Праз рух — да станоўчых эмоцый

- 9:00Людзі адукацыі

Восьмы год спяшаецца на работу ў Дубненскую сярэднюю школу, што на Мастоўшчыне, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Марыя Аляксандраўна Касазубава. Спяшаецца, каб сустрэцца са сваімі вучнямі, гарэзлівымі і непаседлівымі, сур’ёзнымі і летуценнымі, часам дзёрзкімі, сучаснымі і таленавітымі.

Выбар на карысць прафесіі настаўніка фізічнай культуры і здароўя М.А.Касазубавай зроблены невыпадкова. Яшчэ будучы вучаніцай, не прапусціла ніводнага ўрока фізкультуры, а паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах было вялікім гонарам. Пасля школы не пакінула сваё самае галоўнае захапленне — спорт. Чатыры гады вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшлі як адзін дзень.

На думку Марыі Аляксандраўны, урок фізічнай культуры і здароўя — гэта час, адведзены на зносіны з дзецьмі, але зносіны незвычайныя: праз рух — да станоўчых эмоцый. Плануе работу так, каб сухія радкі вучэбнай праграмы ператварыць у дзіўныя хвіліны, калі можна раскрыць талент вучня. І настрой дзяцей мяняецца, калі яны ўваходзяць у спартыўную залу, дзе іх чакае любімы педагог. Вочы радасна ззяюць у прадчуванні таго, што можна скакаць, бегаць, займацца фізічнымі практыкаваннямі, гуляць у рухавыя і спартыўныя гульні. Прыемна бачыць, як нязграбныя, скаваныя ў руху на першых уроках вучні паступова выпростваюць плечы, становяцца мацнейшымі, больш упэўненымі, спрытнымі.

М.А.Касазубава пераканана, што ўрок фізічнай культуры і здароўя — гэта фрагмент натуральнага жыцця дзяцей, паколькі ў руху дзеці растуць, спазнаюць свет. Рух умацоўвае іх, а галоўнае, нясе здароўе і радасць. Адным з важных прынцыпаў сучаснага ўрока настаўніца лічыць індывідуальны падыход. Для кожнага вучня падбірае практыкаванні і дазіруе нагрузку з улікам стану здароўя, тыпу целаскладу, развіцця рухальных якасцей школьніка.

Улічваючы ўзроставыя асаблівасці вучняў першай ступені, складае рухавыя гульні па сюжэтах казак, мультфільмаў, героі якіх вядомыя дзецям. На другой ступені імкнецца мяняць тыпы ўрокаў, формы іх правядзення, комплексна выкарыстоўвае франтальныя, групавыя і індывідуальныя формы работы. Працуе над развіццём гнуткасці, пачуцця рытму. Старшакласнікам дае больш самастойнасці пры правядзенні размінкі, судзейства. Практыкуе метад кругавой трэніроўкі. Асноўная задача гэтага метаду — эфектыўнае развіццё рухальных якасцей ва ўмовах абмежаванага ліміту часу пры строгай рэгламентацыі і індывідуальнай дазіроўцы пры выкананні практыкаванняў.

Імкнецца навучыць дзяцей тэхніцы спартыўных дысцыплін, дапамагчы ім у развіцці фізічных якасцей, а таксама аказаць падтрымку ў пераадоленні фізічных нагрузак. Працуючы з бацькамі, прапануе ім адкласці ўбок гаджэты, смартфоны і хоць бы гадзіну ў дзень прысвяціць заняткам спортам. Практыка паказвае, што вынікі навучэнцаў у тых сем’ях, дзе ўдзяляецца належная ўвага выкананню практыкаванняў, значна вышэйшыя.

Марыя Аляксандраўна лічыць сябе шчаслівым настаўнікам, таму што назірае, як растуць у сваіх ведах, уменнях яе вучні. Ганарыцца кожнай перамогай у шматлікіх конкурсах і алімпіядах, сярод якіх — першынство Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы, першынство БФСТ “Дынама” па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера СССР і Рэспублікі Беларусь М.М.Аўсяніка, Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па веславанні на байдарках і каноэ, Рэспубліканская спартакіяда “Каласок” па валейболе для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў, спартакіяда Гродзенскай вобласці сярод ДЮСШ, СДЮШАР па лёгкай атлетыцы і інш. Вучаніцы Надзея Кавалёва, Паліна Тамукевіч, Вікторыя Мялешка, Дар’я Табала сталі пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” ў 2020 і 2021 гадах. А Паліна Тамукевіч атрымала дыплом ІІІ ступені пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды ў 2021 годзе. Ці стане для вучня спорт справай жыцця, таксама залежыць ад школьнага педагога. Менавіта таму асаблівую ўвагу Марыя Аляксандраўна ўдзяляе рабоце са здольнымі і матываванымі навучэнцамі.

М.А.Касазубава ўпэўнена, што не памылілася ў выбары жыццёвага шляху, таму што любімая справа дае магчымасць зноў і зноў пазнаваць свет, дзяліцца цеплынёй душы з іншымі людзьмі і бачыць вынікі сваёй працы.

Дзіна ЛАЗОВІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дубненскай сярэдняй школы
 Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота аўтара.