Праз класікаў выхоўваць чалавечнасць

- 10:45Людзі адукацыі

З Аленай Яўгенаўнай Сiлiч, настаўнiцай рускай мовы i лiтаратуры сярэдняй школы № 9 Жодзiна, мы выпадкова пазнаёмiлiся больш за два гады назад на спектаклі ў Тэатры лялек у Мінску. Сядзелi побач i рэагавалi прыблізна аднолькава на самыя яркія эпізоды пастаноўкі. Разгаварыліся, каб падзяліцца ўражаннямі ад спектакля. Эмацыянальныя моманты, перажытыя разам, звычайна аб’ядноўваюць і надоўга пакідаюць прыемны след ад духоўнай блізкасці. Запомнiўся і позiрк прыгожых вачэй — глыбокi, асэнсаваны, усмешлiвы i сумны адначасова. У такiя вочы хочацца глядзець i глядзець, каб у адзiн цудоўны момант разгадаць прыроду цiкавай асобы.

А асоба, як вядома, больш за ўсё раскрываецца праз дзейнасць. Настаўнiцтва — шлях, які ва ўсе часы выбiралi людзi сумленныя, таленавiтыя, апантаныя ідэямі дабра і справядлівасці. Гэтая прафесiя асаблiва выпрабоўвае на сiлу характару, сапраўднасць намеру i дзiцячую любоў. А.Я.Сіліч вытрымала гэты экзамен з годнасцю — больш за 25 гадоў яна плённа працуе ў сiстэме адукацыi.

Алена Яўгенаўна не толькі заўзяты тэатрал, тонкі знаўца прыгожага, які далучае да свайго захаплення вучняў. За прафесіяналізм, творчы падыход да справы, крэатыўна распрацаваныя ўрокі яна выклікае павагу ў калег і навучэнцаў. Сваімі напрацоўкамі па прадмеце настаўніца не раз дзялілася на старонках навукова-метадычных часопісаў. Але галоўнае, Алена Яўгенаўна — чалавек з шырокай душой, адкрытым сэрцам, па-дзіцячы няўрымслівым характарам, яна цягнецца да ўсяго новага і гатова да дыялогу з маладым пакаленнем.

Прафесія прыйшла ў яе лёс паступова, павольна, так што яна нават не адзначыла для сябе, калі прыняла канчатковае рашэнне пайсці па слядах за бацькамі, а калі дакладней — за маці. А.Я.Сіліч — настаўнік не толькі па прызванні, але і па дынастыі. Яна нарадзілася ў сям’і педагогаў. Яе маці, Яніна Лявонцьеўна Ільюцік, вядомы ў Жодзіне чалавек, носіць годнае званне “Выдатнік адукацыі БССР”. Філолаг па спецыяльнасці, жанчына не толькі выкладала прадмет, але і працавала ў аддзеле адукацыі, доўгі час была кіраўніком школ горада. Бацька, Яўген Уладзіміравіч Ільюцік, усё жыццё працаваў настаўнікам фізічнай культуры і таксама з’яўляецца выдатнікам адукацыі.

— Колькі сябе памятаю, хварэла настаўніцтвам, а калі падрос малодшы брат, яго вучыла падчас гульні, а потым клапацілася, выхоўвала як старэйшая сястра. Вядома, дзеці настаўнікаў хутчэй павінны станавіцца самастойнымі і адказнымі, бо бацькі, па традыцыі, аддаюць усіх сябе прафесіі. У нейкі момант мне стала зразумела, што працаваць з дзецьмі мне больш цікава, чым з дарослымі. Літаратуру ў школе заўсёды для сябе выдзяляла сярод астатніх прадметаў, бо любіла чытаць, разважаць на тэмы дабра і зла, чалавечых характараў, — падзялілася педагог.

У 1993 годзе Алена Яўгенаўна стала выпускніцай філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. З першых крокаў у прафесіі яна адчувала, што з дзецьмі трэба весці дыялог на роўных, але захоўваючы аўтарытэт настаўніка і адказнасць дарослага чалавека. Асабліва гэта тычыцца выпускных класаў. На яе погляд, дзеці заўсёды аднолькавыя і час таксама — мяняюцца толькі знешнія ўмовы. Дзеці разумеюць гумар, могуць весці размову пра галоўныя чалавечыя каштоўнасці, разважаць аб працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве. На сваіх уроках, падчас дадатковых заняткаў яна імкнецца навучыць іх разважаць і прымаць рашэнні без дапамогі камп’ютара і іншых гаджэтаў. Час немагчыма спыніць, але чалавечая думка таксама павінна паспяваць за яго імкненнем.

Нягледзячы на тэхналагічны прагрэс і, як вынік, панаванне ў грамадстве матэрыяльных каштоўнасцей, галоўнай сваёй задачай педагог ставіць раскрыццё ў вучняў патэнцыялу чалавечнасці. Менавіта гэты ўнутраны камертон трэба настроіць, каб выхаваць чалавека нераўнадушнага, які вучыцца праз спачуванне героям класічнага твора заўважаць таго блізкага, хто знаходзіцца побач. Яна ўпэўнена, што міласэрнасць, дабрыню, спагадлівасць трэба ўмацоўваць, аберагаць і нават выхоўваць з самага ранняга ўзросту.

— Я не магу сказаць, што я вельмі рэлігійны чалавек, але з павагай стаўлюся да ўсіх сусветных рэлігій. Калі дзесьці бываю, то заўсёды заходжу ў культавыя будынкі, ад іх вее гісторыяй, сілай чалавечага розуму і таленту. Пры гэтым для мяне галоўнае — глыбінны сэнс дзесяці хрысціянскіх запаведзей, якія на самай справе не толькі “працуюць” у жыцці, але імі працята ўся руская, і не толькі, літаратура. Фёдар Дастаеўскі, Міхаіл Булгакаў, Мікалай Гогаль, Васіль Аксёнаў — аўтары, якія мне бліжэй за іншых. Льва Талстога паважаю, але шчыра люблю і разумею Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. Я з задавальненнем перачытваю яго творы і зноў знаходжу новыя сэнсы. Жыццёвы вопыт падкрэслівае і выдзяляе новыя акцэнты, дэталі, — прызналася Алена Яўгенаўна.

Некалькі гадоў назад яе выпускнік на ЦТ па рускай мове пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі набраў 96 балаў. Пакуль што гэта яе рэкорд. У 2017 годзе пацвердзіў веды па рускай мове залаты медаліст школы, яе выхаванец з 5 класа, Аляксей Дубаневіч. Сёння ў настаўніцы ўжо з’явілася больш высокая планка: ёсць імкненне, каб некалі яе вучань набраў сто балаў. З улікам сённяшніх даследаванняў чалавечага мозга вядома, што не кожнае дзіця можна навучыць выключнай пісьменнасці, але настаўніца ўпэўнена, што яму можна дапамагчы ў развіцці гэтага навыка. А калі ёсць задаткі, то можна і шліфаваць здольнасці, падтрымліваць талент.

На погляд настаўніцы, кожны з яе вучняў патрабуе індывідуальнага падыходу. Хтосьці больш інтэлектуальны, а хтосьці летуценны. Першага трэба нагружаць заданнямі, а другога акрыляць падтрымкай, але кожнаму неабходна дапамагчы зберагчы чысціню, сумленне, выхаваць прыкладам.

Пачынаючы са школьных часоў Алена Яўгенаўна выпісвала сабе ў сшытак мудрыя думкі філосафаў, класікаў, цікавых людзей. Яна імкнулася набыць сабе настаўніка па жыцці, які падтрымае, адкрые новыя гарызонты, дапаможа знайсці патрэбныя адказы. І думаю, у выніку стала менавіта такім патрэбным, такім унікальным чалавекам для сваіх вучняў. А ці не гэта галоўнае прызначэнне педагога?

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота аўтара.