Прававая прафарыентацыя

- 11:25Рознае, Якасць адукацыі

У канцы мінулага тыдня ў Акадэмі МУС адбыўся вучэбна-метадычны семінар для прадстаўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе створаны і функцыянуюць класы з прававым кірункам, і кадэцкіх вучылішчаў. У семінары прынялі ўдзел міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, а таксама прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства адукацыі.

У прывітальным слове да ўдзельнікаў вучэбна-метадычнага семінара Ігар Шуневіч адзначыў, што на сённяшні дзень факультатыўныя заняткі па прававой падрыхтоўцы наведвае каля 20 000 навучэнцаў. Акрамя таго, на цяперашні момант з Акадэміяй МУС (на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве) узаемадзейнічаюць 69 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 6 кадэцкіх вучылішчаў (Мінска, Слуцка, Гомеля, Віцебска, Полацка, Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У гэтых установах створана больш за 200 прававых класаў, дзе вучыцца каля 4800 чалавек.
— Я хацеў бы падзякаваць педагагічным калектывам навучальных устаноў, якія разумеюць важнасць працэсу навучання і падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у галіне права і выхоўваюць у маладога пакалення павагу да законаў, цягу да здаровага ладу жыцця, гатоўнасць у будучым выконваць задачы па кіраванні і будаўніцтве дзяржавы. Гэта вельмі важна сёння, калі агрэсіўнасць знешняга свету даволі вялікая.
Мы, у міністэрстве, таксама не застаёмся ў баку ад выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Думаю, што праз некаторы час у нас адкрыецца профільная навучальная ўстанова. У нас ёсць спецыялісты, якія здольны рэалізоўваць сябе менавіта ў межах такой навучальнай установы, — адзначыў Ігар Шуневіч, а потым прыступіў да ўзнагароджання.
З рук міністра ўнутраных спраў за эфектыўнае супрацоўніцтва і плённую работу з навучэнскай моладдзю педагогі і дырэктары атрымалі нагрудныя знакі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь “За садзейнічанне”, ганаровыя граматы і граматы МУС.
Нагрудныя знакі “За садзейнічанне” атрымалі дырэктар Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Сяргей Віктаравіч Мяцельскі; дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Брэсцкай вобласці Ала Мікалаеўна Лазіцкая; дырэктар сярэдняй школы № 15 Мазыра Гомельскай вобласці Сяргей Вячаслававіч Траян; дырэктар сярэдняй школы № 21 Бабруйска Магілёўскай вобласці Іна Міхайлаўна Дзмітрук.
Ганаровай граматай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны педагагічныя калектывы сярэдніх школ № 27 Гродна, №№ 116, 68 Мінска, № 28 Брэста.
Граматы МУС былі ўручаны педагагічным калектывам Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча і ліцэя Наваполацка, а таксама сярэдніх школ № 8 Брэста, № 10 Ліды. Акрамя таго, граматы і віншаванні міністра атрымалі Ларыса Канстанцінаўна Слука, дырэктар сярэдняй школы № 116 Мінска; Вольга Мікалаеўна Маршалок, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 27 Гродна; Уладзімір Мікалаевіч Сямёнаў, дырэктар сярэдняй школы № 10 Ліды Гродзенскай вобласці; Аляксандр Аляксандравіч Лазарук, дырэктар сярэдняй школы № 28 Брэста.
Вучэбна-метадычны семінар Акадэміі МУС быў багаты на ўзнагароды. За плённае супрацоўніцтва педагогі і кіраўнікі школ былі адзначаны старшынёй Рэспубліканскага савета Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, кандыдатам юрыдычных навук, генерал-лейтэнантам унутранай службы В.А.Піскаровым і начальнікам акадэміі генерал-маёрам міліцыі У.У.Бачылам.
Уладзімір Уладзіміравіч Бачыла, акрамя віншаванняў і падзякі, звярнуўся да педагогаў з надзёнымі праблемамі, адной з якіх з’яўляецца стан здароўя выпускнікоў прававых класаў, якія затым становяцца курсантамі акадэміі.
— Калі б мы не знізілі патрабаванні да стану здароўя, то наўрад ці змаглі б набраць першакурснікаў. Акрамя таго, мы штогод адлічваем некалькі чалавек не з-за таго, што яны не паспяваюць у вучобе, а менавіта з-за таго, што не спраўляюцца з фізічнымі нагрузкамі. Асноўнымі скаргамі з’яўляюцца боль у нагах і нездаровае сэрца, — адзначыў начальнік акадэміі.
У гэтым годзе ў прававых класах быў дзясяты, юбілейны, выпуск. За гэты час кожны трэці з шасці тысяч выпускнікоў паступіў ва ўстановы адукацыі юрыдычнага профілю. 493 чалавекі сталі курсантамі Акадэміі МУС, а 238 — курсантамі Ваеннай акадэміі. Амаль 1400 выпускнікоў сталі студэнтамі юрыдычных спецыяльнасцей у ВНУ.
У 2014 годзе ў акадэмію паступілі 78 выпускнікоў класаў з прававым кірункам і з кадэцкіх вучылішчаў (37 чалавек). 72 сталі курсантамі, а 6 — студэнтамі факультэта права. Як адзначыў Валерый Георгіевіч Страмбурскі, начальнік аддзялення прафесійна-арыентацыйнай работы акадэміі, работа па прафарыентацыйнай дзейнасці ў акадэміі набірае абароты.
— У мінулым навучальным годзе мы арганізавалі 70 наведванняў акадэміі для навучэнцаў прававых класаў. Больш за 3000 школьнікаў змаглі падрабязна пазнаёміцца з умовамі паступлення, навучання, пражывання ў акадэміі і высветліць усе свае пытанні. Працягваецца шэфская дапамога курсантаў акадэміі. У мінулым годзе ў прававыя класы курсанты-шэфы выязджалі 350 разоў. Яны знаёмілі школьнікаў з правіламі паступлення ў акадэмію і расказвалі пра прафесіі, якія ў ёй можна атрымаць. Працягваюцца выезды ў навучальныя ўстановы з прававымі класамі і Уладзіміра Уладзіміравіча Бачылы. Ён ужо наведаў 59 такіх устаноў.
Па-ранейшаму папулярнымі сярод школьнікаў з’яўляюцца рэспубліканскія творчыя конкурсы і прававая алімпіяда “Феміда”. У 2014 годзе ў іх удзельнічалі 200 навучэнцаў з класаў з прававым кірункам, — расказаў Валерый Георгіевіч.
Потым удзельнікаў семінара пазнаёмілі са зместам вучэбнага працэсу і вучэбна-матэрыяльнай базай акадэміі. Педагогі ў сваю чаргу падзяліліся вопытам узаемадзеяння з тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў, расказалі пра свой досвед у сістэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў у прававых класах і арганізацыі злётаў вучняў гэтых класаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.