Працягнуць руку дапамогі

- 16:46Апошнія запісы, Рознае, Спецыяльная адукацыя

“Калі бліжэй знаёмішся з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, то міжволі суперажываеш ім, з’яўляецца жаданне дапамагчы, зрабіць іх жыццё больш яркім і насычаным”, — гаворыць Уладзіслаў Левін — 14-гадовы навучэнец гімназіі № 24 Мінска. На працягу двух гадоў ён рэалізоўвае праект “Рука дапамогі”, мэта якога — стварэнне ўмоў для праяўлення творчых здольнасцей дзяцей з абмежаваннямі, пашырэнне кола іх зносін праз сумесную дзейнасць са звычайнымі равеснікамі. Сёлета юнак абараніў свой праект у фінале гарадскога конкурсу “Суперлідар”, дзе заняў 1 месца, а таксама на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў на званне лепшага лідара дзіцячых і моладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Яго работа была прызнана лепшай падчас Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных сацыяльных праектаў “Нашы справы роднаму гораду!”.

“Мы, падлеткі, ведаем, якімі важнымі ў такім узросце з’яўляюцца зносіны з аднагодкамі, — гаворыць Улад. — Калі я расказаў аб сваім праекце аднакласнікам, мяне падтрымалі ўсе, у тым ліку і мой класны кіраўнік Вольга Вячаславаўна Нягурэ, а таксама навучэнцы іншых класаў. За справу ўзяліся разам. Вырашылі не толькі дапамагаць сваім аднагодкам з АПФР, але і ў працэсе зносін з імі самі вучыцца міласэрнасці, цярпенню і суперажыванню, а таксама далучаць да нашай дзейнасці іншых спагадлівых і сацыяльна актыўных дарослых і дзяцей”.

Першыя крокі Уладзіслава ў гэтым кірунку былі самастойнымі. Ён сабраў інфармацыю аб дзецях з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, наладзіў выпуск інфармацыйных буклетаў “Рука дапамогі”. Уладзіслаў займаецца ў тэатральна-эстраднай студыі “Талент Груп” пад кіраўніцтвам Юліі Аляксандраўны Бароўскай, выдатна спявае і верыць, што музыка лечыць і збліжае людзей. Хлопчык прымаў удзел у правядзенні раённых каляднх акцый, а таксама святочных канцэртаў да Дня абаронцаў Айчыны (каб падтрымаць татаў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаваннямі) і да жаночага дня 8 Сакавіка ў падтрымку маці такіх дзяцей. Акрамя таго, пасля святочнага канцэрта да Дня Перамогі для ветэранаў з удзелам дзяцей з АПФР юнак арганізаваў выставу творчых работ дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Падарунак ветэрану”. Уладзіслаў пазнаёміўся і з дзецьмі з Цэнтра карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі Цэнтральнага раёна Мінска і выступіў разам з імі ў навагоднім канцэрце, у забаўляльнай праграме для выхаванцаў да дня смеху, а таксама паўдзельнічаў у працоўнай акцыі “Рабі добрыя справы для людзей”, дапамог у навядзенні парадку на тэрыторыі ЦКРНіР.

Варта адзначыць, што спонсарамі юнака з’яўляюцца яго бацькі — Наталля Уладзіміраўна і Дзмітрый Аркадзьевіч, а актыўны памочнік у арганізацыі і правядзенні выступленняў — яго малодшы брат Ягор. Ведае аб праекце і аказвае падтрымку Уладзіславу Левіну дырэктар гімназіі № 24, дзе ён паспяхова вучыцца, Таццяна Віктараўна Лукша.
Сабраўшы каманду аднадумцаў, юнак разам з імі наведаў ЦКРНіР Жлобіна, што ў Гомельскай вобласці, госці ўручылі выхаванцам цэнтра падарункі і арганізавалі для іх канцэрт. У канцэрце прынялі ўдзел бацькі Уладзіслава, яго малодшы брат Ягор і педагогі Цэнтра дадатковай адукацыі “Кантакт” Аліна Аляксандраўна Сноп і Валянціна Іванаўна Саннікава, якія ў ходзе мерапрыемства далучалі выхаванцаў цэнтра да нескладаных для іх гульняў.

“Уладзіслаў Левін наладзіў сапраўднае свята для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, — адзначыла сацыяльны педагог Жлобінскага ЦКРНіР Ірына Адамаўна Халюкова. — Здавалася б, звычайны хлопчык, але чуласць яго сэрца і гарачае жаданне дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў спагадзе, хто абдзелены ўвагай аднагодкаў, запальваюць агеньчык дабрыні і ў душах іншых людзей і здольны прымусіць іх змяніць сваю жыццёвую пазіцыю. Нашы выхаванцы нібы адчулі дотык працягнутай да іх дзіцячай рукі. Яны з захапленнем слухалі песні Уладзіслава, апладзіравалі яму, падпявалі, прымалі ўдзел у шматлікіх вясёлых конкурсах. Яркія паветраныя шары і падарункі для кожнага дзіцяці сталі прыемным сюрпрызам”.
У юнака і яго каманды сур’ёзныя планы на будучае. Іх праект падтрымалі і гатовы ўжо выступіць перад дзецьмі з інваліднасцю разам з Уладам удзельнікі конкурсу “Я спяваю” Зухра Вяргейчык, Дар’я Чарнова, Аляксей Кузьмін, Ілья Шпак, а таксама юнакі і дзяўчаты з розных абласцей краіны, якія падзяляюць яго перакананні. Улад плануе паездзіць з дабрачыннымі канцэртамі па краіне — наведаць Гродзенскую, Брэсцкую, Магілёўскую, Віцебскую і Мінскую вобласці.

Зараз ён заняты распрацоўкай сайта “Рука дапамогі” і плануе далучыць да работы над праектам розныя грамадскія арганізацыі і аб’яднанні. На сваёй старонцы “УКантакце” Уладзіслаў Левін стварыў супольнасць — своеасаблівую “руку дапамогі” для зносін і размяшчэння творчых работ дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Юнак плануе арганізаваць фестываль творчых работ і малюнкаў “Натхненне” для навучэнцаў з АПФР і вызначыць пераможцу інтэрактыўным галасаваннем. У бліжэйшых планах Уладзіслава і яго сяброў арганізаваць для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькоў свята на прыродзе, а таксама дабрачынную паездку па дзіцячай чыгунцы.
“Хочацца, каб дзеці з абмежаванымі магчымасцямі адчулі сябе паўнацэннымі членамі грамадства, рэалізоўвалі свае здольнасці ва ўсіх сферах жыцця, знаходзілі сяброў, дзяліліся сваімі поспехамі з іншымі, — гаворыць Уладзіслаў. — Калі я, і вы, і ўсе мы працягнем ім руку дапамогі, свет стане ярчэйшым, мы больш добрымі, а ў душах гэтых дзяцей успыхне нязгаснае сонца, бо яны будуць ведаць, што ім ёсць да каго звярнуцца”.

Уладзіслаў марыць стаць дзіцячым хірургам. Можна сказаць, што свае першыя крокі да будучай прафесіі ён ужо зрабіў: юнак лечыць дзіцячыя душы — чуласцю і музыкай.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.