Прыгажосць таксама мае смак

- 13:00Суразмоўца

Такой выснове вучыць будучых кухараў Вольга Уладзіміраўна МАЦЫКАВА, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, намеснік загадчыка кафедры тэхналогіі прадукцыі грамадскага харчавання і мясапрадуктаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Вольга Уладзіміраўна атрымала статус нацыянальнага эксперта WorldSkills па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” і сёння прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы студэнтаў да міжнароднага спаборніцтва. Як гэта адбываецца, Вольга Уладзіміраўна расказвае нашым чытачам.

— Вольга Уладзіміраўна, грамадскае харчаванне заўсёды было і застаецца найбольш запатрабаванай галіной, і ад таго, як яна будзе працаваць, напрамую залежыць настрой нашых грамадзян.
— Сапраўды. Таму мы ставім задачу працаваць так, каб не азмрочваць настрой нашага насельніцтва і гасцей краіны, а, наадварот, радаваць усіх спажыўцоў смачнымі стравамі, прыветлівым абслугоўваннем і тым самым ствараць станоўчы імідж нашай краіны — Рэспублікі Беларусь.
Вырашэнню пастаўленых задач, дынамічнаму развіццю галіны спрыяе і створаная нарматыўная база. У значнай ступені гэты фактар уплывае на прыцягненне інвестыцый у сферу грамадскага харчавання, укараненне інавацыйнага абсталявання, прагрэсіўных форм абслугоўвання і новых тэхналогій прыгатавання страў.
Практычна штодня адкрываюцца новыя аб’екты грамадскага харчавання, пастаянна павялічваецца доля прыватнай формы ўласнасці, што стварае аб’ектыўныя перадумовы для здаровай канкурэнцыі. Несумненна, самым важкім козырам у гэтым працэсе з’яўляецца прафесіяналізм персаналу аб’ектаў грамадскага харчавання.

— Менавіта задачу павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для гэтай сферы і ставяць перад сабой навучальныя ўстановы?
— У фарміраванні высокага прафесіяналізму і прафесійнай мабільнасці персаналу аб’ектаў грамадскага харчавання найбольшае значэнне набывае развіццё творчых здольнасцей, псіхалагічнай гатоўнасці будучых спецыялістаў у далейшай самарэалізацыі, удасканаленні сваіх прафесійных навыкаў, уменні назапашваць ужо існуючы вопыт. Выпускнік навучальнай установы будзе мець найбольшую ступень канкурэнтаздольнасці на рынку працы, калі ў поўнай меры будзе адаптаваны да работы ў рэальных умовах, на канкрэтным прадпрыемстве, на сучасным абсталяванні і які засвоіў самыя найноўшыя тэхналогіі прыгатавання страў. Безумоўна, да гэтага партрэта сучаснага спецыяліста неабходна дадаць творчасць і нават мастацтва, без якіх немагчыма наша прафесія. Добра апрабаваным інструментам для фарміравання гэтых якасцей, для ўдасканалення прафесійнага майстэрства з’яўляюцца конкурсы паміж навучэнцамі, маладымі спецыялістамі, якія мы актыўна праводзім у сваім універсітэце. Праз такія спаборніцтвы мы адсочваем узровень прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў і імкнёмся прыцягнуць грамадскую ўвагу да прафесіі, прафесійна сарыентаваць выпускнікоў школ.

— Калі ласка, падзяліцеся сваім вопытам у гэтым.
— Кафедра тэхналогіі прадукцыі грамадскага харчавання і мясапрадуктаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання пры падтрымцы рэктарата і лепшых выпускнікоў штогод праводзіць конкурс прафесійнага майстэрства з прысваеннем кваліфікацыі “кухар” сярод студэнтаў 5 курса па спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”. Гэта, безумоўна, спрыяе павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, а шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі павышае цікавасць да гэтай спецыяльнасці ў абітурыентаў.
Штогод узровень студэнцкіх работ, прадстаўленых на конкурс, павышаецца. Свой прафесіяналізм нашы студэнты пацвярджаюць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Напрыклад, у сакавіку на рэспубліканскім конкурсе “Хачу стаць шэф-кухарам!”, які праводзіцца сярод маладых прафесіяналаў у рамках Міжнароднага спецыялізаванага выставачнага форуму “HoReCa. RetailTech-2014”, перамагла наша студэнтка!
Яшчэ адзін немалаважны факт: падрыхтоўка да конкурсу для нас, выкладчыкаў, з’яўляецца важным стымулам да прафесійнага развіцця і ўдасканалення. Адчуць у сабе і перадаць сваім выхаванцам імпульс да прафесійнага развіцця — вось патаемны сэнс правядзення конкурсу! Можа, гэта і ёсць тое галоўнае, што дае спаборніцтва кожнаму яго ўдзельніку. І не толькі ўдзельніку, але і гасцям, якія заўсёды з вялікім жаданнем прыходзяць да нас на такія мерапрыемствы.
Таму спадзяюся, што рух WorldSkills, які нядаўна прыйшоў у нашу краіну, унясе свой свежы подых у павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і ў развіццё прафесійнай адукацыі з улікам сусветнага вопыту. Я шчыра ў гэта веру, таму што кожны дзень сустракаюся з неабыякавымі людзьмі, якія апантаны гэтым спаборніцтвам і свой баявы настрой перадалі мне.

— Як праходзіць падрыхтоўка ўдзельнікаў міжнароднага спаборніцтва?
— Па кампетэнцыі “Кухарская справа” ў адпаведнасці з правіламі і заданнямі WorldSkills у цяперашні час рыхтуюцца сем студэнтаў, якія вучацца па спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, але на спаборніцтвах у Казані, а можа і ў Бразіліі, толькі лепшыя будуць прадстаўляць нашу краіну.
Цяпер мы падбіраем і апрабуем розныя варыянты рэцэптур, выкарыстоўваючы інгрэдыенты, якія рэкамендаваны заданнямі WorldSkills, прыдумваем афармленне страў, вывучаем крытэрыі ацэнкі, якія вельмі строгія і ахопліваюць увесь працэс падрыхтоўкі страў на конкурсе.
Шмат аналізуем фотаматэрыялы мінулых конкурсаў WorldSkills, ацэньваем розныя варыянты падачы і афармлення конкурсных страў. Вельмі карысным, на мой погляд, з’яўляецца калегіяльнае абмеркаванне падрыхтоўкі канкурсантаў, вызначэнне плюсоў і мінусаў у выкананні імі заданняў. Важна пры гэтым, што страва ў першую чаргу павінна быць смачнай, а прыгожае яе афармленне павінна толькі падкрэсліваць гэты смак, а не дамінаваць над ім.
Сучасных кулінараў-дызайнераў, як правіла, прыцягвае своеасаблівае спалучэнне ліній і каляровых элементаў, а таксама знарочыстая асіметрыя. Калі глядзець на сучасныя кулінарныя шэдэўры з пункту гледжання плыней у мастацтве, то гэта, хутчэй, імпрэсіянізм, мадэрнізм, а часам нават абстракцыянізм. На занятках мы знаёмімся з сучаснымі тэндэнцыямі ў афармленні страў, карыстаемся пры гэтым спецыяльнай літаратурай, фота- і відэаматэрыяламі, а таксама інтэрнэтам. Спадзяюся, што такая работа выпрацуе ў маіх выхаванцаў імкненне ствараць арыгінальныя стравы, разаўе добры густ, творчасць, крэатыўнае мысленне.

— Ці кожнага студэнта можна зрабіць майстрам высокай кулінарыі?
— Адназначна не, як і тое, што не кожны з нас можа стаць мастаком, паэтам. Без таленту тут не абысціся. Але прывіваць густ, скіроўваць прафесійную дзейнасць на творчы падыход і ўрэшце настойліва працаваць над удасканаленнем — цалкам у нашых сілах.
Спалучэнне таленту, працавітасці, імкненне дасягнуць новых вяршынь у засваенні прафесіі існуюць у характары студэнта Мікіты Цвяткова, якога мы лічым сваім лідарам. Мікіта творчы, неабыякавы, ініцыятыўны чалавек, які захоплены сваёй прафесіяй і пастаянна эксперыментуе, спалучае розныя прадуктовыя інгрэдыенты і пры гэтым атрымлівае арыгінальныя кулінарныя рашэнні, якія прыдаюць непаўторнасць сучаснай кулінарыі, падымаюць яе на новы ўзровень. Мікіта з’яўляецца старастам групы, мае актыўную жыццёвую пазіцыю, займаецца музыкай. Нягледзячы на свой юны ўзрост, Мікіта мае даволі багаты практычны вопыт і адчуў, як кажуць, смак перамогі. На рэспубліканскім кулінарным турніры “Залаты Кіцель-2014”, які праходзіў у Мінску, хлопец заваяваў сярэбраны медаль за страву з мяса і бронзавы медаль за страву з птушкі. Дарэчы, Мікіта быў самым маладым удзельнікам конкурсу і спаборнічаў з сапраўднымі гуру кулінарыі, якія маюць велізарны вопыт работы ў лепшых аб’ектах грамадскага харчавання нашай краіны і станоўчы імідж.
Узровень складанасці заданняў WorldSkills вельмі высокі. Для таго каб іх выканаць, удзельнікам трэба будзе прыкласці нямала намаганняў. Аднак важна тое, што яны атрымаюць неацэнны вопыт і магчымасць параўнаць свае дасягненні з сучаснымі міжнароднымі патрабаваннямі (стандартамі), унесці свой уклад у развіццё прафесійнай адукацыі і ўвогуле галіны грамадскага харчавання нашай краіны. Правядзенне WorldSkills стала для нас добрым стымулам у вывучэнні англійскай мовы, паспрыяла больш актыўнаму супрацоўніцтву з лепшымі шэф-кухарамі краіны. Таксама мы рады таму, што на сайце міжнароднага форуму WorldSkills можам задаць пытанні замежным прафесіянальным экспертам з усяго свету і рады іх падтрымцы. Але, безумоўна, у першую чаргу мы ўдзячны айчынным кампаніям і прадпрыемствам, якія падтрымліваюць нас у падрыхтоўцы да міжнароднага спаборніцтва. Гэта кампанія “Эндвест” і яе дырэктар А.У.Яроменка і “Белатміт” і яе генеральны дырэктар Б.Р.Цыпорын. Хацелася б прыцягнуць увагу да конкурсу WorldSkills і іншых вытворцаў, прадпрымальнікаў, якім неабыякава кухарская справа ў нашай краіне.

Ала КЛЮЙКО.