, сёлетняму святу маладосці не наканавана было б здзейсніцца, калі б яго ідэя не ўзнікла ў прадстаўнікоў Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі. Менавіта гэты савет разам з БДУ стаў арганізатарам мерапрыемства.

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена БДУ.